weather22

USD 1.996

EURO 2.3176

RUR(100) 3.1527

search

10 гадоў дапамагае вяскоўцам вырашаць іх праблемы

Стараста вёскі дбае не толькі пра быт жыхароў, але і пра іх настрой, і пра паводзіны. Мікалай Шапялевіч, стараста вёскі Раздзялавічы, займае гэту пасаду ўжо дзесяць гадоў і можа расказаць пра раздзялаўцаў усё.

 Мікалай Шапялевіч – карэнны жыхар в. Раздзялавічы.  Нарадзіўся 1 студзеня 1958 года. Жанаты, мае дзвюх дачок і ўнука.
Мікалай Шапялевіч – карэнны жыхар в. Раздзялавічы.  Нарадзіўся 1 студзеня 1958 года. Жанаты, мае дзвюх дачок і ўнука. / Фото: Святланы Малышка

Мікалай Міхайлавіч – карэнны мясцовы жыхар. Пасля вучобы ў Мозырскім педагагічным універсітэце ён вярнуўся працаваць у родную школу настаўнікам працы. Гадоў дванаццаць ён працуе ў школе яшчэ і сацыяльным педагогам.

Па словах Мікалая Шапялевіча, працоўная дзейнасць дапамагае яму быць «галавой» у вёсцы: ён добра ведае ўсіх жыхароў вёскі (а іх больш за 1200 чалавек), і можа расказаць, хто чым «дыхае».
Стараста развеяў даўнейшы міф пра тое, што раздзялаўцы – «гарачыя галовы»: як што не па іх, то адразу хапаюцца за стрэльбу ці кідаюцца ў бойку.

«Не, нашы жыхары зусім не такія! Раздзялаўцы вельмі ветлівыя і прыязныя людзі. Можа, раней і былі гарачыя ды хуткія на расправу, але гэта ўжо выкаранілася, – патлумачыў Мікалай Міхайлавіч. – У нас у вёсцы нават «злосных» п`яніц няма: калі хто і выпівае, дык паціху, дома, каб ніхто іх не бачыў, і ніхто па вуліцах п`яным не боўтаецца...»

Ён заўважыў, што ў вёсцы няма сем`яў, якія б знаходзіліся ў «сацыяльна небяспечным становішчы».
«Калі дзесяць гадоў таму я пачаў працаваць сацыяльным педагогам, у вёсцы было 15 сем`яў, якія зна­ходзіліся ў сацыяльнанебяспечным становішчы. Цяпер няма ніводнай. Лічу, што трэба гаварыць з людзьмі, цікавіцца іх справамі, падштурхоўваць на добрыя справы. Калі штодзённа не рабіць гэтага, месяц-другі не дбаць пра сем`і, то можа вылезці што-небудзь непрыемнае...», – сказаў ён.

Дробязных праблем у людзей не бывае

Мікалай Шапялевіч лічыць, што стараста, як той гаспадар у хаце: ён дбае, каб у вёсцы былі добрыя дарогі і ўсім хапіла агародаў, каб правесці святло людзям да хат, дзе ім спальваць смецце. З гэтымі і іншымі надзённымі праблемамі звяртаюцца да свайго «галавы» вяскоўцы. І ён па меры магчымасці стараецца дапамагчы.

«Лічу, што дробязных праблем у людзей не бывае, – сказаў стараста. – Да мяне звяртаюцца людзі з на­дзеяй, што я дапамагу, і я не магу іх падвесці. Ёсць праблема – значыць, я бяру трубку і тэлефаную кіраўніцтву, і калі гэта магчыма – праблемы вырашаюцца...»

Самай «злабадзённай» праблемай у раздзялаўцаў з`яўляецца дарога па вуліцы Свяціцкай.

«Асфальт там быў пакла­дзены даўно, яшчэ ў савецкія часы, таму не дзіўна, што разбурыўся. Рэгулярна робіцца падсыпка, але ж людзі павінны разумець, што грунт ёсць грунт – ён прасядае, вымываецца. Новую заасфальтаваную дарогу зрабіць дорага. Але ёсць спадзяванне, што праблема ўсё ж такі вырашыцца: з месяц таму ў вёску прыяз­джала мабільная група, дык кіраўнік ДРСУ-100 расказаў, што на гэту дарогу выдзяляць грошы з рэспубліканскага бюджэту, і паабяцаў, што зробяць яе да самай Выганаўшчыны. Калі так, то можна будзе ўздыхнуць з палёгкай – людзі больш не будуць запыняць мяне і скардзіцца», – па­дзяліўся стараста.

Яшчэ адна праблема, якая не пакідае абыякавымі нікога з вяскоўцаў – вываз смецця. Старасту ў апошні час людзі проста засыпалі пытаннямі, чаму з іх вылічваюць грошы, калі паслугай яны не карыстаюцца.

«Падыходзяць да мяне і скардзяцца, кажуць: «Мы ж не выкідваем нічога, спальваем у грубцы...» Я пацікавіўся ў камунгасе, у чым справа, і цяпер тлумачу людзям, чаму усе абавязаны плаціць за смецце і дзе якое смецце можна спальваць», – сказаў ён.

Іншыя пытанні, якія турбуюць вяскоўцаў, больш «сезонныя». Напрыклад, вясной прыходзіцца вырашаць пытанні з агародамі для вяскоўцаў. Стараста сам абыходзіць надзелы за вёскай і, калі не знаходзіць пустуючай зямлі, звяртаецца ў мясцовую гаспадарку.

«Гэтай вясной адной мнагадзетнай сям`і старшыня дапамог: не толькі агарод далі, але яшчэ і трактар бясплатна выдзелілі ўзараць», – сказал Мікалай Міхайлавіч.

Зімой спрадвечная праблема раздзялаўцаў – неасветленыя вуліцы. Калі ў цэнтры больш-менш ліхтароў хапае, дык у завулках іх няшмат. «У вёсцы хаты па вуліцы параскіданы абы-як. А кожны гаспадар хоча, каб святло каля яго дома было. А гэта грошы... Дзе іх набрацца?» – разважае стараста, як сапраўдны дзяржаўны дзеяч. Ён сказаў, што ўсё ж кіраўніцтва электрасетак рэагуе на звароты грамадзян, і дадаў, што гэтай зімой правялі 400 метраў кабеля, каб даць святло да адной з хат на вуліцы.

Кіраўніцтва рэагуе па першым званку

Стараста кажа, што даўно наладзіў зваротную сувязь з кіраўніцтвам раёна па вырашэнні бытавых праблем у вёсцы. Калі ў людзей узнікаюць якія пытанні, ён адразу тэлефануе да старшыні сельвыканкама. Бывае і так, што Мікалаю Міхайлавічу прыхо­дзіцца самому звяртацца па людскіх пытаннях да некаторых кіраўнікоў: у электрасеткі, камунгас, РайПО.

«Ведаеце, мне амаль ніколі не адказвалі, заўсёды ішлі насустрач. Быва­юць, канешне, і накладкі, у асноўным з-за недахопу грошай. Але вельмі рэдка. Часцей да вясковых спраў кіраўнікі адносяцца па-чалавечы, і я вельмі ўдзячны, што нас не толькі выслухваюць, але і чуюць «, – падвёў вынік стараста.

Из рубрики
comments powered by HyperComments