weather

USD 2.1105

EURO 2.3515

RUR(100) 3.2605

search

Якія праблемы хвалююць жыхароў Хатыніч і Круговіч

Сельскія сходы прайшлі ў сярэдзіне сакавіка ў аграгарадках Раздзялавічы, Хатынічы, а ў аўторак 26 сакавіка ў вёсках Малыя Круговічы і Вялікія Круговічы. У Хатынічах і Вялікіх Круговічах прысутнічаў і журналіст “ГЧ”.

Традыцыйна старшыні сельвыканкамаў паведамілі пра колькасць насельніцтва, пра работу арганізацый і прадпрыемстваў, якія працуюць на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў раёна. А падчас сустрэчы жыхары задавалі актуальныя для іх пытанні.

Агульнае ў выступленнях як у Хатынічах, так і ў Вялікіх Круговічах было тое, што насельніцтва вёсак змяншаецца, усё больш дамоў пустуе, ёсць праблемы дарог, медабслугоўвання, нарыхтоўкі дроў, работа гадлёвых кропак, пажарная бяспек і крымінагенная абстаноўка ў населеных пунктах.

У аграгарадку Хатынічы хацелі перавыбраць старасту вёскі (цяперашні стараста Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч ужо 27 гадоў на гэтай грамадскай пасадзе). Але людзей у зале было няшмат, таму гэтае пытанне перанеслі.

Але падзячную грамату і кветкі Андрэю Андрэевічу за шматгадовую працу ўручылі. Узнагародаў у старасты ужо шмат, адна з апошніх – грамата ад рэспубліканскага прафсаюза, падпісаная Міхаілам Ардой. Людзі лічаць, што стараста заслужыў яе, бо, па словах вяскоўцаў, у людзей ён мае высокі давер.

Чуткі, што нехта яго вырашыў адправіць “на пенсію”, хоць ён і так на пенсіі даўно, бо адпрацаваў настаўнікам 45 гадоў, ходзяць сярод хатынаўцаў. Але вырашаць людзям.

На пытанне старшыні сельсавета Генадзя Перашчука, ці не стаміўся ён, Андрэй Андрэевіч адказаў, што гатовы працаваць з дзеючым старшынёй, пакуль той будзе на пасадзе, бо ўсё ў іх разам спраўна атрымліваецца.

Вострае пытанне настаўніка Хатыніцкай СШ Дзмітрыя Бондара наконт таго, чаму не вывешваюцца спісы надбавак і прэміяльных настаўнікам, выклікала палеміку паміж ім, дырэктарам школы Святланай Перашчук і начальнікам раённага аддзела Надзеяй Здрок.

«Адкрытасць размеркавання надбавак і прэміяльных работнікам адукацыі – гэта мерапрыемства антыкарупцыйнае. Адміністрацыя школы, не вывешваючы спісы, не даючы азнаёміцца ўсім работнікам з налічанымі прэміямі, стварае прадпасылкі, што можна маніпуліраваць настаўнікамі, – сказаў Дзмітрый Станіслававіч. – І такія факты былі, калі за адну і тую ж работу настаўнікі атрымлівалі розныя прэміі. Гэта парушэнне заканадаўства».

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў пацікавіўся, ці прапісана гэта ў калектыўным дагаворы, на што дырэктар школы адказала, што ў дамове прапісана пра галоснасць налічэння надбавак і прэмій.

Сяргей Вітальевіч сказаў, што калі ў дагаворы не прапісана вывешваць, то ніхто вывешваць і не будзе. І патрэбна тады ўнесці змены ў калектыўны дагавор.

“Уносьце прапановы, абмяркоўвайце, а калі прымеце рашэнне – вывешвайце”, – сказаў Сяргей Сарокаў.”

Абмеркаваць гэта ён прапанаваў пасля сходу. Пытанне Дзмітрыя Бондара пра тое, ці можа ён азнаёміцца з гэтымі спісамі (а ён з’яўляецца членам прафкама школы), засталося без адказу.

“Унутрышкольныя пытанні трэба разглядаць у школе”, – сказаў старшыня сельсавета Генадзь Перашчук.

Начальнік РАА Надзея Здрок сказала, што зараз будзе франтальная праверка, яна сама наведае школу, і гэтае пытанне будзе вырашана. Праўда, было незразумела, чаму Н. Здрок была праціўніцай адкрытасці, каб гэты спіс прэмій быў даступны настаўнікам.

“Не прапісана, как яго вывешваць”, – рэзюміравала Надзея Уладзіміраўна.

Гэта пытанне не такое і “хатынаўскае”. Ужо неаднаразова з іншых устаноў адукацыі былі нараканні, што не ведаюць работнікі, колькі прэміі і за што налічвае адміністрацыя, што выклікае падазрэнні пра стымуляванне сваіх прыбліжаных. А з тым, вывешваць ці не – калі «галосна» прапісана, то што тут разбірацца? Любы работнік можа прыйсці, і паказаць усе спісы яму абавязаны. Тут і сапраўды могуць узнікнуць падазрэнні аб карупцыі.

Па школе былі і іншыя пытанні. Падымалі людзі шмат розных праблем, і ўсе прадстаўнікі арганізацый іх фіксавалі. Выканаюць ці не – хутка ўбачым.

Эмацыйна прайшоў сход і ў в. В. Круговічы. Людзей там сабралася нашмат больш, чым у Хатынічах. І дэбаты ішлі іншы раз з моцным накалам.

“ЗАРАЗ ДУША БАЛІЦЬ, КАЛІ ГЛЯДЗІШ НА ВЁСКУ”

“Круговічы – гэта цэнтр цывілізацыі, тут жывуць самыя прагрэсіўныя людзі, – сказаў Алег Коўш, сын вядомага ў савецкія часы калгаса “Сцяг Леніна” старшыні калгаса. – Вы не смейцеся. Не сказаць, што ў Круговічах людзі вельмі веручыя, але мы царкву сваю не далі раскідаць. Ва ўсіх іншых вёсках цэрквы разбурылі ці зачынілі, а Круговічы адзіныя ў раёне, дзе царква не спынялася дзейнічаць. Яна і пры Хрушчове, і пры Брэжневе была».

Па словах Алега Алегавіча, за тое, што Круговічы давялі да такога стану, якія яны цяпер, некага ў турму трэба садзіць. І аднавяскоўцы гэта падтрымалі гулам адабрэння і нават выкрыквалі, каго з былых кіраўнікоў трэба пасадзіць.

«Зараз душа баліць, калі глядзіш на вёску. Разваліць такі калгас! Каму было патрэбна тое аб’яднанне з калгасам “Парыжская камуна”? Гулюку з Грыгаранам? Востраў абакраў Круговічы, усё расцягнулі, цагельны завод стаў непатрэбны, а Ваганавіч (Уладзімір Грыгаран – заўв. аўтара) дзе зараз, які залатыя горы абяцаў?»

ПАДЗЯКІ ЎРАЧАМ І КРЫТЫКА МЕДАБСЛУГОЎВАННЯ

Кругаўцы выказвалі падзяку, а адна жанчына нават перадала нізкі паклон цяперашняму доктару, якія два разы прыязджае на ФАП (хоць галоўны ўрач Вадзім Сашко абяцаў у мінулым годзе, што тры разы на тыдзень у іх будзе ўрач).

А вось на медабслугоўванне ў райцэнтры было шмат нараканняў. Адна жанчына сказала, што яе не паклалі ў бальніцу, бо месцаў не было.

“А тэрмін назначылі такі, што людзі маглі ўжо саракавіны пасля маёй смерці справіць”, – сказала пенсіянерка.

Змястоўна і крытычна выступіў Аляксандр Радзюк, які заўсёды выдзяляўся нераўнадушшам да людскіх праблем.

“Мы хацелі б бачыць тут спадара Сашко, які з’яўляецца галоўным урачом і дэпутатам, за якога мы галасавалі, – сказаў А. Радзюк. – Тыя адносіны, з якімі сутыкаюцца людзі ў паліклініцы – гэта жах! Жанчына, атрымаўшы талон, адстаяла чаргу, прыходзіць да тэрапеўта, ледзьве на нагах стаіць; тэрапеўт накіроўвае яе да другога доктара; той кажа, што без талона прымаць не будзе – а талонаў ужо няма! Яна і кажа: «Што ж мне рабіць, самой той талон выпісваць?» У адказ чуе: «Выпісвай сама». Што гэта за падыход!? Я не кажу пра прафпрыгоднасць, а пра адносіны да пацыентаў. Чалавек можа памерці ў прыёмным пакоі, а на яго не звернуць увагі… Таму я заклікаю: звяртайцеся непасрэдна да Сашко! Пішыце скаргі, вось тады нешта зрушыцца. Бо пакуль тыя, хто так адносіцца да людзей, не будуць пакараны, не застануцца без прэміі, а нехта і без пасады, толку не будзе!”

Але былі словы і ў абарону ганцавіцкіх медыкаў, якія не раз выратоўвалі людзей, і нават пры даягназе, з якім нехта памёр у мінскай бальніцы, нашы дактары чалавека, вобразна кажучы, выцягнулі з таго свету.

ПРА АБ’ЯДНАННЕ СЕЛЬГАСГАСПАДАРАК І РАЗВАЛ

Самым актыўным на сходзе быў Канстанцін Гурман, які ў свой час працаваў на кіраўнічых пасадах, і з ягоных выступленняў было відавочна, што за Круговічы ў яго таксама баліць душа. Ён падымаў пытанне выпіскі дроў у лясніцтве (вакол лясы, а прыходзіцца купляць у камерсантаў у тры разы даражэй).

Спыніўся і на пытанні аб’яднання селгасгаспадарак, якія зараз плануюць аб’ядноўваць у раёне, што трэба вельмі дасканала ўсё пралічыць і не паўтарыць сумны вопыт аб’яднання калгасаў “Сцяг Леніна” і “Парыжская камуна”.

“Не рабіце такіх памылак. Кіраўніцтва раёна якую недаравальную памылку тады дапусціла! Аб’ядналі голага з голым і хацелі атрымаць апранутага. Тэлевізарамі і дыванамі заманулі і абманулі людзей, а што атрымалі – бачыце цяпер!? Вы бачыце, што робіцца з землямі? Запусценне. Душа разрываецца ад болю, а за краіну як крыўдна! – гаварыў Канстанцін Адамавіч. – Дабілі вёску, пазвозілі шматдзетныя сем’і ў горад. Ну што жыллё далі – добра. Але навошта, калі яны там без работы сядзяць!? Што вы робіце? ”

Пра развал пасля так званага аб’яднання калгасаў пытанне людзі падымалі не толькі таму, што давялі перспектыўную вёску да такога стану, што зараз без жалю і глядзець нельга. За такое, па словах людзей, не аднаму кіраўніку мясцовай улады трэба было б адкруціць галаву. І эмацыйнае выказванне А. Лукашэнкі ў Баранавічах, што кіраўнікі бязмозглыя, тут якраз да месца. Гэта ж якія “разумнікі” прымалі рашэнне аб тым, што вёску Востраў зрабілі аграгарадком, а не Вялікія Круговічы.

Хоць бы гісторыю пачыталі ды параўналі перспектыўнасць развіцця. Бяздарнасць на мяжы злачыннасці – вось вынік іх рашэння. І ніхто не панёс адказнасці! Правільна людзі казалі, што яны, гэтыя «разумнікі», за мяжу не ўцяклі і на Марс не паляцелі.

Персанальную адказнасць павінны несці тыя, хто падпісваўся пад такім рашэннем. У Востраў іх перасяліць на пасады ці з віламі працаваць, няхай адраджаюць калгас, які цяпер самы дабіты ў раёне, няхай школу адкрываюць і сваіх дзяцей ці ўнукаў туды прывозяць.

ШТО ПААБЯЦАЛА КІРАЎНІЦТВА КРУГАЎЦАМ

Гадзіны дзве доўжыўся сход, на які прыйшло больш за 60 чалавек. Многія скаргі і прапановы госці кіраўніцтва і прадстаўнікі арганізацый узялі “на карандаш”. А на многія пытанні адказалі падчас сустрэчы.

Старшыня Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрый Шапель паабяцаў, што дапаможа разабрацца з пытаннем выпіскі дроў, а таксама заявіў, што ні аддзяленне Беларусбанка, ні магазін у гэтым годзе ў В. Круговічах зачыняцца не будуць. ФАП таксама застанецца. Абяцалі таксама разабрацца і з медабслугоўваннем, але гэта вырашыць галоўны ўрач Ганцавіцкай ЦРБ Вадзім Сашко.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики