weather

USD 2.1022

EURO 2.3879

RUR(100) 3.2896

search

Колькі гадоў Дзеду Марозу, хто ведае?

Мала хто задумваўся пра ўзрост Дзеда Мароза. Усе прывыклі ставіць вядомага навагодняга персанажа ў адзін шэраг са старажытнымі казачнымі героямі. Але на справе аказваецца, што Дзед Мароз па гістарычных мерках яшчэ не стары – яму нядаўна зацікаў усяго дзявяты дзясятак. Дык хто ж такі Дзед Мароз?

Фото: Сергей Багров

Вікіпедыя сведчыць, што гэта казачны персанаж усходнеславянскага гарадскога фальклору, створаны па матывах жыццяпісання Святога Мікалая і на аснове народных уяўленняў пра мароз. Існаванне Дзеда Мароза прывязваецца да зімовай змены каляндарнага года.

НОВЫ ГОД = 1 СТУДЗЕНЯ?

Традыцыя лічыць пачаткам года 1 студзеня ўзыходзіць да распараджэння рымскага імператара Юлія Цэзара, які ў 45-ым годзе ДА нараджэння Хрыстовага ўвёў каляндар, названы ў гонар аўтара юліянскім. Першыя сведчанні пра адлік года ад 1 студзеня згодна з хрысціянскім календаром на беларускай зямлі адносяцца да ХІІ стагоддзя.

Тым не менш у народзе гэта яшчэ доўга не прыжывалася. Да таго ж у хрысціянстве адбыўся раскол (канчаткова ў ХІ стагоддзі), а праваслаўнымі было прынята весці гадавы адлік ад 1 верасня (гэта дзень пачатку заснавання свету).

Аднак па вялікім рахунку да канца Сярэднявечча (ХІV стагоддзе) на нашых землях адлік гадоў вёўся ад утварэння свету. Дзейнічалі таксама іншыя падыходы падліку гадоў.

Пачынаючы з ХІV стагоддзя, Вялікае Княства Літоўскае ішло на збліжэнне з Польскай Каронай. Апошняя імкнулася распаўсюджваць свае ўплывы на ўсход. У тым ліку – праз эскпансію каталіцызму.

У першай палове ХVI стагоддзя ў ВКЛ канчаткова замацоўваецца летазлічэнне «ад Раства Хрыстовага». Да каляндарнай сістэмы спрычынілася Люблінская унія (1569). У 1582 годзе папам Грыгорыем XIII уводзіцца каляндар, папраўлены з улікам «лішніх» 10 дзён, якія набеглі да таго часу ў рамках юліянскага летазлічэння.

Фото: Сергей Багров

Рэч Паспалітая (разам з Італіяй, Іспаніяй, Партугаліяй) першай у свеце прыняла грыгарыянскі каляндар. Гэта адбылося 4 кастрычніка 1582 года. Тым не менш пераход на новы стыль, як яго пачалі называць, не быў гладкім. У 1583 годзе агульны для абедзвюх дзяржаў кароль Сцяпан Батура выдае загад, каб замацаваць у дзяржаве грыгарыянскі каляндар. Гэтаму працівіліся праваслаўныя і пратэстанты. Але працэс распаўсюджвання пайшоў няўхільна. З таго часу Новы год у Беларусі афіцыйна пачалі адзначаць 1 студзеня.

Дарэчы, большасць еўрапейскіх краін пераходзіла на сучасную традыцыю святкавання 1 студзеня на працягу XVI—XVII стагоддзяў. Таму ВКЛ, як варта лічыць, знаходзілася ў тагачасным цывілізацыйным трэндзе. Зразумела, адразу прышчапіцца традыцыя не магла. Таму даследчыкі лічаць, што быў час, калі беларусы маглі адзначаць Новы год ажно тры разы: 1 студзеня, 1 сакавіка і 1 верасня.

Дапамагло схіліць народныя масы да першастудзеньскага пачатку года ўніяцтва, якое ўзнікла ў 1596 годзе і перавяло большасць праваслаўных пад каталіцкую юрысдыкцыю. Пры гэтым у рамках самой царквы, якая пакідала папярэднюю праваслаўную абраднасць, захоўвалася функцыянаванне згодна з юліянскім календаром.

Асобна зазначым, што ў Расіі адлік новага года з 1 студзеня быў уведзены толькі ў 1700 годзе ўказам Пятра І, але – па юліянскім календары, які ў сваю чаргу быў зменены на грыгарыянскі толькі ў лютым 1918 года бальшавікамі. Гэта значыць, беларусы Новы год 1 студзеня па сучасным календары сустракалі на 335 гадоў раней за расіян.

Фото: Сергей Багров

Праўда, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Таму функцыянаванне грамадства па грыгарыянскім календары было перарвана.

Зрэшты, для беларускага сялянства вышэйапісаныя каляндарныя пературбацыі не мелі прынцыповага значэння. Яно жыло ў культурнай парадыгме той рэлігійнай канфесіі, да якой належала. Паноўнымі ж былі праваслаўе, уніяцтва (1596 – 1839) і каталіцызм.

Важнейшае значэнне па-ранейшаму мелі элементы язычніцтва. Таму тая ж упрыгожаная ялінка (яна з`явілася ў нас толькі ў ХІХ стагоддзі, але ў сялянскую хату прыйшла толькі ў ХХ) прынагоджвалася не да Новага года, а ў сувязі з Калядамі.

Святкавання Новага года як нейкай урачыстасці не праводзілася. Адпаведна не была распрацавана «праграма» свята і Дзеда Мароза не існавала. Затое яго функцыі (перш за ўсё выканання жаданняў і дарэння прэзентаў) выконваў Святы Мікалай. Яго прыход спачатку адбываўся 6 снежня.

Але з`яўленне Святога Мікалая было прыстасавана да Раства Хрыстовага ў сувязі з тым, што Рэфармацыя хрысціянства, якая асабліва разгарнулася па Еўропе ў ХVІ – XVІІ стагоддзях, не адабрала ўшанавання святых. Гэтым самым фактычна стварылася глеба для паяўлення свецкага персанажа – Дзеда Мароза.

Фото: Сергей Багров

КАЛІ І ЯК «ЗАЧАТЫ» ДЗЕД МАРОЗ?

На Захадзе аналагам усходнеславянскага Дзеда Мароза з`яўляецца сёння ўсім вядомы Санта-Клаус. Фарміраванне яго вобраза пачалося з з кнігі Вашынгтона Ірвінга «Гісторыя Ню-Ёрка», якая ўбачыла свет ў 1809 годзе. У ёй гаварылася пра Святога Мікалая.

Аднак апісаную гісторыю неўзабаве развіў іншы амерыканскі пісьменнік – Клемент Кларк Мур. Ён у 1823 годзе апублікаваў паэму «Ноч перад Раством, або Візіт Святога Мікалая». У гэтым творы ўпершыню і паяўляецца Санта-Клаус – казачны персанаж, які раздае падарункі дзецям. Паэма атрымала шырокую папулярнасць.

Да 1840 года перароджанага са Святога Мікалая Санта-Клауса ведалі па ўсіх Злучаных Штатах Амерыкі. У далейшым праз творы выяўленчага мастацтва і розную літаратуру вобраз узбагачаўся і «раскручваўся». Яго геаграфія ахапіла ўсю заходнюю цывілізацыю. Падобная гісторыя з’яўлення і ў Дзеда Мароза.

Сама прыродная з`ява марозу здаўна персаніфікавалася ўсходнімі славянамі. У міфалогіі беларусаў існаваў бог холаду Зюзя. У расіян яго называлі проста Марозам. Яго вобраз знайшоў адбітак у фальклоры. Узнік шэраг чарадзейных казак з такім персанажам.

У 1840 годзе расійскі пісьменнік-рамантык Уладзімір Адоеўскі публікуе ў зборніку казак аповед «Мароз Іванавіч». У ім развіваецца традыцыя вобраза, закладзеная ў фальклоры. Сам вобраз Мароза яшчэ не тоесны сучаснаму: галоўнае – не прывязаны да Новага года і не дарыць падарункаў.

Фото: Сергей Багров

Да кшталтавання вобраза спрычыніліся таксама такія творы, як паэма Мікалая Някрасава «Мароз, Чырвоны нос» (1863) і п`еса Мікалая Астроўскага «Снягурачка» (1873). У другой палове ХІХ стагоддзя ў мяшчанскім асяродку Расіі назіраюцца спробы стварэння самабытнага дзеда, які дарыў бы дзецям падарункі на Раство.

Пасля шэрагу варыянтаў у 1886 годзе ўпершыню адзначаецца Марозка. З яго да пачатку ХХ стагоддзя вырастае блізкі да знаёмага нам вобраз Дзеда Мароза. Але замацавацца ён не паспеў – рэвалюцыі 1917 года прынеслі кардынальныя культурныя трансфармацыі.

Рэлігійнасць і мяшчанства былі прызнаны каштоўнасцямі буржуазнай аксіялогіі, таму ім у існаванні ў рамках савецкага ладу было адмоўлена. Паралельна, адзначым, ішло пашырэнне ўпрыгожанай ялінкі як аксесуара калядных святаў, перанятага ў нямецкай культуры.

Фото: Сергей Багров

Паступова ёлка секулярызавалася. Вельмі натуральным для такога кантэксту аказаўся Дзед Мароз, які ўсё часцей пачаў прыходзіць на Новы год, а не ў Раство. Акрамя таго, з пачатку ХХ ст. культывуецца тэзіс пра старажытнасць тандэма навагодняга яловага дрэўца і сталага веку добрага барадача.

Аднак тая з`ява, па-першае, не стала агульнай для культуры і выяўлялася хутчэй у якасці пэўнай гарадской моды, па-другое, не адарвалася ад рэлігійнага кантэксту і адпаведных матываў.

Паколькі Беларусь тым часам уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, дык гэта гісторыя мае дачыненне і да гарадоў Паўночна-Заходняга краю, як тады называлі нашу краіну. Прынамсі, пранікненне нават у сялянскі асяродак каляднай (але яшчэ не навагодняй) ялінкі засведчыў Якуб Колас.

НАРАДЖЭННЕ ДЗЕДА МАРОЗА

Пасля Кастрычнікай рэвалюцыі насаджалася так званая пралетарская культура. У ёй не было месца мяшчанству і рэлігійнасці. Таму многія традыцыі падвергліся выкараненню. У сувязі cа спробамі прышчапіць Дзеда Мароза да навагодне-каляднага кантэксту гэты вобраз трапіў пад фактычную забарону разам са святочнай ёлкай.

Хоць яшчэ пры Уладзіміру Леніне ёлка суіснавала з атэістычнымі павевамі. Асабліва строга забарона дзейнічала з 1929 года. Трэба сказаць, што адносіны да Дзеда Мароза ў савецкага кіраўніцтва развіваліся паралельна з палітыкай адносна казкі як жанру мастацкай літаратуры.

На працягу 1920-х гадоў казка ўсё больш прызнавалася небальшавіцкім жанрам, а значыць, варожым савецкай уладзе. Вырашана было на дзяржаўным узроўні пазбавіць уплыву казкі на дзяцей.

Фото: Сергей Багров

Аднак абсурдную памылку неўзабаве зразумелі і казку вярнулі ў кола дзіцячага чытання. Сінхронна вярнуўся і Дзед Мароз. Ужо ў 1935 годзе савецкім кіраўніцтвам з адабрэння самога Іосіфа Сталіна (праз галоўную газету краіны «Правда») было вырашана вярнуцца да навагодняга дзейства з ёлкаю і Дзедам Марозам. Але прынагодзілі іх не да Раства (свята рэлігійнага і таму непрымальнага), а да Новага года (свята свецкага).

Прычым, як вышэй гаварылася, адлік года бальшавікі вялі ўжо з 1 студзеня Грыгарыянскага календара (а не на 13 дзён пазней, як было па календары Юліянскім). 1936 год Савецкія дзеці сустракалі 1936-ы год са святочнай ёлкаю. Яшчэ праз годзік – у студзені 1937 года – на навагоднім свяце ў маскоўскім Доме Саюзаў віталі гасцей Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурачка.

Пры наяўнасці іх перадгісторыі можна лічыць, што менавіта тады пачалася іх біяграфія. Калі ў дакастрычніцкі час вобразам Дзеда Мароза ставілася на мэце дапоўніць рэлігійнае святкаванне Раства Хрыстовага (прататыпам жа быў Святы Мікалай), дык бальшавікамі гэты персанаж рэанімоўваўся ў супрацьвагу рэлігійнасці.

Святкаванне Новага года хоць і было ўведзена Пятром І (гл. вышэй), але як масавая з`ява ўкаранілася пры савецкай уладзе і з дапамогаю яе, каб народ пераключыць з Калядаў на аналагічны атэістычны арыенцір.

Больш за тое, у сталінскі час Дзед Мароз быў персанажам не апалітычным, а ідэйным. Іншым разам даходзіла да таго, што ён маляваўся... з курыльнай люлькай (у чым заключаўся намёк на вобраз Іосіфа Сталіна).

Пасля Другой сусветнай вайны пару Дзеда Мароза і Снягурачкі паспрабавалі дапоўніць хлопчыкам у чырвоным футры і шапцы з лічбавым абазначэннем наступнага года. Хлопчык так і называўся – Новы Год – і выступаў пераемнікам Дзеда Мароза як года старога, мінулага.

Пік папулярнасці хлопчыка Новага Года, як можна прасачыць па тагачасных паштоўках, адносіцца да канца 1950 – сярэдзіны 1960-х гадоў. Але вобраз не прыжыўся і цяпер практычна забыты.

Расійская фалькларыстка Святлана Адоньева даказвае, што кананічны вобраз Дзеда Мароза з унучкай Снягурачкай як абавязковых персанажаў навагодняга свята сфарміраваўся ўжо ў савецкі час. Таму варта весці адлік існавання любімага дзецьмі героя менавіта з першых дзён 1937 года.

Фото: Сергей Багров

А ШТО Ў БЕЛАРУСІ?

Больш складана сітуацыя выглядае з Беларуссю. У 1920 – 1930-я гады краіна была распалавінена: адна частка знаходзілася пад савецкай уладай, другая, Заходняя Беларусь, уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі.

Зразумела, «бальшавіцкі» Дзед Мароз паявіўся ў БССР у другой палове 1930-х гадоў, але ў Заходняй Беларусі пра яго савецкую іпастась практычна ніхто не чуў. Там працягвалі культываваць вобраз Святога Мікалая. Паказальна, як вынікае з адной крыніцы, некаторыя заходнебеларускія дзеці часам сумняваліся, ці ходзіць Святы Мікалай у іншых мясцовасцях.

Разам з тым пачалі практыкавацца і навагоднія пажаданні, што азначала набыццё святочнага значэння ў змене каляндарных гадоў. Ёлка як аксесуар Калядаў тады ўжо стабільна фігуруе ў культуры, блізкай да народных мас, у прыватнасці, у школьным асяродку.

Фото: Сергей Багров

Тым не менш у 1927 годзе з-пад пяра Сяргея Новіка-Пеюна пад псеўданімам Малады Дзядок быў надрукаваны ў Вільні асобнай кніжачкай «Калядны абразок у адной дзеі «Ёлка Дзеда Мароза». Гэта сведчанне таго, што такі персанаж некаторым «заходнікам» быў усё ж такі знаёмы.

Знаёмства з творам, аднак, гаворыць хутчэй пра перайманне расійскіх дакастрычніцкіх спроб увасаблення Дзеда Мароза ў суладдзі з беларускай фальклорнай традыцыяй вобраза Мароза – Зюзі. «Бальшавіцкі» Дзед Мароз мог упершыню паўстаць перад «заходнікамі» толькі напярэдадні 1940 года, перад якім заходнебеларускія землі былі занятыя Чырвонай Арміяй.

У прыватнасці заходнебеларускі пісьменнік Міхась Машара, будучы загадчыкам РАНАШаркоўшчынскага раёна, пісаў пра ўстаноўку навагодніх ёлак па школах напярэдадні 1941 года як пра навінку культурнага жыцця:

«Ты толькі ўяві сабе, яны ж у жыцці не бачылі яшчэ сапраўднай навагодняй ёлкі. А які палітычны рэзананс! Гэта ж найлепшая агітацыя за Савецкую ўладу на вызваленай зямлі. У маладых душах нашых дзетак ніколі б не згладзілася ў памяці гэта навагодняя ёлка, што запаліла для іх савецкая школа».

У дадзеным выпадку акцэнт лепей зрабіць на слове «сапраўднай», бо ўсё-такі, як вышэй гаварылася, святочная ёлка «заходнікам» была ўжо добра знаёма. Але – не навагодняя і тым больш не савецкая. А значыць, поводле логікі М. Машары, несапраўдная.

Трэба сказаць, што ў БССР у цэлым культурныя з`явы ішлі ў рэчышчы, якое пракладалася Масквою, і такім чынам станавіліся больш ці менш удалымі аналагамі расійскім. Так і ў мастацкай літаратуры беларускіх аўтараў Дзед Мароз паяўляецца толькі праз пару гадоў пасля крамлёўскага дазволу на існаванне.

З гадамі па ўсёй Краіне Саветаў – ад Брэста і Мурманска да Чукоткі і Кушкі – усталяваўся той вобраз Дзеда Мароза, які нам вядомы з дзяцінства. Пра сучаснае фарміраванне персанажа можна казаць, пачынаючы з 1970-х гадоў.

Сёння і праваслаўе (Маскоўскага патрыярхата і яшчэ некаторых, але не ўсіх) да навагодняга Дзеда Мароза са Снягуркай адносіцца канструктыўна. Нагадаем, каталіцкая культура мае свой аналаг – Санта-Клауса, аднак ён з`яўляецца канцэптуальным элементам Раства.

Нягледзячы на адносна малады ўзрост разглядваемага персанажа, калектыўная памяць у нашым грамадстве не захавала звестак пра пра тое, як да народнай культуры былі прышчэплены Дзед Мароз і Снягурка. Таму цяпер іх існаванне здаецца спаконвечным.

Значыць, рэалізацыя задумы бальшавікамі прайшла даволі спраўна. Прынамсі, багата больш удала, чым ажыццяўленне імі галоўнай мэты сваёй палітыкі: светлай камуністычнай будучыні не дасягнулі, Савецкі Саюз чвэрць веку як разваліўся.

Затое Дзед Мароз і Снягурка, як нятленны Фенікс, з году ў год прыходзяць да нас і знікаць у адрозненне ад савецкай улады не збіраюцца. Пры гэтым яны нават не здагадваюца, што іх, па сутнасці, няма.

Фото: Сергей Багров

ВЫСНОВЫ

  • Новы год ва ўсходніх славян доўгі час не прынагоджваўся да 1 студзеня. Дзеда Мароза як такога не было зусім.
  • Пераход да адліку года з 1 студзеня ў ВКЛ адбываецца з увядзеннем Грыгарыянскага календара ў 1583 годзе. У Расіі – толькі з 1700 года (і то па календары Юліянскім).
  • Новы год у народзе святам не лічыўся, таму што па-ранейшаму прытрымліваліся каляндарна-абрадавых традыцый.
  • У народнай культуры прататыпам Дзеда Мароза можна лічыць персаніфікаванага Мароза, які ў беларусаў называўся Зюзя.
  • У ХІХ стагоддзі ў заходняй культуры з`яўляецца навагодні персанаж – Санта-Клаус, а трохі пазней ў гарадах Расійскай імперыі – Марозка (такім чынам, відавочны факт пераймання).
  • Зараджэнне вобразу Дзеда Мароза з аднясеннем да Новага года і Калядаў адбываецца ў Расіі ў канцы ХІХ стагоддзя (гэта датычыцца і Беларусі, якая з`яўлялася правінцыяй Расійскай імперыі).
  • Да 1917 года гэты вобраз не паспеў стаць традыцыйным і распаўсюдзіцца за межы гарадской мясцовасці.
  • Пасля Кастрычнікай рэвалюцыі персанаж імкліва выцясняўся, бо не ўпісваўся ў прапанаваную бальшавікамі сістэму каштоўнасцей. З 1929 года можна казаць пра забарону Дзеда Мароза на падсавецкіх тэрыторыях.
  • Спробы ўвядзення Дзеда Мароза ў заходнебеларускую культуру не далі плённых вынікаў.
  • Праз некалькі гадоў пасля забароны меркаванне пра гэты казачны персанаж у саветаў змяняецца – з пачаткам 1937 года Дзед Мароз вяртаецца ў дзіцячую культуру.
  • Пры гэтым вобраз перасаджваецца на глебу свецкага свята – Новага года, становіцца цалкам свецкім персанажам. Больш таго, яго іміджмейкерамі з`яўляюцца бальшавікі. Адной з мэтаў з`яўлялася атэістычнае выхаванне.
  • «Біяграфія» Дзеда Мароза ўзгадавана расійскай культурай, але з невялікімі і непрынцыповымі папраўкамі датычыцца і Беларусі з прычыны знаходжання ў гэты час пад уплывам – палітычным і культурным – усходняй суседкі.

Материалы по теме
Из рубрики
comments powered by HyperComments