weather

USD 2.0391

EURO 2.2758

RUR(100) 3.1973

search

Як Круговіцкія дзеці віншавалі ЗША з Незалежнасцю

Акцыю па віншаванні Злучаных Штатаў са 150-годдзем Незалежнасці зладзілі ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы, у склад якой тым часам уваходзіла Заходняя Беларусь.

Да мерапрыемства вырашана было далучыць і школьнікаў. Так дзеці з палескай глыбінкі акуналіся польскімі ўладамі не толькі ў кантэкст агульнапольскага жыцця, але і ў шырэйшыя, сусветныя маштабы.

Пра тое, што ў міжваеннай Польшчы акцыя прайшла на дзяржаўным узроўні, сведчыць хаця б выпуск у Варшаве серыі адпаведных паштовак. На іх кожная школа, якая вырашыла павіншаваць заакіянскую краіну, афармляла віншаванне. Прычым падпісвалі іх не настаўнікі, а самі вучні, кожны сваё рукою.

У прыватнасці, ад кругаўцоў таксама знойдзена такая паштоўка. Таму сёння мы маем выдатную магчымасць пералічыць многіх вучняў Круговіцкай школы, якія вучыліся напрыканцы 1925/26 навучальнага года пад кіраўніцтвам Вацлава Кланіцы.

Паколькі ў паслядоўным парадку подпісы падаць складана з прычыны сумбурнага размяшчэння, рэпрэзентуем іх па алфавіце (імёны падаём так, як у арыгінале, бо ў вёсцы яны маглі гучаць иначай) (пералік глядзіце ў табліцы на шэрым фоне).

Самым першым (у падобных справах такі момант можа мець прынцыповае значэнне, бо павялічвае адказнасць падпісанта) стаіць подпіс Т. Блінкоўскага. Усіх падпісантаў было 47 чалавек. Гэта складала хутчэй за ўсё менш за чацвёртую частку ад усяго вучнёўскага кантынгенту Круговіцкай школы на той гістарычны момант.

Чаму не ўсе далучыліся да акцыі? Цяжка сказаць, ніякіх нават намёкаў няма. Магчыма, па асабістым жаданні. Калі б гэта рабілася па разнарадцы, дык паштоўкі подпісамі былі б запоўнены прынамсі да канца. Прычым хутчэй за ўсё пастараліся б уціснуць максімальную колькасць прозвішчаў, каб засведчыць, па-першае, добрасумленнае выкананне задання, а па-другое – прыязныя адносіны да заакіянскай краіны, якая ў міжваенны час ужо развівалася ў кірунку звышдзяржавы.

А так месца засталося (як і на аналагічных паштоўках ад іншых школ). Тыя вучні належалі галоўным чынам да дыяпазону 1912–1918 гадоў нараджэння (народжаныя ў гэтым прамежку наведвалі школу на азначаны момант).

У прыватнасці, дакладна ўстаноўлена, што Канстанты Ражыцкі быў з 1916 г.н., а Уладзімір Студэнт – з 1913 г.н. Так атрымалася, што пасля прыходу савецкай улады ў верасні 1939 г. яны падвергліся рэпрэсіям, дзякуючы чаму да нас і дайшлі дадзеныя пра названых людзей.

Кожны з іх быў не проста высланы як небяспечны элемент, але і арыштаваны па палітычным артыкуле. На іх выхаванне і далейшую долю магло паўплываць навучанне ў польскай школе. Дарэчы, іншых школьных устаноў, якія ўдзельнічалі ў акцыі віншавання Злучаных Штатаў, па гміне намі не ўстаноўлена.

Напэўна, дзеці Вялікіх Круговіч былі адзінымі ў сваёй акрузе. Тое ж датычыцца і суседніх Заастравецкай, Чучавіцкай і Хатыніцкай гмін: там аналагічныя паштоўкі адправілі, па ўсёй бачнасці, толькі школьнікі ўстаноў адміністрацыйных цэнтраў. Хаця ў іншых заходнебеларускіх мясцовасцях паштоўкі маглі адсылаць і вучні школ невялікіх населеных пунктаў.

Не выключана, што нейкая ўстаноўка была спушчана не з самога верху, а з павятовага кіраўніцтва. Тая віншавальная акцыя не зрабіла яе ўдзельнікаў адметнымі. Наадварот, яны растварыліся ў агульнай масе падпісантаў: па Польскай Рэспубліцы такіх налічвалася 5,5 мільёнаў. Але ў аспектах краязнаўства і штодзённасці паштоўка Злучаным Штатам ад беларускіх дзяцей выглядае фенаменальна.

ВУЧНІ ШКОЛЫ, ЯКІЯ ВУЧЫЛІСЯ Ў КАНЦЫ 1925/26 ГОДА ПАД КІРАЎНІЦТВАМ ВАЦЛАВА КЛАНІЦЫ

  • Аляксейчык Марыя
  • Аскерка Адам
  • Аскерка Костусь
  • Блінкоўская Гэля
  • Блінкоўская Надзя
  • Блінкоўскі Аляксандр
  • Блінкоўскі Антоні
  • Блінкоўскі Мікалай
  • Блінкоўскі Тэадор
  • Блінкоўскі Ян
  • Віктаровіч Гэля
  • Віктаровіч Міхал
  • Віктаровіч Надзя
  • Віктровіч (правільна Віктаровіч) Оля
  • Гайцюкевіч Ганна
  • Гардзей Арсен
  • Гардзей Ганна
  • Гурман Аляксандр
  • Гурман Надзя
  • Гурман Настасся
  • Давідаў (пэўна Давыдаў) Анатоль
  • Жанька (пэўна, Занька) Аляксандр
  • Жанька (пэўна, Занька) Дэм`ян
  • Заяц Антоні
  • Заяц Антоні
  • Заяц Антоні (тут не памылка, былі тры цёзкі з супадзеннем імя і прозвішча)
  • Заяц Вікторыя
  • Заяц Марыя
  • Заяц Оля
  • Заяц Ян
  • Зданко (пэўна, Жданко) Зося
  • Зданко (пэўна, Жданко) Надзя
  • Зданюк (пэўна, Жданюк) Ганна
  • Зданюк (пэўна, Жданюк) Надзя
  • Зэлс Люба
  • Лелес Адам
  • Лелес Аляксандр
  • Муха Таццяна
  • Ражыцкі Канстанты
  • Рапейка Мікалай
  • Студэнт (правільна Студзент) Антоні
  • Студэнт (правільна Студзент) Ганна
  • Студэнт (правільна Студзент) Уладзімір
  • Студэнт (правільна Студзент) Ян
  • Трафімчык Гэля
  • Чабатарэнка Зіна
  • Ярашэвіч Юзаф

comments powered by HyperComments
Из рубрики