weather

USD 2.0556

EURO 2.2626

RUR(100) 3.1987

search

Гэта трэба не мёртвым

Запомнілася гэта як святыня, Як бацькі запавет: кім ты б ні стаў  – Адной рукой гайдай калыску сына, Другой – магілу дзедаву папраў... Міхась Рудкоўскі «Як запавет» 72 гады жывём мы ў мірны час. Жывём, радуемся жыццю, нараджаем дзетак, гадуем іх, нешта ствараем, нешта спажываем самі, нешта са створанага пакідаем нашчадкам, а потым адыходзім у свет іншы. Як сказаў старажытнагрэчаскі філосаф Сенека: «Адзінае, у чым род чалавечы раўнапраўны – смерць».

 Каб старыя дрэвы не ўпалі і не разбурылі помнікі на могілках, жыхары вёскі Хатынічы збіраюць грошы на выдаленне аварыйных дрэў. 
Каб старыя дрэвы не ўпалі і не разбурылі помнікі на могілках, жыхары вёскі Хатынічы збіраюць грошы на выдаленне аварыйных дрэў.  / Фото: Фота з архіва «ГЧ»

На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва жывыя па-рознаму абазначалі месцы пахавання памерлых. Гэта былі капцы, капішчы, курганы, брацкія магілы, простыя купіны насыпанай зямлі, склепы, грабніцы, піраміды, маўзалеі...

У розныя часы па-рознаму абазначалі месцы пахавання простых людзей.

У нас, славян, прынята абазначаць захаванне невялікім курганком з помнікам, на якім пазначаны дадзеныя аб памерлым. Хаваем мы памерлых на агульных могілках або, як кажуць, кладах. Яны ёсць у буйнейшых населеных пунктах. За магіламі наглядаюць сваякі ці знаёмыя. У кагосьці з пахаваных не засталося радні, ці, калі і ёсць, то жывуць далёка і часта наведваць могілкі не могуць. Кіруючыся чалавечымі, хрысціянскімі пачуццямі, за імі прыглядваюць ці суседзі па зямным жыцці, ці па замагільным. Але ж ёсць шмат магіл, што не даглядаюцца. Гэтыя магілы ўжо на нашым і агульначалавечым сумленні, а таксама на сумленні кожнага з нас.

Больш-менш агульны парадак на могілках падтрымлівае раённая ЖКГ. Тых сродкаў, што дзяржава выдаткоўвае на ўтрыманне могілак, хапае далёка не на ўсё. Асаблівага клопату паддаюць старыя вялікія дрэвы. Прыбраць такія дрэвы не пад сілу і ЖКГ: тут патрэбны і падрыхтаваныя спецыялісты, і спецтэхніка. На такія работы патрабуюцца значныя сродкі.

У вёсцы Хатынічы на агульным сходзе прынята было рашэнне збіраць сродкі ўсёй вёскай. А могілак у Хатынічах двое. Знайшліся актывісты, якія сталі збіраць па вуліцах грошы. Вось тут і выявілася, што адны з вяскоўцаў з разуменнем адклікнуліся на добрую справу, а другія...

Здавалася б, тыя, чые продкі (не адно пакаленне) ляжаць на вясковых могілках, павінны быць вельмі зацікаўленымі ў добраўпарадкаванні могілак, каб старыя, небяспечныя дрэвы не сёння-заўтра не ўпалі і не разбурылі помнік. Тады ж прыйдзецца раскашэліцца куды болей. Няма сярод вяскоўцаў ні мільянераў, ні алігархаў. Дык па магчымасці зрабі ўнёсак. Глядзіш – і набярэцца патрэбная сума. У народзе пра такое кажуць: «Са свету па нітцы, а голаму – рубашка». Гэта ж тое, што некалі было шырока распаўсюджана сярод нашых продкаў – талака, другімі словамі разам, агулам.

Тыя, хто адмаўляецца прыняць удзел у гэтай богаўгоднай справе, спасылаюцца на наступнае: «Мы не ведаем, куды пойдуць тыя грошы», А той, хто мае хоць крыху жыццёвы досвед, адкажа: «Не верыць у чэснасць іншых той, хто сам злодзей».

А яшчэ падумалі б яны: з якім дакорам глядзяць на іх з нябёсаў іхнія продкі (бацькі, дзяды, прадзеды), якія адышлі ў свет іншы. Сорамна і крыўдна ім... І, вядома ж, продкі тых, хто ўдзельнічае ў добрым пачынанні, радуюцца, што выхавалі і пакінулі на зямлі пасля сябе пераемнікаў з лепшымі чалавечымі якасцямі. Хрысціяне добра разумеюць: дапамагаць беднаму, саўдзельнічаць у добрай справе – гэта значыць дапамагаць самому Богу. Ведаюць, што калі мы памятаем пра памерлых, молімся за іх, падаём запіскі ў царкве, заказваем малебны, то яны дапамагаюць нам, жывым, падстаўляюць свае нябачныя плечы, асабліва ў цяжкія хвіліны.

Ды калі паглядзець з другога боку, то лёгка зразумець: як ты сам адносішся да памерлых, які прыклад паказваеш сваім дзецям, такія адносіны ты атрымаеш ад іх пасля сваёй смерці.

Калі раздумацца, дык становіцца само сабой зразумелым, што падключыцца да збору сродкаў на работы, пра якія ідзе размова, могуць (і павінны) і тыя, што жывуць у Ганцавічах ці іншых вёсках раёна або і па-за яго межамі, але чые родныя спачываюць вечным сном на Хатыніцкіх кладах. За гэта ім будуць удзячны і жывыя, і мёртвыя.
Хочацца сказаць, што старшыня сельсавета Генадзь Аляксандравіч Перашчук і стараста вёскі Хатынічы Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч прымаюць актыўны ўдзел ва ўпарадкаванні месцаў пахавання, каардынуюць усе работы і назіраюць за тым, як яны вядуцца.

Андрэй Андрэевіч адзначыў паспяховую работу добраахвотных актывістаў-памочнікаў. Гэта Надзея Рыгораўна Літвіновіч, Вера Рыгораўна Мінько, Соф`я Аляксандраўна Ярашэвіч. Назваў ён і тых, хто ў ліку першых адгукнуўся на збор сродкаў і ўнёс найбольш важкі ўклад. Так, напрыклад, першым здаў грошы старшыня раённага Савета народных дэпутатаў Віктар Якаўлевіч Дрозд, чые карані ў Хатынічах, а таксама жыхары Хатыніч Таццяна Ільінічна Віннік, Вольга Іванаўна Буян, Адам Рыгоравіч Крупеніч, Надзея Іванаўна Мініч, Васіль Васільевіч Канановіч і іншыя.

Адносіны да памяці пра сваіх памерлых продкаў – пытанне з разраду маральна-этычных нормаў. Пытанне гэтае, пачынаючы са старажытнасці, вельмі надзённае. Яшчэ вялікі Пушкін канстатаваў у пачатку ХІХ стагоддзя: «Неуважение к предкам есть первый признак безнравственности». А яшчэ хтосьці з мудрых сказаў: «Чалавек без сваіх продкаў, што дрэва без каранёў».

Будзем жа ўдзячнымі нашым продкам, перададзім памяць пра іх сваім нашчадкам, бо мы, хто жыве сёння, – тое звяно, што звязвае будучае з мінулым.

Гэта трэба ў першую чаргу нам, жывым.

Па пытаннях дапамогі звяртайцеся да старасты вёскі па тэлефоне 51-7-75.

comments powered by HyperComments
Темы: 3
Из рубрики