weather

USD 2.4008

EURO 2.6736

RUR(100) 3.4492

search

«Пракурыў» другую хату

Ад немінучай смерці 8 чэрвеня вяскоўцы і супрацоўнікі МНС выратавалі жыхара вёскі Будча 56-гадовага Івана Савеню. Ледзьве жывога гаспадара выцягнулі з ахопленай полымям хаты. Па словах вяскоўцаў ён «скурыў» ужо другую хату.

За апошнія некалькі гадоў у гэтым доме было ўжо чатыры пажары, і кожны раз вяскоўцы і выратавальнікі паспявалі ліквідаваць яго на ранняй стадыі. На гэты раз паспелі выратаваць толькі самога віноўніка, які кінуў не затушаны акурак на падлогу. Ад дома засталіся толькі абгарэлыя сцены.

Дом Івана Савені, які стаяў на вуліцы Якуба Коласа, 66, у самым цэнтры вёскі, загарэўся каля 11 гадзін дня. Калі супрацоўнік «Ганцавіцкага часу» прыехаў на месца здарэння, то выратавальнікі яшчэ змагаліся з агнём. А гаспадар ляжаў побач на траве каля плоту і толькі зрэдку з цяжкасцю падымаў галаву. Наглытаўшыся дыму і алкаголю Іван Сяргеевіч толькі пазіраў мутнымі вачыма на шматлікіх аднавяскоўцаў, якія сабраліся на пажар.

Як высветліў карэспандэнт, першай узгаранне заўважыла прадавец магазіна «Прадукты» Валяніціна Савеня, якая выйшлі на ганак, бо як раз у гэты час падвезлі тавары. «Я выйшла на вуліцу і ўбачыла, што насупраць з хаты ідзе дым. Каля яе мужчыны каля плоту сядзелі. Я ім і крычу, чаго сядзіце! Хата гарыць!. І пабегла званіць у пажарную, – расказала «ГЧ» Валяніціна Мікалаеўна.

Пачуўшы воклічы прадаўца, мужчыны падхапіліся, і адзін з іх пабег да дзвярэй хаты. «Мяне як токам ляснула, –расказаў ачавідзец Анатоль Савеня. – Я адразу ўспомніў, што ў хаце гаспадар. Ігар! Там жа Магага ўнутры, у нас так Івана Савеню па вулічнаму клічуць. Трактарыст Ігар Дайлід пабег і нагою выбіў дзверы, але ўвайсці не змог – там ужо было ўсё ў дыме і гарэла.

У гэты час моцны вецер раздуваў полымя і людзі глядзелі, каб не загарэліся дзве суседнія хаты, якія стаялі вельмі блізка. У адным суседнім доме жалезная ручка так нагрэлася, што за яе нельга было ўзяцца голай рукой.

Ужо сабраўся натоўп людзей і усе чакалі пажарных. Вяскоўцам здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль пад'ехалі выратавальнікі з Чудзіна. На самай справе, не прайшло і 15 хвілін, як яны былі на месцы, што падцвердзілі прадаўцы, якія паглядалі на гадзіннік з моманту паведамлення.

Калі прыехалі пажарныя, знайшоўся адчаюга, Андрэй Іванавіч Савеня, які ўвайшоў у палаючую хату, але знайсці чалавека ў задымленых пакоях не здолеў і выскачыў. У гэты час камандзір аддзялення ПАС-15 в. Чудзін Віталь Сергіяне і вадзіцель Станіслаў Ярашэня надзелі спецыяльныя касцюмы з кіслароднымі балонамі і хутка знайшлі гаспадара, які ляжаў каля акна ў адным з пакояў. Разам з начальнікам Чудзінскага паста выратавальнікаў Андрэем Руліснкім, гаспадара выцягнулі праз вакно – жывога.

Вельмі хутка прыбегла фельдшар Галіна Мышкавец, і аказала пацярпеламу першую медыцынскую дапамогу. Галіна Барысаўна паставіла і папярэдні дыягназ – атручванне угарным газам і моцнае алкагольнае ап'яненне.

Ад выпітага спіртнога і дыму Анатоль Савеня зусім аслабеў і толькі і мог, што целяпаць галавой. У машыну «хуткай дапамогі» яго прыйшлося загружаць на насілках.

У хуткім часе пажар патушылі. Ад хаты засталіся толькі абгарэлыя сцены. Па словах вяскоўцаў, у доме апошнім часам Іван Савеня жыў адзін, бо яго маці адвезлі у Дзяніскавічы, дзе даглядаюць за старымі, а некалькі дён таму яе забраў другі сын да сябе. «Добра, што паспелі старую забраць, бо канец ёй тут быў бы, - сказала адна з жанчын, якая жыве па суседству. – Ён жа нідзе не працаваў, у хаце вечна п'янкі, а калі цёпла, за хатай «кабачок» устройвалі, коркаў там сотні валяецца. А што ж, насупраць магазіна да яго ж ідуць і ідуць, каб схавацца і выпіць».

Пагарэлец ужо не раз даваў работы выратавальнікам. Як расказаў начальінік ПАС-15 Андрэй Рулінскі, 23 лютага 2004 года ў грамадзяніна Анатоля Савені згарэла хата на вуліцы Агародняй. Пасля чаго на страхоўку купілі вось гэтую хату на вуліцы Я.Коласа, 66. За апошнія гады яны чатыры разы выязжалі па гэтаму адрасу на тушэнне пажараў. І ва ўсіх выпадках прычынай было курэнне, бо гаспадар кідаў абы дзе незатушаныя акуркі. «Якія мерымы толькі не прымаем да такіх людзей,  і прафілактычныя бяседы праводзім, і папярэджваем, міліцыя ў Крывошынскую бальніцу напраўляла, але вынік, самі бачыце: выпіў, закурыў, спаліў хату, і сам мог згарэць, каб не падаспелі своечасова», – сказаў Андрэй Фёдаравіч.

Будчакі па-рознаму аднесліся да здарэння. Многія асуджалі гаспадара і тое, што развялося многа п'яніц, ад якіх толькі клопату ўсім. «Зусім няма рады ад апойкаў – кожны дзень залітыя. І гаспадар гэтай хаты таксама спіўся.  Ды хібо ж толькі ён адзін, тут натоўпамі п'яніцы ходзяць», – сказаў пенсіянер, які жыве непадалёк ад магазіна.

Іншыя шкадалалі пагарэльца, бо раней Анатоль Савеня працаваў у калгасе і даглядчыкам, і каровы пасвіў, і не піў так безпрабудна.

Дзе будзе жыць гаспадар на гэты раз, пакуль невядома. Хата, якая згарэла, была не застрахавана і ніякай кампенсацыі ён, хутчэй за ўсё не атрымае, тым больш, што сам і стаў віноўнікам пажару. Але будчакі кажуць, што наконт гэтага пытання турбуюцца не варта.

«Дадуць яму яшчэ адну хату – няхай паліць, у Будчы пустых хат яшчэ многа», – сказаў пенсіянер Міхаіл Кандраценя.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики