weather0

USD 2.005

EURO 2.3648

RUR(100) 3.3615

search

«Мы ўсе ў крыві... выціраем далоні аб уласныя валасы...»

Сёлета споўнілася крывавая гадавіна жудасных падзей 80-гадовай даўніны: за адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКУС (рус. НКВД), гэтак званай амерыканкі, было расстраляна звыш 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выбітных дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячаў тагачаснай БССР. З гэтай нагоды я хацеў бы расказаць пра тых, хто чыніў гэтыя злачынствы, а менавіта пра катаў НКУС і пра тое, як яны гэта рабілі.

 Войскі НКВД у Вялікай Айчыннай вайне.
Войскі НКВД у Вялікай Айчыннай вайне. / Фото: Фота с партала: imagesofall.com

Рэпрэсіі не абмінулі і жыхароў нашага раёна. Гэта адбылося на некалькі гадоў пазней пасля таго, як нашая мясцовасць была вызвалена першымі саветамі з-пад улады Польшчы – у 1939 годзе. «Лічбы рэпрэсаваных уражваюць. На дзве вёскі – Вялікія і Малыя Круговічы – лік пацярпелых ад сталінізму сягае да паўсотні чалавек. І гэта толькі пайменна ўстаноўленыя асобы» (з архіваў Анатоля Трафімчыка). Колькі ж тых ахвяраў было ў цэлым па раёне, дасюль невядома, але, мяркуючы па лічбах толькі дзвюх вышэйузгаданых вёсак, колькасць ахвяр сталінізму была неймавернай!

Якаў Басін, гісторык, публіцыст: У 1937-м годзе Сталін і яго палітбюро афіцыйна дазволілі катаванні. І гэта было зафіксавана ў дакументах.

Ігар Кузняцоў, гісторык: У камеры да сцяны ставілі пяцьдзясят чалавек. Не давалі ні піць, ні есці, ні выходзіць спраўляць фізіялагічную патрэбу. Стаяў стол, чарнільніца і папера. Чалавек мог падысці і прызнацца ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Пасля гэтага яго адводзілі ў іншую камеру, давалі спаць ці нават паесці.

Ірына Раманава, гісторык: У камеры, якія былі разлічаны на сем чалавек, размяшчалі семдзясят чалавек. Выкарыстоўваліся канвеерныя допыты – гэта калі на працягу некалькіх сутак змяняліся толькі следчыя.

Рыгарас Падвайскас, супрацоўнік музея генацыда (Літва): Людзям выколвалі вочы, адрэзвалі языкі, вырэзвалі на грудзях сімвалы Літоўскай рэспублікі.

Ірына Раманава, гісторык: Нярэдка ініцыятыву праяўлялі супрацоўнікі органаў. Яны як уводзілі гэтыя пыткі ў сістэму, так і прыдумвалі нейкія новыя метады.

Ігар Кузняцоў, гісторык: Многія расправы насілі сэксуальную афарбоўку. Напрыклад, прымусілі ажыццяўляць у сваёй прысутнасці палавы акт асуджаную настаўніцу і асуджанага мужчыну, абяцаючы за гэта памілаваць. Адразу пасля заканчэння прадстаўлення небаракі былі задушаны. Гэтакая практыка выкарыстоўвалася не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах.

Ірына Раманава, гісторык: Інсцэніравалі абразанне. Выкарыстоўваліся такія зверскія сярэднявечныя пыткі, як саджанне на кол. Тыя ж архіўныя дакументы сведчаць, што многія каты працавалі не за сумленне і не за страх, а атрымлівалі ад гэтага сапраўдную асалоду і задавальненне. Таталітарная дзяржава стварыла спрыяльныя ўмовы для садыстаў і катаў.

Ігар Кузняцоў, гісторык: Я хачу некаторых расчараваць. Машыны-душагубкі прыдумала не гестапа, а першым вынайшаў НКУС. Прычым тыя звесткі, якія мы маем, сведчаць, што гэта была прэрэгатыва мінскага аператыўнага аддзела НКУС. Але яны выкарысталі іншы спосаб. У адну з глухіх камер сутарэнняў наўпрост з машыны падводзілі шлангі. Яны не выкарыстоўвалі класічныя душагубкі, якімі потым карысталіся немцы. У НКУС часам не забівалі чалавека адным выстралам. Ставілі па два-тры чалавекі ў патыліцу адзін аднаму, улічваючы высокую прабівальнасць калібра 7,62 (вінтовачны патрон). Яны ладзілі спаборніцтвы, хто больш заб`е.

Супрацоўнікі НКВД. 
Супрацоўнікі НКВД.  / Фото: Фота з партала: lozero.ru

Ладзіліся спаборніцтвы, хто больш заб`е

Падставамі для арышту, а потым і высылкі ў аддаленыя рэгіёны СССР альбо для расстрэлу былі розныя: ад класавага паходжання (паны, землеўласнікі) або сацыяльнага (заможныя сяляне, гэтак званыя кулакі) да самых абсурдных, як, да прыкладу, «кепікі ў адрас савецкай улады ці анекдот на гэту тэму» (А. Трафімчык).

Што ж давялося перажыць тым, хто трапіў у лапы НКУС, страшна нават уявіць. Абыходжанне з арыштаванымі было, мякка кажучы, бесчалавечным. І каб мяне не абвінавацілі ў фальсіфікацыі гісторыі, прыклады катаванняў агучаць самі гісторыкі (цытаты ўзяты з дакументальнага фільма «НКВД – Гестапа. Браты па крыві» рэжысёра У. Самойлава).

Па маіх падліках, у Нямеччыне было рэпрасавана не больш аднаго працэнта насельніцтва. У Савецкім Саюзе, у залежнасці ад рэгіёна, гэта лічба не менш 10–15%. А па некаторых гарадах і абласцях да 25–30%. У Беларусі толькі ва ўнутранай турме НКУС было за адну ноч расстраляна больш за сто выбітных прадстаўнікоў. А ў іншыя ночы стралялі і па 200–300 чалавек.

За дзве ці тры ночы функцыянавання Мінскай турмы НКУС было знішчана людзей больш, чым у Кёльне – турме гестапа – за час існавання нацысцкага рэжыму. Гестапа выбівала сведчанні з людзей, якія рэальна здзяйснялі альбо спрабавалі здзейсніць злачынства супраць Нямеччыны. НКУС выбіваў сведчанні з тых людзей, якія, як правіла, ніякіх злачынстваў не здзяйснялі супраць савецкай улады і ў галаве не было іх здзейсніць.

Амерыканка – мінская ўнутраная турма НКУС. Часта ў дакументах сустракаюцца звароты тыпу «...мы не паспяваем за ноч расстраляць 200 – 300 чалавек». На што ішоў адказ кіраўніцтва: «Шукайце новыя спосабы».

 Падчас расстрэлу ахвяр.
 Падчас расстрэлу ахвяр. / Фото: Фота з партала: zampolit-ru.livejourn

У нас таксама быў план

Але куды больш вусцішным з`яўляецца аповед самога ката Івана Д., які я знайшоў у кнізе Святланы Алексіевіч «Час SECOND-HAND (Канец чырвонага чалавека)»:

– Ці хутка канчаецца чалавек, на колькі яго хапае? Я табе адкажу: ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку – і няма чалавека. Ха-ха... няма чалавека... Адна фігня!

...у лагеры маглі зняволенага распрануць дагала і прывязаць да дрэва, мошка яго за суткі так аб`ядала, што адзін шкілет заставаўся. Узімку ў саракаградусны мароз дахадзягу, які не выканаў дзённую норму, аблівалі вадой. Дзясяткі ледзяных статуй стаялі для застрашвання да вясны... (Паўза.) Нікога не судзілі! Нікога!

...Праца такая.. З чым параўнаць? Параўнаць можна з вайной. Але на вайне я адпачываў. Расстрэльвалі немца – ён крычыць па-нямецку. А гэтыя... гэтыя крычалі па-руску... Быццам свае... У літоўцаў і палякаў было лягчэй страляць. А гэтыя – па-руску: «Балваны! Ідыёты! Канчайце хутчэй!»

Ё...!! Мы ўсе ў крыві... выціраем далоні аб уласныя валасы... Часам нам выдавалі фартухі... Праца была такая. ...Праца – не дай Бог! Недабіты, ён упадзе і гучна, як свіння... харкае крывёй... Асабліва непрыемна страляць у чалавека, які смяецца. Ён ці звар`яцеў, ці табой пагарджае. Роў і мат стаялі з абодвух бакоў. Есці перад такой працай нельга... Я не мог... Увесь час хочацца піць. Вады! Вады! Як пасля перапою... Ё...!! Да канца змены нам прыносілі два вядры: вядро гарэлкі і вядро адэкалону.

Гарэлку прыносілі пасля працы, а не перад працай. Адэкалонам мыліся да пояса. Пах крыві з`едлівы, асаблівы пах... на пах спермы крыху падобны... У мяне была аўчарка, дык пасля працы яна да мяне не падыходзіла. Ё...!! Рэдка... але трапляўся баец, якому падабалася забіваць... яго з расстрэльнай каманды пераводзілі ў іншае месца. Такіх недалюблівалі. Шмат было вясковых, як я. Вясковыя мацнейшыя за гарадскіх, бо да смерці больш прывучаныя: хто калоў дома кабана, хто цяля рэзаў, а курыцу – дык кожны.

Да смерці... да яе прывучваць трэба... Першыя дні вадзілі паглядзець... Байцы толькі прысутнічалі пры пакаранні ці канваіравалі асуджаных. Былі выпадкі, што адразу вар`яцелі. Не вытрымлівалі. Справа тонкая... Зайца забіць, і то звычка патрэбная, не кожны можа. Ё...!! Ставіш чалавека на калені – стрэл з нагана амаль ва ўпор у левую патылічную частку галавы... у вобласць левага вуха... Рука да канца змены вісела, як бізун. Асабліва балеў указальны палец.

У нас таксама быў план, як і ў любым іншым месцы. Як на заводзе. З планам першы час не спраўляліся. Фізічна не маглі выканаць. Тады склікалі дактароў. Кансіліум. Рашэнне было такое: два разы на тыдзень усім байцам рабіць масаж правай рукі і ўказальнага пальца. Указальны палец масажаваць абавязкова, на яго найвялікшая нагрузка пры стральбе. У мяне засталася толькі глухата на правае вуха, таму што страляеш з правай рукі...

...Уручалі нам граматы «за выкананне спецыяльнага задання партыі і ўрада», «справе Леніна-Сталіна адданыя». Гэтых грамат на выдатнай паперы ў мяне – поўная шафа. Адзін раз на год выпраўлялі з сям`ёй у добры санаторый. Выдатнае харчаванне... шмат мяса... лячэнне... Жонка нічога не ведала пра маю працу. Сакрэтная, адказная праца – і ўсё.

...У вайну эканомілі патроны. Калі мора побач... набівалі баржу, як бочку селядцамі. З трума не крык, а звярыны рык: «Врагу не сдаётся наш гордый «Варяг», / Пощады никто не желает...» Рукі кожнаму звязвалі дротам, ну а да ног – камень. Калі надвор`е ціхае... роўнядзь... доўга відаць было, як яны ішлі да дна... Увечары вяртаемся – баржы пустыя. Цішыня мёртвая. Ва ўсіх думка: выйдзем на бераг – і нас там... Ё...!! Пад ложкам у мяне гадамі стаяў напагатове драўляны чамаданчык: змена бялізны, зубная шчотка, брытва. Пісталет пад падушкай... Я гатовы быў пусціць сабе кулю ў лоб. Усе ў той час так жылі! І салдат, і маршал. Тут была роўнасць.

Так, каты ў хуткім часе самі рабіліся ахвярамі гэтага бесчалавечага рэжыму: тыя, хто расстрэльваў у 1937-м годзе, былі расстраляныя ці ў 38-м, ці ў 39-м гадах. Толькі адзінкам пашчасціла выжыць у тыя жахлівыя часы. Івану Д., якому належаць гэтыя словы, пашчасціла. Ён прайшоў ссылку і выжыў, пасля чаго быў нават уганараваны лецішчам (рус. дача) і пенсіяй, як колішні супрацоўнік НКУС.

Гістарычная даведка:

Загад №00447 наркама ўнутраных спраў Яжова

Аперацыя па рэпрасаванні былых кулакоў, актыўных антысавецкіх элементаў і крымінальнікаў.

Загад даводзіў для кожнай мясцовасці ліміты па першай і другой катэгорыях. Першая катэгорыя азначала расстрэл; другая – высылку.

І тое, і другое прадстаўнікі НКУС праводзілі без суда і следства згодна рашэнню пазасудовых органаў, так званых «троек», у склад якіх уваходзілі старшыня абласнога ці рэспубліканскага камітэта камуністычнай партыі, начальнік мясцовага НКУС і галоўны пракурор.

Запыты на ліміты адсылаліся з саюзных рэспублік наўпрост у Маскву на імя таварыша Сталіна, дзе яны зацвярджаліся непасрэдна Іосіфам Вісарыёнавічам і іншымі членамі ЦК. Каб падмацаваць свае словы, прыводжу адну з такіх шыфровак:

Москва ЦК ВКП(б), тов. Сталину (падкрэслена ў арыгінале)

На вашу телеграмму от 3-го июля сообщаем, что нами учтено ранее высланных и возвратившихся кулаков и уголовников в Белоруссии 12.800 человек, из этого количества предлагаем расстрелять 3 тыс. человек, как наиболее враждебных и ведущих активную контрреволюционную работу и выслать из пределов Белоруссии 9.800 человек менее активных, но враждебных элементов.

В состав тройки предлагаем: ...НКВД Белоруссии Бермана Б. Д., второго секретаря ЦК КП(б) Белоруссии Денискевича Н. М., начальника милиции Белоруссии Шийрона.

Секретарь ЦК КП(б) Белоруссии Шарангович

За лічбамі лёсы тысяч і мільёнаў людзей

Сухія лічбы, а за імі лёсы тысяч ці нават мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. Людзей, якія мелі неасцярожнасць крытыкаваць дзеянні партыі ці асобных яе прадстаўнікоў, альбо тыя, каму не пашчасціла з суседзямі ці знаёмымі. Ды чэкісты не асабліва праймаліся гэтым і ўносілі ў спісы імёны абсалютна розных людзей, часам выпадкова праз сваю неабачлівасць, бязладнасць. Доказам з`яўляюцца словы Георгія Жукава на ліпеньскім пленуме ЦК КПСС (1957г.):

«Списки арестованных, которые посылались в ЦК для получения санкции на их осуждение, составлялись НКВД небрежно, с искажениями фамилий, имен и отчеств, а некоторые фамилии повторялись в этих списках дважды и трижды».

У снежні 2015 года ў Магілёве быў усталяваны помнік у гонар чэкістаў. Помнік тым, хто знішчаў нашу нацыянальную эліту, тым, хто руйнаваў сем`і, хто высяляў беларусаў у далёкую і невядомую чужыну, дзе многія з іх так і засталіся альбо жыць, альбо ляжаць у чужой халоднай зямлі. Тое, колькі лёсаў людзей і іхніх блізкіх было скалечана, не паддаецца аніякім падлікам.

Ды і цяперашні міністр унутраных спраў таварыш Шуневіч, відаць, ганарыцца падзеямі васьмідзесяцігадовай даўніны, вельмі ж ён любіць прымяраць тагачасную форму супрацоўнікаў НКУС. І таму такія помнікі і паводзіны дзейнай улады быццам нейкі здзек над простым народам, над усёй нацыяй.

Лёс жа ахвяраў – аж да сёння «плакаць жвірам з пустых вачніц!» (А. Сыс)

Темы: Мнение
Из рубрики
comments powered by HyperComments