weather

USD 2.599

EURO 3.0521

RUR(100) 3.3365

search

Ганцавічы - першыя ў Беларусі, дзе роднай мовай называюць беларускую. Чаму так?

Брэсцкая вобласць лідзіруе па ўжыванні беларускай мовы ў штодзённым жыцці. Такое падсумаванне зрабіў «Альфа-Банк» згодна перапісу насельніцтва 2019 года. Ганцавіцкі раён – адзіны ў краіне, дзе больш за 90% насельніцтва вызначаюць беларускую мову роднай, а ў сельскай мясцовасці дык і зусім 95.8%.

 Ганцавічы першыя ў Беларусі, дзе роднай мовай называюць беларускую
Ганцавічы першыя ў Беларусі, дзе роднай мовай называюць беларускую

Беларускую мову роднай жыхары сельскай мясцовасці назвалі больш за 60% жыхароў сельскай мясцовасці. У Брэсцкай вобласці больш за ўсіх – амаль 83%.

Моўнае пытанне даволі непапулярнае. Рэферэндум 1995 году зрабіў рускую мову дзяржаўнай у нашай краіне, на адным узроўні з беларускай. У выніку пацярпела менавіта беларуская мова, бо ўсё справаводства і афіцыйныя дакументы пачалі афармляцца па-руску.

Аўтар артыкула, які прыехаў у Ганцавічы мінулай зімой і паходзіць з усходу Віцебскай вобласці, заўважыў тое, што мова заходніх Ганцавіч больш сакавітая і беларуская.

Чаму Ганцавіцкі раён лідзіруе ў перапісе з роднай мовай як беларускай? Пэўна, што гэтаму спрыяе некалькі фактараў – геаграфічнае размяшчэнне раёна, бо Ганцавічы знаходзяцца ў балоцістай мясцовасці, пасярэдзіне шляху між Брэстам і Мінскам...

У 2011 годзе ў Ганцавічах прайшоў «Дзень пісьменства», да якога прыбіралі і ўпрыгожвалі горад. На гэтае свята да нас прыязджаў тагачасны міністр культуры і дыпламат Павел Латушка, які цяпер знаходзіцца ў выгнанні ў Польшчы. Тады ён пакінуў запіс у кнізе гасцей Алеі пісьменства ў Ганцавічах.

Дарэчы, тады ў горадзе з`явілася шмат шыльдаў на роднай мове. Тады ж Павел Латушка адзначыў, што свята пісьменства «ужо ўпісана ў лік важнейшых падзей краіны».

«Вельмі важна, што мы звяртаемся да нашых вытокаў, каранёў, пісьменства, якімі мы можам ганарыцца яшчэ з часоў Ефрасінні Полацкай, Сымона Буднага, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава і многіх іншых прадстаўнікоў нашай культуры», – сказаў падчас свята былы міністр Павел Латушка.

У саміх Ганцавічах шмат людзей – выхадцы з вёсак, якія вучыліся ў беларускамоўных школах. Таму мова тут змешаная, мае шмат асаблівасцяў і беларускага каларыту. Хіба яшчэ адзіным фактарам з`яўляецца тое, што Ганцавічы адносяцца да Заходняй Беларусі, дзе роднай мовы захавалася больш.

Для параўнання, у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці беларускую мову лічаць роднай толькі 23% жыхароў. Менш за ўсё беларускую мову можна пачуць у дамах жыхароў Віцебскай вобласці – усяго 12,6%.

Ганцаўшчына ў параўнанні з гэтымі лічбамі – моўны чэмпіён і пераможца. Але ці гучыць мова ў нашых дамах? Ці варта давяраць статыстам? Аб гэтым мы папыталіся ў доктара гістарычных навук, які паходзіць з Вялікіх Круговіч, Анатоля Трафімчыка і паэта Аляксея Галаскока.

НА ДУМКУ ГІСТОРЫКА

Анатоль Трафімчык зазначыў, што не мае магчымасці аналізаваць дадзеныя перапісу насельніцтва, бо ў ім было шмат парушэнняў. Сям`ю Анатоля Трафімчыка не перапісалі зусім, бо не змаглі перапісаць на беларускай мове, хаця ён звяртаўся некалькі разоў у розныя інстанцыі.

На ягоную думку, сумніўна давяраць такому перапісу. А вось адносна таго, чаму такія вялікія моўныя лічбы менавіта ў Ганцавіцкім ране, ён не лічыць выпадковасцю.

Канечне, народ прачынаецца. У Ганцавіцкім раёне таксама. Напрыклад, знайшліся такія, хто не пабаяўся выйсці і заявіць пра сваю пазіцыю. Аднак асноўная маса паміж каўбасою і моваю выбера каўбасу.

Асноўная маса на вачах зракаецца мовы, продкаў, саміх сябе. Іх дэвіз – «чарка, шкварка, інамарка!» Адзін прыклад: беларускамоўныя вясковыя школы пусцеюць і закрываюцца. Гарадскія школы ўсе рускамоўныя.

А хто жыве ў райцэнтры? Учарашнія вяскоўцы, вучні беларускамоўных школ. Ці шмат было заяў з просьбай арганізаваць школу ў Ганцавічах з навучаннем па-беларуску? Не чуў. А напісаць можна любую лічбу.

Сёлета ў гэтым людзі пераканаліся. Ім стала страшна. Таму трэба ведаць, што сёлетняя лічба ўзнікла не проста так – гэта вынік у тым ліку адрачэння ад мовы і памяці. Хочаце быць людзьмі? Вяртайцеся да сваёй (між іншым багацейшай) культуры», – зазначыў гісторык.

ГОЛАС ПАЭТА

Аляксей Галаскок таксама падвяргае лічбы перапісу сумніву. Па яго словах, на святкаванні 80-годдзя раёна ў 2019 годзе галоўны ідэолаг раёна Віктар Супрун чытаў свой даклад па-руску.

Дарэчы, і імёны ганцавіцкіх паэтаў і пісьменнікаў ён зачытваў па-руску. А вось малдаване, якія прыязджалі да нас у госці, зрабілі сваю праграму з танцамі і спевамі на малдаўскай мове.

Таксама паэт выказаўся, што вялікую справу ў папулярызацыі мовы робяць бібліятэкі, як дзіцячыя, так і дарослыя. Яны ствараюць розныя мерапрыемствы і дзіцячыя праграмы на беларускай мове, чым папулярызуюць яе сярод наведвальнікаў.

КУДЫ ІДЗЁМ?

Калі на мове не размаўляць, яна пакрысе будзе знікаць і застанецца толькі ў падручніках на бібліятэчных паліцах. Таму кожны з нас можа ўнесці свой унёсак у тое, каб мова заставалася жывой, багатай і прыгожай.

Калі нават ёй цікавяцца замежнікі, якія вывучаюць і пішуць на ёй вершы, адной з якіх з`яўляецца іспанка Анхела Эспіноса, якая выдала не адзін зборнік вершаў па-беларуску.

Чаму тады беларускай мовай не карыстацца карэннаму народу Беларусі? Задача кожнага пакалення – захаваць скарбы, якія пакінулі нам продкі. Мова з`яўляецца адным са скарбаў на ўзроўні каштоўных кам янёў і мета лаў.

Яна нябачная, але дае афармленне нацыі. Яна пагарджаная, але самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх. Яна не з`яўляецца мовай дзяржаўнага справаводства, але на ёй пісаўся прататып першай Канстытуцыі ў свеце, раней чым у ЗША і Францыі – Статуты Вялікага Княства Літоўскага (XVI стагоддзе), тагачаснай беларускай дзяржавы.

У свеце шмат розных моў і народаў. Англійская мова цяпер самая ўплывовая ў свеце. Стала модна вывучаць кітайскую мову. Кожны з нас ведае рускую мову. Але родная мова ў чалавека толькі адна. І гэта мова той зямлі, на якой мы нарадзіліся і выраслі, мова пакуль яшчэ жывой вёскі і вялікіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Ларысы Геніюш і Уладзіміра Караткевіча.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики