weather10

USD 2.0032

EURO 2.4438

RUR(100) 3.2454

search

Дзе ў сельскай гаспадарцы “разгильдяйство и бесхозяйственность”?

Прыязджаў на Пасху да бацькоў. Бацьку на днях будзе 80 гадоў. Тры дні перад Вялікаднём разам нешта рабілі па гаспадарцы. І тут я ўспомніў нядаўнія словы Прэзідэнта, што ў жывёлагалоўлі «бесхозяйственность и разгильдяйство». Ужо тыдзень гэтыя трапныя словы не даюць мне спакою. Я ж вырас у вёсцы, у нас усё было ў парадку, а тут такое!

Пачаў з аналізу гаспадаркі бацькоў з улікам іх узросту

1. Зімой гэтага году здалі карову. З аднаго боку для бацькоў гэта псіхалагічная траўма, а з другога - палёгка для ўжо сталых людзей. Тыдзень таму купілі казу. Набылі, бо нарадзіліся парсючкі. Маці пералічыла, што кошт казы (70 рублёў), якая дае малако, за месяц перакрые выдаткі на пакупное малако з крамы. А так яшчэ і малако для сябе будзе, і каза застанецца.

2. Парсючкоў збіраюцца ўсіх прадаць. Але пагаворваюць, што можа 1-2 аставяць. Працы з гэтымі парсючкамі першыя 2 тыдні больш чым з немаўлятамі. Бо кожныя 2 гадзіны трэба ісці карміць, спачатку нават з соскі. Потым трохі меней, але турбот усё роўна хапае. Калі ўсё добра, то эканамічная выгада ва ўсім гэтым ёсць.

3. У хатняй гаспадарцы ёсць таксама конь, куры, гусі.

4. На некалькіх сотках засаджаны маліны. Варэнне, віно, ці проста замарожаная ягада для спажывання даступныя да наступнага ўраджаю.

5. Зразумела, што вырошчваюць бульбу, буракі і іншую гародніну... Не толькі для сябе, але і для жывёлагадоўлі. Усё гэта трэба не толькі пасадзіць і выкапаць, але і прапалоць пару разоў, унесці ўгнаенні, пакрапіць жукоў, перапрацаваць гародніну і захаваць на зіму.

6. Пра сена асобная гісторыя, нават не бяруся апісваць.

7. Зараз адбываецца нарыхтоўка бярозавага сока – таксама свае клопаты.

Дык вось, прыглядаўся я і думаў, дзе тыя «разгильдяйство и бесхозяйственность»?

І знайшоў. Маці паслала ў краму купіць таго-сяго. Накіравала ў прыватную маленькую краму, дзе я набыў усё па спісу: ад банкі ананасаў (для нейкага салату) да каўбасы, пячэння і 10 кг сухога малака для тых жа парсючкоў (ім можна яго спажываць пасля 2 тыдняў). Чаму не адправіла ў дзяржаўную краму мясцовага райспажыўсаюзу – не ведаю. За многія гады і змену формы ўласнасці, тут шмат чаго не мяняецца.

Пры мне адзін дзядзька дастаў грошы і кажа працаўніцы прыватнай крамы: «Даставай свой чорны сшытак, буду даўгі пагашаць». Сшытак на самай справе да волі тлусты, аркушаў 100, белы з нейкімі кветкамі, пра што з гонарам заявіла прадаўшчыца. Адзначу, што сшытак гэты карыстаецца попытам. Вось такое крэдытаванне вяскоўцаў прадуктамі ад прыватнага гандлю.

Дык вось, на дзьвярах той крамы маленькая цыдулька з надпісам: «Лазня працуе таксама ў пятніцу». Хто быў, той ведае, што шчырасць лазні выклікае размовы пра набалелае. Там я і знайшоў тыя самыя «бесхозяйственность и разгильдяйство». Не, не ў самой лазні, а паслухаўшы апавяданні мясцовых хлопцаў і старэйшых за мяне дзядзькаў.

У лазні мне спадабалася: не «стэрыльны» СПА салон, але натопленная дровамі парная з ліпавым венікам з суквеццямі (!) і бярозавым сокам. Пайшла яна на 100%. З сямі парыльшчыкаў толькі адзін працуе ў саўгасе, астатнія ці “дармаеды” ці працуюць па найму ў розных арганізацыях па раёну. Таму прозвішча новага старшыні саўгаса, так раней называлася гаспадарка, а зараз племзавод «Заказельскі» – дзяржаўнае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, ведалі толькі 3 чалавекі. На працягу апошніх 7-8-мі гадоў сталага страшыні саўгаса (так мне прасцей разумець, чым племзавод) гаспадарка так і не атрымала. Бягучасць кадраў.

Пры чым усе вінавацяць у крызісе старшыню саўгаса, які быў яшчэ раней і больш за 10 гадоў кіраваў гаспадаркай. Кажуць, што з яго пачаўся развал саўгаса, а ўзятыя ў той час крыдэты вісяць да сёняшняга часу. Кажуць, што пазыкі бралі нават на тое, каб тое-сёе падмазаць да прыезду Прызідэнта ў гаспадарку. Агульная сумма даўгоў складае 400 млрд. старымі грашама. Я ў гэта асабіста не веру, але так кажуць мясцовыя. Кажуць таксама, што ў саўгасе ўкралі ўсё, што можна было ўкрасці.

Дык вось яны – “бесхозяйственность и разгильдяйство”?! Дарэчы, большасць вяскоўцаў так і лічыць кошты ў старых грашах (мільёнамі), вырошчваюць маліну ды трымаюць надзею толькі на сябе.

P.S. Вось упэўнены, каб тыя датацыі ў мільярды даляраў былі ўкладзены ў развіццё прыватнай гаспадаркі, а не ў калгасы і саўгасы, якія зараз называюцца невядомымі мне назвамі, то хіба трэба было б змагацца з “разгильдяйстом и бесхозяйственностью”? Хіба сам у сябе будзеш красці? Упэўнены, будзе наадварот. Будзеш, як мае бацькі, тры разы ўставаць ноччу, каб парсючкоў пакарміць

Из рубрики
comments powered by HyperComments