weather12

USD 2.1098

EURO 2.4279

RUR(100) 3.2157

search

Старшыня Ганцавіцкага райвыканкаму выканаў абяцанне

Праз два месяцы пасля закрыцця магазіна ў вёсцы Красынічы гандлёвы аб`ект зноў адчыніў дзверы для пакупнікоў. Гэта адбылося 15 снежня, як і абяцаў старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства хоць і пад ціскам, але пайшло на ўступкі вяскоўцам.

Нагадаем, што пасля закрыцця магазіна, жыхары Красыніч звярнуліся з пісьмовым зваротам, пад якім было больш за 40 подпісаў, да кіраўніка раёна Уладзіміра Бялова і старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Дразда. На сходзе жыхары вёскі настойліва патрабавалі аднавіць працу магазіна і не ішлі на ўгаворы, што іх патрэбы зможа забяспечыць аўтамагазін і ў хуткім часе дастаўка прадуктаў машынай «Еўраопт» .

Старшыня райвыканкама, параіўшыся з прадстаўніком райспажыўтаварыства, даў абяцанне, што задаволіць просьбу вяскоўцаў. «Я абяцаю, што з 15 снежня магазін адкрыюць, – сказаў тады У. Бялоў. – Тут жа прысутнічаюць прадстаўнікі прэсы, яны ж потым напішуць, калі не стрымаем абяцанне. Галоўнае, каб пасля таго, як адкрыецца магазін, вы не адмовіліся і не казалі, што ён вас не задавальняе».

Яно так і было б. Таму вось і піша «ГЧ», што дадзенае людзям абяцанне кіраўнік выканаў. А яшчэ таму, што давялося разам з вяскоўцамі парадавацца моманту, што захаваўся хоць адзін аб`ект, дзе могуць людзі не толькі купіць тавары, але сабрацца і пагутарыць пра сваё жыццё-быццё.

У гэты дзень у магазіне было мнагалюдна. І хоць не было афіцыйнага адкрыцця, але адчувалася ўрачыстая атмасфера. Работнікі гандлю завезлі новыя тавары і дапамагалі выкладваць прадукты прадаўцу Святлане Санько, якая з радасцю вярнулася на сваё працоўнае месца. Паспелі нават стварыць пераднавагодні настрой і ўпрыгожыць магазін. А колькі радасці было ў красынаўцаў!

Некаторыя за дзень прыходзілі ў магазін па некалькі разоў і казалі, што вельмі задаволены, што іх не падманулі.
Пенсіянерка Ірына Феліксаўна не хавала эмоцый. «Гэта ж як добра стала, не трэба стаяць у дождж і ў холад. У любы час можна прыйсці ў магазін ды купіць усё, што душа пажадае. Ды хоць будзе адзінае месца, дзе можна сабрацца і з людзьмі пагаварыць – не сядзець жа ў чатырох сценах».

Вяскоўцы выказвалі падзякі і кіраўніцтву раёна, і аўтару гэтага артыкула за тое, што важнае для іх пытанне было ўзнята на старонках «Ганцавіцкага часу», а таксама і работнікам райспажыўтаварыства, якія вельмі стараліся, каб задаволіць пакупнікоў. Асабліва старалася новы таваравед райспажыўтаварыства Наталля Ліхтар з Лунінца, якая пасля заканчэння ВНУ прыехала працаваць у наш раён. Вяскоўцы прасілі праз газету кіраўніцтва райспажыўтаварыства адзначыць гэтую старанную дзяўчыну прэміяй ці хоць падзякай за добрую працу.

Канешне, райспажыў-таварыству ўтрымліваць магазіны ў маланаселеных вёсках нявыгадна, і ў дадзеным выпадку гандлёвае камерцыйнае прадпрыемства нясе і сацыяльную функцыю. Але, акрамя гэтага, трэба яшчэ мець добры асартымент і канкурэнтныя цэны на тавары – тады людзям не будуць патрэбны ні аўталаўкі, ні «гіпермолы», ні «Еўраопт».

Из рубрики
comments powered by HyperComments