weather

USD 2.047

EURO 2.2714

RUR(100) 3.1033

search

У «Агра-Нач» трактарыста замяніў галоўны інжынер

Дэфіцыт кадраў і незадаволенасць заработнай платай у СВК «Агра-Нач» Ганцавіцкага раёна прывялі да таго, што падвозіць збожжа на трактары на зернесушылку прыйшлося галоўнаму інжынеру гаспадаркі. Трактарыст з Лактышоў Мікалай Моталь, атрымаўшы зарплату за чэрвень у памеры 320 тысяч рублёў, адмовіўся ісці працаваць на свой пагрузчык.

У гарачы перыяд жніва аказалася, што з-за адмовы ўсяго аднаго(!) механізатара пад пагрозай аказалася праца на зернесушыльным комплексе (КЗС). «Крайнім» аказаўся малады спецыяліст, 26-гадовы галоўны інжынер СВК «Агра-Нач» Аляксандр Скарагод, які быў вымушаны сесці за руль пагрузчыка, на якім падвозяць збожжа.
«У калгасе нізкія расцэнкі і людзям ствараюць такія ўмовы, што яны збягаюць. А ў старшыні, атрымліваецца, я вінатавы, бо не магу быццам бы арганізаваць працу, – сказаў «ГЧ» галоўны інжынер. – У сувязі з тым, што мне прыходзіцца тут адпрацоўваць як маладому спецыялісту, старшыня лічыць, што з мяне вяроўкі можна віць?!»
Па словах Аляксандра, яму часта даводзіцца то на трактары, то на машыне за каго-небудзь працаваць. На «МАЗе» ў мінулым годзе працаваў, а як атрымаў зарплату, дык яшчэ і павінен застаўся. «Мне ўжо здаецца іншы раз, што ў мае абавязкі ўсё уваходзіць. Калі гной няма каму выкатваць, то і гэта мой абавязак!» – сказаў Аляксандр. Працаваць у калгасе на трактарах жадаючых няма. Механізатары, якія былі, звольніліся і пайшлі працаваць у суседнія гаспадаркі. Падчас уборкі, калі частка механізатараў пайшла на камбайны, засталіся толькі чатыры трактарысты.
Механізатар Мікалай Моталь, з якім сустрэўся аўтар гэтага артыкула, сказаў, што такім радыкальным крокам – адмовай выйсці на працу на пагрузчык, ён выказаў пратэст супраць несправядлівага (на яго думку) утрымання каля 80 тысяч рублёў за перарасход паліва. «Адкуль яны бяруць тыя нормы і расцэнкі на аплату працы, невядома! Я дзень у дзень без выхадных працаваў з раніцы да вечара, сенажную яму таптаў, гной грузіў, думаў, тысяч 500 зараблю за месяц, а атрымаў 320 тысяч. Гэта ж здзек, а не зарплата! – сказаў Мікалай Моталь. – Колькі не працуй, а зарабіць не дадуць! Я, як і іншыя, калі нічога не вырашыцца, збяруся і пайду працаваць ў суседнюю Мінскую вобласць, там па мільёну 800 тысяч трактарыстам плоцяць».
Аляксандр Міхайлавіч падчас размовы з журналістам «ГЧ» сказаў, што выйдзе на працу, калі яго пытанне вырашыцца станоўча і дабавяць зарплату. Галоўны эканаміст калгаса, таксама малады спецыяліст, Хрысціна Хілько, адказала, што праблему яны пастараюцца вырашыць і нормы расходу паліва будуць устаноўлены фактычныя, пасля таго як спецыялісты правядуць замеры на пэўных відах работ. «Пакуль нормы я даведваюся ў раёне і ў іншых калгасах. Свайго новага даведніка ў СВК «Агра-Нач» няма, напэўна, ён каштуе дорага. Ёсць толькі з 1998 года. Калі і тэхнікі такой, якая зараз ёсць у СВК не было», – сказала Крысціна Мікалаеўна.
Нізкай зарплатай не задаволены ў СВК «Агра-Нач» практычна ўсе, ад рабочых зернесклада да галоўных спецыялістаў. І не дзіва, бо нават у галоўнага бухгалтара гаспадаркі зарплата прыкладна 560 тысяч рублёў, пару месяцаў таму была 490 тыс. рублёў. У той час у іншых гаспадарках раёна менш за 700 тысяч галоўныя спецыялісты не атрымліваюць. Не кажучы ўжо пра суседзяў з Міншчыны, дзе зарплаты менш за мільён у спецыялістаў няма. Па словах жанчын, работнікаў зернесклада, якія працуюць у Лактышах, імі дык увогуле за чэрвень заплацілі па 110 тысяч рублёў. «Выпісала ў калгасе два мяхі мукі вышэйшага гатунку і засталася яшчэ калгасу павінна некалькі тысяч рублёў, вось якая ў нас зарплата», – сказала работніка зернесклада, пенсіянерка Марыя Ленкавец. Такія ж зарплаты, па словах работніц, атрымалі яшчэ тры пенсіянеркі, якія працуюць разам з Марыяй Сцяпанаўнай на складах. У бухгалтэрыі СВК «Агра-Нач» сказалі, што налічаныя зарплаты ў работніц зернесклада ў Лактышах ад 157 да 220 тысяч рублёў і параілі ім звярнуцца ў кантору, каб высветліць гэта пытанне. Старшыня СВК «Агра-Нач» Юрый Мацвіенка не хаваў, што фінансава-эканамічнае становішча гаспадаркі складанае, але ён лічыць, што ў работнікаў, якія выказваюць прэтэнзіі, таксама ёсць недапрацоўкі і парушэнні дысцыпліны, на якія ён іншы раз закрывае вочы. «Мне не шкада, каб людзі атрымлівалі больш, але грошы трэба зарабіць», – сказаў Юрый Іванавіч.
Як зарабіць работнікам тыя грошы і чаму ў суседніх калгасах Міншчыны і нават нашага раёна справы ў сельскай гаспадарцы значна лепшыя, чым у «Агра-Нач»? Адказы на гэтыя пытанні старшыні СВК прыйдзецца шукаць. Рашэннем райвыканкама яшчэ некалькі месяцаў назад даручана давесці сярэднемесячную зарплату ў арганізацыях раёна не менш чым да 200 долараў у эквіваленце. Зарплаце ў 600 тысяч рублёў калгаснікі «Агра-Нач» павінны абрадавацца. Толькі нават спецыялісты на гэта глядзяць скептычна. «Але ж! Дай бог нашаму цялятку воўка з'есці!» – жартам сказала адна з работніц.

comments powered by HyperComments
Из рубрики