weather

USD 2.0458

EURO 2.2613

RUR(100) 3.2083

search

Конкурс «Мой род у гісторыі»

(да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года стала падзеяй глабальнага маштабу. Яна перавярнула жыццё і ў беларускіх вёсках. На Беларусі шмат разоў змяняліся ўлады. У 1921 годзе заходняя частка краіны апынулася ў складзе польскай дзяржавы. У 1939–1945 гадах беларусы перажылі жахі Другой сусветнай вайны. Вір сацыяльных катаклізмаў адбіваўся на кожнай сям`і і па-ранейшаму прысутнічае ў памяці кожнага з нас.

З гэтай прычыны праводзіцца конкурс. У яго рамках прапануем стварыць работы на тэму жыцця сваіх продкаў. Фармат матэрыялаў наступны. Патрэбна даслаць адзін ці некалькі важных з гістарычнага пункту погляду фотаздымкаў (дакладней іх якасных электронных копій). Падрабязна апісаць іх (асноўныя пункты апісання ніжэй). Па магчымасці распавесці сямейную гісторыю, звязаную з тымі выявамі. Абазначыць сацыяльнае значэнне апісанай гісторыі, а таксама яе важнасць для асабістага роду.

Мэта – каталізаваць інтарэс жыхароў Ганцавіцкага раёна да свайго мінулага (сваіх продкаў, свайго рэгіёна, сваёй краіны).

Прыблізная інструкцыя па падрыхтоўцы работы.

1. Прааналізаваць сямейны фотаархіў.

2. Адабраць найбольш інфарматыўныя здымкі.

3. Распытаць пра кожны здымак у старэйшых сямейнікаў і знаёмцаў сям`і сталага веку. Прыкладная схема апытання:
- хто прысутнічае на здымку (прозвішча, імя, імя па бацьку, гады (можа быць, прыблізна) нараджэння і смерці),
- іх узрост і занятак (на момант фатаграфавання),
- кароткая біяграфія кожнага,
- якія цікавыя гісторыі – асабістага і сацыяльнага жыцця – перажыў чалавек.

4. Высветліць, што тым часам (калі зроблены здымак) адбывалася ў рэгіёне і краіне ў цэлым.

5. Звязаць падзеі прыватнага жыцця чалавека і гісторыі.

6. Добра, калі ў выніку атрымаецца цэласнае сачыненне ці нарыс. Але падыдуць і разрозненыя матэрыялы (фотаздымкі з разгорнутымі каментарыямі) пры наяўнасці ў іх цікавай інфармацыі.

Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях па дзвюх узроставых катэгорыях.

Намінацыі (аднаму і таму ж удзельніку дазваляецца ўдзельнічаць у абедзвюх намінацыях):

1. Лепшая серыя фотаздымкаў з разгорнутымі каментарыямі.

2. Лепшы нарыс (сачыненне), ілюстраваны фотаздымкамі.

Узроставыя катэгорыі:

1. Для дарослых аўтараў (ад 18 гадоў і вышэй).

2. Для дзяцей (непаўналетніх). У гэтым выпадку просьба ўказваць кіраўніка або кансультанта (пры наяўнасці).

Па кожнай намінацыі ў кожнай узроставай катэгорыі ўводзяцца тры прызавыя месцы. Пры адсутнасці прац належнага ўзроўню журы пакідае за сабой права не прысуджаць пэўнага месца. Прадугледжваецца магчымасць прысуджэння некалькіх аднолькавых месцаў, заахвочвальных прызоў для найбольш актыўных удзельнікаў і лепшых кіраўнікоў.

Пераможцы будуць узнагароджаны граматамі і памятнымі падарункамі. Лепшыя работы ўбачаць свет са старонак газеты «Ганцавіцкі час» і на сайце GANC-CHAS.BY.

Для ўдзелу ў конкурсе патрэбна да 1 ліпеня 2017 года даслаць на электронную пошту konkurs-2017@gmail.com:
- заяўку ў вольнай форме, але з пазначэннем «конкурс-2017» і ўказаннем звестак пра аўтара (імя, прозвішча, адрас, электронны адрас, тэлефоны (дадзеныя не для публікацыі); узрост – у выпадку намінацыі «для дзяцей»);
- пазначыць намінацыю;
- матэрыялы конкурсу.

comments powered by HyperComments
Темы: Мнение
Из рубрики