weather

USD 2.0566

EURO 2.281

RUR(100) 3.1056

search

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? (відэа)

Вёска Вялікія Круговічы сёлета стане месцам правядзення раённага свята “Дажынкі”, якое папярэдне запланавана на 7 верасня. Гэта ганаровае права яшчэ ў мінулым годзе з Хатыніч перадалі сельгаспрадпрыемству «Крышылавічы», угоддзі якога знаходзяцца на круговіцкай зямлі.

 Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

Для сельгаспрадпрыемства ААТ “Крышылавічы” правядзенне “Дажынак” – гэта і адказнасць, і выпрабаванне, бо трэба паказаць добрыя вынікі, каб не ўпасці тварам у гразь, як кажуць, перад жыхарамі раёна. А задача няпростая , бо “Крышылавічы” ў раёне ў ліку адстаючых па выніках фінансавагаспадарчай дзейнасці.

Прадпрыемства зараз знаходзіцца ў працэдуры банкруцтва, якая называецца санацыяй. Гэта стадыя эканамічнага аздараўлення, пры якой даўгі замарожаны на пэўны тэрмін, а дакладна з 2016 года, і тэрмін іх заканчваецца ў 2020 годзе. Таму для кіраўніка і калектыву сельгасвытворцаў гэта і экзамен, і выклік, каб атрымаць перамогу ў так званай “бітве за ўраджай”.

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

Для таго, каб свята было сапраўдным, трэба некалькі складаючых: па-першае, атрымаць ураджай, за які не будзе сорамна; па-другое, каб людзі былі задаволены аплатай за працу і атрымалі столькі грошай, што будуць скакаць і пляскаць у далоні ад радасці, як тыя, хто выйграў вялікі прыз у латарэю; па-трэцяе, не толькі калгас, але і іншыя установы, арганізацыі і жыхары вёскі не застануцца ў баку, каб паказаць сваю вёску ва ўсёй прыгажосці і прыняць гасцей у лепшых традыцыях.

Хутка "Дажынкі". Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? (відэа)

З культурнай праграмай праблем не будзе, бо мясцовыя артысты (свае і нанятыя) святочны настрой забяспечаць. Ледзьве не забыўся: надвор’е трэба замовіць добрае. Былы старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч нейкім дзіўным чынам умеў дамаўляцца з нябеснай канцылярыяй, што неаднаразова, да дзіва прысутных, гэта дэманстраваў. А ў мінулым годзе на “Дажынках у Хатынічах дождж крыху папсаваў святочную атмасферу.

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

«ДАЖЫНКІ» ПРОЙДУЦЬ ЦУДОЎНА

Аб тым, як у вёсцы Вялікія Круговічы рыхтуюцца да раённых “Дажынак”, расказаў загадчык Круговіцкага клуба Сяргей Занька:

– Настрой, вы самі бачыце, ужо адчуваецца: магазін рамантуецца, збіраюцца клуб падрамантаваць, акультурыць тэрыторыю. Па задумках, на тэрыторыі пакладуць асфальт, абновяць плот, каля помніка навядуць парадак. Калі ўсё будзе добра, прарэдзім дрэвы, акультурым іх.

Пляцоўкі, на якіх будуць праводзіцца мерапрыемствы, падрыхтоўваюцца: плануецца, што свята пачнецца каля клуба, а прадоўжыцца каля нашага знакамітага дуба. Вяскоўцы таксама працуюць: самі мяняюць платы, прыбіраюцца. Якой будзе культурная праграма і хто з артыстаў будзе, пакуль не ведаю. Але была інфармацыя, што наш вядомы зямляк, пісьменнік і паэт Віктар Гардзей напісаў твор пра наш дуб-волат і трэба будзе падрыхтаваць мініяцюру сіламі нашага народнага тэатра “Паланіца”.

Да “Дажынак” у нас у планах яшчэ 17 жніўня правесці свята вёскі. Прыедуць да нас артысты з Ляхавіцкага раёна. Думаю, будзе весела, і “Дажынкі” таксама пройдуць цудоўна.

Аб тым, як рыхтуюцца работнікі сельгаспрадпрыемства, аўтар гэтага артыкула гутарыў з выканаўчым дырэктарам ААТ “Крышылавічы” Уладзімірам Жукоўскім. Шчыра кажучы, Уладзімір Мікалаевіч здзівіў сваім аптымізмам, байцоўскім настроем і прагнозамі.

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

Як рыхтуецеся да “Дажынак” у цэлым?

У вёсцы зараз ідзе добраўпарадкаванне, але гэтым больш займаецца сельсавет. На добраўпарадкаванне было выдзелена 10 тысяч рублёў. Магазіны рамантуюцца, каля клуба таксама будуць работы праведзены. А са сродкаў нашага прадпрыемства я прыкладна ў гэтых параметрах, калі не больш, таксама разлічваю ўкласці грошы. Сажалкі цяпер чысцім за калгасны кошт, бо гэта тэрыторыя маёй гаспадаркі.

Якую ўраджайнасць з гектара сёлета прагназуеце атрымаць, каб “Крышылавічы” годна выглядалі ў параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна?

Чаканне росту ёсць па ўсіх паказчыках: і па ўраджайнасці, і па раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Да прыкладу, у мінулым годзе ўраджайнасць была да 17 цэнтнераў з гектара. У гэтым годзе пакуль ідзём на 22. Але гэта пакуль жыта. Яно ніколі добрую ўраджайнасць не давала. Спадзяюся, што ў цэлым будзем старацца да 30 ц/га атрымаць. І валавы збор павялічым значна.

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

За кошт чаго вы хочаце атрымаць рост?

Стала больш (на 100 гектараў) пасяўных плошчаў, якія засеялі збожжам і рапсам. Да таго ж пачалі займацца гібрыдамі. У мінулым годзе нам не хапіла фінансаў, как закупіць, а зараз мы закупляем насенне гібрыднага збожжа, якое з гектара дае 40 цэнтнераў. Насенны матэрыял закупіў, у тым ліку люцэрну.

Фінансавы стан гаспадаркі, наколькі вядома, незайздросны: шмат даўгоў дый ААТ “Крышылавічы” цалкам збіраюцца прадаць адзіным комплексам. Як людзі працуюць у такіх умовах і ці ёсць калектыў увогуле?

Зараз сітуацыя паступова наладжваецца. Тут можна працаваць. Канешне, калі праблемы пайшлі і людзям сталі слаба плаціць, то многія пайшлі з гаспадаркі. Але засталіся самыя надзейныя, якія ўжо будуць працаваць з намі да канца. Работнікі не падводзяць, людзі разумеюць сітуацыю. Трэба працаваць там, дзе мы ёсць, як у фільме, дзе адзін з герояў казаў: тое поле Кулікова, дзе мы стаім; а дзе стаім, там і ваюем.

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

Хачу спытаць, якія матэрыяльныя стымулы ёсць для камбайнераў, вадзіцеляў і тых, хто працуе на сушцы збожжа?

У мінулым годзе я нічога не мяняў. Не мог, ды і магчымасці не было павялічыць матэыяльныя выплаты. Трэба было глядзець, як складзецца фінансавае становішча, як будзе паступаць прадукцыя і як мы будзем працаваць. Да прыкладу, у мінулым годзе за тону намалочанага збожжа выйшла 1,4 рубля камбайнеру, памочніку – 1,12 руб.

У гэтым годзе ўжо камбайнеру ад двух рублёў і больш у залежнасці ад якасці, а таксама калі няма заўваг па дысцыпліне. І натураплата ў два разы павялічылася. У мінулым годзе яны атрымалі ў сярэднім па 400-600 кг збожжа, то ў гэтым годзе па 1 тоне збожжа, думаю, заробяць тыя, хто будзе старацца.

Увогуле каля 1000 долараў камбайнеры могуць зарабіць на ўборачнай (а гэты перыяд доўжыцца менш за месяц).

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

Пры якой ураджайнасці гаспадарцы не будзе стратна вырошчваць збожжавыя ці рапс? Бо на справаздачных сходах звычайна ў многіх калгасах агучваюць: то раслінаводства стратнае, то вымакла, то засушыла…?

Палічыць няцяжка. Напрыклад, па рапсе мы ўжо з прыбыткам працуем і маем ураджайнасць па 10 цэнтнераў з гектара. У нас у гэтым годзе 16 ц/га, а ў мінулым было каля 10-ці. Тады сабралі ўсяго 47 тон, у гэтым годзе – 176 тон. Таму ў гэтым годзе грошы ёсць. Ёсць за што і запчасткі купіць.

Што зараз з заработнай платай у цэлым па гаспадарцы?

У мінулым годзе сярэдняя зарплата па гаспадарцы склала 460 рублёў. Гэта на 100 рублёў больш, чым у пазамінулым годзе. Сёлета, спадзяюся, будзе 550 рублёў у сярэднім. На большае пакуль цяжка разлічваць. Адразу і рэзка нельга выправіць той складаны стан, які быў.

Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай?
Хутка «Дажынкі». Ці будзе перамога ў бітве за ўраджай? / Фото: Сяргей Багроў

Ці можаце назваць прозвішчы перадавікоў калектыву?

Не назаву прынцыпова, бо пакуль мы не выйдзем з банкруцтва , ніякіх перадавікоў! Усе працуем разам, а значыць, і адказнасць агульная! Не можа быць сярод банкрутаў лепшых. Ёсць тыя, хто стараецца і добра працуе. Такія і зарабляюць добра: па 900 рублёў, і па 1300 у месяц. Хто працаваць не будзе – плаціць не буду! Спадзяюся і па выніках уборачнай тыя, хто аддана і сумленна працуе, будуць задаволены і зарплатай і іншымі стымуламі. І “Дажынкі” адсвяткуем пры добрым настроі.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики