weather

USD 2.0458

EURO 2.2613

RUR(100) 3.2083

search

Ці патрэбны цэлафан на хлебе?

Пенсіянер з г. Ганцавічы Іван Іванавіч Муха лічыць, што ў магазіны “Гарачы хлеб” хлебазавод павінен пастаўляць хлеб і батоны не толькі ў цэлафанавай плёнцы, але і без упакоўкі. Спецыялісты хлебазавода сцвярджаюць, што такім чынам клапоцяцца аб бяспецы пакупнікоў.

“У магазіне “Гарачы хлеб” па вул. Кастрычніцкай толькі 28 лютага за батоны я пераплаціў тысячу рублёў, таму што яны былі запакаваны ў цэлафан. У нашым раёне “багацеяў” няшмат, а вось пенсіянераў, небагатых ды бедных людзей нямала. Як правіла, такія людзі ходзяць па хлеб са сваімі пакетамі. І рублі лічаць, бо пенсіі і заробкі невялікія,” – расказаў Іван Іванавіч.

На яго думку, хлебазавод павінен даваць пакупнікам права выбару – браць хлеб ва ўпакоўцы ці без яе, а не навязваць ім уласныя правілы. Па словах Івана Іванавіча, гэта не толькі яго меркаванне, але і многіх іншых людзей, з якімі ён размаўляў на гэтую тэму.

Вядучы эканаміст РУВП “Брэстхлебпрам” “Ганцавіцкі хлебазавод” Віктар Сыктусевіч Кахновіч сказаў, што пажаданні ўсіх пакупнікоў будуць улічаны. “Хтосьці хоча купляць хлеб без упакоўкі, іншыя – ва ўпакоўцы. Значыць, будзем пастаўляць і той, і другі”, – запэўніў Віктар Сыктусевіч.

Аднак, па словах начальніка лабараторыі РУВП “Брэстхлебпрам” “Ганцавіцкі хлебазавод” Марыі Якубюк, з 1 ліпеня ўкараняецца тэхнічны рэгламент аб бяспецы прадукцыі. “А дзе гарантыя, што мы захаваем бяспеку, калі будзем пастаўляць незапакаваны хлеб?!”, – сказала Марыя Сцяпанаўна. Па яе словах, нельга дакладна запэўніць, што ён не будзе забруджаны падчас транспарціроўкі. Упакаваны хлеб – гэта, перш за ўсё, паказчык бяспекі.

“Мы жывём у 21 стагоддзі і абавязкова прый-дзем да таго, што ўвесь хлеб будзе ўпакоўвацца”, – запэўніла Марыя Сцяпанаўна. Пакуль на прадпрыемстве для гэтага проста не хапае магутнасцей.

Так што Івану Іванавічу і іншым пакупнікам, якія таксама не згодны з тым, што хлеб упакоўваецца, лепей маральна падрыхтавацца да гэтага. У рэшце рэшт, лепш заплаціць за ўпакоўку, чым пасля папраўляць здароўе.

comments powered by HyperComments
Из рубрики