СВК «Малькавічы» знікне, СВК «Бярозавец» – пабольшае

Святлана ЛОКТЫШ 11
Работнікі СВК «Малькавічы» галасуюць за аб'яднанне свайго СВК  з СВК «Бярозавец» За знікненне свайго сельгаскааператыва і далучэнне яго да СВК “Бярозавец” аднагалосна прагаласавалі работнікі СВК “Малькавічы” на сходзе, які прайшоў 13 студзеня ў актавай зале адміністрацыйнага будынку гаспадаркі. Старшыня сельгаскааператыва Мікалай Шапялевіч адзначыў, што іншага выйсця з сітуацыі ён не бачыць.

“Мы не ў стане весці гаспадарку. Аб’яднанне з “Бярозаўцам” дапаможа нам, іншага выйсця я не бачу”, — прызнаўся ўдзельнікам сходу кіраўнік СВК “Малькавічы”.

Ніхто з шасцідзесяці членаў СВК “Малькавічы” (усяго тут працуе 72 чалавекі) не выказаў пратэсту супраць рэарганізацыі сваёй гаспадаркі і аб’яднання яе з СВК “Бярозавец” — нават тыя, хто да сходу быў настроены супраць такога кроку, і хто наогул не ўздымаў рук пры галасаванні. Вадзіцель Мікалай Лагвіновіч адкрыта сказаў, што ён — за аб’яднанне. “Большая частка зямель пустуе, палі пазарасталі. Горш, чым у нас цяпер, быць не можа!” — аргументаваў сваё рашэнне Мікалай Карпавіч.

І толькі адзін пенсіянер, былы інжынер гаспадаркі Мікалай Шапялевіч,  выказаў сумненні ў мэтазгоднасці аб’яднання дзвюх гаспадарак. “Памятаю ячшэ не такі далёкі горкі вопыт: што адбылося пасля эксперыменту, калі аб’ядналі калгасы “Парыжская камуна” і “Знамя Леніна”. Баюся, што тое ж самае можа адбыцца цяпер і з нашым сельгаскааператывам”, — сказаў Мікалай Уладзіміравіч.

Адказ на свае сумненні вясковец атрымаў ад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і  харчавання райвыканкама Юрыя Лелеса: на той час, пра які ўспомніў былы калгаснік, ён быў начальнікам цаглянага завода ў калгасе “Знамя Леніна”. Юрый Уладзіміравіч заўважыў, што чакаў гэтага пытання. На яго думку, няўдалым эксперымент атрымаўся з-за памылак кіраўніка аб’яднанай гаспадаркі: “Цэнтр быў у Востраве, і ён пацягнуў коўдру на сябе, агаліў Круговічы”. Юрый Лелес запэўніў, што цяпер кіраўніцтва будзе дзейнічаць інакш: захоўваць і прымнажаць тое, што ёсць.

Аднагалоснае рашэнне аб’яднацца з “Бярозаўцам” Юрый Лелес прызнаў правільным, яно паказвае, што працуючыя “адносяцца да пытання з разуменнем”. “Я не сумняваўся, што вы не паднімеце тут рэвалюцыю ці вайну”, — сказаў ён вяскоўцам напрыканцы сходу.

Галасаванне праходзіла пасля выступленняў начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрыя Лелеса і старшынь аб’ядноўваемых гаспадарак Мікалая Шапялевіча і Уладзіміра Бялова. 
“У вашай гаспадарцы атрымаўся застой! У развіццё вам няма чаго ўкладваць. Мы вам дапамагалі, але дапамога нібы растваралася, а гаспадарка заставалася на тым жа месцы,” —  канстатаваў начальнік райсельгасхарчу.

Прыводзіліся розныя аргументы, якія павінны былі паказаць карысць ад такога рашэння. Напрыклад, гаварылася пра тое, што сельгаскааператыў усё, што напрацуе, аддае: каля 300 мільёнаў рублёў запазычыліся сельгастэхніцы, каля 150 мільёнаў — ПМС, крэдыты... Пасля розных выплат на зарплату работнікам СВК грошай не застаецца.

Начальнік райсельгасхарча параўнаў сітуацыю ў дзвюх гаспадарках, якія прапаноўваў аб’яднаць. Калі “Бярозавец” штомесяц  рэалізуе малака амаль на 700 мільёнаў рублёў, то “Малькавічы” за малако ў месяц зарабляе 60 —70 мільёнаў рублёў.

Пры тым, што людзі ў абедзвюх гаспадарках не сядзяць склаўшы рукі, фонд заработнай платы ў “Бярозаўцы” складае 150 — 200 мільёнаў рублёў, а ў “Малькавічах” на зарплату амаль нічога не застаецца. У “Бярозаўцы” сярэдняя зарплата па гаспадарцы за снежань 2011 года была каля мільёна рублёў, у “Малькавічах” — каля 600 тысяч.

“Рэарганізацыяй, аб’яднаннем з іншай гаспадаркай мы хочам палепшыць умовы вашай работы, атрымаць больш прадукцыі”, — запэўніў Юрый Лелес.
Кіраўнік СВК “Малькавічы” Мікалай Шапялевіч спрабаваў праз гісторыю развіцця гаспадаркі паказаць сённяшні незайздросны яе стан.

Прычыну поўнага заняпаду даверанага яму сельгаскааператыва Мікалай Міхайлавіч бачыць у частай змене пасля 2000-га года кіраўніцтва, якое  абыякава адносілася да работы, — “абы адпрацаваць”.

Тэхніка распрадавалася, пагалоўе жывёлы змяншалася. У выніку сёння тым трактарам, якія засталіся, прыходзіцца апрацоўваць па 600 гектараў зямлі! Таму своечасова не выконваюцца работы, парушаюцца тэхналогіі. Збожжа збіраецца толькі па 15 цэнтнераў з гектара. Адсюль і праблемы ў жывёлагадоўлі.

У 2010 годзе гаспадарка атрымала па 3,5 тысячы тон малака ад каровы. “У 2011-м мы планавалі атрымаць хаця б чатыры тысячы тон малака ад каровы, але атрымалі і таго менш — 3,325 тысячы”, — зазначыў Мікалай Міхайлавіч.

Больш аптымістычна прагучала выступленне старшыні СВК “Бярозавец” Уладзіміра Бялова, які паабяцаў вяскоўцам, што іх правы ўшчамляцца не будуць. У “Бярозаўцы”, запэўніў кіраўнік, усё ёсць — людзі (130 працуючых), тэхніка, жывёла. Працаўнікі атрымліваюць лепшыя зарплаты, сёлета ўжо другі год запар ім нават выплацілі па “трынаццатай зарплаце” — у сярэднім па 500 тысяч рублёў.

У “Бярозаўца” не хапае толькі зямлі, таму кармы прыходзіцца нарыхтоўваць ажно ў комплексе “Ясянёва” пад Раздзялавічамі. Затое  ў СВК “Малькавічы” зямля ёсць.

У праграме новаўтворанай гаспадаркі, па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, — павелічэнне пагалоўя грамадскага статка да 350—400 дойных кароў, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне адзінага мехатрада.

Старшыня запэўніў, што зарплаты вяскоўцам будуць налічвацца па расцэнках іх гаспадаркі. Але заўважыў пры гэтым: нельга чакаць, што яны адразу вырастуць — спачатку членам СВК “Малькавічы” трэба змяніць адносіны да работы, папрацаваць на вынік.

Даказвалася карысць ад аб’яднання дзвюх гаспадарак і праз іншыя, дарэчы, даволі супярэчлівыя аргументы. Так, Уладзімір Бялоў сказаў, што ёсць магчымасць папоўніць малькавіцкія фермы цялятамі, перакінуць з “Бярозаўца” раскідвацель, іншую тэхніку. “А яшчэ Юрый Уладзіміравіч абяцаў аплаціць і аддаць у Малькавічы тры адзінкі новай тэхнікі”, — сказаў Уладзімір Бялоў.

Праўда, Юрый Уладзіміравіч заўважаў, што грошы на рэарганізацыю і ўвасабленне задуманага ў жыццё плануецца прасіць у кіраўніка вобласці К.А. Сумара падчас сустрэчы з ім, бо “ў Бярозаўца” таксама няма лішніх грошай, іх катастрафічна не хапае”.

Хвалюючае пра-цаўнікоў сельгаскааператыва кадравае пытанне таксама падавалася супярэчліва. Юрый Лелес заклікаў вяскоўцаў не хвалявацца: ніхто з працуючых не застанецца без работы.

Аднак скарачэнне кадраў усё ж плануецца, аб чым сведчыць наступнае выказванне кіраўніка: “Пачысцім” толькі тых, хто не працуе, а “лічыцца”. Ды і старшыня СВК “Бярозавец” Уладзімір Бялоў даў зразумець, што не ўсе рабочыя месцы захаваюцца: “Работнікі нічога не пацерпяць — пацерпіць толькі кіраўніцтва”.

Але ці толькі кіраўніцтва? Прыводзячы ў прыклад ўдасканальванне працы даярак у СВК “Бярозавец”, Юрый Лелес адзначыў: “У “Бярозаўцы” раней было 22 даяркі, а цяпер дзве доіць, а трэцяя — падменная. Зарабляе кожная каля 2 мільёнаў рублёў. Тое ж хочам зрабіць і ў вас”.

Крытыкуючы  эканамічнае становішча СВК “Малькавічы”, начальнік райсельгасхарча ўсё ж не мог абысці бокам недапрацоўкі яго кіраўніка. Спрабуючы зрабіць гэта карэктна, Юрый Лелес сказаў: “Мікалай Міхайлавіч аддаў усё сваё жыццё вёсцы, калгасу, вам. Ён ніколі не задаў нам лішняй праблемы: касцьмі ляжа, а выконвае. Хоць не той дае вынік, а выконвае”.

Дарэчы, на сходзе не прыводзіліся канкрэтныя падлікі, колькі грошай будзе ісці на паліва, наколькі эканамічна выгаднай будзе транспарціроўка кармоў з “ліпскіх” і “задубенскіх” палёў у вёску Ганцавічы. Пазней, у прыватнай размове з журналістам “ГЧ”, Юрый Уладзіміравіч патлумачыў, што бліжэйшыя палі “Малькавіч” знаходзяцца за 15-20 кіламетраў ад в. Ганцавічы, а гэта бліжэй, чым “Ясянёва” пад Раздзялавічамі.

Пастскрыптум
У мінулую сераду, 18 студзеня, прайшоў і сход членаў СВК “Бярозавец”. Па словах Уладзіміра Бялова, прысутнічала на ім каля 90 працуючых, і амаль усе яны, акрамя двух, прагаласавалі за аб’яднанне сваёй гаспадаркі з сельгаскааператывам “Малькавічы”.

Як расказаў начальнік райсельгасхарча Юрый Лелес, будуць адбывацца і іншыя ўзбуйненні гаспадарак у раёне. Якія? — пакажа час.

Кампетэнтна

Вячаслаў ТРАПАЧКА, былы старшыня калгаса “Расія” (сёння — СВК “Дзяніскавічы”):

— На маю думку, эканамічна выгадна аб’ядноўваць гаспадаркі, землі якіх знаходзяцца побач. І не проста аб’ядноўваць, а менавіта з перспектывай. Тут варта падключыць арыфметыку, дакладна пралічыць усе “за” і “супраць”, каб яскрава бачыць, як будзе развівацца новая гаспадарка.

Што датычыцца аб’яднання сельгаскааператываў “Бярозавец” і “Малькавічы”, я асабіста не бачу мэтазгоднасці. Шкада будзе, калі зусім слабыя “Малькавічы”, нібы ў вір, пацягнуць на дно больш моцны “Бярозавец”. Бліжэйшыя 2—3 гады пакажуць, наколькі  правільным было такое рашэнне.

Вікенцій МОНЦІК, былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:

— Аб’яднанне і ўзбуйненне гаспадарак, на мой погляд, — вельмі добра. Гэта трэба было даўно зрабіць: выжываць і працаваць разам лягчэй. Напрыклад, у СВК “Бярозавец” шмат тэхнікі, але мала зямлі, а ў СВК “Малькавічы” ёсць зямля, ды няма тэхнікі. Аб’яднаўшыся, вяскоўцы як знойдуць адно і другое. А добрай тэхнікай на вялікіх палях, пры нармальнай арганізацыі працы, можна заворваць па 50 гектараў у дзень.


Добра было б, каб гаспадаркі спецыялізаваліся. Напрыклад, у “Малькавічах” разводзілі б жывёлу на мяса, у “Бярозаўцы” — займаліся малаком.

А пазней можна было б далучыць і СВК “Цельшына”, дзе займаліся б раздоем. У свой час я настаяў на тым, каб аб’ядналі “Дзяніскавічы” і «райаграсервіс». Думаю, хутка сумесную гаспадарку будуць весці “Будча” і “Лань”...

Усё гэта прапрацоўвалася даўно, толькі задумкам не даваў ходу былы кіраўнік райвыканкама У. М. Столяр, які быў супраць гэтых працэсаў. Між тым раней аб’яднанне было правесці лягчэй і не так хваравіта. Але лепш пазней, чым ніколі. Таму я задаволены тым, што новы кіраўнік глядзіць на вясковыя праблемы больш прагрэсіўна.

КАМЕНТАРЫ (11)
Елена, 20.01.2012 15:41
“Мікалай Міхайлавіч аддаў усё сваё жыццё вёсцы, калгасу, вам. Ён ніколі не задаў нам лішняй праблемы: касцьмі ляжа, а выконвае. Хоць не той дае вынік, а выконвае”. Да уж, начальству такие горе-начальники лишних проблем не дают. А вот как при нем народу жилось с зарплатами в неполные 200 тысяч?! О каких "выниках" речь может идти? Человек получал зарплату за то, что не давал "лишних проблем" начальству!
гаспадар, 20.01.2012 16:07
кармавой базы ў СПК "Бярозавец" няма?... а тады якой халеры будавалі такі буйны малочна-таварны комплекс, на што разлічвалі? на тое, што кармы брацца будуць з неба? якія па перш за ўсё фінансавы высновы для такой нетаннай будоўлі рабіліся... а можа трэба было ў іншым СПК такое будаваць, напрыклад у тых жа Малькавічах. а так, адно ўбухторыць грошы... пачытаеш каментар Монціка, то грош цана такому "гаспадару" на зямлі...
иван васильевич, 20.01.2012 16:45
Возникает ряд вопросов. "Старшыня сельгаскааператыва Мікалай Шапялевіч адзначыў, што іншага выйсця з сітуацыі ён не бачыць". Почему до последнего дня Шепелевич остается председателем? Какая его вина в развале хозяйства? Кто восполнит потери и убытки, которые понес СВК «Малькавічы» из-за "дальновидного" руководства Шепелевича и Столяра? До тех пор, пока вот это разгильдяйство будет происходить безнаказанно, никакого толку никогда и нигде не будет. Идет человек на должность руководителя — дать ему соответствующую зарплату, но тут же предупредить о во много раз большей ответственности за развал. Вот и пусть думает: браться, или нет! Далее. "Мы вам дапамагалі, але дапамога нібы растваралася, а гаспадарка заставалася на тым жа месцы,” — канстатаваў начальнік райсельгасхарчу." Если эта помощь выражалась в деньгах, то несложно проследить ход этих денег. Кто этим займется?
CУСЕД, 21.01.2012 13:38
...што раней пры калгасах, што зараз пры СВК ...удачай для сяла будзе калі кіраўніком акажацца Чалавек-Энтузіяст-Рамантык ...але зараз ужо другі час і можна спакойна спяваць калгасам-СВК ------------- ...В е ч н а я п а м я ц ь ...і а л і л у й й я ...
rex33, 22.01.2012 14:34
У свой час я настаяў на тым, каб аб’ядналі “Дзяніскавічы” і «райаграсервіс».так и положили на лапатки райагросервис
Анатоль Сідарэвіч, 27.01.2012 15:06
Хоць я жыву ў Мінску, але ж задубенец, і справы ў роднай старане мне неабыякавыя. Колькі ні помню калгас імя Жданава (задубенскі). потым калгас/саўгас/калгас "Бальшавік" (малкаўска-задубенска-ліпскі), потым СВК "Малкавіцкі", ніколі ў ім не было ладу. Я не чуў, каб задубенцы выказвалі пачуццё любові да "калкоза" (так вымаўлялася гэтае слова нашымі старымі). Здаецца, у 2006 годзе была ў мяне размова з хлопцамі майго веку (пад 60) і старэйшымі. Яны казалі: Толё, каб год дваццаць таму нам далі землю, мы яе ўзялі б, а цяпэр яна нам ня трэба, старые мы. Я хацеў зрабіць рэпартаж "Як памірае "Бальшавік"", сфатаграфаваць былую жывёлгадоўчую ферму у Задуб'і, паказаць зарослыя нівы, напісаць, як Шапялевіч спусціў усю тэхніку, і камбайны на жніво ў СВК "Малькавіцкі" гналі з-за свету... І некалі я зраблю такі рэпартаж. Колькі не ўзбуйняй калгас, саўгас, СВК, толку не будзе, бо ўсё адно калгас застаецца калгасам... Калі я пачуў, што "Малкавіцкі" аб'ядналі з "Бярозаўцам", успомніў Пакістан. Быў Пакістан Заходні і Усходні, а паміж імі Індыя. Небагаты быў і застаецца Заходні Пакістан, а Усходні, які цяпер называецца Бангладэш -- адна з самых бедных краін. Нешта такое і ў маёй роднай старане: "Бярозавец", мусіць, -- Паўночны Пакістан, а "Малквіцкі" -- Паўднёвы.Індыяй у нашым выпадку можна назваць "Цельшына". Таксама не самая багатая краіна.
Муравей, 31.01.2012 22:10
Анатолю Сидоревичу. Так сам же ж Шепелевич рассуждает, что кто-то виноват: "Прычыну поўнага заняпаду даверанага яму сельгаскааператыва Мікалай Міхайлавіч бачыць у частай змене пасля 2000-га года кіраўніцтва, якое абыякава адносілася да работы, — “абы адпрацаваць”.Тэхніка распрадавалася, пагалоўе жывёлы змяншалася..." а вы говорите, что сам Шепелевич распродавал технику. Так кто же все-таки прав???
Lesha, 01.02.2012 16:33
будчак, вас трэба з раздзялавічамі аб'яднаць і з задуб'ем. не, трэба усіх аб'яднаць у адзін бальшой і харошый калхоз. тада мы станем усе как радныя! эх жытуха будзе! афіцэры пажэняцца на раздзялаўках, пачнуць тыя дзяцей ражаць,дамоў не будзе хапаць. каравоў развядуць, свіней - і назва будзе. Глаўны калхоз Брэсцкай вобласці.
будчак, 01.02.2012 17:06
Lesha, ведаеце, а хутка так і будзе... і будзе Беларусь адзіным вялікім калгасам, ці мо ўжо так і ёсць?
будчак, 01.02.2012 17:14
Lesha, калі вам мой гумар падаўся "чарнаватым" скажу так, што нешта падобнае выйдзе і з аб'янання "Бярозаўца" з "Малькавічамі" - падштурхне працоўную міграцыю тых жа Малькаўцаў куды заўгодна, абы плацілі... не верыцца нешта, што ўсім работнікам малькавіцкага СПК хопіць работы ў "аб'яднанным", і... шукайце працу - лясгас, чыгунка, горад, заробкі расійскія, а хто і па чарніцы і журавіны ў лес і на балота. не будзе ладу на гэтай зямлі без гаспадара. мне падаецца, што гэта мы ўжо ўсё праходзілі... і ізноў наступаем на тыя самыя граблі "узбуйнення". :(
Lesha, 01.02.2012 17:36
ну, што, у мяне ёсць тост - За граблі!!!
АДПРАВІЦЬ КАМЕНТАР
АДПРАВІЦЬ КАМЕНТАР
Карцінка CAPTCHA
Надвор'е
чт, 23 февраля
03:00

-1°C
749 мм
З, 6 м/сек
чт, 23 февраля
15:00

+4°C
736 мм
Ю-З, 10 м/сек
чт, 23 февраля
03:00

+2°C
751 мм
Ю-З, 6 м/сек
чт, 23 февраля
15:00

+5°C
739 мм
З, 12 м/сек
чт, 23 февраля
03:00

-1°C
738 мм
Ю-З, 5 м/сек
чт, 23 февраля
15:00

+3°C
725 мм
Ю-З, 9 м/сек

rp5.by

ПАВАЖАНЫ ЧЫТАЧ!

Прымай ўдзел ў рабоце сайта i газеты!

Дасылай свае навіны, фота, відэа і лісты.
Ты таксама маеш магчымасць даслаць свае пытанні да нашага юрыста.

ГАЛАСАВАННЕ
Як змянілася ваша матэрыяльнае становішча ў параўнанні з мінулым годам?
Архіў
Папулярныя артыкулы
Самае чытанае
Апошнія каментары