weather

USD 2.1154

EURO 2.3479

RUR(100) 3.3195

search

Што ў пяцігадовым узросце запомніў ураджэнец Ганцавіч Ігар Кулей (відэа)

Ураджэнец Ганцавіч Ігар Кулей, які цяпер жыве ў Польшчы і працуе журналістам «Белсата», праз 29 гадоў прыехаў у наш горад, дзе яго чакалі не толькі ўспаміны, але і прыгоды... У яго не засталося тут родных, але ёсць сябры з дзяцінства і захавалася шмат дзіцячых успамінаў. З якой нагоды Ігар прыехаў у Ганцавічы і чым яго ўразіў наш горад, ён і расказаў у інтэрв`ю.

 Што ў пяцігадовым узросце запомніў ураджэнец Ганцавіч Ігар Кулей
Што ў пяцігадовым узросце запомніў ураджэнец Ганцавіч Ігар Кулей

Раскажыце крыху пра сябе: хто вашы родныя, чым яны займаліся, дзе вы жылі?

Мае родзічы не ганцавіцкія, яны ўсе сюды пераехалі ў свой час. Майго дзядулю Фелікса Кулея перавялі сюды па службе на пачатку 80-х гадоў. У той час ён працаваў пракурорам Ганцавіцкага раёна, як мне здаецца, каля дзесяці гадоў. Вось ён і сям`ю нашу сюды перавёз.

Так атрымалася, што мама, Іна Феліксаўна, калі выйшла замуж за майго бацьку – а ён быў родам з Латвіі, з Рыгі, – то не паехала жыць да яго на радзіму, а ён пераехаў жыць у Беларусь, у Ганцавічы. Матуля працавала лагапедам у дапаможнай школе, а тата працаваў на заводзе, дзе з бетону рабілі пліты.

Тут, у Ганцавічах, і я з`явіўся на свет, і першыя гады жыцця пражыў тут. Спачатку мы жылі ў катэджы па вуліцы Дзяржынскага. І, дарэчы, мой першы жыццёвы ўспамін адтуль, з гэтага катэджа.

Фото: Сяргей Багроў

Там груша расла і кот з сабакам былі, і вось я стаю маленькі ля гэтай грушы і назіраю, як яны паміж сабою гуляюцца...

Пазней мы пераехалі з катэджа ў шматпавярховы дом па вуліцы Кастрычніцкай.

Фото: Сяргей Багроў

Вось з гэтым домам у мяне ўжо шмат успамінаў звязана ды і з дзіцячым садком таксама.

Фото: Сяргей Багроў

Дарэчы, мой дзіцячы садок быў насупраць хлебазавода (цяпер гэта будынак РЦДЮТ. – Прыкм. аўт.) Я падыходзіў сёння туды, і так цікава было ўбачыць, як ён змяніўся за гады, што я не быў тут.

Памятаю, што хлебазавод быў побач, бо заўсёды пахла свежым хлебам. І часта мы, дзеці, падыходзілі да агароджы і крычалі людзям: «Дайце нам хлеба свежага!»

Фото: Сяргей Багроў

Таксама я і другія моманты ўзгадваю: напрыклад, што за дзіцячым садком такая невялічкая сажалка была ці азярцо. Памятаю, як нас вялі на прагулку і я туды ўпаў, выхавацелька вельмі спужалася, што я зараз патану тут. Мяне хуценька назад у дзіцячы садок завялі, пераапранулі, каб не прастудзіўся.

Фото: Сяргей Багроў

Яшчэ з дзяцінства засталіся ўспаміны пра тое, як у Ганцавічы на кірмаш прыязджалі розныя атракцыёны. Аднойчы прыехала такая клетка вялікая, а ў ім кола, па якім ездзілі матацыклы. На мяне, малое дзіця, гэта пакінула моцнае ўражанне. У мяне, дарэчы, захаваўся сувенір з таго кірмашу. Мне тата купіў значок з клоўнам, ён і да сённяшняй пары ў мяне ёсць, я яго берагу.

Чаму вы пераехалі з Ганцавіч і куды?

З`ехалі адсюль мы, мусіць, у 90-м годзе, бо я ўжо 29 гадоў не быў тут. Памятаю, што мой пяты дзень народзінаў святкавалі яшчэ тут, у Ганцавічах. Перасяліліся ў Брэст мы таму, што дзядулю перавялі працаваць у Жабінку пракурорам раёна. І з нейкім брэсцкім пракурорам, які пераязджаў працаваць сюды на працу, яны, па сутнасці, памяняліся жыллём.

Якія першыя ўражанні, калі наведалі наш горад?

Ведаеце, я пазнаў яго! Ужо пры ўездзе ў горад я адразу пазнаў дапаможную школу, дзе матуля працавала, потым паліклініку. І калі мы павярнулі направа, я падумаў, што гэта і ёсць той завод, дзе чыпсамі вельмі пахла ў дзяцінстве, бульбай гэтай смажанай. Але па маіх успамінах, там яшчэ былі рэйкі.

Гляджу – рэек няма, аднак крышачку далей праехалі, і я ўбачыў, што яны пад асфальтам замураваныя. Ну, думаю, усё правільна я ўзгадаў.

Было нейкае задавальненне, што я пазнаў горад праз столькі часу. Падчас візіту з калегамі мы завіталі ў мясцовы рэстаран «Цна» паабедаць. Ваш рэстаран мяне па-добраму ўразіў. Патэлефанаваў маці і сказаў:

«Вось сяджу і абедаю ў «Цне».

А яна і кажа:

«Гэта той самы рэстаран, дзе мы з тваім татам некалі ладзілі вяселле».

А я так і падумаў: дзе яшчэ, як не тут?

Дарэчы, магу сказаць, што нас вельмі смачна пакармілі. І, на здзіўленне, вельмі танна: 83 капейкі за шчы – дзе яшчэ такія цэны знойдзеш?! Думаю, што ў Брэсце ці ў Мінску нідзе так танна ў рэстаране не пакормяць, мо хіба што ў сталоўцы якой быў бы прыблізна такі кошт. Па-добраму пазайздросціў ганцаўчанам.

Раскажыце, дзе вы вучыліся і на каго?

У свой час, калі я скончыў ліцэй, падаў дакументы у ВНУ Беларусі і Польшчы адначасова, бо была тады такая магчымасць. Цяпер мне крыху цяжка ўзгадаць, але здаецца, што яшчэ да экзаменаў у беларускую ВНУ мяне прынялі ў польскую, дзе я вучыўся на палітолага і атрымліваў добрую стыпендыю.

Чаму я выбраў Польшчу? З малых гадоў я ведаю добра польскую мову. Я католік і наведваў касцёл, які ў 90-я гады быў польскамоўным. Калі малое дзіцё вучыць мову, яна даецца вельмі лёгка. Паспрыялі занатаванню мовы і калыханкі, якія я ў дзяцінстве глядзеў ажно тры: руская калыханка пачыналася а восьмай гадзіне, беларуская – а дзявятай, а польская – а дзясятай. Таму я і паехаў у Польшчу на вучобу.

А пасля вучобы ў мяне ўжо і магчымасці, па сутнасці, не было вярнуцца сюды.

У 2006 годзе (я яшчэ вучыўся тады), калі я сюды прыехаў, паўдзельнічаў у акцыі на плошчы ў Мінску. Якраз выбары прэзідэнцкія былі, ну і, вядома, былі пратэсты на плошчы. Мяне затрымалі, калі разгон быў уначы, я адсядзеў на сутках. А пазней (вельмі хутка) мной зацікавіліся.

Калі я выйшаў, мне пачалі званіць з міліцыі. І атрымалася так, што я з`ехаў, а неўзабаве даведаўся, што супраць мяне заведзена крымінальная справа за тое, што я нібыта ўхіляўся ад службы ў войску, хаця нічога падобнага наогул не было. І, на жаль, я не мог ужо вяртацца дадому, бо ведаў: калі вярнуся, то пасадзяць.

А потым атрымалася так, што некалькі гадоў таму сітуацыя змянілася, беларускія ўлады пачалі больш цікавіцца тым, што адбываецца на Захадзе, ім стала важна, каб былі добрыя адносіны. Таму большасць крымінальных спраў супраць такіх людзей, як я, закрылі. І вось калі я ўжо прыехаў у Беларусь, мне выдалі ў ваенкамаце вайсковы білет на рукі.

Я даведаўся, што нават не адна крымінальная справа была заведзена, а дзве. Мае дакументы ляжалі ў іх у асобным сейфе.

Чаму да вас была такая павышаная ўвага, чым вы не дагадзілі ўладам?

Да мяне самога ўладам не было ніякай справы. Ім нецікава было б мяне затрымліваць. Ну хто я такі? Адзін з тых, якія на плошчы стаяў. Праз мяне ім важна было паўздзейнічаць на маю сям`ю. Патлумачу, чаму. Мая маці выйшла замуж за Аляксандра Мілінкевіча, які ў 2006 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты і заняў другое месца па колькасці набраных галасоў выбаршчыкаў.

Менавіта таму мне прыйшлося восем гадоў бязвыезна жыць у Польшчы.

Які сюжэт вы прыехалі здымаць у Ганцавічах?

У апошні час мы здымаем цыкл праграм пад агульнай назвай «Белсат едзе». Першыя выпускі з`явіліся на пачатку чэрвеня, і я думаю, што сюжэт пра Ганцавічы – гэта недзе ўжо дзясяты выпуск будзе. Мы прыехалі сюды даведацца, як у Ганцавічах жывуць людзі, таму што гэта цыкл праграм пра маленькія гарады.

О чем был сюжет журналистов "Белсат", которых задержали в Ганцевичах (видео)

Жыццё ў невялікіх гарадах крышачку адсунутае, у вялікіх дзяржаўных СМІ яго рэдка паказваюць , і ў асноўным пра тое, як там добра жывецца. І вельмі рэдка паказваюць іх праблемы. А ў нас галоўная задума – гэта адкрыты мікрафон.

Мы прыязджаем і даём магчымасць кожнаму выказацца пра тое, што ён думае: добрае, дрэннае – не важна.

Фото: Сяргей Багроў

Атрымалася зняць?

Я скажу, што прыемна ўражаны, як у Ганцавічах нас успрымалі людзі, таму што ў нас ёсць досвед, ёсць з чым параўнаць. Мы былі вельмі здзіўлены, што тут людзі настолькі свабодна і адкрыта размаўляюць не толькі пра добрае, але і пра праблемы. Пра добрае казаць вельмі лёгка на тую ж камеру ці мікрафон, а пра дрэннае – складана.

Не ўсе маюць смеласць казаць праўду, ведаючы, што часамі за яе можна і па галаве атрымаць. Але я думаю, што ведаю нават прычыну, чаму людзі тут так размаўляюць – гэта, несумненна, дзякуючы таму, што Ганцавічы – адно з нешматлікіх месцаў у Беларусі, дзе захавалася незалежная газета.

Відаць, што людзі прызвычаіліся да таго, што ёсць альтэрнатыўныя меркаванні, можна выказацца і ведаць, што іх праблемы могуць быць пачутыя, пра іх напішуць, і, напэўна, яны пасля гэтага вырашаюцца.

Але ўсё ж інцыдэнт з затрыманнем быў? Як вы мяркуеце, чаму ўсё-такі «Белсату» не даюць акрэдытацыю?

На жаль, гэта так. Часам на нас рэагуюць, як на чырвоную анучу. Думаю, таму, што «Белсат» апошнім часам вельмі значна пашырыў уплыў, ахапіў значна больш шырокую аўдыторыю.

Фото: Сяргей Багроў

Мы бачым, што шмат людзей, якія да нас звяртаюцца, не баяцца падымаць розныя праблемы. Я лічу, што ўлады, пэўна, адчуваюць нейкую небяспеку, якая ідзе ад «Белсата», і прымушаюць міліцыю рэагаваць вось такім чынам.

Што тычыцца Ганцавіч, на жаль, гэты інцыдэнт тут здарыўся. Не паўсюль да нас ставяцца так. Пратаколаў, праўда, не складалі, але яны могуць пратакол даслаць і пазней. Яны ж перапісалі ўсе нашы дадзеныя.

В Ганцевичах милиция задержала журналистов "Белсат" (видео)

Мы далі тлумачэнні, што праводзілі апытанне людзей. Гэта законам не забаронена ніякім чынам. Але было цікава назіраць, калі міліцыянер паглядзеў у мой пашпарт і сказаў:

«Месца нараджэння – Ганцавічы...».

Нас апыталі і адпусцілі. Я спадзяюся, што паглядзяць нашу праграму – і не прыйдзе пратакол са штрафам.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики