weather

USD 2.0388

EURO 2.268

RUR(100) 3.1884

search

Як Дарафеіч тэлевізар у Баранавічах купляў

У першыя гады пасля вяселля Дарафеіч, па яго словах, яшчэ зусім малады хлопец, вырашыў чым-небудзь здзівіць сваіх аднавяскоўцаў і такім чынам заявіць пра сваю асобу. Гэтая назойлівая думка не давала спакою, але ж ён ніяк не мог прыдумаць, чым менавіта ўразіць землякоў.

Аднойчы ён пачуў па сваім старэнькім чорна-белым тэлевізары «Рэкорд», што ў Беларусі пачалі выпускаць новыя каляровыя тэлевізары з вялікім экранам.

«Ведаю, чым здзіўлю нашых вяскоўцаў! – аж запляскаў ад радасці ў далоні хлопец. – Куплю каляровы тэлевізар! Вось будуць зайздросціць хатынаўцы! А колькі будуць толькі пра мяне аднаго гаварыць па ўсім сяле!»

Каляровых тэлевізараў на той час у вялікай палескай вёсцы, лічы, не было. Ды і каштавалі яны вельмі дорага, больш за гадавую зарплату калгасніка. Даведаўшыся, што такі тэлевізар можна купіць у Баранавічах, Дарафеіч пачаў паспешна збіраць неабходную суму грошай.

Восенню прадаў карову, якую цешча з Раздзялавіч падарыла ім з жонкай на вяселле, і неўзабаве патрэбная сума грошай назбіралася. Але сваю мару Дарафеіч ажыццяўляў употай ад усіх, нават жонцы і шваграм не выдаваў сакрэту – вядома ж, так збіраўся ўсіх здзівіць!

Как Дорофеич работу в милиции потерял

ГРЭХ НЕ ВЫПІЦЬ БАРАНАВІЦКАГА ПІВА

І вось наступіў доўгачаканы дзень. Дарафеіч раней за ўсіх сустрэў світанак і на маршрутным аўтобусе паехаў у райцэнтр. У аўтобусе сярод пасажыраў сядзеў моўчкі, але важна і горда. Затое як толькі сеў у цягнік на Баранавічы, язык ягоны сярод чужых, незнаёмых яму людзей адразу развязаўся.

То ў аднаго, то ў другога спадарожніка ён цікавіўся, дзе ў Баранавічах можна купіць каляровы тэлевізар з вялікім экранам. Яму расказалі, што такі тэлевізар можна набыць толькі ў цэнтры горада ў магазіне «Культтавары» (тады ўнівермагаў і вялікіх маркетаў яшчэ не было). Дарафеіч запомніў назву магазіна, распытаў, як туды дабрацца, і, выйшаўшы з цягніка, праз вялікі пешаходны мост цераз цягніковыя пуці пашыбаваў у цэнтр горада.

Па дарозе некалькі разоў цікавіўся ў прахожых, ці правільна ён ідзе да магазіна. Але адну слушную параду (спагадлівыя людзі раілі гаваркому вяскоўцу быць асцярожным, асцерагацца гарадскіх жулікаў) прапусціў міма вушэй.

Прайшоўшы значную частку шляху, Дарафеіч угледзеў ларок са зманлівым надпісам «Піва». Яшчэ калі працаваў пажарным у Ганцавічах, ён ведаў, што разліўное баранавіцкае піва значна смачнейшае, чым з бутэлькі. Дык як жа прайсці міма? Купіў адразу два келіхі піва і падышоў да століка.

Калі Дарафеіч дапіваў першы келіх, да ларка падышла шумная кампанія маладых людзей, і адзін з іх пачаў падлічваць грошы. Дарафеіч пачуў, што ў іх не хапае на піва 30 капеек. Ён вырашыў казырнуць сваім багаццем (у кішэні была цэлая тысяча рублёў!) і душэўнай дабрынёй: дастаў з кішэні рубель і працягнуў важаку кампаніі – росламу, вясёламу хлопцу.

Как Дорофеич из Хотыничей побывал в приграничье

Здзіўленыя шчодрасцю незнаёмца, хлопцы шумна яму падзякавалі за падтрымку і адзін з іх, самы меншы ростам і малодшы, пабег у «Прадмаг» і хуценька прынёс чыкушку водкі «Маскоўская».

ДАЎ РУБЕЛЬ – АДДАЙ І ТЫСЯЧУ

Даліўшы пакрыху ў келіхі з півам гарэлкі з чыкушкі, хлопцы пачаставалі і свайго «выратавальніка». Ад выпітага «ёршыка» ў Дарафеіча зусім «развязаўся» язык: як на споведзі, ён расказаў, што мае ў кішэні 1000 рублёў і прыехаў у Баранавічы, каб купіць каляровы тэлевізар з вялікім экранам. Хлопцы, пачуўшы такое прызнанне, замоўклі, а потым, пашаптаўшыся паміж сабой, прапанавалі Дарафеічу сваю дапамогу: і ў магазін яго завядуць, і да цягніка тэлевізар даставяць.

«Во пашанцавала, адразу вырашу ўсе пытанні», – мільганула ў затуманенай алкаголем галаве маладога хатынаўца думка.

Дужыя хлопцы падхапілі яго пад рукі і павялі не ў цэнтр горада, куды ён да гэтага кіраваўся, а зусім у другі, дзе сярод густога бэзу быў цёмны гарадскі закутак. Хлопец не паспеў скеміць, чаго яго завалаклі ў гэтыя кусты, як да яго горла прыставілі нож. Дарафеіч адразу працверазеў, зразумеўшы, у якую пастку трапіў.

Да яго, ашаломленага і спужанага, падышоў важак кампаніі і загадаў аддаць усе грошы яму. У няшчаснага хатынаўца з перапалоху трэслася ўсё цела, ногі падкасіліся, пацямнела ў вачах і спіна пад сарочкай пакрылася ліпкім потам. Прыйшло на памяць, як у цягніку спадарожнікі папярэджвалі наконт баранавіцкіх жулікаў. Хацеў закрычаць, але з горла выходзілі толькі хрыпы. Ды і людзей у цёмным закутку не было відаць.

«Баранавіцкія жулікі, ды яшчэ з нажом, – мільганула маланкай думка. – Гэта ж верная смерць!»

Дрыжачымі ад страху пальцамі ён дастаў з патайной кішэні грошы і нерашуча працягнуў жулікам, усё яшчэ спадзеючыся на літасць сабутэльнікаў. На вочы навярнуліся слёзы. Важак кампаніі насмешліва спытаў у хлопца»:

«Ну і адкуль жа ты, багаценькі Бураціна, да нас у Баранавічы прыехаў?»

«З Хатыніч, што за 16 кіламетраў за Ганцавічамі,» – скрозь гаручыя слёзы прамовіў Дарафеіч.

«То на табе пяць рублёў на дарогу, – літасціва прамовіў важак. – Гэтых грошай хопіць табе і да сяла твайго даехаць, і на расставанне з Баранавічамі выпіць піва.

Не трымай крыўды, сам жа вінаваты: менш трэба было балбатаць пра каляровы тэлевізар». А каб Дарафеіч па свежых слядах не выклікаў міліцыю, жулікі абрэзалі на яго штанах гузікі, забралі рэмень і шнуркі з чаравікаў, самі пералезлі цераз плот і далі ходу ў кусты бэзу.

Почему сельчанина прозвали "маленьким гигантом большого секса"

НЕ ЗДАБЫЎ НІ ГОНАРУ, НІ СЛАВЫ

Дарафеіч, выціраючы адной рукой горкія слёзы, другою прытрымліваў штаны, каб не спадалі, і прыгаворваючы:

«Ай-ай-ай, прапаў мой тэлевізар», – падыбаў да бліжэйшай хаты, каб папрасіць у гаспадыні кавалак шнурка замест новага рамня.

Дамоў Дарафеіч дабраўся позна ўвечары. На апошнія грошы ён купіў у самагоншчыцы па прозвішчы Кітайка літр гарэлкі і без закускі выпіў у парку. Глушыў сваё гора і ў той дзень, і ў наступныя. Цэлы тыдзень хадзіў то да аднаго сваяка, то да другога, просячы грошай то на бутэльку піва, то на шклянку віна, прыгаворваючы пры гэтым:

«Ай да Дарафей, ай да Дарафей!..»

А сваякі і суседзі хутка заўважылі, што пасля вяртання з паездкі ў Баранавічы ў Дарафеіча праявілася моцная цяга да гарэлкі. І хоць нікому не расказваў ён пра няўдалую куплю тэлевізара, вяскоўцы ўсё ж даведаліся пра тое, як язык падвёў Дарафеіча, і часцяком жартавалі з яго. Але ж пасля пытання «Ну як жа твой каляровы тэлевізар працуе, Дарафеіч?» любы вясковец і нават сваяк станавіўся для яго лютым ворагам.

З таго часу Дарафеіч пачаў крыху заікацца і вельмі часта ўстаўляў пры размове словы:

«Ай-ай-ай...»

Як дзед Базыль халяўшчыкаў на вяселлі частаваў

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики