weather3

USD 2.005

EURO 2.3648

RUR(100) 3.3615

search

Прэміі радуюць і ... прыносяць разлад

«Лепш заслужыць ушанаванні і не атрымаць іх, чым карыстацца ўшанаваннямі незаслужанымі».            Марк Твен.

Канкрэтна не ведаю, як і дзе заахвочваюць супрацоўнікаў прэміямі, але думаю: вось як, напрыклад, ацаніць працу настаўніка, медыка? Па-мойму, тут такая прастора для суб`ектывізму, такі раздрай гэтыя прэміі ўносяць у калектыў, што бачу не столькі карысці, колькі шкоды.

Возьмем, напрыклад, працу шафёра. Тут улічвацца могуць безаварыйнасць, эканомія гаручага, тое, што чалавек не мае спазненняў, актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў і г.д., і т.п. А вось у працы настаўніка шмат адноснага. Што тут улічваць? Паспяховасць? Паводзіны?

Дык вынікі настаўніцкай работы “вылезуць”, можа, праз 20 гадоў, а прэмію трэба даваць за гэты вось месяц. Я, напрыклад, калі нам з класамі даручалі прыбіраць тэрыторыю, смяялася: “Хадзем, калегі, пастараемся: хто большую кучу смецця назграбае, таму і прэмія адпаведна большая будзе”.

Памер прэміі ў калектыве не абнародаваўся.Кожнаму разліковы лісток з зарплатай і прэміяй выдаваўся асабіста ў рукі: крый божа, даведаюцца астатнія калегі, каму, што і колькі. У гэтым выпадку спрацоўвала не якасць работы настаўніка,а асабістая адданасць кіраўніцтву.

Пры такім падыходзе хацелася працаваць не лепш, а наогул не хацелася працаваць.Такія прэміі, на маю думку, з`яўляюцца не стымулам, а антыстымулам. Яны разбэшчваюць усіх.

Давялося мне некалі ляжаць у абласной бальніцы ў кардыялогіі. Там у фае на відным месцы вісеў стэнд, на якім кожны мог угледзець узнагароджанне ўсяго медперсаналу аддзялення, пачынаючы ад яго загадчыка (па месяцах сумы прэмій і абгрунтаванне). Хоць якая, ды аб`ектыўнасць прысутнічала.

Цікавы матэрыял пра прэміі змешчаны ў нумары ... за 2017 год газеты “Народная воля”. Там распавядаецца пра затрыманне на рабочым месцы галоўнага ўрача Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, а таксама пра арышт кіраўніка аднаго з падраздзяленняў гэтай бальніцы. Дык вось кіраўнік гэтага падраздзялення выпісваў “сваім”, адданым яму супрацоўнікам прэміі, а тыя павінны былі частку яе перадаваць свайму кіраўніку.

Як па-мойму, дык я б гэтыя “прэміяльныя” накіроўвала б на агульныя справы ўстановы ці на той жа рамонт. А то класныя кіраўнікі ў школах збіраюць з бацькоў і свае грошы ўносяць, каб рамантаваць класы (гэта, праўда, было ў маю бытнасць). Але ж і цяпер чуеш: зборы, зборы... І ў школах, і ў садках.

А калі прэміі размяркоўваюцца па нейкіх прыдуманых невядома кім правілах, дык яны нараджаюць толькі разлад, сваркі, зласлоўе ў калектывах, што наносіць велізарную шкоду, але ніяк не садзейнічае паспяховай працы і адзінству калектыва.

Калечаць людзей. Атрымліваецца, як у шырокавядомым чарнамырдзінскім: “Хотели, как лучше, а получилось, как всегда”.
А ў вас як з прэміямі? Раскажыце.

Темы: Мнение
Из рубрики
comments powered by HyperComments