weather

USD 2.43

EURO 2.7435

RUR(100) 3.4118

search

Ганцавічы – крыніца новых традыцый

Новая традыцыя зарадзілася ў Дзень пісьменства на Ганцаўшчыне. Упершыню за 18 гадоў з часу правядзення  гэтага свята, акрамя традыцыйнага ўручэння залатых купідонаў  лепшым літаратарам Беларусі, з’явілася новая ўзнагарода – скульптурка крылатага Пегаса за падрыхтоўку да свята. Першага «крылатага каня» атрымаў старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр.

Першаадкрывальнікамі яшчэ адной традыцыі ў Дзень беларускага пісьменства сталі ганцавіцкія бібліятэкары, якія далі старт акцыі “Самая старая кніга з сямейнай бібліятэкі”.
Лепшым літаратарам  – па залатому купідону, за падрыхтоўку свята – шкляны Пегас
Ганаровыя знакі-сімвалы,  залатых купідонаў і дыпломы за  перамогу  ў Рэспубліканскім  літаратурным конкурсе  намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік уручыў за выдатныя творы 2010 года ў вобласці прозы, паэзіі, драматургіі, літаратурнай крытыкі. Нашых землякоў пісьменнікаў і паэтаў сярод іх не аказалася.

Лепшымі літаратарамі прызнаны Віктар Праўдзін (за кнігу «Нялюбыя гінуць», проза), Мікалай Мятліцкі (за кнігу «На беразе маім», паэзія), Алена Масло (за кнігу «Першая прыгажуня», дзіцячая літаратура), Уладзімір Саўліч (за кнігу «Антэі Прыдзвіння», публіцыстыка), Валерый Грышкавец (за кнігу перакладаў «Белай вежы свет»), Алена Папова (за п’есы «Маленькі свет» і «Загінуўшая ад кахання», драматургія), Казімір Камейша (за кнігу «Паміж кубкам і вуснамі», гісторыка-краязнаўчы жанр), Канстанцін Нілаў (за цыкл песень «Вянок Беларусі»).

На афіцыйнай цырымоніі адкрыцця свята ўзнагароды атрымалі не толькі майстры слова з усёй Беларусі, але і ганцавіцкія чыноўнікі, якія прымалі  ўдзел у падрыхтоўцы свята. Пачатак новай традыцыі паклаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, які за падрыхтоўку свята ўручыў старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміру Столяру крылатага каня – шклянога Пегаса. Дарэчы, Пегас у міфалогіі лічыцца сімвалам красамоўства, паэтычнага майстэрства і, згодна з старажытнымі легендамі,  ударам капыта аб зямлю мог выбіваць святыя крыніцы.

Па словах М. Чаргінца, падрыхтоўчая праца таксама заслугоўвае ўзнагароды. І традыцыя ўзнагароды Пегасам будзе прадоўжана ў наступным годзе ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці, які прыняў эстафету святкавання Дня пісьменства. За падрыхтоўку да свята прызы і падзякі атрымалі яшчэ шэсць ганцавіцкіх чыноўнікаў, сярод якіх дырэктар КУМПП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Віктар Берка, начальнік РАА Сяргей Сарокаў, начальнік аддзела культуры Ірына Марцінкевіч, старшыня Ганцавіцкага райпа Аляксандр Селюжыцкі і іншыя.

Праграма свята была настолькі насычанай, што дэлегацыя гасцей праследавала на адкрыццё Алеі пісьменства, не дачакаўшыся ўручэння ўзнагарод ганцаўчанам.
«Міколка-паравоз» сярод самых старых кніг
На Дзень пісьменства ганцавіцкія бібліятэкары падвялі вынікі новай акцыі “Самая старая кніга з сямейнай бібліятэкі”.

Як расказала спецыяліст Ганцавіцкай цэнтральнай бібліятэкі Валянціна Шаламіцкая, акцыя выклікала вельмі вялікую цікавасць сярод ганцаўчан. На заклік бібліятэкараў адгукнуліся больш за 30 чалавек, якія прапанавалі на конкурс каля 70 выданняў.

“Мы нават не чакалі, што будзе праяўлена такая цікавасць да гэтай выставы. І пасля свята людзі ідуць і ідуць у бібліятэку, каб паглядзець і пагартаць старажытныя кнігі”, – сказаў В. Шаламіцкая.

Вынік акцыі падводзіўся ў трох намінацыях. Самай старой кнігай прызнана іншамоўнае выданне “Французскі слоўнік”, выдадзены ў 1840 годзе, які  прадаставіла на выставу Галіна Кулікоўская з вёскі Агарэвічы.

У намінацыі “Самая старая дзіцячая кніга” перамог “Міколка-паравоз” Міхася Лынькова, прадастаўлены  Любоўю Дзямчук з вёскі Малькавічы. Сярод перыядычных выданняў самай старой прызнана падшыўка перыядычных выданняў часопісаў “Наука и жизнь” 1892 года, з сямейнай бібліятэкі Валерыя Лосіка з Ганцавіч.

У якасці ўзнагароды за экспанаты ўсе ўладальнікі самых старых кніг атрымалі ад бібліятэкі каштоўныя падарункі – настольныя лямпы. Самі кнігі будуць вернуты ўладальнікам пазней. А пакуль застануцца ў бібліятэчным музеі.

Сярод экспанатаў ёсць і самая старая беларуская кніга – гэта “Беларуская граматыка” Браніслава Тарашкевіча 1943 года выдання.
Беларускую граматыку на выставу перадала прыхільніца роднай мовы беларусавед з ліцэя ганцаўчанка Вера Саковіч, якая не першы год збірае рарытэтныя кнігі і знаёміць з імі сваіх навучэнцаў для таго, каб прывіць маладому пакаленню любоў і павагу да роднай мовы.

Па словах міністра культуры Паўла Латушкі, падобныя акцыі пройдуць і ў іншых гарадах Беларусі, якія прымуць свята Дзень беларускага пісьменства.

Адкрыццё Алеі пісьменства
Алею пісьменства адкрылі пад гукі беларускай музыкі. Чырвоную стужку перарэзалі кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік і старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр. Потым дэлегацыя рушыла далей, прыпыняючыся каля кожнага помніка з аркушамі, дзе выпісаны імёны ганцавіцкіх літаратараў. Сярод іх такія вядомыя імены, як Іван Лагвіновіч, Віктар Гардзей, Алесь Каско, Уладзімір Марук і іншыя. Ганцавіцкая зямля нарадзіла больш за дзясятак творцаў.

Вянчае алею помнік вялікаму літаратару Якубу Коласу. На Ганцаўшчыне ён настаўнічаў і напісаў першую частку трылогіі “На ростанях” (“У палескай глушы”). Ганаровую місію адкрыць помнік выканалі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр. Момант урачысты і вельмі знакавы для Ганцаўшчыны.
Праўда, некаторыя літаратары выказвалі шкадаванне, што падчас адкрыцця помніка не запрасілі выступіць сына Якуба Коласа – Міхася Канстанцінавіча, які таксама прысутнічаў на свяце, але яго ўдзел не ўвайшоў у афіцыйны сцэнарый. Бо каму як не сыну было б добра выказацца пра ўклад бацькі ў беларускую літаратуру.

Як зазначыў на свяце міністр культуры Павел Латушка: «Беларусы могуць па праву ганарыцца нашай гісторыка-культурнай спадчынай, нашым друкаваным словам». І пацверджанне гэтаму – багатая спадчына Сымона Буднага, Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. «Гэта наш уклад у міравую культуру», – сказаў П. Латушка.

Фестывалі-кірмашы
Наколькі Беларусь багатая на таленты, можна было пазнаёміцца на фестывалі беларускай кнігі, які праходзіў на галоўнай вуліцы горада Ганцавічы. Праўда, кніг на роднай мове там было няшмат. Пераважная большасць выданняў была на рускай мове. Тая ж тэндэнцыя назіралася і на выставе перыядычных выданняў, большасць якіх даўно перайшлі на рускую мову. Напрыклад, у рэспубліканскай газеце “Рэспубліка” большасць матэрыялаў даўно друкуецца на рускай мове. Прапагандуюць і рэкламуюць родную мову свайму чытачу “Звяздоўцы”. Прыкра, што не было на выставе незалежных СМІ Беларусі, шмат з якіх таксама друкуюцца на беларускай мове і робяць свой унёсак у развіццё беларускай культуры. На стэндзе «СМІ Брэстчыны» чамусьці не знайшлося месца нават газеце “Ганцавіцкі час”. Чыноўнікі робяць выгляд, што нашай газеты быццам і няма. Гэта выклікае толькі ўсмешку, і для нас з’яўляецца яшчэ лепшай рэкламай, бо людзі ўсё больш аддаюць перавагу нашай газеце. Калі карэспандэнты “ГЧ” фатаграфавалі моладзь з БРСМ, то, даведаўшыся, што здымкі надрукуе  “Ганцавіцкі час”, юнакі і дзяўчаты радасна крычалі і стараліся як мага цікавей пазіраваць.

На пляцоўках   прадэманстравалі свой талент самадзейныя артысты Брэстчыны, якія радавалі ганцаўчан і гасцей свята  беларускімі народнымі песнямі, шансонам і рускамоўнай папсой.
Асабліва спадабаўся многім ганцаўчанам фэст артыстаў на пляцоўцы каля гандлёвых радоў Лунінецкага райпа.  Музыкі    спявалі з ранку да вечара без фанаграмы. Да вечара некаторыя артысты ад стомы на нагах ледзьве трымаліся, чырванелі ад напругі, але спявалі так, што многія ганцаўчане каля іх танцавалі да сёмага поту і не спяшаліся на канцэрт беларускіх зорак. А вось баранавіцкіх музыкаў  з гурта “Фэст”, якія  спявалі каля кірмашу, можна было б смела адправіць на галоўную сцэнічную пляцоўку горада.  Шмат люду адпачывала каля сялянскіх падворкаў,  уладкаваных ганцавіцкімі культработнікамі. Сярод сваіх землякоў адпачываў і вядомы літаратар Віктар Гардзей. Кожны госць знайшоў прытулак для адпачынку. Для гасцей  і жыхароў Ганцаўшчыны два дні працавалі гандаль і культура. Завяршылася свята феерверкам. “Грандыёзны салют! Такога мы даўно чакалі, будзем спадзявацца, што гэта свята не апошняе на Ганцаўшчыне”, – скзала ганцаўчанка Марына Сяргеева.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики