weather

USD 2.0412

EURO 2.2585

RUR(100) 3.198

search

Закат бардаўскага фестывалю «Жураўліны край - 2019»: няма прэстыжнасці

Шосты музычны злёт бардаў і караванераў «Жураўліны край-2019» можа стаць і апошнім. Такое меркаванне склалася, калі я пабываў на гэтым мерапрыемстве і пагутарыў з нешматлікімі прыезджымі гасцямі фестывалю і з мясцовымі артыстамі.

 Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019» / Фото: Сяргей Багроў

Бардаў і караванераў прыехала мала, усіх разам з удзельнікамі з Ганцавіч, у тым ліку з паэтамі і дзецьмі з гуртка Алега Князскага з РЦДЮТ набралася 23 чалавекі. А гледачоў на вячэрнім гала-канцэрце, які ішоў некалькі гадзін, было яшчэ менш.

Было крыўдна назіраць гэта, бо арганізатары стараліся. У падрыхтоўку і правядзенне яны ўклалі нямала сіл і сродкаў, а да значэння слова “фестываль” (масавае святкаванне) на гэты раз мерапрыемства не дацягнула. Масавасці якраз і не было…

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019» / Фото: Сяргей Багроў

На пляцоўцы на пляжы «Паўднёвы» сіратліва стаяла некалькі палатак, гандлёвы рад пуставаў, а ганцаўчане не прыйшлі на фестываль. Тым не менш праграма была вельмі разнастайная, хаця некаторыя мерапрыемствы яўна не ўпісваліся ў фармат бардаўскага фестывалю.

Вось навошта на фестывалі лялечны тэатр? Ён, безумоўна, цікавы і цудоўны, але для каго ён, ды яшчэ на адкрытай пляцоўцы? Ці яшчэ адзін пункт праграмы “Жураўліны край-2019”– “фестываль фарбаў “Холі дэй”, які дарэчы, з трэскам быў правалены, бо скрыні з фарбамі так і не спатрэбіліся. Дзяцей не было, а ў дарослых купляць фарбы не было ніякага жадання.

Не было і паказальнага выступлення раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пад назвай “Водная стыхія”, якое значылася ў праграме: ці то забыліся ўзгадніць, ці яшчэ па якой прычыне. Дый і не трэба яно там, бо каму паказваць?

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019» / Фото: Сяргей Багроў

Гэтак жа там былі “патрэбны” і выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў.

Атрымалася, як у народнай прыказцы: “З вялікага грому малы дождж”. Бо ў анонсе пісалі, што чакаліся госці не толькі з Беларусі, але і з Украіны і Расіі. З блізкага замежжа ніхто не прыехаў. Былі барды з Мінска, Гродна, Пружан і Клецка. Каб не было мясцовых выканаўцаў і паэтаў, то ўвогуле б было б поўнае фіяска.

І нават на “дробязі” пракалоліся. У кафэ “Палуба” нешматлікія ўдзельнікі і ганцаўчане, якія прыйшлі на фестываль, не змаглі купіць напоі і марожанае, бо не працаваў тэрмінал і разлічыцца банкаўскай карткай было немагчыма.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019» / Фото: Сяргей Багроў

ЧАМУ НЕ ПАЕХАЛІ Ў ГЭТЫМ ГОДЗЕ?

Прычын нямала. Я абагульню вывады, якія зрабіў з розных меркаванняў людзей. Першыя гады стараннямі энтузіястаў і ініцыятараў Валерыя Лосіка, Алега Кандратовіча, якія дапамагалі арганізатарам (асабіста і праз знаёмых запрашалі бардаў і караванераў), людзей прыязджала шмат. І “Ганцавіцкі час” рэкламаваў і размяшчаў аб’яву пра фестывальныя рэсурсы ў розных гарадах.

Па-першае, рэкламы на гэты раз было мала. Многія ганцаўчане нават не ведалі пра фестываль. Бардаў было мала, бо арганізатары перастараліся, усяго было зашмат. Фармат бардаўскіх фестываляў зусім не той, які прыдумалі ў Ганцавічах.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019» / Фото: Сяргей Багроў

Па-другое, у мінулыя разы некаторых здзівіла, што на бардаўскі фестываль прывезлі фальклорныя калектывы, а для бардаў наладзілі праслухоўванне і цэнзуру. Некаторыя не адобрылі такі падыход, хоць ніякіх песень у рэпертуары, якія можна агучыць публіцы, не было.

Змяшэнне фарматаў – гэта яшчэ адна прычына. Турнір па пляжным валейболе таксама не ўпісваўся, бо калі артысты спяваюць, а ўявіць, што непадалёк падчас гульнёвых момантаў крычаць, то гэта яўна бардам не спадабаецца. Дарэчы, так і адбылося: з валейбольнай пляцоўкі ў парыве азарту даносіліся нават нецэнзурныя выразы.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019» / Фото: Сяргей Багроў

Яшчэ адной з прычын называлася месца правядзення. Ва ўрочышчы Горкі, дзе правялі пяць фестываляў да гэтага, не ўсім спадабалася. Апошнія два гады там была страшэнная спякота, а вадаёма, каб пакупацца, яўна не хапала. Сёлета на пляжы ён быў, але многія ўжо не былі настроены ехаць і праігнаравалі “Жураўліны край-2019”.

В Ганцевичах на пляже определили лучших бардов (фото/видео)

І адна з галоўных прычын: няма прэстыжнасці фестывалю. Няма росту, няма знакамітых імён і ўзнагарод, і не толькі матэрыяльных, з-за якіх барды прыехалі б. А чаму гэта важна, паведаміў адзін з удзельнікаў фестывалю.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край -2019» / Фото: Сяргей Багроў

ЯКІМ ПАВІНЕН БЫЦЬ ФЕСТЫВАЛЬ БАРДАЎ?

Па словах Алега Князскага з Ганцавіч, які сам арганізаваў не адзін бардаўскі фестываль, каб прыехалі барды, трэба запрашаць вядомыя імёны бардаўскай песні. Яны павінны быць уключаны ў склад журы. Выканаўцы мелі б гонар атрымаць дыплом з подпісам знакамітага барда.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019» / Фото: Сяргей Багроў

Але каб запрасіць хоць аднаго, трэба нечым яго зацікавіць, напрыклад, прыстойным ганарарам. А яшчэ патрэбны сур’ёзныя і не танныя прызы, за якія выканаўцы спаборнічалі б, напрыклад, дарагая гітара. Жаданне заваяваць прыз ці добрую прэмію – таксама вялікі стымул.

І, канешне, павінна быць шырокая рэклама. Ехалі б не толькі з Беларусі.

Удзельнікі, якія прыехалі сёлета, у цэлым засталіся задаволенымі. Бардам даспадобы, што ганцаўчане прымаюць гасцінна і шчыра, стараюцца стварыць ім максімальна камфортныя ўмовы.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019» / Фото: Сяргей Багроў

Бард з Пружан Аляксандр Казей, які быў пяты раз на фестывалі, са сцэны неаднаразова гукаў, што Ганцавічы – для яго найлепшае месца фестывалю бардаў, бо яно для яго адзінае. Шкада будзе, калі добрае пачынанне накрыецца медным тазікам.

Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019»
Бардаўскі фестываль «Жураўліны край - 2019» / Фото: Сяргей Багроў

А каб так не адбылося, Ганцавіцкаму аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі трэба нешта кардынальна змяніць. Бо адважыцца праводзіць фестываль у наступным годзе такім жа чынам будзе пустой тратай часу і сродкаў. Толькі пасля зробленых вывадаў і прыняцця пэўных захадаў фестываль “Жураўліны край-2020” прагрыміць на славу Ганцаўшчыне.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Темы: Мнение
Из рубрики