weather

USD 2.0388

EURO 2.268

RUR(100) 3.1884

search

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец (фота)

На «гарачую лінію» газеты «Ганцавіцкі час» патэлефанавалі жыхары вёскі Ясянец, якія былі моцна ўзрушаныя і занепакоеныя тым, што непадалёк ад іх вёскі, на ўскрайку лесу, куды ходзяць у грыбы і ягады жыхары бліжэйшых вёсак і нават госці з горада, выкапалі жывёльны могільнік.

 Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

Вяскоўцам такое суседства не прыйшлося да спадобы, таму яны пачалі звяртацца ў розныя службы, каб высветліць, а ці правамерна такое будаўніцтва. Эмоцыі людзей можна было зразумець, але журналістам патрэбны былі факты. Таму мы прыехалі ў вёску Ясянец.

Насустрач па цэнтральнай вуліцы ішоў мужчына з тачкай. Як толькі мы прывіталіся і сказалі, з якой нагоды прыехалі, мужчына прапанаваў:

«Давайце я вам пакажу гэтае месца і патлумачу сутнасць нашых нараканняў».

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

У дарозе высветлілася, што нам пашанцавала, бо суразмоўцам аказаўся стараста вёскі Ясянец Уладзімір Гайцюкевіч. Стараста расказаў, што калі на полі за вёскай пачалося нейкае падазронае мітусенне (прыехаў экскаватар і пачаў капаць зямлю), вяскоўцы вырашылі высветліць, што там адбываецца.

Тут іх і "парадавалі" навіной, што на гэтым месцы ўлады вырашылі пабудаваць новы жывёльны могільнік. Стары быў ужо перапоўнены, таму яго закансервавалі: зруйнавалі з зямлёй і зверху паклалі лісты шыферу.

А ўжо на наступны дзень на гэтым месцы рабочыя ўкапалі ў зямлю жалезную бочку.

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

«Мы казалі, каб гэтыя хлопцы не спяшаліся, у нас жа дазволу ніхто не пытаў на тое, ці захочам мы, каб тут жывёл закопвалі. Але нас і слухаць ніхто не захацеў. Казалі: звяртайцеся, маўляў, да кіраўніцтва, там усё ўзгоднена», – сказаў стараста.

Па яго словах, аператыўнасць, з якой спрацавалі работнікі, насцярожвае.

«Цуд дый годзе! Іншы раз, каб дапрасіцца што зрабіць, дык пакуль паварушацца, некалькі дзён пройде. А тут за два дні ўправіліся. Хто ж так моцна гэтых работнікаў падганяў? Куды яны спяшаліся? І чаму нас за дурняў лічаць: маўляў, чаго мы тут хай паднялі, усё роўна па-іхняму выйдзе?» – сказаў узрушаны вясковец.

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

Ён патлумачыў, чаму так непакояцца людзі. Некаторыя з іх яшчэ ходзяць на працу. Дарога ляжыць праз лес, а восенню і зімой цямнее хутка. Таму вяскоўцам прыходзіцца ісці ў цемнаце праз лес. Раней насупраць старога могільніка нярэдка прыходзілася спешвацца з матацыкла ці з веласіпеда, браць у рукі сякеру і такім чынам дабірацца дадому.

«Бывае, вылеціць пад ногі зграя сабак мо з дваццаць валацужных, брэшуць. А цяпер дык і наогул страшна: будуць вакол могільніка гэтыя валацугі бегаць ці ваўкі – гэта ж каля самай вёскі! Спакою нам не будзе», – сказаў мужчына і дадаў, што вельмі турбуецца за жонку, якая працуе на ферме загадчыцай і яе працоўны дзень пачынаецца ў чатыры гадзіны, а заканчваецца ў дзевяць вечара.

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

Раней яна «зрэзвала» шлях да фермы акурат па гэтай дарозе, ля якой усталявалі новы могільнік. Навіна хутка дайшла і да жыхароў вёскі Нача, якія таксама незадаволены рашэннем кіраўніцтва гаспадаркі.

«От што яны робяць? Уяўляеце, які «пах» будзе там стаяць улетку, калі людзі пойдуць у ягады ці ў грыбы? Зразумела, што могільнік для жывёл патрэбны, недзе ж трэба прыбіраць мёртвых жывёлін. Але месца хіба другога не знайшлося?» – сказаў святар мясцовай царквы айцец Дзмітрый.

Ён дадаў, што непакоіцца за экалогію, бо ў абедзвюх вёсках людзі разводзяць пчол.

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

«Ці не сапсуе гэта якасць мёду?» – трывожыўся ён.

Папрокі і нараканні мясцовых жыхароў мы перадалі начальніку Ганцавіцкай ветэрынарнай станцыі Ганне Рычаевай. Яна патлумачыла, што людзям не варта турбавацца. Усе стандарты, якія патрэбны для будаўніцтва жывёльнага могільніка, выкананы. Кіраўнік гаспадаркі ААТ «Дубнякі» спецыяльна шукаў месца, каб яно было не бліжэй за кіламетр ад вёскі і не ў лесе (па рашэнні Мінлясгаса могільнікі жывёл нельга размяшчаць у лесе).

Новы могільнік будзе пабудаваны ў адпаведнасці з нарматывамі: у выкапанай траншэі закапаюць бочку, у ёй зробяць люк, які будзе зачыняцца. Вакол могільніка пабудуюць двухметровы плот, весніцы будуць зачыняцца на ключ, які будзе захоўвацца ў ветэрынара ў вёсцы Нача.

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

Яшчэ над могільнікам пабудуюць навес. Не толькі гаспадаркі, але і асобныя людзі змогуць вывозіць мёртвых жывёл. Усе работы па добраўпарадкаванні могільніка былі ўзгоднены з землеўпарадкавальнай службай, ветэрынарнай станцыяй, прыродаахоўчымі арганізацыямі.

«Я патлумачыла людзям усё тое, што і вам гавару. Але яны і слухаць не хочуць! Калі што дрэннае можа там нарабіцца, то толькі па віне людзей», – сказала Ганна Пятроўна.

Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец
Чаму ўзбунтаваліся жыхары вескі Ясянец / Фото: Сяргей Багроў

Вяскоўцаў такі адказ не задаволіў. Яны сказалі, што будуць скардзіцца кіраўніку раёна і запісаліся на прыём да яго. Але калі не прымуць справядлівага рашэння з размяшчэннем могільніка, то людзі плануюць сабраць подпісы і накіраваць іх у пракуратуру і ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики