weather

USD 2.0556

EURO 2.2626

RUR(100) 3.1987

search

Працу ганцавіцкай улады ацэняць у Адміністрацыі Прэзідэнта

Амаль да 18 гадзін вечара замест запланаваных 14-ці ў аўторак, 24 жніўня, у райвыканкаме вёўся прыём грамадзян нашага раёна прадстаўнікамі рабочай групы, створанай Адміністрацыяй Прэзідэнта. Аднак некаторыя жыхары раёна, так і не дачакаўшыся сваёй чаргі, былі вымушаны сысці пасля званкоў сваіх кіраўнікоў, якія настойліва выклікалі іх на працу.

Візіт прадстаўнікоў Ад-міністрацыі Прэзідэнта праходзіў у рамках трэцяга этапу маніторынгу работы органаў мясцовай улады з насельніцтвам, дзе асноўнай місіяй было вывучэнне стану работы мясцовых органаў улады і арганізацый па вырашэнні найбольш вострых сацыяльных пытанняў і работы са зваротамі грамадзян. Райвыканкамаўскія чыноўнікі рыхтаваліся да прыезду. Ва ўсіх арганізацыях работнікаў папярэдзілі, што госці могуць нечакана з’явіцца з праверкай, таму паўсюль было прыбрана, работнікі хадзілі з бэджыкамі. У файе райвыканкама і ў аддзяленні філіяла “Беларусбанка” на вуліцы Кастрычніцкай паставілі велізарныя скрыні для ананімнага анкетавання. Тыя, хто на ананімнасць не прэтэндаваў, прыходзілі і кідалі анкеты не хаваючыся і нават ставілі свае прозвішчы і адрасы. А вось хто сапраўды хацеў зрабіць нейкія заўвагі інкогніта, не мелі такой магчымасці. Каля скрыні ў райвыканкаме з ранку да вечара дзяжурылі работнікі, а ў ашчаднай касе на стол, дзе ляжалі анкеты і ручкі, была напраўлена відэакамера… Людзі падыходзілі, коса паглядалі на камеру і сыходзілі. Работнікі банка паведамілі «ГЧ», што турбавацца няма чаго, бо відэа-назіранне не ахоплівае гэты ўчастак, але нават пры такіх тлумачэннях “ананімаў”, жадаючых напісаць аб працы мясцовых уладаў праўду-матку, было вельмі мала. Пасля 14 гадзін у вялікай скрыні было толькі тры лісткі.

На асабісты прыём, які вёў кіраўнік рабочай групы, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканатворчай дзейнасці і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, запісалася каля 30 чалавек. Таксама з 10 да 16 гадзін была арганізавана тэлефонная лінія. Скарыстаўся гэтай магчымасцю і аўтар гэтага артыкула, які трапіў на прыём апошнім, у 17 гадзін 30 хвілін. Чакаючы ў чарзе, заадно і пагутарыў з людзьмі, якія запісаліся на размову да чыноўнікаў са сталіцы.

Прыём вёўся без папярэдняга запісу ў парадку «жывой» чаргі. У актавай зале райвыканкама многім прыйшлося чакаць сваёй чаргі больш за шэсць гадзін. Жыхары раёна прыйшлі на прыём па розных пытаннях. Некаторых хвалявалі асабістыя праблемы ў жыллёва-камунальнай сферы і жыллёвыя пытанні, некаторыя прыйшлі адстойваць інтарэсы, якія турбуюць сотні жыхароў горада і вёсак. Сярод іх і маці пяцярых дзяцей з вёскі Люсіна Алена Рылка.

“У мяне некалькі важных праблем: у вёсцы шмат дзяцей, а ў дзіцячым садку ясельнай групы ўвогуле няма, а ў астатніх групах няма месцаў. Заяву, каб дзіця ўладкаваць у дзіцячы сад, я зараз напісала, каб толькі ў наступным годзе ў кастрычніку дачку ўзялі, – расказала Алена Міхайлаўна. – І пра тое, што ў калгасе робіцца, хачу расказаць, што домікі “прэзідэнцкія” пабудавалі, жадаючых шмат, а яны пустуюць і бур’ян расце…”. Яе аднавяскоўка, цялятніца СВК “Цельшына”Алена Вадап’ян, прыйшла дабівацца справядлівасці, бо якраз у гэты дзень яе не дапусцілі да працы. Па словах Алены Аляксандраўны, загадчыца фермы Валянціна Занька мае асабістую крыўду за тое, што яна не змаўчала, калі два тыдні таму зрабіла ёй заўвагу, што дарэзалі на ферме цяля і не ўзважвалі.

“У нас да сваркі і нават да бойкі дайшло. Адразу, мусіць, замяніць не было каму, таму маўчалі, а зараз знайшлі і звальняюць. Увечары пазваніла старшыні калгаса і спытала, ці праўда, што мяне да працы не дапускаюць, а той сказаў, што праўда, што я звольнена, і паклаў трубку. Вось я і прыехала, няхай прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта разважаць, ці законна мяне звольнілі,” – сказала жанчына.

З просьбай разабрацца з пытаннем, як налічваецца матэрыяльная дапамога работнікам рыбгаса “Лактышы”, на прыём на некалькі гадзін літаральна вырваўся з працы і спецыяліст гэтай арганізацыі Мікалай Самойлік. Каб яго не звольнілі за прагул, ён папрасіў людзей прайсці раней сваёй чаргі. Па словах М. Самойліка, калектыўным дагаворам прадугледжана выплата матэрыяльнай дапамогі не толькі галоўнаму бухгалтару і дырэктару, але і астатнім работнікам, таму павінна быць справядлівасць і канкрэтныя падставы, чаму іншым дапамогу не даюць ужо некалькі гадоў.

Работніца дзіцячага садка з вёскі Хатынічы, маці траіх дзяцей Вольга Літвіновіч, якая гадуе іх адна, прыехала, каб дапамаглі скарыстацца льготай для шматдзетнай сям’і, у атрыманні інтэрната для сына, студэнта 1 курса Мазырскага дзяржаўнага універсітэта імя Шамякіна. “Я дзеля сына вырашыла, што, можа, як і выцягну, каб ён вучыўся і атрымаў адукацыю, хоць і на платным аддзяленні, але ж і вы (улада) дапамажыце шматдзетнай маці, калі кажаце, што ёсць такія льготы. Ці каб заўважылі, патрэбна на плошчу ехаць у Мінск і кайданамі сябе прыкоўваць там, каб людзі глядзелі? Бо калі яшчэ 130 долараў за жыллё плаціць, то на што ж я тут з дзецьмі буду жыць? – гаворыць Вольга Мікалаеўна. – Я ж і так са скуры вылажу, каб дзеці ні ў чым не былі абдзеленыя – і гаспадарку трымаю, кожную хвіліну вылучаю, каб на ягадах зарабіць. А старэйшы сын паедзе, гэта гаспадар з хаты едзе, і ўсё застанецца на мае рукі і дровы прывезці і пакалоць, а гэта трэба людзей наймаць, заплаціць”. Але са сваім набалелым пытаннем, якое вырашаць патрэбна тэрмінова, Вольга Літвіновіч так і не трапіла на прыём. Яна разлічвала да 14 гадзін, але яе чарга яшчэ была далёка, а ў гэты час аб’явілі перапынак на абед, таму Вольга Мікалаеўна, была вымушана вяртацца на працу, каб не было праблем.

Супрацоўнік «ГЧ» таксама трапіў на прыём і паднімаў праблему атрымання інфармацыі ў Ганцавіцкім райвыканкаме, таму што чытачы “Ганцавіцкага часу” пра тое, як працуюць ганцавіцкія ўлады, амаль нічога не ведаюць.

Невядома, ці засталіся задаволеныя жыхары нашага раёна візітам да прадстаўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вадзіма Іпатава, але адназначна можна сказаць, што незадаволеныя былі і нават выходзілі з кабінета са слязьмі і абурэннем. Некалькі чалавек адкрыта выказаліся, што чакалі іншага.

«Які гэта прыём, калі ў тым жа кабінеце сядзяць чыноўнікі райвыканкама, я фотаздымкі таго бязладдзя паказала, а Столяр з мяне лезьве не дурную робіць, што я ўсё прыдумала і ніякіх праблем няма”, – сказала шматдзетная маці. Які меры будуць прыняты па зваротах грамадзян і як ацэняць працу мясцовых улад прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, пакажа час. А ў жыхароў Ганцаўшчыны ацэнка працы кіраўніцтва раёна ўжо ёсць, толькі ў кожнага свая.

comments powered by HyperComments
Из рубрики