weather

USD 2.0759

EURO 2.3142

RUR(100) 3.2154

search

У тылу ворага і на фронце: як узгадвае пра вайну апошні ветэран з вескі Дзяніскавічы

Адна з самых ганаровых дат у гісторыі нашай краіны - 74-ы Дзень Перамогі. На жаль, з кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вынеслі цяжар вайны на сваіх плячах, старовіцца ўсё менш і менш. Вось і 92-гадовы Васіль Рыгоравіч Берташ з Дзяніскавіч цяпер адзіны ветэран у роднай вёсцы.

 Васілю Берташу з Дзяніскавіч давялося перажыць акупацыю і трапіць на фронт яшчэ юнаком. Фота Сяргея БАГРОВА
Васілю Берташу з Дзяніскавіч давялося перажыць акупацыю і трапіць на фронт яшчэ юнаком. Фота Сяргея БАГРОВА

Складанае юнацтва дасталася Васілю, у 1944 годзе сямнаццацігадовы юнак быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Але і да гэтага часу хлопцу давялося паспытаць, што такое вайна. Па яго ўспамінах, ворагі здзекаваліся з карэннага насельніцтва. Людзі іх баяліся і без прычыны з хат не выходзілі.

Немцы лютавалі таму, што баяліся партызан, і, калі ў іх узнікала хоць якая падазронасць, што хто-небудзь з вяскоўцаў ім дапамагае, знішчалі ўсю сям`ю.

Васіль Рыгоравіч расказаў, як нейкі мужчына прывёў у вёску двух малых дзяцей – хлопчыка і дзяўчынку, якім споўнілася мо годзікаў па тры. Ворагі павесілі іх у цэнтры вёскі: маўляў, гэта яны пакаралі дзяцей партызан. На карную аперацыю сагналі ўсю вёску, каб людзі на свае вочы пераканаліся, што з імі будзе, калі яны будуць дапамагаць партызанам.

Фота Сяргея БАГРОВА
Фота Сяргея БАГРОВА

«Некаторыя плакалі, бабы дык і наогул галасілі. А ў мужчын кулакі сціскаліся, але што рабіць? У ворагаў зброя, рыпніся – і перастраляюць усю сям`ю», – успамінаў Васіль Рыгоравіч.

Ветэран расказаў пра яшчэ адзін выпадак, калі ворагі не пашкадавалі нават немаўля ў люльцы, быццам бы яно прадстаўляла для іх пагрозу.

«Калі яны ішлі караць сям`ю партызана, то забівалі ўсіх без жалю. У адной хаце дзіцятка за нагу з люлькі выцягнулі і, трымаючы на выцягнутай руцэ ўніз галавою, стрэлілі ў яго», – сказаў стары.

Фота Сяргея БАГРОВА
Фота Сяргея БАГРОВА

Карнікі знішчалі і яўрэяў. У адзін дзень сагналі мужчын-яўрэяў каля вадакачкі ў цэнтры вёскі, на калені паставілі, потым далі ў рукі рыдлёўкі і пагналі ў лес за вёску. Там яны загадалі няшчасным капаць сабе магілу, потым расстралялі іх і пахавалі ўсіх разам у той яме. Жанчын-яўрэек і дзяцей у той раз не чапалі.

Праз гады два яны сказалі ім, каб сабралі каштоўныя рэчы, дакументы і рыхтаваліся да перасялення ў Ізраіль. Але іх падманулі: абрабавалі, забралі каштоўнасці і павезлі некуды.

«А ці ў Ізраіль іх павезлі, ці расстралялі дзе па дарозе – ніхто не ведае. Мы гэтых людзей больш не бачылі», – расказаў Васіль Рыгоравіч.

Вялікага страху нацярпеўся і ледзь не загінуў Васіль, калі ў Дзяніскавічах ворагі палілі хаты. У адзін з такіх страшных дзён людзі беглі ратавацца ў лес. Бацька з матуляй схапілі малых дзяцей і таксама пабеглі. А Васіль дапамагаў бабулі ўратаваць жывёлу: яны адчынялі хлявы і выганялі скаціну на поле, а каб яна не вярнулася, зачынялі хлявы. Таму Вася не паспеў схавацца. Да іх на двор партызаны прынеслі свайго параненага таварыша, а падлетка прымусілі на асабістым кані адвезці раненага ў партызанскі штаб, які знаходзіўся ў Будчы.

Фота Сяргея БАГРОВА
Фота Сяргея БАГРОВА

Гэта было вельмі рызыкоўна: калі б немцы даведаліся пра сувязь з партызанамі, спалілі б іх сям`ю. На шчасце, усё абышлося. Ён без прыгод давёз партызана ў Будчу, пакінуў каня ў сваяка, а сам пайшоў дадому.

«Мне сказалі, каб па дарозе ішоў, бо падумаюць, што я партызан, і заб`юць. Я амаль усю дарогу бег. Холадна ж было, ногі мерзлі. Які тады абутак быў – лапці... Калі выйшаў на ўскраек вёскі, ажно пахіснуўся – такая жудасная карціна паўстала перада мной... Паўвёскі комінаў стаіць – хаты пагарэлі», – з дрыжыкамі ў голасе расказваў ветэран.

«З ВАЙНЫ ПАХУ РЫБЫ НЕ ПЕРАНОШУ...»

На вайну хлопец пайшоў тады, калі вызвалілі Заходнюю Беларусь. Ён успамінае, што салдаты часта галадалі.

«Выдавалі нейкі паёк, дзве скібачкі хлеба і кашу-размазню накшталт пярлоўкі. І рыбай пратухлай кармілі. Жываты скручвала так, што хоць плач. Да гэтага часу не пераношу паху рыбы», – прыгадаў Васіль Рыгоравіч і дадаў, што, каб прыглушыць голад, салдаты, бывала, елі нават сырую бульбу.

Фота Сяргея БАГРОВА
Фота Сяргея БАГРОВА

Доўга на перадавой ваяваць хлопцу не давялося: амаль адразу ён атрымаў сур`ёзнае раненне і сем месяцаў правёў у шпіталі ў Венгрыі. Яго паранілі ў правы бок, але, на шчасце, куля прайшла навылёт. Аднак Васілю давялося перанесці тры аперацыі.

«Рана ніяк не загойвалася, гніла. Антыбіётыкаў жа тады не хапала. Але неяк загаілася, толькі вось паўбока у мяне выразалі», – расказаў пра раненне ветэран.

Медсястрычкі ў шпіталі шкадавалі хлопца, падкормлівалі чым маглі.

«Я ж зусім яшчэ юнак быў, маленькі, худзенькі. У сямнаццаць гадоў на вайну пайшоў, бо маці па нейкай прычыне прыпісала мне лішні год у дакументах», – расказаў Васіль Рыгоравіч.

Пасля таго, як яго выпісалі са шпіталя, ён аж сем гадоў служыў у Вене пры камендатуры. Там ён навучыўся па-майстэрску граць на акардэоне. Ветэран мае баявыя ўзнагароды – за раненне яго ўзнагародзілі медалём, а пасля таго, як вярнуўся на радзіму, у Ганцавіцкім ваенкамаце ўручылі медаль Перамогі над Германіяй.

Фота Сяргея БАГРОВА
Фота Сяргея БАГРОВА

НАГАРАВАЎСЯ НА ВАЙНЕ, АЛЕ ПРЫДБАЎ СЯМЕЙНАЕ ШЧАСЦЕ

Са сваёй будучай жонкай Марынай Васіль пазнаёміўся ў пачатку пяцідзясятых на вячорках, ці яшчэ, як кажуць, «зборках». Маладому Васілю адразу прыглянулася прыгажуня, якая так звонка спявала. Дзяўчына ж не магла не адказаць узаемнасцю хлопцу, у якога ў руках аж гарэў гармонік.

Пасустракаўшыся год, маладыя пажаніліся. Марыне было 20, Васілю – 25 гадоў. Складана было жыць людзям у пасляваенныя часы, была нястача ва ўсім: і ў ежы, і ў вопратцы. А маладой пары дык і ўвогуле дапамогі і падтрымкі чакаць не прыходзілася, бо не было адкуль. Таму яны ўвесь час падтрымлівалі адзін аднаго і пражылі разам больш за 65 гадоў.

Фота Сяргея БАГРОВА
Фота Сяргея БАГРОВА

Васіль Рыгоравіч 40 гадоў адпрацаваў у леспрамгасе шафёрам, Марына Якаўлеўна працавала доўгі час у калгасе паляводам, 13 гадоў – прыбіральшчыцай у школе. У сям`і ягонай дзве дачкі – Надзея і Любоў, тры ўнукі і тры праўнукі, дзяўчынка і хлопчык названы ў гонар прабабулі і прадзядулі.

Дачка Надзея жыве ў Пярмі, яна ваеннаслужачая. Любоў жыла ў Адэсе, была настаўніцай музыкі. На жаль, ужо трэці год, як жонкі Васіля Рыгоравіча не стала. Цяпер разам з татам жыве дачка Люба.

«Гады бяруць сваё – тата стаў слабы, і яму трэба дапамагаць. Але я рада жыць разам з ім у роднай хаце», – патлумачыла дачка.

Ветэран сказаў, што кожны год чакае Дня Перамогі, бо гэтая дата вельмі важная для яго.

«Перамогу ж мы вынеслі на сваіх плячах», – сказаў ветэран.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики