weather

USD 2.1105

EURO 2.3515

RUR(100) 3.2605

search

Аб небяспечнай працы на лесапункце

Сёння на лесапункт яшчэ да абеду прывезлі зарплату. Пачалі выдаваць яе ў нашым вагончыку, у якім мы пераапранаемся і абедаем. Наш брыгадзір Барок прапанаваў: «Хлопцы, давайце складзёмся па два рублі кожны і «замочым» зарплату. Можа, жонкі нашы за гэтыя рублі шуму не падымуць, ды ім колькі ні дай тых грошай – усё мала. А нам на кожнага прыйдзецца па чыкушцы «масквіча» ды і на закуску яшчэ застанецца. Пасля працы пасядзім трошкі ў хаце старога Шуляка – колькі таго жыцця?..»

 Фото носит иллюстративный характер
Фото носит иллюстративный характер

Усе падтрымалі брыгадзіра, акрамя Бярозкі, якому, мабыць, шкада было грошай, бо ён запярэчыў:

«А можа, па рублю хопіць?»

Барок адказаў яму жартам:

«Сямён, ты хочаш за рубель напіцца, пад`есці ды каб я табе яшчэ і здачу даў?» – і мужчыны зарагаталі.

Пасля працоўнай змены ўся брыгада сядзела за сталом у хаце Шуляка. Барок разліваў гарэлку. Пачаў з Бярозкі, але не паспеў закрыць дно ў яго чарцы, як той закрычаў:

«Стоп, харош!»

Барок, засмяяўшыся, зноў аджартаваўся:

«Сямён, то ж яшчэ не стоп-харош, а толькі пачатак...»

Вось такія яны былі розныя – Барок вясёлы і жартаўлівы, а Бярозка, наадварот, маўклівы і не любіў жартаў, асабліва калі яны адрасаваліся менавіта яму.

ПРАЦА З ЭЛЕКТРАПІЛОЙ НЕБЯСПЕЧНАЯ

Спачатку брыгадзірам у нас быў Канцавы. Але два тыдні таму , калі прыйшоў чарговы МАЗ, ён пачаў распілоўваць лес з хлыстоў, а не з камялёў, і адзін з іх адпружыніў і ўдарыў па піле, а тая парэзала нагу. Цяпер Канцавы ляжыць у бальніцы. Таму паўстала пытанне: хто будзе распілоўваць лес?

Пасведчання аб заканчэнні курсаў электрапільшчыка ні ў кога, акрамя Канцавога, не было. Майстар лесапункта сказаў, што да таго часу, пакуль вернецца з бальніцы Канцавы, распілоўваць лес давядзецца камусьці з брыгады, хто ўмее гэта рабіць.

Лепшай кандыдатурай быў Лявончык, які іншы раз прасіў у Канцавога пілу і пад яго наглядам рабіў распілоўку. Але тут Барок рашуча схапіў пілу і сказаў Лявончыку:

«Сяргей, ты яшчэ малады, табе жыць ды жыць трэба, а работа гэтая небяспечная. Ведаеш, колькі абаротаў у хвіліну ў гэтай пілы?»

За першы дзень распілавалі два МАЗы, хаця па норме трэба было ўправіцца з чатырма. І толькі на чацвёрты дзень Барок распілаваў чатыры МАЗы. На работу замест ватных штаноў ён апранаў трое летніх портак. Казаў:

«Я гарачы, толькі пацею ў тых ватніках».

Аднойчы хтосьці заўважыў, што порткі ў яго паміж ног былі парваныя. Хоць і разумелі, што гэта ён зрабіў цэпкай ад пілы, але пачалі смяяцца з пільшчыка, што гэтак можна і без дзяцей застацца. Барок знайшоў што адказаць:

«А ў мяне ўжо пяцёра ёсць, так што мне гэта не страшна».

«ГЕНЕРАЛЬСКІ» АБЕД

Дзень быў марозны і застаўляў нас добра варушыцца. Якраз прывезлі МАЗ асіны, на першы погляд, тоўстай і роўнай. Але як толькі пачалі распілоўваць, аказалася, асіна ўнутры ўся гнілая. Прыйшлося ўвесь МАЗ пусціць на дровы, а гэта марная трата часу: працы многа, а зарплаты менш.

На абед брыгада прыйшла стомленая і без настрою. Але ў вагончыку было ўтульна і цёпла, дый на буржуйцы стаяў чайнік. Мужчыны павесялелі і сталі дзякаваць Мані Жмырцы за тое, што ўсе вагончыкі на лесапункце ў чысціні трымае, абаграе і ўсе брыгады чаем поіць.

Барок паабедаў хутчэй за ўсіх і, хаця да канца абеду заставалася яшчэ хвілін пяць,падміргнуў нам і сказаў:

«Ну, можна ўжо ісці працаваць».

А Бярозка разумее, што гэта гаворыцца ў яго адрас, і са злосцю адказвае:

«Ну калі ты ўжо з`еў свой абед, дык ідзі працуй».

Барок зноў нам падміргвае і гаворыць:

«Сямён, можна падумаць, што абед у цябе генеральскі, яго ж можна з`есці за пяць хвілін».

А Бярозка яму:

«Калі ты камлыка, то можаш і за пяць хвілін праглынуць, а я на свой яшчэ маю часу».

Калі мы выходзім з вагончыка, Барок паспявае сказаць:

«Глядзі, Сямён, еш акуратненька, не то ежа не ў тую кішку трапіць», – і хуценька зачыняе дзверы.

Мы ўжо на рабочых месцах, а Бярозка яшчэ ўсё ў вагончыку агрызаецца.

«ПЛЯВАЦЬ МНЕ НА ВАШУ ПРАГРЭСІЎКУ...»

Нездарма панядзелак называюць цяжкім днём, а тут яшчэ дождж пайшоў. Нашы рукавіцы сталі мокрымі, але з МАЗам мы разабраліся. І тут, калі Барок пачаў распілоўваць другі МАЗ, мы раптам пачулі яго ўстрывожаны голас:

«Хлопцы, ратуйце!»

Кабель, які ішоў да пілы, у многіх месцах быў закручаны ізалентаю і, калі намок, ток па ім пайшоў к піле, а Барок не мог адкінуць яе ад сябе. Мы трое – Бярозка, Лявончык і я – кінуліся да рубільніка, але адключыць яго не змаглі, бо вакол яго вырасла гара нестандартных адходаў з драўніны, і мы саслізгвалі з яе.

Але ў гэты час з другога боку эстакады наш самы старэйшы рабочы ў брыгадзе Пракоп схапіў сякеру і перасёк кабель. Піла сама ўпала з рук Барка. Маўчалі ўсе нядоўга. Аправіўшыся ад хвалявання, Барок зірнуў на Лявончыка і сказаў:

«Я ж табе нездарма казаў, што з электрапілой небяспечна працаваць, вось цяпер сам бачыш...»

Праз хвілін трыццаць мы паклікалі электрыка. Той, угледзеўшы перасечаны кабель, пачаў на нас крычаць, што не выключылі рубільнік, а сапсавалі кабель; што яму няма дзе цяпер дастаць новы кабель; што ён напіша на нас дакладную майстру ўчастка і мы застанёмся без прагрэсіўкі... Мы таксама не маўчалі, выгаварылі электрыку, што з такім перакручаным кабелем небяспечна працаваць у дажджлівае надвор`е. Пракоп прызнаўся, што гэта ён перасёк кабель і абурана выказаўся:

«Пляваць мне на вашу прагрэсіўку – галоўнае, што я чалавека выратаваў».

Пасля слоў Пракопа электрык моўчкі ўзяўся рамантаваць кабель, а потым пайшоў і прынёс Барку гумовыя рукавіцы. А праз тыдзень, нарэшце, замянілі стары кабель на новы. У красавіку выпісаўся з бальніцы Канцавы, але на лесапункт больш не вярнуўся – жонка не пусціла, сказаўшы:

«Хопіць бяды. Там праца небяспечная, а ў цябе трое малых дзяцей. Шукай сабе спакойную работу».

«ЗАЙЦАМІ» ПРАЕХАЦЬ НЕ ЎДАЛОСЯ

Прыйшло лета, прынесла з сабой сонца і цяпло, і людзі сталі весялейшымі. Пасля работы мы з Лявончыкам штодзень купаліся ў возеры побач з лесапунктам. Вада ў ім чыстая, прахалодная, і плаваць было вельмі прыемна. У чацвер ва ўсіх нас закончыўся тэрмін праязных білетаў.

Мы вырашылі ў пятніцу здаць Лявончыку (ён збіраўся ехаць па сваіх справах у райцэнтр) фотаздымкі і грошы на праязныя, якія ён павінен будзе за нас атрымаць. У пятніцу, прыпазніўшыся, прыйшлі на перон. Білеты на праезд не паспелі купіць, бо ўжо падыходзіў прыгарадны цягнік. Рашылі, што пранясе, бо колькі тут ехаць – усяго тры кіламетры.

Але як толькі селі ў вагон і цягнік крануўся, да нас падышлі рэвізоры. Як мы ні тлумачылі, як ні прасіліся, што нам на працу трэба, нас павезлі ў райцэнтр, добра хоць не ў Баранавічы. На вакзале ў Ганцавічах нас завялі ў пакой міліцыі, і старшы лейтэнант запісаў нашы прозвішчы і ініцыялы. Дакументаў пры нас не было.

Лявончык і Барок сказалі свае даныя, а Бярозка назваў іншае імя па бацьку (свайго сваяка). Калі дайшла чарга да мяне, то я назваў чужое прозвішча і ініцыялы. Праз нейкі час Барку, Лявончыку і Пракопу прыйшлі квіткі аплаціць штраф у суме пяць рублёў.

Мне, канешне, нічога не прыйшло, а вось Бярозка наламаў дроў: квіток прыйшоў яго сваяку. Той заплаціў, а потым даведаўся, хто ў гэтым вінаваты, і яны доўга сварыліся.

ТРАГІЧНАЯ СМЕРЦЬ БРЫГАДЗІРА

Лета прайшло хутка, і пачалася мая любімая пара года – восень. У пачатку лістапада я расставаўся з брыгадаю: мяне прызвалі ў армію. Падчас армейскай службы я часта ўспамінаў сваю брыгаду, нашы працоўныя будні.

За месяц да дэмабілізацыі мне напісалі з дому, што загінуў наш жартаўнік-брыгадзір Барок. Ён, падвыпіўшы з сябрам, вяртаўся дадому. Калі хацеў перайсці ў забароненым месцы чыгунку, пачуў прыбліжэнне цягніка.

Барок прапусціў яго і рушыў далей. Але ён забыўся, што ўжо месяцы тры таму быў пракладзены другі пуць, які ён цяпер не паспеў перайсці: сустрэчны цягнік адкінуў яго ад пуцей. Людзі ў вёсцы казалі, што Барок мог бы застацца жывым, каб, падаючы, не прабіў аб шчэбень скронь.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики