weather

USD 2.0511

EURO 2.2768

RUR(100) 3.1859

search

“Запішыся беларусам!” Як жыхары Беларусі плануюць адказаць на “нацыянальнае” пытанне перапісу насельніцтва (відэа)

У Беларусі з 4 па 30 кастрычніка пройдзе перапіс насельніцтва.  Адным з пытанняў анкеты будзе пытанне пра нацыянальнасць. Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» заклікае тых, каму неабыякавы лёс нашай краіны, запісвацца беларусамі.

 “Запішыся беларусам!” або як жыхары Беларусі плануюць адказаць на “нацыянальнае” пытанне перапісу насельніцтва
“Запішыся беларусам!” або як жыхары Беларусі плануюць адказаць на “нацыянальнае” пытанне перапісу насельніцтва / Фото: hrodna.life

Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя МасМедыі» заклікае тых, каму неабыякавы лёс нашай краіны, запісвацца беларусамі.

Нацыянальнасць – не пытанне крыві, нацыянальнасць – твая самаідэнтыфікацыя. Можна не мець продкаў-беларусаў, можна быць мусульманінам, можна быць цемнаскурым і адчуваць сябе беларусам. Калі ты ім пачуваешся, ты маеш права запісаць сябе ім. Пра гэта наш відэаролік.

Вікторыя Анохава-Жураўлёва, шматдзетная маці

Фото: youtube

«Я выхоўваю 13 дзяцей, і для мяне вельмі важна, каб мае дзеці ведалі, дзе іх карані, якую яны маюць спадчыну. Я раблю многа, каб яны разумелі, што яны беларусы. Асабліва важна гэта ва ўмовах, калі суседняя дзяржава вельмі актыўна спрабуе пераканаць нас, што мы не з’яўляемся асобным народам».

Марына Шукюрава (Руся), спявачка

Фото: youtube

«Я нарадзілася ў Беларусі, але ў мяне зусім няма беларускіх каранёў. Тым не менш я лічу сябе дзіцем менавіта гэтай культурнай калыскі, вывучаю беларускую мову, беларускія песні. Менавіта таму я, намагаючыся адчуць сябе, існую, вывучаю беларускую мову і карыстаюся дзвюма мовамі ў жыцці».

Андрусь Такінданг, мастак, музыкант

Фото: youtube

«Калі вы ўсведамляеце сябе беларусамі, калі вы хочаце даць шанс беларускай мове, то давайце яго: запісвайцеся беларусамі, кажыце, што вы размаўляеце па-беларуску. І, натуральна, размаўляйце па-беларуску!»

Ібрагім Цынкевіч, вернік

Фото: youtube

«Я мусульманін. З часоў Вялікага Княства Літоўскага іслам жыў поруч з іншымі канфесіямі. І сёння я шчаслівы быць беларусам і свабодна вызнаваць сваю рэлігію. Запісвайся ў беларусы!»

Яўген Філенка, праграміст

Фото: youtube

«Я нарадзіўся ў Расіі. Але кім я ёсць, калі мае дачка і жонка беларускі, калі неба і мова любімая – беларускія. Кім я ёсць, калі ўсё, што я люблю, – гэта Беларусь?»

Адам Глобус, пісьменнік, мастак

Фото: youtube

«Я – беларус. Я – не паляк, хоць большая частка маёй сям’і ходзіць у касцёлы, я – не ўкраінец, хоць люблю сказаць: «Язык да Кіева давядзе», я – не рускі, хоць бацькі пахрысцілі мяне ў праваслаўнай царкве. Я – беларус. Так думаю, так лічу і так кажу: я – беларус!»

Дар’я Альперн-Каткоўкая, юрыстка, блогерка

Фото: youtube

«Я нарадзілася ў Менску, жыла ў некалькіх краінах Еўропы: на Балканах. А цяпер я жыву ў Ізраілі. Я заўсёды памятаю, хто я і адкуль. І таму, канечне, я запішуся беларускай».

Ларыса Сапач, настаўніца

Фото: youtube

«Я працую ў школе з моладдзю. І імкнуся, каб мае вучні былі беларусамі. Мы з імі спяваем, танчым, чытаем, выступаем па-беларуску. І я хачу бачыць сваіх вучняў беларусамі. Як і вас. Запісвайцеся беларусамі!»

comments powered by HyperComments
Из рубрики