weather3

USD 2.1564

EURO 2.4377

RUR(100) 3.2572

search

Гэта ж вада, а не гарэлка

Гэтая гісторыя адбылася ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Аднойчы ў міліцыі раздаўся тэлефонны званок. Мужчынскі голас паведаміў, што ў іхняй вёсцы адзін таварыш займаецца самагонаварэннем і яго збытам, назваў яго прозвішча і адрас. Сваё ж прозвішча мужчына, які пазваніў, назваць адказаўся, патлумачыўшы тым, што гэта небяспечна для яго.

 Фото носит иллюстративный характер
Фото носит иллюстративный характер

Міліцэйскі газік выехаў на ўказаны адрас. Па дарозе з горада міліцыянеры ўзялі з сабой маладога чалавека і папрасілі яго быць панятым. У тыя даўнейшыя часы гарэлку ў вёсках гналі амаль у кожнай хаце. Яна патрэбна была, каб прывезці дровы, сена, бульбу, вывезці гной...

Патрэбна была і на вясельныя, святочныя сталы, на провады ў армію, на пахавальную вячэру. Дзяржаўная гарэлка каштавала значна даражэй.

Іван жыў з сям`ёю на краі вёскі амаль каля самага лесу. Ён працаваў на ферме падвозчыкам кармоў. Конь, як кажуць, быў у яго заўсёды пад рукою: сабе араў і ўсё падвозіў, а таксама даваў яго і суседзям. Гарэлку Іван гнаў, як і ўсе, толькі для сябе, ніколі не прадаваў. Сам да алкаголю ён быў раўнадушны.

А вось яго сусед Васіль гарэлку любіў. Часта пасля працы прыходзіў п`яны і ўчыняў скандалы. Ён хадзіў па хаце і шукаў павуцінне, жонцы прыходзілася нават сыходзіць з хаты. Праўда, калі Васіль быў цвярозы, дык ніколі павуціннем не цікавіўся. Жонка доўга цярпела п`яныя выхадкі мужа, а потым вырашыла: хопіць!

Аднойчы, убачыўшы праз акно п`янага мужа, яна рашуча схапіла вялікія вілкі, якія прызначаліся для самага большага чыгуна, дзе варылася бульба для свіней, і падрыхтавалася да сустрэчы. Калі гаспадар увайшоў у хату і зачыніў за сабою дзверы, жонка зрабіла крок насустрач, і яго шыя аказалася ў палоне вілак. П`яны Васіль так моцна разгубіўся, што забыў, як завуць жонку і стаў прасіцца:

«Гражданачка, я больш не буду!»

Скандалы ў хаце заціхлі. Васіль цяпер менш піў, а калі такое здаралася, то стараўся не трапляцца жонцы на вочы. Неяк ён папрасіў суседа, каб пазычыў яму гарэлкі, але той сказаў, што ў яго няма, бо памятаў словы яго жонкі:

«Іван, паспрабуй толькі калі-небудзь даць майму Васілю гарэлкі, то будзеш мець справу са мною. Мой і цвярозы дурны, а калі яшчэ й вып`е – бяда і годзе!»

Пасля гэтага Васіль затаіў на Івана крыўду. Аднойчы ў час абеду (а працаваў ён на будоўлі ў райцэнтры) зайшоў у тэлефонную будку і пазваніў у міліцыю. Іван некалькі хвілін не адчыняў міліцыі дзверы. А калі ўпусціў у хату, то, трымаючы ў руцэ вядро з бруднаю вадою, сказаў:

«Прабачце, мы з жонкаю канчалі мыць падлогу».

Міліцыянеры хадзілі па мокрай падлозе і шукалі самагонку, а Сяргей (так звалі панятога) сядзеў на лаве каля стала і назіраў за гэтым працэсам. Яму захацелася піць. Сяргей падышоў да вядра, якое вісела высока на дроце, узяў кубак і зачарпнуў...

Ад моцнай гарэлкі ў яго вочы палезлі на лоб і перахапіла дыханне. Але ён не падаў выгляду, што гэта гарэлка, толькі выцер вусны. Пакуль міліцыя шукала, Сяргей некалькі разоў падыходзіў да вядра. А гаспадар з трывогаю сачыў за ім.

Не знайшоўшы нічога ў хаце, міліцыянеры пайшлі на двор. Шукалі на гарышчы, у гумне, хляве, варыўні і нават у бульбе. Так ні з чым і паехалі з вёскі, расчараваныя, што нічога не знайшлі.

Калі міліцэйскі газік ад`ехаў ад вёскі кіламетраў тры, Сяргей моцна ап`янеў і пачаў спяваць. Ніхто не разумеў, дзе ён напіўся, бо ніякай торбы з сабою ў яго не было. І тут хтосьці з міліцыянераў, нарэшце, здагадаўся:

«Хлопцы, наш паняты некалькі разоў падыходзіў да вядра, як я думаў, папіць вады. Памятаеце, як доўга не пускаў нас у хату гаспадар? За гэты час ён выліў з вядра ваду на падлогу, і жонка пачала яе мыць. А ён у пустое вядро наліў гарэлкі!»

Газік рэзка развярнуўся і памчаўся назад у вёску. Міліцыянеры зайшлі ў хату і адразу накіраваліся да вядра. Адзін з іх апусціў кубак у вядро, зачарпнуў, асцярожна зрабіў некалькі глыткоў і расчаравана прамовіў:

«Гэта ж вада...»

Из рубрики
comments powered by HyperComments