weather21

USD 2.0707

EURO 2.3554

RUR(100) 3.0415

search

99-гадовая бабуля ладзіць планы на будучае

Надзея Канстанцінаўна Дабралінская – старэйшая вясковая жыхарка раёна – напрыканцы кастрычніка мінулага года адсвяткавала свой 99-ы дзень нараджэння. Надзвычай добрая і гаваркая бабуля пражыла доўгае жыццё і напярэдадні зімовых святаў падзялілася ўспамінамі, як раней сустракалі Новы год, расказала пра свае мары і, галоўнае, адкрыла сакрэт: што рабіць, каб доўга жыць?

 99-гадовая Надзея Канстанцінаўна Дабралінская з вёскі Малькавічы – старэйшая жыхарка раёна
99-гадовая Надзея Канстанцінаўна Дабралінская з вёскі Малькавічы – старэйшая жыхарка раёна / Фото: Святлана Малышка

Бабуля жыве з малодшым сынам, бо з цяжкасцю перамяшчаецца па хаце (каля пяцідзесяці  гадоў мае праблемы з суставамі), а ў апошнія два-тры гады  ў яе пагоршыліся зрок і слых, часам падводзіць памяць, але яна з задавальненнем можа  доўга распавядаць гісторыю свайго жыцця.

«Матуля мяне не песціла!»

Нарадзілася Надзея ў в. Малая Плотніца Лагішынскага раёна 28 кастрычніка 1918 года ў заможнай сям`і. Бацька яе трымаў свой магазін, таму быў вядомы далёка за межамі сваёй вескі. Але калі прыйшлі Саветы, бацькоў раскулачылі. Надзея Канстанцінаўна кажа, што ім яшчэ пашанцавала, што сям`ю не адправілі ў ссылку. А потым пачалася вайна...

«Ой, колькі ж гора мы тады перажылі, колькі слёз выплакалі... Божачкі ж ты мой!..» – расхвалявалася бабуля.

У ваеннае ліхалецце яна захварэла на тыф і сем месяцаў праляжала ў лесе ў будане, пакуль не ўстала на ногі. Яна расказала, што хвароба пазбавіла яе асабістага гонару – даўжэзнай касы.

«У мяне былі вельмі прыгожыя густыя валасы, усе дзяўчаты зайздросцілі! А падчас тыфу валасы палезлі жмутамі. Мне падказалі, што трэба напарыць малака і памыць галаву – валасы дрэнныя вылезуць, а добрыя застануцца. Я так і зрабіла, а мае ж валасы ўсе ўзялі і выпалі, аблысела я! От жа і галасіла! Потым, канешне, яны адраслі, але былі ўжо не такія, як раней...», – успамінала бабуля.

Пасля вайны іх сям`я перасялілася ў Малькавічы, дзе бацька збудаваў хату. Надзея была старэйшым дзіцем у бацькоў, да таго ж і адзінай дачкой. Яна да гэтага часу крыўдзіцца на матулю, якая трымала яе ў залішняй строгасці, не пускала на танцы, не давала знаёміцца з хлопцамі, бо лічыла, што дзяўчына павінна быць сціплай.

Надзея Канстанцінаўна распавяла гэткую гісторыю: «Мой сярэдні брат быў ваенным, таму да яго часта прыязджалі калегі і нават начавалі ў нас. Закахаўся у мяне падпалкоўнік дый і замуж пазваў, кажа неяк:

«Надзенька, выходзь за мяне!» А я як пачула, што маці з суседкай на кухні прыслухоўваюцца да нашай размовы, дый і кажу: «Ненавіджу ваенных!»  Ён схапіў шынель ды і пайшоў з хаты, а я потым гаравала: нашто ж я яму адказала, мо б у мяне другім жыццё было б?..»

На Новы год любімы ласунак – матулін торт

Яна выйшла замуж за аднавяскоўца, які быў на шмат гадоў  за яе малодшы.

«Яго сям`я вельмі хацела, каб мы пажаніліся, і ён валачыўся за мною, бо ўпадабаў мяне! І мне ён быў любы, таму шлюб быў шчаслівы», – расказала бабуля.

Хутка ў сям`і нарадзіліся трое дзетак: дзве дачкі і малодшанькі сынок. Надзея Канстанцінаўна расказала, што любіла песціць малых. Падчас навагодніх святаў у іх была традыцыя ставіць дзве ёлкі: маленькую памяшчалі ў цэнтры святочнага стала, а другую – велізарную, да самой столі – прыбіралі і ставілі ў зале. Акрамя ёлачных цацак, аздабленнем ёлкі служылі і цукеркі.

«Упрыгожым ёлку цукеркамі, а дзеці іх паціху з`ядуць, а ў цукерачныя фанцікі ўкладуць пластылін ці мякіш з хлеба. Пасля святаў муж хоча з`есці цукерчыну – адну разгорне, другую, трэцюю... і сварыцца пачынае: хто з`еў, чаму адразу з ёлкі не прыбраў пустую паперку? Але ж хіба хто прызнаецца?» – смяялася бабуля, расказваючы пра гэта.

Дзяцей яны з мужам на святы заўсёды радавалі і куплялі падарункі «ад Дзеда Мароза» пад ёлку. А ў навагоднюю ноч пасля святочнага застолля бацькі і дзеці ішлі на вуліцу: ладзілі снежную бабу, каталіся на санках.

«Весела было! Раней снег да каленяў ляжаў, можна было і пагуляць. А цяпер зімы не тыя, снегу не дачакаешся... Хутка дзеці пра зімовыя забавы зусім забудуцца», – сказала бабуля.

«Цвіком» свята быў торт, які Надзея пякла ў печы.

«Дзеці да гэтага часу ўспамінаюць матулін торт: вялізны, з белым крэмам, вішнямі з кампоту ўпрыгожаны... » – пасміхалася бабуля.

Прыгожым чалавек хоча быць у любым узросце

Падчас размовы бабуля вельмі хваляваляся, як яна выглядае.

«Маршчыны глыбокія ў мяне? А з твару я не надта брыдкая? Старасць не ўпрыгожвае чалавека... А некалі, не паверыце, я  вельмі прыгожай была!» – пахвалілася Надзея Канстанцінаўна і прапанавала паглядзець яе старыя фотаздымкі.

Потым сказала, што любіць усё прыгожае і заўсёды акружала сябе прыгожымі рэчамі: ля  дома садзіла шмат кветак, хату аздабляла вышытымі і вязанымі сурвэткамі. І заўсёды любіла прыбірацца, таму шыла сабе модныя сукенкі.

«Такіх, як у мяне, ні ў кога ў вёсцы не было! Шкада, што няма чаго вам паказаць: унучкі сукенкі сабе даўно пазабіралі, кажуць, гэта модна цяпер, вінтаж нейкі», – развяла рукамі доўгажыхарка.

«Хачу пажыць яшчэ»

Бабуля лічыць, што свайму доўгажыхарству ў першую чаргу яна павінна сказаць шчыры дзякуй генам: многія з яе родных і блізкіх пражылі больш за 80, а то і за 90 гадоў.

Cпрыяе здароўю і модны цяпер здаровы лад жыцця: карыснае харчаванне, фізічная актыўнасць, пазітыўны настрой.

«Старэйшыя людзі мацнейшыя за сучасную моладзь, бо мы елі і пілі ўсё натуральнае і чыстым паветрам дыхалі. І яшчэ раней людзі весялей жылі і дабрэйшымі былі, гэта падаўжае гады. А цяпер людзі хварэюць і мала жывуць,  бо злыя, не ўмеюць весяліцца, толькі пра грошы і дбаюць...» – зазначыла бабуля.

Дрэнныя прывычкі таксама крадуць гады жыцця.

«Я ніколі не курыла і за ўсё жыццё мо толькі два разы гарэлкі выпіла! Муж казаў, што ў агульнай колькасці і бутэлькі спіртнога не пакаштавала. Арганізм мой не атручаны хіміяй, вось я і жыву!» – падвяла выснову Надзея Канстанцінаўна.

Сучаснасць доўгажыхарку не радуе.

«Сумна жыць: у старых дзень на дзень падобны – што будні, што святы, не разбярэш. Адно што тэлевізар паглядзіш, і то радасць», – сказала бабуля.

Любімыя перадачы – навіны, якія яна праглядвае гадзінамі, «бегаючы» па каналах.

«От нагляджуся і ведаю, што дзе робіцца ў свеце...» – сказала яна.

Пра будучае бабуля  гаворыць з ахвотай і кажа, што хоча пажыць яшчэ хоць крышку, каб адсвяткаваць векавы юбілей.

«Я люблю жыццё і люблю жыць. Але каб без страху, без тэрарызму і іншых жахлівых падзей. Няхай усім добра будзе на гэтым свеце», – зазначыла доўгажыхарка.

Из рубрики
comments powered by HyperComments