weather

USD 2.0584

EURO 2.2803

RUR(100) 3.0864

search

Максім Лынша: «У краіне для мяне пакуль няма канкурэнтаў»

У дзесятку мацнейшых легкаатлетаў свету на дыстанцыі бегу з бар'ерамі на 110 метраў увайшоў ганцаўчанін Максім Лынша. На чэмпіянаце Еўропы ў Барселоне 30 ліпеня ў паўфінальным забегу з вынікам 13,68 ён заняў 9-е месца. Нашаму земляку не хапіла ўсяго адной дзесятай долі секунды, каб трапіць у фінал.

Максім Лынша.

Нарадзіўся 6.04.1985 у Ганцавічах. Майстар спорту міжнароднага класу. Вышэйшыя дасягненні - 4-е месца юніёрскага ЧЭ-2003, чэмпіён Беларусі 2007-2009 гадоў у бегу на 110 метраў з бар'ерамі. Удзельнік Алімпійскіх –гульняў-2008 у Пекіне. Асабістае дасягненне - 13,46.

У суботу, 31 ліпеня, Максім вярнуўся на радзіму ў Ганцавічы. Журналіст газеты "Ганцавіцкі час" узяў у спартоўца інтэрв'ю, у якім чэмпіён Рэспублікі Беларусь распавёў аб сваіх планах, праблемах і закрануў пытанні аб тым, чаму спартсмены нашай краіны не заўсёды могуць канкураваць на роўных з лёгкаатлетамі Еўропы і свету.
– Ці задаволены сваім вынікам на чэмпіянаце Еўропы ў Барселоне?
– Хацелася б, канешне, выступіць лепш і стаць адным з васьмі ўдзельнікаў фіналу. Я стаў па выніках паўфінальных забегаў дзевятым.
– Часта даводзілася чуць выказванні, што на сённяшні момант вы лепшы лёгкаатлет у Беларусі, які бегае дыстанцыю 110 метраў з бар’ерамі? Ваша думка на гэты конт?
– Пра сябе казаць так няёмка, што я самы лепшы на гэтай дыстанцыі, але аб’ектыўна гэта так. У краіне для мяне пакуль няма канкурэнтаў. Але я лічу, што для мяне гэта не вельмі добра, бо калі ў Беларусі няма з кім спаборнічаць, то на міжнародных спаборніцтвах выступаць значна цяжэй.
– У якіх умовах, калі не сакрэт, жыве шматразовы чэмпіён Беларусі, удзельнік алімпійскіх гульняў? Дарэчы, здаецца, пасля алімпійскіх гульняў некаторых алімпійцаў і ў тым ліку абяцалі забяспечыць кватэрамі ў Мінску?
– (Смяецца). Размовы наконт кватэры былі, але далей гэтага не пайшло. З 1995 года, як я паехаў ў Мінск і стаў займацца спортам, жыву дзе прыйдзецца. Шмат гадоў здымаў кватэру, часта прыходзіцца жыць у гатэлі, і шмат часу жыву ў дарозе, звычайна ў самалётах і аэрапортах… Неяк за тыдзень было 15 пералётаў.
– Калі так часта прыходзіцца ездзіць, скажыце, а ў якіх краінах вы былі?
– Лягчэй сказаць, у якіх не быў, што тычыцца ў краінах Еўропы, то цяжка сказаць, дзе яшчэ не давялося быць. А на амерыканскім кантыненце і ў Аўстраліі не быў.
– Ці хапае чэмпіёну краіны заробленых грошай на тое, каб прыстойна жыць, адпачываць?
– Грошай, канешне, не хапае. На трэніроўкі траціцца вельмі многа энергіі і  патрэбна трымацца рэжыму і добра харчавацца. Такіх прадуктаў, як сасіскі, вараная каўбаса, у маім рацыёне няма. Ужываю толькі натуральныя прадукты, мяса, кашы з круп, натуральныя сокі і фрукты. На харчаванне на дзень патрэбна 30-50 тысяч рублёў. У месяц самі можаце палічыць колькі... Застаецца вельмі мала. А патрэбна яшчэ і адзенне, абутак і гэтак далей. А адпачываць асабліва няма калі, графік трэніровак і спаборніцтваў вельмі напружаны.
– Як вы адносіцеся да допінгу? Ужо неаднаразова беларускія спартсмены мелі праблемы з тым, што на прэстыжных спаборніцтвах прымалі допінг. Ці былі думкі аб тым, каб таксама прыняць нейкія  прэпараты для дасягнення лепшых вынікаў?
– Я ніколі не прымаў і лічу, што гэта ў выніку толькі шкодзіць здароўю. Гэта мой прынцыповы падыход. Прэпарат з арганізму можа выводзіцца каля трох месяцаў. А калі спаборніцтвы два разы на тыдзень, то ніякага сэнсу гэта не мае. Дый допінг-кантроль зараз настолькі сур’ёзны, так што прымаць прэпарат – толькі сабе нашкодзіць. Іншы раз перад спаборніцтвамі пробы на допінг могуць браць тры разы на дзень – такія суровыя правілы. Гэта толькі ў часы Саюза, калі не было прэпаратаў на выяўленне допінгу, спартсмены рызыкавалі. Зараз на такое вырашаюцца толькі адзінкі, і, як паказвае практыка, часам цаною сваёй спартыўнай кар’еры. Я лічу, што ў чалавека прыродай закладзены магчымасці абыходзіцца без дадатковых стымулятараў.
– Ці ёсць у Вас цяплічныя ўмовы, пра якія так часта распавядаюць, каб трэніравацца і дабівацца медалёў і тытулаў за межамі краіны? І ці дастаткова чыноўнікі ад спорту клапоцяцца пра спартсменаў?
– Калі ацэньваць у параўнанні, то складаецца ўражанне  што ў нашай краіне, на жаль, спартсменаў не цэняць. З аднаго боку, на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва краіны многа гаворыцца аб падтрымцы прафесійных спартсменаў і выдзяляюцца на гэта немалыя сродкі, а, з другога боку, рэальна да спартсменаў дахоціць мізэр, і, як расходуюцца тыя грошы, невядома. Умоў для трэніровак тых, якія патрэбны, няма. Пакрыццё дарожак у нас і то не такое, як на еўрапейскіх стадыёнах, і гэта вельмі адчуваецца, калі выступаеш за мяжой. Пакуль толькі на адной базе “Дынама” яно адпавядае стандартам.
Разважаць можна на простым узроўні: калі гаспадар хоча атрымаць добры ўраджай, то спачатку павінен укласці сродкі і шмат працы. А ў нас атрымліваецца, што ты сам павінен гадаваць, а потым можа і дадуць што. А  ў спартсменаў вельмі складана гэтага дасягнуць, бо жадаючых многа, а чэмпіён заўсёды адзін.
– Калі вы становіцеся на п’едэстал на міжнародных спаборніцтвах, ці адчуваеце гонар за Беларусь і ці спяваеце беларускі гімн?
– Скажу шчыра, мне вельмі б гэтага хацелася, але я не люблю рабіць тое, што ідзе не ад душы, у чым няма шчырасці, таму гімн я не спяваю.
– Якія зараз самыя галоўныя спаборніцтвы, да якіх вы рыхтуецеся?
– Да Алімпійскіх гульняў 2012 года, якія  пройдуць у Лондане. Каб падрыхтаваць спартсмена да ўзроўню алімпійскага чэмпіёна, патрэбна 5-7 гадоў, а можа, і дзесяць. І толькі тады, калі будуць створаны сапраўды ідэальныя умовы для гэтага. Хочацца спадзявацца, што адносіны да спартсменаў у нас таксама будуць змяняцца да лепшага. І я разумею, што мой вынік у першую чаргу будзе залежаць ад мяне. Зараз я ўжо маю большы вопыт, ведаю і пра розныя методыкі трэніровак, і ў мяне ёсць жаданне і мэтанакіраванасць, каб дасягнуць галоўнага, прабегчы з такой хуткасцю і паказаць час, за які я яшчэ не бегаў.
– Поспехаў вам, Максім. Спадзяюся, што чытачы “Ганцавіцкага часу” і ўсе жыхары краіны ўбачаць вас на п’едэстале Алімпійскіх гульняў.

comments powered by HyperComments
Из рубрики