weather

USD 2.0655

EURO 2.3307

RUR(100) 3.2077

search

У паэта Аляксея Галаскока юбілей: што ён хацеў у падарунак

Слаўны юбілей адзначыу 6 чэрвеня вясёлы і цікавы чалавек, паэт Аляксей Галаскок. Напярэдадні 70-годдзя наш зямляк і калега расказаў, чаму, пабываўшы доўгі час ў іншых краях, ён спыніўся на Ганцаўшчыне, а таксама пра тое, у чым сакрэт яго маладосці, весялосці і творчага запалу.

 У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Аляксей Пятровіч нарадзіўся і вырас на Гродзеншчыне. У Ганцавіцкі раён пераехаў у саракагадовым узросце і, дзякуючы пранікнёным вершам, стаў сваім.

Ці не шкадавалі аб пераездзе?

– Я ніколі аб гэтым не пашкадаваў. Пераезд звязаны з жаданнем жонкі працаваць. У Зэльве ёй не знайшлося месца ўрача, а ў Ганцавічах ёй паабяцалі працоўнае месца, і мы пераехалі сюды. Але Ганцавіцкі край пакарыў маю душу раней.

У 1975 годзе было наша вяселле, і калі я прыехаў у жончыну родную вёску Начу, то мяне вельмі здзівіла, што там гучыць тая ж беларуская мова, як і ў нас у Зэльве. Гэта мяне так уразіла, што гэтым мясцінам я прысвяціў верш.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Гэта былі Вашы першыя вершы?

– Не. Першыя вершы пачаў складаць прыкладна ў 12 гадоў. Калі я паказаў свой першы верш настаўніцы рускай мовы Таісе Іванаўне Лагуновай, яна прачытала яго і пахваліла мяне. Настаўніца прасіла мяне складаць вершы і дасылаць ёй. Пазней я даслаў ёй сваю кніжку на беларускай мове і пасылаў вершы да самай яе смерці.

Мая першая кніга была выдадзена ў 2005 годзе ў раённай бібліятэцы пад назвай: «У жыцці ў мяне ўсё няпроста». Вельмі шмат дапамагла і дзіцячая бібліяітэка – яна выпусціла тры мае зборнікі.

Калі часцей за ўсё нараджаюцца вершы?

– У мяне няма ніводнага надуманага верша. Пішу, калі мяне штосьці моцна ўразіла ці закранула. Было такое, што ішоў зімою па Любашаве і ўгледзеў счарнелую гарбаценькую хатку з жоўтымі фіранкамі. І я склаў верш «Чужая маці». Апошні мой верш пра тое, як я быў у дзіцячым садку.

У напрацоўках ёсць і празаічныя творы: гумарыстычныя, аповеды пра вандроўкі і ўспаміны пра бацькоў. Бацька вельмі хацеў, каб мы вучыліся. Таму я і старэйшыя сёстры стараліся апраўдаць яго надзеі. Ён хадзіў на бацькоўскія сходы і ганарыўся намі, бо мы добра вучыліся ў школе.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Старэйшыя сёстры скончылі медінстытут. А я ў дзясятым класе, параіўшыся са старэйшай сястрой, вырашыў, што буду паступаць у ваеннае вучылішча. На той час мне плацілі стыпендыю 87 рублёў – гэта былі вялікія грошы.

Пасля вучобы я служыў лейтэнантам у Новасібірску. Дзякуючы старэйшым сёстрам, якія вучыліся ў Гродна ў медінстытуце, пазнаёміўся з жонкай. Ларыса жыла ў адным пакоі з сярэдняй сястрой Марыяй. Аднойчы я паабяцаў, што праз пяць гадоў прыеду і ажанюся з ёй. Так і атрымалася. Відаць, лёс такі. У лістападзе будзе 44 гады, як мы з ёй разам.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Што вас з жонкай трымае разам столькі гадоў?

– У тым, што мы і сёння разам, вялікая заслуга маёй жонкі Яна вельмі разумная жанчына. І самае галоўнае ў нашых адносінах, лічу, гэта тое, што яна ўмела прабачаць. Я ёй вельмі ўдзячны за гэта. Дзякуй Богу, у нас выраслі добрыя дзеткі.

Дачка Алеся працуе сацыяльным педагогам у СШ №1 г. Ганцавічы. Сын Іван скончыў медінстытут, жыве і працуе ў Брэсце. У сына і дачкі па двое дзетак. Старэйшая ўнучка Каця ўжо выпускніца і будзе паступаць у ВНУ. Час ляціць вельмі хутка.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Вы вельмі добра выглядаеце. Скажыце, у чым сакрэт маладосці і на колькі гадоў Вы сябе адчуваеце?

– Цяжка сказаць. Адчуваю сябе гадоў на 60. Мой бацька заўсёды вельмі добра выглядаў. Відаць, гэта прырода так уплывае. Я ж і паляўнічым быў, і рыбаком. І самае галоўнае, ніколі не помсціў людзям і не трымаў за пазухай камень. Што думаў, тое і казаў у твар, хоць за гэта пакутаваў не адзін раз.

Гэта не заўсёды падабалася высокаму начальству, але за гэта ж мяне і паважалі. А можа, мне Бог яшчэ аддзячыў за тое, што я некалі разам з сяржантам Валітавым выратаваў ад смерці салдата з іншага палка падчас службы на перасоўным комплексе. Былы сяржант Валітаў зараз працуе рэўматолагам у Башкірыі і каля двух месяцаў таму ён звязаўся са мной па інтэрнэце.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Я вельмі рады, што людзі ўспамінаюць мяне добрым словам. Можа, менавіта таму, што яны жадаюць мне дабра, я і адчуваю сябе маладым? Упэўнены, што дабро заўсёды вяртаецца.

Што хацелі б змяніць у сваім жыцці, калі б была такая магчымасць?

– Нічога. Толькі вельмі шкадую, што мала распытаў у бацькі пра наш род. Бацька казаў, што ёсць вёска, дзе жыве шмат Галаскокаў, і мы з ім раней збіраліся туды паехаць. Час прайшоў, а мы так і не з`ездзілі. А хочацца даведацца падрабязнасці пра нашы карані.

У мяне нават ёсць верш такі:

«Адкуль наш род? Якой прыйшоў дарогай?

Мне дзед казаў, мы з добрых каранёў:

Грахоў баяліся і верылі ў Бога,

Да самай смерці бераглі бацькоў».

У Вас шмат гумарыстычных вершаў. Як з`яўляюцца жарты?

– Уся вёска Талалайкі, калі глядзець па слоўніку Даля, азначае гаварлівыя вясёлыя людзі. Адтуль і назва пайшла. Мой дзед нават мянушку меў Болбат, бо быў вельмі гаварлівы. Бацька наш любіў пажартаваць, дзядзькі – мужчыны жартаўлівыя, і сын таксама з тонкім гумарам.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Што б Вы папрасілі ў Бога для сваіх дзяцей?

– Хачу, каб яны былі здаровыя, каб радаваліся поспехам сваіх дзяцей і дачакаліся ўнукаў. У мяне ёсць верш, дзе я напісаў сыну:

«Збірай пра радавод усё, што знойдзеш,

Бо і ты прыкрочыш да сваёй мяжы,

Каб унук твой ведаў, праўнук помніў,

Сумуюць дзе над продкамі крыжы».

Хачу, каб шчасліва пражылі сваё жыццё і былі прыкладам для сваіх нашчадкаў, каб тыя ганарыліся, што належаць да роду Галаскокаў.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

Які падарунак лічыце каштоўным і хацелі б яго атрымаць?

– Я яго ўжо атрымаў. Гэта мая жонка Ларыса. Яна сапраўдны скарб для мяне, бо заўсёды падтрымлівала мяне, і я быў заўсёды ўпэўнены, што яна дома мяне чакае. Гэта вельмі важна для вайскоўца.

У паэта Аляксея Галаскока - юбілей
У паэта Аляксея Галаскока - юбілей

АЛЯКСЕЙ БЕЛЫ, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Адзін з паэтычных зборнікаў Аляксея Галаскока мае назву «Я шчаслівы...» Трэба сказаць, і на гэты раз аўтар не памыліўся. Ён сапраўды шчаслівы чалавек: прыгажуня-жонка, дзеці, унукі, надзейныя сябры...

А яшчэ – вершы. Сапраўдныя, якія ідуць ад сэрца. Аляксей Пятровіч – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, яго творы пабачылі свет у многіх беларускіх перыядычных выданнях: газетах «Зара», «Звязда», «Народная трыбуна», «ЛіМ», часопісах «Гаспадыня» і «Вожык»...

Не забывае паэт і сваю малую радзіму – яго вершы надрукаваныя і ў калектыўным зборніку вершаў «Зоры над Зяльвянкай». А абагульнены плён працы Аляксея Галаскока – яго шматлікія кніжкі, што ўжо пабачылі свет, сярод якіх «Беларусь мая, родная, мілая...», «Я шчаслівы», «У жыцці для мяне ўсё не проста», кніга вершаў для дзяцей «Суд над сарокай»...

Піша ён шчыра, старанна працуе над словам, таму творы Аляксея заўсёды выклікаюць здзіўленне і захапленне. Мы сябруем даўно. Сустракаемся на пасяджэннях абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, на з`ездах, проста «ў нефармальных абставінах» у якой-небудзь прывакзальнай кафэшцы...

Шкада, што такія сустрэчы не вельмі частыя. Але нам заўсёды ёсць аб чым пагаварыць, чым падзяліцца. У віншавальным слове да юбілея сябра я пазначыў: Гумарыст. Вясёлы і лагодны, Не застаўся ты і тут без справы. Ганцаўшчына стала домам родным, Тут сваю ты памнажаеш славу!

МАРЫЯ ЗАЛЯЦЕНКА, карэктар газеты «Ганцавіцкі час».

Аляксея Пятровіча больш за 20 год таму ведала як вайскоўца ў адстаўцы, які з сям`ёй прыехаў на сталае жыццё ў Ганцавічы. Я была тады класным кіраўніком у яго сына Івана і выкладала ў гімназіі беларускую мову і літаратуру. Вялікім гонарам для мяне і маіх вучняў былі сустрэчы на розных мерапрыемствах з падпалкоўнікам запасу, які на рускай мове распавядаў нам пра жыццё і службу ў Сібіры, раскрываў таямніцы запуску ракет у Капусціным Яры, пакінуў у нашай памяці незабыўныя ўрокі патрыятычнага выхавання.

І раптам... на выпускным вечары сына ў 2000-ым годзе ён выступіў ад імя бацькоў на дасканалай беларускай мове! Зварот да выпускнікоў і настаўнікаў быў вобразным, пранікнёным і ўражлівым, а закончыў сваё выступленне Аляксей Пятровіч вершам, прысвечаным выпускнікам, які напісаў да гэтай падзеі таксама па-беларуску.

Бясконцыя апладысменты тады былі шчырай падзякай аўтару. З таго часу і да гэтых дзён, калі бачымся з Аляксеем Пятровічам, гутарым па-беларуску. З глыбокай пашанай адношуся да гэтага чалавека, які за доўгія гады вайсковых вандраванняў па прасторах Расіі не выракся сваёй роднай мовы і, як толькі давялося вярнуцца на Радзіму, беларус Аляксей Галаскок загаварыў зноў на мове, з якой вырас на роднай Зэльвеншчыне.

Вось гэта і ёсць жывы прыклад сапраўднага патрыятызму і адданасці ўсяму роднаму. Можа, каб не на роднай мове, дык не такія шчырыя, прачулыя і прывабныя былі б яго вершы? А ў іх жа Аляксей Пятровіч дасціпна сумяшчае і філасофскі погляд на ўсе сферы жыцця, і жывы народны гумар, і тонкія псіхалагічныя ноткі беларускага характару...

У юбілейны дзень нараджэння жадаю Аляксею Пятровічу моцнага здароўя, глыбокага натхнення і плёну ў літаратурнай творчасці.

ПЁТР ГУЗАЕЎСКІ, галоўны рэдактар газеты «Ганцавіцкі час».

Лёс распарадзіўся так, што амаль з моманту заснавання газеты Аляксей Галаскок стаў не толькі сябрам рэдакцыі, але і ўнёс ўклад у станаўленне і развіццё выдання. Свой творчы і арганізатарскі талент ён рэалізаваў, аб`яднаўшы людзей з Ганцавіцкага раёна, якія перадаюць сваё бачанне жыцця, любоў да роднага краю вершаванымі радкамі.

Аляксей Пятровіч стаў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнага аматарскага аб`яднання «Пралеска» і на працягу ўжо амаль 15 гадоў з`яўляецца яго кіраўніком. Дзякуючы яго працы жыхары Ганцаўшчыны ўбачылі шэраг зборнікаў не толькі самога Аляксея Галаскока, але і агульны зборнік паэтаў Ганцаўшчыны «Пралескавы край».

Ад рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» і аб сябе асабіста віншую Аляксея Пятровіча з юбілеем! Жадаю доўгіх гадоў жыцця, творчага натхнення і каб яго новыя вершы радавалі аматараў паэзіі яшчэ многія-многія гады.

АКСАНА КАРПОВІЧ, загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі.

Аляксей Галаскок – часты госць раённай дзіцячай бібліятэкі і бібліятэк сістэмы. З літаратарам ладзяцца сустрэчы, урокі-знаёмствы, прэзентацыі зборнікаў. Усе мерапрыемствы праходзяць у шчырай, нязмушанай атмасферы. З непадробнай цікавасцю маленькія госці слухаюць аповеды паэта пра тое, як склаўся яго жыццёвы і творчы лёс, цікавяцца, як нараджаюцца вершы, прыслухоўваюцца да слушных парад і задаюць мноства пытанняў.

Адметная рыса такіх сустрэч у тым, што падчас сяброўскай размовы, слухаючы радкі, напоўненыя любоўю да Радзімы, рабяты і самі пачынаюць хіліцца да роднага беларускага слова. Даспадобы маленькім чытачам кнігі пісьменніка, наперабой адгадваюць хлопчыкі і дзяўчынкі загадкі, з нецярпеннем чакаюць новых!

А якое шчасце, калі героі з кніжных старонак ажываюць: выступленні лялечнага тэатра «Усмешка» па казцы «Суд над сарокай» ужо даўно заваявалі сэрцы маленькіх гледачоў.

Віншуем аўтара з юбілеем і зычым яму добрага здароўя і шмат новых твораў, якімі ён будзе радаваць нашых юных чытачоў.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики