weather

USD 2.0388

EURO 2.268

RUR(100) 3.1884

search

Як дзед Базыль халяўшчыкаў на вяселлі частаваў

Неяк у нядзелю паехаў Дарафеіч з сябрамі на апошнюю ў гэтым сезоне падлёдную рыбалку на Раздзялавіцкае вадасховішча. Надвор`е было марознае, дзень бясснежны, але ветраны. Цэлы дзень рыбакі праседзелі на возеры. Рыбы не налавілі, а змерзлі вельмі моцна.

Вечарам упоцемках iшлі на аўтобусны прыпынак. Яшчэ здалёк пачулі музыку: у вёсцы гулялі вяселле. Спраўлялася яно ў хаце, якая знаходзілася на шляху рыбакоў да прыпынку. У ярка асветленых вокнах мільгацелі постаці, гyчалi песні, заліваўся гармонiк.

Паскорыўшы крок, кампанія мужчын наблізілася да шумнай хаты.

«Можа, i нас, хоць i няпрошаных гасцей, тут пачастуюць? – спадзяваўся Дарафеіч i падзяліўся гэтай думкай са сваімі сябрамі-рыбакамі. – Мая ж жонка таксама з Раздзялавіч».

Мужчыны ведалi, што ў Раздзялавічах ёсць звычай падносіць чарку прахожым за шчасце маладых. На жаль, у двары нікога не было, толькі каля самай хаты на лаўцы пад дрэвам рыбакі прыкмецілі шчуплага дзядульку ў старэнькім кажушку i заячай шапцы-вушанцы. Хлопцы прывіталіся са старым i прыпыніліся каля яго.

– Ну што, дзядуля, пагрэемся? – звярнуўся да старога Дарафеіч, прывычна пстрыкнуўшы ўказальным пальцам на шыі.

Зараз, хлопчыкі, ох і пагрэемся! – скрыпучым загадкавым голасам прамовіў дзядок.

Ён нечакана борздзенька нахіліўся да зямлі, ухапіў з дарогі камень i запусціў яго ў асветленае акно хаты. Дарафеіч i іншыя рыбакі не пacпeлi міргнуць, як гучна зазвінела на марозе разбітае аконнае шкло. У хаце раптоўна сціхлі музыка i людскія галасы. Грукнулі дзверы, i на вуліцу выскачыў гурт маладых хлопцаў – сяброў жаніха. Яны адразу пазналі старога.

– Дзед Базыль, хто шкло paзбiў? – запыталіся ў яго.

– А сто грам будзе? – пацікавіўся стары Базыль.

– Дзядуля, не цягні, кажы хутчэй! Цэлая бутэлька вінца будзе з закускай! – хорам запэўнілі дзеда хлопцы.

Стары няспешна развярнуўся i тыкнуў пальцам у бок збянтэжаных рыбакоў. Хлопцы з вясельнай кампаніі кінуліся да мужчын. Затрашчаў плот, штакеціны аказаліся ў руках дужых «мсціўцаў».

Дарафеіч з сябрамі, сцяміўшы, чым гэта пахне, што ёсць сілы пусціліся наўцёкі. Толькі дабеглі да аўтобуснага прыпынку, а тут i аўтобус падаспеў. Імгненна заскочыўшы ў яго, кампанія рыбакоў малілa Бога, каб хутчэй толькі аўтобус адправіўся. Дзверы моцна клацнулі i зачыніліся, аўтобус крануўся з месца...

... Доўга помніў Дарафеіч гэты выпадак. Гадоў дванепаяўляўся ў сваёй цешчы, якая жыла ў Раздзялавічах. А ў яго роднай вёсцы Хатынічы мужчыны доўгі час пасмейваліся з Дарафеіча:

«Ну што, Дарафей, пагрэемся?»

Неўзабаве ў вясковай сталовай гэтыя словы ў «вясёлых» кампаніях сталі звычайным сялянскім тостам.

(Працяг будзе)

comments powered by HyperComments
Из рубрики