weather

USD 2.41

EURO 2.6772

RUR(100) 3.4096

search

Чаму ў Ганцавіцкім раёне не шпіталізуюць 83-гадовую жанчыну з запаленнем лёгкіх?

Піша гісторык, публіцыст, палітычны дзеяч, уражэнец Ганцавіцкага раёну Анатоль Сідарэвіч.

 Чаму ў Ганцавіцкім раёне не шпіталізуюць 83-гадовую жанчыну з запаленнем лёгкіх?
Чаму ў Ганцавіцкім раёне не шпіталізуюць 83-гадовую жанчыну з запаленнем лёгкіх?

Сёння ў час тэлефоннай размовы са сваёй сястрой у другой стрэчы Галяй пачуў, што захварэла яе свякроў – Валянціна Канстанцінаўна Валасюк.

Валянціна Канстанцінаўна нарадзілася ў 1937 годзе на хутары Запрапасць Хатыніцкай гміны Пінскага павета (цяпер гэта Ганцавіцкі раён, але хутара няма). Яна з роду Клішэўскіх. Яе родная цётка, Тэкля  Міхайлаўна, была замужам за Піліпам Мікалаевічам Лагвіновічам, бацькам нашага паэта Івана Лагвіновіча. Такім чынам, Валянціна Канстанцінаўна – стрыечная сястра паэта.

У 1957 годзе Валянціна Канстанцінаўна выйшла замуж у маё Задуб’е. Яе сын ажаніўся з Галяй, дачкою маёй дваюроднай цёткі Мані.

Апошні раз Валянціну Канстанцінаўну я бачыў у снежні. Калі прыйшоў у яе двор, на дзвярах вісеў замок. Каб даведацца, дзе яна, я пайшоў назад у сяло да аднае жаночыны. Тая жанчынка мне падказала, што цётка Валя, пэўна, пайшла на фельчарска-акушэрскі пункт, каб купіць лекі для хворай суседкі. Пакуль я гаманіў з той жанчынай, Валянціна Канстанцінаўна лекі ўжо купіла і пайшла ў свой канец сяла. Ужо другі раз падышоўшы да яе хаты, убачыў, як яна выходзіць з суседчынага двара.

Пішу так падрабязна таму, што мяне здзівіла, як 83-гадовая жанчына так хутка ходзіць і не стамляецца, бо я з Валянцінай Канстанцінаўнай прагаманіў яшчэ мо з гадзіну і не заўважыў на яе твары стомы. А гаманілі мы пра Івана Лагвіновіча, пра яго сям’ю, пра Запрапасць і ваколіцы хутара. І многае з пачутага я выкарыстаў у сваёй публікацыі да 80-годдзя паэта.

І вось Валянціна Канстанцінаўна хворая. Захварэла на запаленне лёгкіх.

У адпаведнасці з правіламі, якія дзейнічалі дагэтуль, усіх, каго напаткала такая хвароба, клалі ў бальніцу. Я сам хварэў на запаленне не адзін раз, і кожны раз мяне – малога, падлетка, маладога і параўнальна маладога – шпіталізавалі.  А вось 83-гадовую жанчыну з пнеўманіяй у бальніцу не паклалі. Як сказала мне яе нявестка Галя, у бальніцы няма месцаў.

Што за такія цяжкахворыя ляжаць у больніцах у Малкавічах (сельсавецкае сяло, 8 км ад Задуб’я), у Ганцавічах ці ў тых самых Хатынічах або Дзяніскавічах?

Чытайце таксама: Смерць баптысцкага пастара ў бальніцы

Чаму жанчыну, якая знаходзіцца ў групе рызыкі, не паклалі ў бальніцу? Ды чалавека  такога веку трэба было б і пры грыпе шпіталізаваць.

Я раблю для сябе выснову: цяпер у Ганцавіцкім раёне цяжкая эпідэміялагічная сітуацыя. А МАНТУНЫ (так у нас называюць хлусліўцаў і падманшчыкаў) спрабуюць нас пераканаць, што ўсё акей, усё пад кантролем.

Я ўжо задаваў пытанне: чым растлумачыць, што ў Беларусі такі нізкі адсотак памерлых ад каранавірусу? Тым, што ў нас медыцына лепшая за італьянскую, іспанскую, амерыканкую, брытанскую? Тым, што мы апераджаем цывілізаваны свет? Ці тым, што на версе ўладнай піраміды і ў Міністэрстве аховы здароўя сядзяць МАНТУНЫ?

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики