weather

USD 2.0309

EURO 2.2847

RUR(100) 3.2347

search

Ледзь не застаўся без грошай і хлеба

У Люсіна, як і ў іншых вёсках Ганцавіцкага раёна раней была традыцыя збірацца на вячоркі і ўспамінаць ўсякія цікавыя падзеі, якія адбыліся з аднавяскоўцамі. У вёсцы было некалькі хат, куды па завядзёнцы прыходзілі жыхары Люсіна.

У хаце Занькі заўсёды былі рады гасцям. Туды збіраліся мужчыны старэйшага ўзросту, якія вялі між сабою гамонку. На адных з такіх вячорак яны гаварылі пра гаспадарку, вайну, палітыку, а потым нечакана рассказалі, якія перашкоды прыходзілася пераадолець, каб купіць хлеба.

ПЕШШУ ЗА ХЛЕБАМ З ЛЮСІНА Ў БАРАНАВІЧЫ

«Ох і цяжка было, калі бальшавікі забралі ў людзей зямлю і арганізавалі калгасы, – пачаў гаворку Шэмет. – Не стала хлеба, і ў сельмагу яго не прадавалі. Дык вось людзі з нашай вёскі хадзілі пяшком аж за 60 кіламетраў у горад Баранавічы, каб купіць яго.

Канешне, можна было заехаць туды і прыгарадным цягніком, але ён ішоў позна, ды і за грошы, якія належала аддаць на білет,  можна было купіць паўмяшка хлеба.

Вясною і ўлетку людзі выходзілі з дому на самым світанку, і ў кожнага ў руках была торба з мяшком. Часам магло і пашанцаваць: шафёры спачувалі хадакам і падвозілі іх на машынах.

Трапіўшы ў Баранавічы, адразу займалі чаргу каля хлебнага магазіна. Там жа стаялі людзі з другіх раёнаў. У адны рукі выдавалі па дзве буханкі хлеба, таму прыходзілася зноў і зноў займаць чаргу.

Дадому вярталіся з поўным мяшком хлеба, канешне ж, на прыгарадным. А колькі радасці было ў дзяцей, калі прывозілі некалькі батонаў! Сённяшнія дзеці гэтага не разумеюць, бо выраслі на цукерках і пячэнні».

БАРАНАВІЧЫ – БАНДЫЦКІ ГОРАД?

Шэмет змоўк, і ў хаце павісла цішыня, якую неўзабаве парушыў Сямён Рылка.

«Восенню і зімою пяшком у Баранавічы ўжо не хадзілі, – расказваў ён, – бо дні кароткія былі. Да таго ж восенню ішлі дажджы, а зімою было холадна і снежна. Таму прыходзілася браць білеты на прыгарадны цягнік і ехаць вечарам.

Ноччу сядзелі на вакзале, а зранку ішлі займаць чаргу. У тыя далёкія савецкія часы пра горад Баранавічы гаварылі, што там бандыт на бандыце едзе і бандытам паганяе. У гэтай нядобрай славе Баранавічы ўступалі пальму першынства хіба толькі гораду Растову.

Аднойчы, калі я прыехаў у Баранавічы, мне прыйшлося ноччу адлучыцца ў туалет, які знаходзіўся на дварэ. Там нікога не было. Але не паспеў я зачыніць дзверы, як адкуль ні вазьміся ка мне падышлі двое.

Адзін з іх, высокі хлопец, адразу вынуў з кішэні нож і загадаў:

«Давай сюды грошы».

Грошы я яшчэ дома закруціў у анучку і паклаў пад сцельку гумовага бота. Пры хадзьбе гэта крыху мне перашкаджала, затое, як мне здавалася, там яны былі надзейна схаваныя.

Я адказаў бандытам, што грошай у мяне няма, акрамя як на білет, бо прыязджаў я праведаць хворую маці. Аднак мае словы бандыты нібы і не чулі.

Высокі па-ранейшаму трымаў нож, а другі, ніжэйшы ростам, пачаў мяне абшукваць. Спачатку ён зняў у мяне шапку, а потым дайшоў да кішэняў. Падумалася тады: забяруць гэтыя невялікія грошы, і я не прывязу сваім дзецям хлеба.

Краем вока я зірнуў на высокага: ён не глядзеў на мяне, а пазяхаў, закрыўшы рот рукою. Мяне нібы пружынай падкінула, я ірвануўся да яго і ўдарыў галавою ў пах...

Прыбег я ў памяшканне вакзала без шапкі. Нікуды больш мне ўжо не хацелася. А на світанні бандыты ўкінулі маю шапку ў залу чакання».

«Дык ты, Сямён, герой: пад нажом бандыцкім стаяў, а грошы не аддаў і здолеў уцячы, – сказаў Жалезны і прадоўжыў: – А яны ж цябе маглі забіць. Дык мо лепш было аддаць тыя невялікія грошы...»

Сямён Рылка на гэта яму адказаў:

«Каб на сённяшні дзень, то мо і аддаў бы. А тады я быў малады і вельмі хацеў прывезці сваім дзецям хлеба».

Па радыё прабіла 12 гадзін ночы, і мужчыны сталі расходзіцца па хатах, каб заўтра вечарам зноў сустрэцца.

Материалы по теме
Из рубрики