weather

USD 2.0963

EURO 2.3925

RUR(100) 3.2894

search

Як зарабляе і траціць грошы бухгалтар на пенсіі з вёскі Любашава

Чаму 65-гадовая пенсіянерка з вёскі Любашава, якая амаль 45 гадоў адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы, не хоча ісці на адпачынак? Лічыце, што грошай не хапае? Ці так гэта, патлумачыла сама Людміла Курылік.

 Людміла Курылік адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы каля 45 гадоў, але і на пенсіі ёй знаходзіцца тут праца. Фота Святланы МАЛЫШКі
Людміла Курылік адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы каля 45 гадоў, але і на пенсіі ёй знаходзіцца тут праца. Фота Святланы МАЛЫШКі

ЦЯГНУЛА ПРАЦАВАЦЬ НА ЗЯМЛІ, АЛЕ ПРЫЙШЛОСЯ АПЕРЫРАВАЦЬ ЛІЧБАМІ

Людміла Мікалаеўна прыехала на Ганцаўшчыну з Бярозаўскага раёна ў сакавіку 1974 года, адразу пасля заканчэння Пружанскага тэхнікума, дзе вучылася на агранома. У вёску Любашава трапіла не выпадкова: падчас вучобы пазнаёмілася са сваім будучым мужам і, адвучыўшыся, прыехала на яго радзіму.

Дзяўчына стала працаваць у мясцовым калгасе «Радзіма» памочнікам брыгадзіра паляводчай брыгады. На той час Людміла спадзявалася, што праз некалькі гадоў пяройдзе на пасаду агранома, бо яшчэ з маленства марыла працаваць на зямлі. Хацела пайсці вучыцца на аграхіміка ў акадэмію, але не прайшла па конкурсе.

«Марыла, што адвучуся на агранома ў тэхнікуме, папрацую крыху ў калгасе, потым паступлю на завочнае аддзяленне і атрымаю вышэйшую адукацыю. Але... Не наканавана мне было лёсам працаваць на зямлі», – сказала яна і патлумачыла, што, не адпрацаваўшы і года, пайшла ў адпачынак па доглядзе дзіцяці: спачатку нарадзілася першая дачка, праз два гады – другая.

Калі прыйшоў час выходзіць на працу, старшыня калгаса прапанаваў ёй працаваць у канторы бухгалтарам. Было гэта ў студзені 1978 года. І з гэтага часу пачаўся яе кар`ерны рост па службовай лесвіцы на бухгалтарскай пасадзе. Гэтаму паспрыяў наказ свекрыві.

«Сказала: «Табе пашанцавала такую пасаду заняць! Дык чаго ты сумуеш, радавацца трэба. Пра дзяцей падумай – будуць на вачах гадавацца. Бо калі будзеш шчыраваць у полі, забудзеш пра ўнармаваны рабочы дзень, будзеш там прападаць з цямна да цямна. Так што ідзі вучыцца, каб маладыя і навучаныя не абскакалі», – успамінае Людміла Мікалаеўна.

Яна адвучылася на завочным аддзяленні ў Столінскім тэхнікуме. Атрымала дыплом і з 1983 года працавала намеснікам галоўнага бухгалтара, а з 2002 года – галоўным бухгалтарам. У пенсійным узросце яшчэ некалькі гадоў працавала, пакуль на яе месца не прыйшоў малады спецыяліст. Людміла Мікалаеўна расказала, што пакідала працу з палёгкай, бо заўсёды лічыла сваю працу цяжкай.

«Некаторыя памылкова лічаць, што бухгалтар толькі і ўмее, што аперыраваць лічбамі. Маўляў, якая яго заслуга ў тым, колькі людзі намалацілі, надаілі... Толькі хіба падлічыць правільна. А я лічу сваю прафесію надзвычай адказнай і цяжкай – за сухімі лічбамі стаяць людзі, іх лёсы. Ад ведаў і сумлення бухгалтара залежыць не толькі зарплата працаўнікоў гаспадаркі, але часта і іх настрой. Важна ўсё: правільна падлічыць і пры гэтым нікога не пакрыўдзіць. Калі «баланс» супадае, дык і мне на душы спакайней», – сказала яна.

ДОЧАК АДГАВАРЫЛА ВУЧЫЦЦА НА БУХГАЛТАРАЎ

Менавіта таму, што лічыла прафесію бухгалтара цяжкай і нервовай, матуля Людміла Мікалаеўна забараніла дочкам паўтараць яе лёс і параіла вывучыцца на медработнікаў.

«Не ведаю, мо я і няправільна паступіла, бо цяпер мая прафесія лічыцца надта прэстыжнай.Але я спазнала на сваім вопыце, як цяжка і адказна працаваць бухгалтарам. Сваім дочкам зычыла лепшай долі і спакайнейшай працы», – сказала яна.

Справа ў тым, што ў часы перабудовы зарплату многім працаўнікам не плацілі месяцамі, і ў ліку тых, каму «даставалася на арэхі» ад абураных работнікаў, была і бухгалтар Людміла Мікалаеўна. Бывала так, што яна мусіла дзяліць вылучаныя на зарплату грошы на невялічкія долі, каб усім працаўнікам калгаса пакрыху дасталася грошай.

«Прыходзіць чалавек, а мне сорамна яму ў вочы глядзець, хоць я і сама мусіла тады атрымліваць капейкі, як і ўсе», – сказала яна.

У той няпросты час, па яе словах, калі-нікалі закрадвалася думка кінуць працу ў калгасе і знайсці лепшую ў горадзе, дзе грошай плацілі больш і ў тэрмін, але яна не рашылася на гэта.

«Падумаю так і адмахнуся сама ад сябе: куды я пайду? Тут людзі, з якімі я адпрацавала столькі год, з імі ў мяне добрыя адносіны, а ў горадзе каму я патрэбная буду? Так і дапрацавала да пенсіі», – сказала яна.

НА ПЕНСІІ Ў ВЁСЦЫ НЕ СЭКАНОМІШ

Пенсію Людміла Мікалаеўна па цяперашніх мерках, зарабіла неблагую – 400 рублёў. «Прыварак» для яе – падпрацоўка ў калгасе, дзе яна ў сезон працуе то вагаўшчыком, кладаўшчыком, на зіму пераходзіць тэхнічкай у кантору.

«Грошы невялікія – 130–150 рублёў у месяц, але мне і гэта добра. Моладзь наўрад ці будзе за такую зарплату працаваць», – сказала яна і дадала, што грошы ў цэлым атрымлівае «нармальныя».

Жанчына расказала, што некаторыя людзі памылкова лічаць: калі жывеш ў вёсцы і ёсць свая гаспадарка, то грошай амаль не траціш. Але гэта не так. Людміла Мікалаеўна гаворыць, што грошы штомесяц расходуюцца.

«Канешне, без рубля ў кішэні не застаюся, але і долараў няшмат удаецца назапасіць. Толькі крыху збярэш, як нейкія праблемы паяўляюцца, – дастаеш грошы са схованкі і аддаеш», – сказала яна і патлумачыла пра свае траты.

Шмат грошай, асабліва зімой, пенсіянерка плаціць за ацяпленне дома газам. Таксама кожны месяц аплачвае камунальныя паслугі, мабільны тэлефон, тэлебачанне. Усё разам «цягне» рублёў на 100 за месяц. Пэўная частка грошай разыходзіцца і на корм для жывёлы – муку, зерне.

Раз у два гады жанчына купляе дровы, каб паліць у печы ў гаспадарчай будыніне, дзе яна варыць корм кабану. А яшчэ шмат грошай траціцца на працу ў агародзе: поле ўзараць, бульбу пасадзіць, апрацаваць, выкапаць і на іншыя палявыя работы.

«Я жыву адна, без гаспадара, на ўсе работы прыходзіцца наймаць людзей. Ніхто ж за дзякуй працаваць не будзе», – разважала яна.

У бліжэйшы час пенсіянерцы трэба паклапаціцца прабурыць скважыну на падвор`і, бо вада ў калодзежы дрэнная.

«Ізноў жа, трэба мо тысячу рублёў аддаць. Што назбірала – тое і патрачу», – сказала яна.

Пенсіянерка дзякуе лёсу, што здароўе яе пакуль не падводзіць і не прыходзіцца купляць лекі. Але на ежу сабе пенсіянерка грошай не шкадуе.

«Трэба ж і нам хоць у старасці сябе крыху пацешыць смачненькім», – пасміхаецца Людміла Мікалаеўна. Праўда, асаблівых мясных прысмакаў не выкупляе, але не шкадуе грошай на фрукты.

І, як гэта прынята, пенсіянерка дапамагае сваім дзецям і ўнукам: дорыць шчодрыя падарункі на святы, дапамагае будавацца, «падкідвае» грошай унукам-студэнтам.

«Як я не дам, калі грошы ёсць? Мне яны кішэню будуць муляць, калі буду ведаць, што ў моладзі ёсць у грашах патрэба, а я не дала», – разважала яна.

РАНЕЙ ЛЮДЗІ ПРЫХОДЗІЛІ НА ПРАЦУ, А СУЧАСНАЯ МОЛАДЗЬ – НА АДПРАЦОЎКУ

Наогул, па словах Людмілы Мікалаеўны, яна на пенсіі працуе не таму, што не хапае грошай на жыццё, а таму, што дома ёй сумна. Яна аўдавела каля дзесяці гадоў таму і цяпер жыве адна. Аднак чалавеку, які ўсе жыццё адпрацаваў сярод людзей, не хапае ўзаемаадносінаў з людзьмі.

«Я іду ў людзі: і папрацуеш, і з пагаворыш – вось і дзень пройдзе. Летам яшчэ агарод, у лес можна пайсці – і за працай не заўважаеш часу. А зімой хоць плач. Іншы раз у выхадны дзень не ведаеш, чым сябе заняць. Тэлевізар жа днямі глядзець не будзеш – надакучае. Ды й і пагутарыць хочацца, справы нейкія абмеркаваць, праблемамі падзяліцца», – сказала яна.

Сядзець без працы яна таксама доўга не можа, бо, як жартуе Людміла Мікалаеўна, яна чалавек «старой загартоўкі». Раней у калгасе, калі трэба было абрабляць дзялкі ці ўбіраць сена, усе людзі выходзілі ў поле, нягледзячы на тое, хто ты: інтэлігент, прадстаўнік адміністрацыі ці просты калгаснік.

«Бывала, прыйдзе старшыня і скажа: «Дзяўчаты, ў ружжо!» – і мы хуценька кідалі сваю працу, зачынялі кантору і ішлі ў поле», – расказвала яна.

«Сучасная моладзь не падобная на нас. Не скажу, гэта дрэнна ці добра. Нашы пакаленні проста розныя. Маладыя цяпер прыходзяць на працу «разумныя», працу сваю ведаюць, але больш карысці шукаюць. А якая карысць у вёсцы? Зарплаты добрай не заробіш, вось яны і прыязджаюць на адпрацоўку, а пасля – хоць трава не расці! Пакідаюць месца работы і едуць у вялікія гарады, дзе можна добра зарабіць.

І не трэба іх вінаваціць, бо маладым трэба сям`ю заводзіць, жыллё будаваць», – адзначыла яна і дадала: – Але душа за родную вёску, за нашу гаспадарку баліць. Хочацца, каб прыходзілі сюды не выпадковыя людзі, а тыя, хто любіць зямлю, хоча на ёй працаваць. Можа, нарэшце, і ў сельскай гаспадарцы пачнуць зарабляць грошы, і тады людзі кінуцца сюды».

Из рубрики
comments powered by HyperComments