weather

USD 2.0566

EURO 2.2759

RUR(100) 3.1349

search

Хто вінаваты ў заморы рыбы?

Небывалы ажыятаж у мінулую суботу царыў на рацэ Начанка на мяжы Ганцавіцкага і Клецкага раёнаў – хто чым: хто рукамі, хто падсачыкамі вылаўлівалі рыбу і мяшкамі вазілі дадому. Нават жанчыны лезлі ў ваду і спадніцамі хапалі шчупакоў, ляшчоў, плотак, якія самі выскоквалі з вады...

Нямала такіх рыбаловаў было на Начанцы каля вёскі Крышылавічы, а ў суседняй Галынцы дык увогуле на рацэ было некалькі дзесяткаў чалавек  Адзін хлопец з Галынкі ў размове з карэспандэнтам “ГЧ” з- гонарам дзяліўся ўражаннямі пасля небывалай рыбалкі, што ён з сябрам вылавілі ў суботу паўтара меха рыбы. “Шчупака аднаго дык увогуле больш за метр у даўжыню рукамі злавілі”, - расказаў хлопец.

У суботу паступіў званок на “гарачую лінію” Ганцавіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, што на рацэ Начанка ў  Галынцы пачаўся замор рыбы і ідзе па цячэнню ў бок Ганцавіцкага раёна. Выехаўшы на раку, спецыялісты інспекцыі ўстанавілі, што трывожнае паведамленне аказалася праўдзівым. З рыбай тварылася нешта неладнае, яна марудна плавала па паверхні, і праз некалькі гадзін пачала дохнуць. Цячэнне ракі прынясло ў хуткім часе і непрыемны запах каналізацыйных сцёкаў і аміяку. Як высветлілася, на замор рыбы ад таго, што ў ваду трапілі шкодныя рэчывы. Ад забруджвання нечыстотамі рыбе не хапала кіслароду і яна плавала паверсе.

На наступны дзень, у нядзелю, ачавідцам наступстваў забруджвання ракі стаў і аўтар гэтага артыкулу. Каля Крышылавіч і ў Галынцы каля маста на рацэ ў розных месцах плавала дохлая рыба...

Ад чаго пайшоў замор рыбы, наш карэспандэнт высветліў, пагутарыўшы з вяскоўцамі. Усе амаль ў адзін голас казалі, што сцёкі ў раку пайшлі з свінафермы, якая знаходзіцца ў вёсцы Бабічы Клецкага раёна, у некалькі кіламетрах ад Галынкі. Гэтую свінаферму наш карэспандэнт знайшоў хутка. Работнікі свінафермы на пытанні адказваць баяліся. Адчувалася, што і спецыялістам, і нават простым работнікам гэтага сельгаспадарчага прадпрыемства забаранілі гаварыць.

Але чалавек, які не пабаяўся гаварыць знайшоўся. Па словах ветырынарнага ўрача гэтай гаспадаркі, на свінаферме парвала чэк (рэзервуар для сбору жыжы) і сцёкі выліліся ў канаву, якая мае злучэнне з ракой Начанкай.  Рэзервуар своечасова не ачышчалі і спрабавалі ўмацоўваць пяском, але гэтыя меры не дапамаглі.

У нядзелю, калі пад’ехаў карэспандэнт “ГЧ”, каля свінафермы працавала тэхніка – пагрузчык і самазвалы, якія адвозілі жыжу ў невядомым накірунку. Але пасля таго, як іх пачалі здымаць на фотакамеру, работы раптоўна спыніліся і тэхніка раз’ехалася.

Аднак дакладна агучыць, што менавіта непаладкі на свінаферме сталі прычынай забруджвання ракі і замору рыбы, эколагі пакуль не рашаюцца. “Пакуль правяраводзіцца праверка, бяруцца кожны дзень пробы вады з ракі і высвятляюцца абставіны, хто вінаваты ў гэтым”, - сказаў інспектар аховы прыроды Сяргей Іокіш. Як паведамілі па телефоне ў лабараторыі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя г. Баранавічы, пробы вады бяруцца за пяць дзён, і ўжо ў напрыканцы тыдня павінны быць канкрэтныя вынікі аналізаў і ўстаноўлена прычына гібелі жывых арганізмаў ў рацэ.

 

comments powered by HyperComments
Из рубрики