weather

USD 2.0506

EURO 2.2583

RUR(100) 3.1996

search

Як Дарафеіч на лася паляваў

П`яны чалавек небяспечны бескантрольнасцю і непрадказальнасцю сваіх учынкаў, але надзвычай ён небяспечны падчас палявання, калі трымае ў руках стрэльбу. Мне даводзілася часта чуць ад сельскіх паляўнічых пра розныя выпадкі і сітуацыі з удзелам выпівакаў: і камічныя,і агідныя, і, што самае страшнае, трагічныя. Пра адзін такі выпадак я зараз і раскажу.

Захапіўся Дарафеіч паляваннем у маладыя гады. «Заразілі» яго гэтай справай жончыны браты з Раздзялавіч. За падараваныя на вяселлі грошы ён купіў дарагую паляўнічую стрэльбу-верцікалку і патрэбнае да яе начынне...

Калі пасыпаўся першы дробны сняжок, сваякі вырашылі арганізаваць паляванне на лася, якога бачылі ва ўрочышчы Ясянёва на самай граніцы заказніка, далёка ад сяла. Паляванне, канечне ж, было незаконнае. Але і прычына для такога рызыкоўнага мерапрыемства знайшлася: у старэйшага швагра Базыля блізіўся юбілей, і далікатэсу з ласяціны былі б рады і родныя, і госці.

Напярэдадні вечарам мужчыны сабраліся разам, каб абмеркаваць план дзеянняў. І як тут было не замацаваць па сялянскай традыцыі намечанае чаркай-другой добрай хлебнай самагонкі, выгнанай да будучага сямейнага свята? Выпіта было нямала...

Разышліся швагры па хатах далёка за поўнач. На досвітку яны ўпотай адправіліся на паляванне. Мужчыны расставілі нумары ўздоўж меліярацыйных каналаў і лясных дарог і пачалі загон.

Дарафеіча, мужа любімай адзінай сястры, швагры ў знак гонару паставілі на самы перспектыўны нумар, дзе па даўно не езджанай лясной дарозе, зарослай леташняй травой, павінен быў прайсці лось, выгнаны загоншчыкамі з лесу.

Яшчэ добра не развіднела. Дарафеіч упершыню ўдзельнічаў у такім паляванні, таму вельмі хваляваўся і ўважліва сачыў за давераным яму месцам. Але час ішоў, а лось не паяўляўся. Ужо і галасы паляўнічых пачуліся ўдалечыні.

Ад доўгага напружання ў вачах Дарафеіча сталі лётаць «мушкі». Хоць па зямлі слаўся густы туман і бачнасць была вельмі дрэнная, Дарафеіч, нарэшце, прыкмеціў, як з-за павароту паказалася галава звера. Нядоўга думаючы, дрыжачай ад напружання рукой ён ускінуў стрэльбу, выстраліў раз, другі і з гучным азартным крыкам «Гатовы!» кінуўся да свайго доўгачаканага трафея.

Якім жа было яго здзіўленне, калі на лясной дарозе ён убачыў... забітага каня. Побач з ім стаяў воз, даверху нагружаны дровамі. Гаспадара побач не было, непадалёку валялася толькі заячая шапка ў крыві, вельмі падобная на тую, якую насіў цесць Дарафеіча.

Ланцужок слядоў вёў ад воза ў глыб лесу. Ад жаху новаспечаны паляўнічы страціў прытомнасць і рухнуў на зямлю, а швагры, угледзеўшы трафей Дарафеіча, кінуліся шукаць возчыка, гаспадара шапкі. Убачыўшы, як бацька шпарка ўцякае ад паляўнічых паўз меліярацыйны канал, супакоіліся: жывы іх стары...

А Дарафеіча тады даставілі ў бальніцу ў суседняе сяло з сардэчным прыступам. Больш чым два тыдні лячыў бедалагу доктар Алегавіч.

«Гэта самы няўдалы паляўнічы, якому я аказваў медыцынскую дапамогу», – гаварыў потым сялянам добры доктар.

Пасля лячэння ў Дарафеіча адпала ахвота да палявання назаўсёды, а сваю паляўнічую стрэльбу ён падарыў старэйшаму швагру на юбілей.

comments powered by HyperComments
Из рубрики