weather6

USD 1.9577

EURO 2.3106

RUR(100) 3.4011

search

З падарункамі ў Дзяніскавіцкую бальніцу

З добрымі словамі і падарункамі ў мінулую пятніцу індывідуальны прадпрымальнік з Ганцавіч Ірына Ігнацьева завітала ў Дзяніскавіцкую бальніцу сястрынскага догляду. Да яе ініцыятывы, прымеркаванай да Дня пажылых людзей, які адзначаюць у Беларусі 1 кастрычніка, далучыўся і галоўны рэдактар газеты “Ганцавіцкі час”.

 Пажылая жанчына не стрымлівала слёз, калі разам з Ірынай Аляксандраўнай яны ўспаміналі былыя часы
Пажылая жанчына не стрымлівала слёз, калі разам з Ірынай Аляксандраўнай яны ўспаміналі былыя часы / Фото: Пётр Гузаеўскі

Ірына Аляксандраўна для кожнага пацыента-пастаяльца сабрала пакунак з рознымі рэчамі: для жанчын хусткі, спадніцы, грабеньчыкі, абручыкі, мужчынам цёплыя шкарпэткі і іншае, прывезла цэлую скрынку свежых пернікаў, а частку патрэбных рэчаў санітарнага прызначэння перадала на агульнае спажыванне для бальніцы.

Фото: Пётр Гузаеўскі

Фото: Пётр Гузаеўскі

Для 25 пацыентаў (10 жанчын і 15 мужчын) бальніца стала домам, а персанал – часцінкай сям`і. Бабулі і дзядулі, канешне ж, радаваліся падарункам. Са слязьмі на вачах яны дзякавалі і жанчынам, якія працуюць у бальніцы, і гасцям.

Але большая радасць у іх была ад таго, што да іх завіталі, гутараць з імі.

Некаторыя ўзгадвалі людзей са сваіх вёсак і з горада, дзяліліся ўспамінамі.

Усе пацыенты Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду радаваліся прыезду гасцей.
Усе пацыенты Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду радаваліся прыезду гасцей. / Фото: Пётр Гузаеўскі

 

Фото: Пётр Гузаеўскі

Фото: Пётр Гузаеўскі

Многія казалі, што ў бальніцы сястрынскага догляду яны дажываюць свой век, але ў бальніцы ім лепш, чым заставацца бездапаможнымі ў пустой хаце.

Фото: Пётр Гузаеўскі

У адной з палат жывуць 87-гадовая Аксенія Паўлаўна Сукач і Яўгенія Міхайлаўна Швайка. Апошняя, пачуўшы, што суседка назвала свой узрост, пацікавілася:

– А вось мне колькі гадоў дасце?

– Шэсцьдзясят адзін з паловаю, – з ходу сказаў я.

– Не, мо больш..., – заўсміхалася бабуля і здзіўлена паглядзела на медсястру. – А колькі гэта мне і праўда?

Жанчыны з бальніцы сказалі, што ёй 86 гадоў. Ад таго, што я скінуў бабулі 25 гадоў, яна яшчэ больш павесялела. А калі прадпрымальніца прымерыла на яе і завязала хустку, пажылая жанчына расчулілася і на вачах у яе з`явіліся слёзы.

Фото: Пётр Гузаеўскі

86-гадовая Яўгенія Міхайлаўна Швайка дзякуе Ірыне Ігнацьевай за падарункі .
86-гадовая Яўгенія Міхайлаўна Швайка дзякуе Ірыне Ігнацьевай за падарункі . / Фото: Пётр Гузаеўскі

Жанчыны, прымаючы падарункі, дзякавалі. Наперабой зычылі дабра, і гэтая атмасфера душэўнай цеплыні перадавалася ўсім.

У другой палаце бабулі (так нам параілі работнікі бальніцы) дасталася спадніца. Яна яе прыклала да сябе і з усмешкай сказала: “Выйсці ўжо не будзе ў ёй куды, а вось на смерць спатрэбіцца. І сфатаграфуйце мяне, можа, картачку мне зробіце”.

Убачыўшы ўспышку фотаапарата, і іншыя бабулі папрасілі іх сфатаграфаць. А як пачулі, што здымкі будуць у газеце, то пачалі прычэсваць валасы і пазіраваць.

Яшчэ адзін жыхар бальніцы, Аляксей Адамавіч Дзенісеня, які некалі апрацаваў у СМУ каля 20 гадоў, Пацыентысказаў: "Слава Богу, даглядаюць нармальна. Вось радыё слухаем, пра Дзень пажылых людзей па ім таксама шмат гавораць. Глядзяць тут нас добра, як сваіх".

Фото: Пётр Гузаеўскі

“Не падарункі галоўнае, радасць ёсць ад таго, што нас праведалі. Добрае слова і ўвага для нас усіх тут даражэй за ўсё", – сказаў Міхаіл Навіцкі, які ў хуткім часе перачытае ўсе кніжкі ў сельскай бібліятэцы.

Пакінулі пастаяльцам бальніцы госці і кнігі мясцовага паэта Аляксея Галаскока, некалькі нумароў газеты “Ганцавіцкі час”, якія людзі бралі і казалі, што даводзілася яе чытаць і абмяркоўваць навіны ў раёне. І тых, хто чытае, аказалася нямала.

Фото: Пётр Гузаеўскі

Ірына Ігнацьева была тут упершыню і, яшчэ толькі падышоўшы да двухпавярховага будынка, адзначыла, што добрага гаспадара пазнаюць ужо па двары: тут і кветачкі паўсюль, прыбрана ўсё навокал. Ды і ў палатах парадак, чысціня ідэальная, прасцінкі накрухмаленыя ззяюць, пацыенты дагледжаныя, дзядулі і бабулі ўсе, нават тыя, якія не могуць ужо падняцца з ложка, сустракалі з усмешкамі.

Злева направа: Надзежда Макарэвіч, Ірына Ігнацьева, Любоў Карпеня, Валянціна Карпеня, Таццяна Зялёнка, Любоў Цыбулька. 
Злева направа: Надзежда Макарэвіч, Ірына Ігнацьева, Любоў Карпеня, Валянціна Карпеня, Таццяна Зялёнка, Любоў Цыбулька.  / Фото: Пётр Гузаеўскі

“Я сама ледзь не расплакалася. Вось ім кропельку душэўнай цеплыні – і яны расталі. На душы радасна, я нават не чакала, што будзе столькі цеплыні, ніхто не скардзіўся, ніхто не сказаў пра калектыў кепскага слова, – дзялілася ўражаннямі Ірына Аляксандраўна. – Сустрэлі нас добразычліва, і трэба сказаць словы ўдзячнасці калектыву. Людзі ж розныя, і колькі сіл, старання і цярпення трэба мець, каб да кожнага знайсці падыход”.

Фото: Пётр Гузаеўскі

Хто мог падняцца з ложка, праводзілі нас да дзвярэй, развітваліся, абдымалі. Ганцаўчанку гэта так расчуліла, што яна сама ледзьве не расплакалася і паабяцала, што завітае яшчэ перад Новым годам ці на Раство.

Из рубрики
comments powered by HyperComments