weather

USD 2.0309

EURO 2.2847

RUR(100) 3.2347

search

Бацькавы ордэны і медалі пасля вайны сталі цацкамі для дзяцей

Калі пачалася вайна, майму дзеду, радавому запаса Фёдару Фёдаравічу Шапялевічу быў 31 год. На той час ён меў сям`ю: жонку, маленькага сына і яшчэ з імі разам жыла яго маці.

Дзед тады моцна хваляваўся за іх, бо ў Малькавічах стаялі немцы. Каб уберагчы жонку з дзіцем, малады гаспадар павёў іх у суседнюю вёску Ліпск, з якой была родам жонка. Там было ціха, немцаў у вёсцы не было.

Пакінуў жонку з сынам у Ліпску, а сам пайшоў назад у Малькавічы, бо там засталася яго маці. Калі ішоў па мосце цераз раку Цну, немцы хацелі яго злавіць, але ён скокнуў у раку.

Дзед плыў колькі было моцы, а немцы, стоячы на мосце, стралялі па ім. Калі, нарэшце, ён зразумеў, што ўцёк ад немцаў і выйшаў на бераг, дык не паверыў сваім вачам: кожнае крысо пінжака, у якім ён плыў, было ў дзірках ад куль, а сам дзед быў цэлы, кулі яго не кранулі.

Аднойчы немцы затрымалі яго і запрэглі ў воз. Адзелі яму на шыю хамут і загадалі цягнуць гэты воз на чыгуначную станцыю. Дзед валок воз, а немцы ішлі побач і рагаталі з яго. Дзядуля зацягнуў воз да паловы дарогі, а потым вырашыў: хопіць цярпець здзек з сябе. Ён прытварыўся, што яму неабходна адысці па сваёй патрэбе. Немцы яго распрэглі, а дзед кінуўся ў лес і ўцёк ад іх.

У 1943 годзе Чырвоная армія вызваліла Ганцавіцкі раён ад захопнікаў. Тады ж дзеда і прызвалі на фронт.

Служыў ён у 312-м палку 1083 стралковага батальёна, быў камандзірам разведкі. На рацэ Одэр у яго быў вельмі цяжкі трохдзённы бой. Гэта было ў студзені 1945 года. Пад горадам Познань ён атрымаў цяжкае раненне, ад якога мог памерці.

Калі яго выносілі з поля бою, ён быў без прытомнасці. Пасля бою забітых салдат складвалі ў яму для пахавання, туды ж трапіў і мой дзядуля. Адзін з салдат заўважыў, што ў дзеда паварушылася нага. Байцы, якія засыпалі яму, вырашылі, што гэта ім падалося, бо кожнага салдата яны выносілі на руках і ніводнага жывога сярод іх не было.

Але, на шчасце, у дзеда заварушылася і рука. Калі дзеда дасталі з ямы, у яго вельмі слаба білася сэрца. Параненага адправілі ў шпіталь у Астрахань. У салдата быў прастрэлены жывот і асколкамі моцна парвала мачавы пухір. Вельмі цяжка выжываў дзед, таму і правёў у шпіталі шэсць месяцаў.

Перамогу дзед сустрэў у тым жа шпіталі. Вярнуўся ў родную вёску ён са шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх былі ордэн Славы ІІІ ступені і ордэн Айчыннай вайны І ступені. На жаль, узнагароды не захаваліся.

Пасля вайны дзед з жонкай паднялі на ногі двух сыноў і трох дачок. Цацак не было, і дзеці, гуляючы з татавымі медалямі і ордэнамі, пагубілі іх.

Мой дзед быў вельмі добрым чалавекам. Я ніколі не чула, каб ён сварыўся на каго-небудзь, ніколі і на нас не крычаў. Імя кожнага з нас ён прамаўляў вельмі ласкава.

Калі я вучылася ў школе, мы ўсе класамі ішлі ад школы да чыгуначнай станцыі, да помніка загінуўшым воінам. Мы маршыравалі, прагаворвалі дэвізы і спявалі ваенныя песні. Каля помніка была трыбуна, і на ёй стаялі ветэраны. Я асабліва старалася, бо з трыбуны на мяне глядзеў мой галоўны герой – родны дзядуля. І гэтае свята для мяне было вельмі ўрачыстае і асаблівае.

Дзядулю часта запрашалі на сустрэчы. Ён любіў выступаць, але пра вайну не любіў расказваць. Скажа сціпла, што ён і землякі ваявалі – і ўсё, пачынае віншаваць з перамогай, жадаць усім здароўя і мірнага неба. Нам, дзецям, жадаў не ведаць і не бачыць тых жахаў, якіх нагледзеўся сам.

Хто ведаў майго дзеда, не дасць салгаць, што ён быў першым танцорам на сяле. А яшчэ ён цудоўна спяваў.

«Каліна-маліна», «Ой, мароз-мароз...» – яго любімыя песні. Да дзеда нават з Мінска прыязджалі, каб навучыцца яго манеры спяваць. Пасля вайны ён працаваў лесніком, а напярэдадні пенсіі – конюхам. Памёр дзед амаль у 90 гадоў.

Усім ветэранам, якія жывуць сярод нас, нізкі паклон за іх адвагу і смеласць, а салдатам, якія засталіся на палях вайны – вечная памяць. Мы, дзеці і ўнукі, памятаем пра іх і будзем перадаваць гэтую памяць нашым нашчадкам. Гэта наша гісторыя, і няхай ніхто не будзе забыты.

Из рубрики