weather

USD 2.04

EURO 2.2689

RUR(100) 3.1985

search

«З вясёлай торбы»

«З вясёлай торбы» – пад такой назвай на днях выйшаў у свет новы зборнік твораў самадзейнага паэта Ганцаўшчыны, рэдактара літаратурнай старонкі газеты «Ганцавіцкі час», сябра газеты Аляксея Галаскока.

Фото: Ірына Дамарацкая

Аляксей Пятровіч Галаскок

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Талалайкі Зэльвенскага раёна. У 1966 паступіў у Рыжскае ваеннае вышэйшае вучылішча.
Праслужыў 25 год у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Падпалкоўнік у адстаўцы. З 1991 года жыве ў Ганцавічах. Член грамадскага аб`яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Аўтар зборнікаў паэзіі: «У жыцці для мяне ўсё не проста» (2004), «Не шкадуюць мяне мае вершы» (2005), «Я шчаслівы» (2007), «Беларусь мая родная, мілая» (2010), «Асенняя бліскавіца» (2014), вершы для дзяцей «Суд над сарокай» (2010).

Новае друкаванае выданне можна лічыць падарункам не толькі аўтару, бо выйшла кніга напярэдадні дня нараджэння паэта – 6 чэрвеня, але і жыхарам раёна, так як гэта сапраўдная скарбніца мудрых парад і цікавых гісторый, удала пададзеных у гумарыстычных і сатырычных творах. Нават назвы шматлікіх твораў жартаўлівыя: «Як вяпрука свежавалі», «Байка пра кумпяк», «Матрыярхат», «Абразанне», «Жаба і бусел», «Думкі жывёл і чалавека», «Падслуханкі», «З лесвіцай па рыбу», «Век пражыў, а розуму не нажыў» і інш. І ўсё гэта гісторыі з рэальнага жыцця, як сказана ў анатацыі: «Аўтар дзеліцца сваімі пачуццямі і перажываннямі аб сучасным жыцці, расказвае пра жыццёвыя прыгоды, якія адбыліся з ім і яго знаёмымі».

Як расказаў Аляксей Пятровіч, штуршком да стварэння кніг сталі словы паэткі Ніны Мацяш, якая некалі сказала: «Алёша, у цябе такія трапныя гумар і сатыра. Часцей зазірай у скарбніцу памяці сваёй, шукай смешнае і пішы...»
Успомніўшы гэтыя словы, паэт неяк вечарам дастаў з загашніка свае чарнавікі з непрыдуманымі гісторыямі, якія раней не друкаваліся, перачытаў іх і вырашыў скласці зборнік гумарыстычных твораў.

«А яшчэ вельмі захацелася, каб чытач, гартаючы старонку за старонкай невялічкае выданне, усміхнуўся, каб яго настрой узняўся, а турботы, невясёлыя думкі і перажыванні зніклі хоць на некаторы час», – распавядае аўтар на апошняй старонцы сваёй кнігі.

Атрымалася сапраўды «Вясёлая торба», напоўненая гумарыстычнымі вершамі, байкамі і апавяданнямі – усяго 34 творы, змешчаныя на 44 старонках.

«З яе буду «частаваць» жартоўнымі песнямі і прыпеўкамі, а з самага дна чароўнай торбы дастану падслуханкі, на дзіва трапныя думкі і гісторыі, – разважае Аляксей Галаскок. – Чытайце – і няхай добра, радасна і весела будзе на сэрцах вашых».

comments powered by HyperComments
Темы: 1
Из рубрики