weather-5

USD 2.1262

EURO 2.4132

RUR(100) 3.1849

search

Як госця з Масквы пакараў Бог

Гэтая гісторыя адбылася яшчэ ў часы існавання Савецкага Саюза. Неяк улетку ў нашу палескую вёску на адпачынак да бацькоў прыехаў іх сын-масквіч. Калісьці ён праходзіў армейскую службу ў Маскоўскай вобласці недалёка ад сталіцы нашай неабсяжнай тады краіны. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ў Маскве на працу. Там ажаніўся, закончыў завочна інстытут. Жыў і працаваў у сталіцы, гадаваў двух сыноў.

Масквічу было 40 гадоў. Высокі светлавалосы мужчына, вельмі падобны да бацькі, быў модна апрануты, насіў капялюш (нашы мужчыны яго чамусьці саромеюцца насіць). З Масквы ён прывёз падарункі: маці – пуховую хустку, бацьку – сарочку, а сястры – модныя туфлі. Канечне ж, навіна пра сталічнага госця хутка абляцела ўсю вёску. У бацькавай хаце сабраліся сваякі, жанчыны накрылі сталы.

Была нядзелька – сонечны, цёплы дзянёк. Лагодны ветрык калыхаў галінкі дрэў і падрослую траву. На вязах клекаталі буслы. На блакітным небе не было ні аблачынкі. Вокны ў бацькавай хаце расчынены насцеж, і далёка было чуваць, хто і што гаворыць. Палешукі распытвалі госця пра жыццё ў Маскве, пра маскоўскую зарплату...

Пасля некалькіх тостаў заспявалі пад гармонік. У хаце стала весела і шумна, госці пачалі выходзіць з-за сталоў, каб патаньчыць на дварэ.

Раптам нечакана чыстае неба над вёскай закрыла хмара. Маланкі паласавалі неба, пайшоў дождж. Людзі радаваліся яму, бо дажджу даўно ўжо не было. Пры кожнай маланцы ці раскаце грому людзі хрысціліся. Гэта не спадабалася масквічу (ён быў камуністам), які пачаў сварыцца на Бога. У той час Камуністычная партыя Савецкага Саюза вяла барацьбу з рэлігіяй, на Палессі разбуралі цэрквы, не давалі людзям магчымасці маліцца Богу.

Усе заўважылі праз расчыненае акно, як бліснула чарговая маланка і трапіла ў масквіча, які сядзеў насупраць акна. Той зваліўся на падлогу. Жанчыны напалохаліся і загаласілі, а мужчыны разгубіліся, не ведаючы, што рабіць.

Першым прыйшоў да сябе родны дзядзька масквіча Язэп. Ён крыкнуў:

«Кладзіце яго на коўдру і нясіце ў агарод! Вазьміце з сабой рыдлёўкі!»

Мужчыны імгненна выкапалі на агародзе яму, паклалі ў яе пацярпелага і прысыпалі зямлёю. Потым, пэўны час пачакаўшы, зноў па камандзе дзядзькі Язэпа дасталі мужчыну з ямы і занеслі ў хату. Калі вяскоўцы даведаліся, што маланка трапіла ў масквіча, калі той сварыўся на Бога, яны казалі:

«Так яму і трэба, мо больш не будзе гэтага рабіць».

Вечарам суседзі бачылі, як масквіч хадзіў па дварэ, і быў ён вельмі спужаны. Назаўтра раніцаю сталічнага госця на падводзе адвезлі на чыгуначную станцыю. Мужчына выехаў у сталіцу і больш ніколі ў родную вёску не прыязджаў.

Материалы по теме
Из рубрики
comments powered by HyperComments