weather

USD 2.4482

EURO 2.8971

RUR(100) 3.3249

search

Жыхары вёскі Малыя Круговічы: "Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!"

Такі ўльтыматум прад’явілі вяскоўцы на сустрэчы з прадстаўнікамі Ганцавіцкага райпо і мясцовай уладай, якая адбылася 26 лістапада ў магазіне.

 Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!»
Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!» / Фото: Ірына Дамарацкая

На сход прыйшлі ўсяго каля дзесяці чалавек. Людзі скардзіліся, што ўлады апошнім часам не лічацца з пажаданнямі пажылых людзей: зачыняюць у вёсках бібліятэкі, клубы, магазіны, пошты, чым, па сутнасці, спрыяюць знішчэнню вёсак.

Яны добра разумеюць, што пры скарачэнні інфраструктуры вёскі наседжаныя мясціны пакідае маладое насельніцтва і сярод пустых хат застаюцца дажываць свой век лічаныя пенсіянеры. Але пра іх камфорт ніхто не дбае.

Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!»
Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!» / Фото: Ірына Дамарацкая

Прадстаўнікі ўлады згаджаюцца з дыягназам «не рэнтабельна» і зачыняюць установы на замок. У Малых Круговічах некалькі гадоў таму зачынілі бібліятэку і школу. Ладна, установы культуры і адукацыі нерэнтабельныя – такім чынам пазбавіліся ад дадатковай нагрузкі на бюджэт. Але каб гандаль не даваў прыбытку, трэба вельмі пастарацца.

Недзе ж вяскоўцы трацяць сваю пенсію? Некаторыя едуць закупляцца ў горад. А як вы думаеце, чаму? Бо не толькі хлеб, каўбасу ды гарэлку спажываюць у вёсцы. А райпоўскія кропкі ўжо даўно не могуць пахваліцца шырокім асартыментам – гэта факт. Ды толькі каго гэта хвалюе? Лягчэй зачыніць ды ўсё. А як жа жыць людзям у сацыяльна арыентаванай дзяржаве, калі іх пазбаўляюць самых элементарных сацыяльных паслуг?

Таму пры агучванні праблемы вяскоўцы і ўспомнілі пра выбары кіраўніка дзяржавы, які часта па тэлевізары кажа, што ў Беларусі ўсё робіцца для людзей. Людзі хочуць, каб "ўсё для людзей" было не толькі на тэлебачанні, але і ў рэальным жыцці.

А вёска Малыя Круговічы не хутар – там пражывае больш за сто чалавек. Таму людзі абараняюць сваю малую радзіму як могуць. Прэзідэнт тры гады прысвяціў малой радзіме, каб выхадцы вёсак звярнулі ўвагу на свае населеныя пункты і дапамаглі з добраўпарадкаваннем. А што мы бачым на справе?

Аляксандр Кулак сказаў, што прычына ў тым, што аб’ект дае зусім маленькі таваразварот – у сярэднім 4,4 тысячы рублёў. Страты ад рэалізацыі складаюць 2,8 тысяч рублёў. І самы галоўны контраргумент, што магазіну патрэбен капітальны рамонт.

Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!»
Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!» / Фото: Ірына Дамарацкая

Па словах кіраўніка, у такім выглядзе магазін не можа працягваць працаваць яшчэ і таму, што ў складскіх памяшканнях з’явіўся грыбок. Калі прыедзе санстанцыя, то дасць заключэнне на яго закрыццё.

“Вы кажаце, што пенсіянерам цяжка без магазіна. Мы вас разумеем, і не такія ж мы каты, што нам трэба зачыніць гэтую краму. Сёння за плячыма райпо больш чатырохсот працуючых чалавек, якім трэба плаціць заработную плату, каб яны ўтрымлівалі свае сем’і. Таму нікуды ад гэтага сысці немагчыма”, – патлумачыў Аляксандр Кулак.

Па яго словах, ёсць распараджэнне, што райпо мае права зачыняць крамы ў малых населеных пунктах і перавесці на аўтамагазін.

“Мы ўжо зачынілі восем нерэнтабельных магазінаў. У раёне, акрамя аўталаўкі райпо, працуюць аўталаўкі еўраопта і хлебазавода, таму ў вас будзе магчымасць купіць прадукты. Калі крама працавала чатыры разы на тыдзень, то можам зрабіць і чатыры разы аўтакраму. Будзе спланаваны зручны графік аўталаўкі”, – паабяцаў старшыня райпо.

Жыхары запярэчылі, што гэтая сістэма ненадзейная і яны ўжо паспрабавалі гэты сервіс раней. З-за таго, што аўтамагазін затрымліваўся, людзі не маглі купіць тавары.

Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!»
Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!» / Фото: Ірына Дамарацкая

“Паслугамі аўталаўкі мы ўжо карысталіся і качанець на вуліцы больш не згодны, – сказаў жыхар вёскі Аляксандр Муха. – Мы ўжо паспрабавалі гэтага “хлеба”. Мы не згодны з закрыццём магазіна і будзем скардзіцца далей. Калі вы нас не пачуеце, мы збяромся і паедзем на прыём да прэзідэнта.”

Намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Артур Грыгаран сказаў, што магазін меліся зачыніць у мінулым годзе і ўжо больш адкладваць нельга. Артур Уладзіміравіч прапанаваў вяскоўцам згадзіцца на аўталаўку. Але людзі засыпалі скаргамі на тое, што ў аўталаўцы слабы не толькі асартымент, але і абслугоўванне.

“Мы не бачым, што за тавар, не бачым, як нам яго ўзважваюць, таму нам патрэбен магазін і зачыніць яго вы не маеце права”, – сказаў Аляксандр Муха і як варыянт прапанаваў размясціць магазін у памяшканні мясцовага клуба, дзе цёпла і ўтульна.

Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!»
Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!» / Фото: Ірына Дамарацкая

Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!»
Жыхары вёскі Малыя Круговічы: «Зачыніце магазін – не пойдзем на выбары!» / Фото: Ірына Дамарацкая

Не спадабалася вяскоўцам і пазіцыя старшыні Агарэвіцкага сельвыканкама Вольгі Бобкі, якая некалькі разоў напамінала аб немэтазгоднасці ўтрымліваць непрыбытковы магазін. Але людзі аргументавалі тым, што калі непрыбытковыя калгасы не ліквідуюць, дык можна патрымаць і магазін.

“Наперадзе прэзідэнцкія выбары, і калі вы зачыніце наш магазін, то ўся вёска не пойдзе галасаваць”, – падвяла вынік Валянціна Муха.

Тыдзень прайшоў пасля сходу і магазін прадаўжае працаваць. Як патлумачыў журналісту 5 снежня старшыня Ганцавіцкага райпа Аляксандр Кулак, далейшы лёс магазіна будзе вырашацца 9 снежня на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики