weather

USD 2.0388

EURO 2.268

RUR(100) 3.1884

search

Гісторыі малой радзімы: як вяскоўцы адпомсцілі за здзекі

Палескую вёску Ніўкі не абышлі трагічныя гістарычныя падзеі, на якія багатым было мінулае стагоддзе. У памяці нашчадкаў да гэтага часу захоўваюцца тыя ўспаміны, якія пакінулі іх продкі. Ураджэнец в. Люсіна Мікалай Рылка перадае гісторыю сваёй малой радзімы ў аповедах, якія дасылае ў рэдакцыю нашай газеты. Друкуем іх першую частку.

ЗБРОЯ ПАТРЭБНА Ў НІЎКАХ НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ ПАЛЯВАННЯ

Лясная вёска Ніўкі моцна спіць пасля нялёгкага працоўнага дня. Хат у ёй няшмат – каля пяцідзесяці. Знаходзіцца вёска ў заходняй частцы раёна. З поўдня дарогу ў Ніўкі перакрывае рэчка, і толькі цераз мост можна трапіць у свет. Далей з трох бакоў паселішча акружаюць лясы, а за імі пачынаюцца бяскрайнія балоты.

Зямля тут не вельмі ўрадлівая, хлеба хапае толькі да вясны. Праўда, бульба і лён растуць нашмат лепш, а ў гаспадарках трымаюць коней, кароў, свіней, гусей і курэй. У лесе ў дадатак да ўсяго гэтага высока на дрэвах вісяць вуллі з пчоламі, а ў рэчцы багата рыбы.

Водзіцца тут шмат звяр`я: ласі, дзікі, зайцы. Праўда, ласёў і дзікоў адстрэльваюць тут далёка не кожны дзень, а толькі калі ўзнікае патрэба. Зброя ёсць у Ніўках амаль у кожнай хаце, а ў некаторых нават па два ствалы, прычым не толькі паляўнічыя. Мужчынам зброя патрэбна не толькі для палявання, але і для абароны: а раптам сюды, за 50 кіламетраў ад райцэнтра, прыйдуць узброеныя чужынцы?

Пры польскай уладзе мясцовым жыхарам не дазвалялася хадзіць у лес без квіткоў, каб сабраць ягад і грыбоў, нельга было без аплачаных квіткоў лавіць у рэчцы рыбу, паляваць на звяроў. Палешукі супраціўляліся заведзеным парадкам: чаму яны павінны плаціць грошы палякам за тое, што пакінулі ім у спадчыну продкі?

У 1939 годзе Чырвоная Армія вызваліла Палессе ад польскай няволі, і людзі зноў свабодна карысталіся ляснымі дарамі. Аднак цешыліся вольным жыццём нядоўга: на родную зямлю прыйшлі нямецкія акупанты. У вёску дайшлі слухі, што немцы бязлітасна распраўляюцца з камуністамі і яўрэямі, ды і ўвогуле не шкадуюць мясцовага насельніцтва.

Таму вяскоўцы арганізавалі свой атрад самаабароны. Камандзірам атрада выбралі Лявончыка, які служыў у польскім войску сяржантам. У заходняй частцы балота на двух далёкіх астравах вяскоўцы зладзілі буданы, каб было дзе перачакаць нашэсце ворагаў.

Непадалёк ад разбуранага моста зрабілі невялікі будан для дазору. Пачаліся трывожныя дні і ночы для жыхароў вёскі. Але неўзабаве на балоце (прыкладна за 20 кіламетраў ад Ніўкаў) з`явіўся партызанскі атрад. У склад яго ўвайшлі камуністы, сельсаветчыкі, міліцыя. Паміж Ніўкамі і партызанскім атрадам была наладжана сувязь.

«ЛЮДЗЕЙ ЗНІШЧЫЦЬ, А ВЁСКУ СПАЛІЦЬ...»

Нямецкі гарнізон размясціўся ў школьным будынку ў суседняй вёсцы. У кабінеце, які заняў палкоўнік Шнітке, ішла нарада, на якой абмяркоўвалі ўчарашні выпадак. Паліцаі на лясной дарозе сустрэлі двух мужчын, якія везлі на возе прадукты і цёплае адзенне.

Мужчыны сказалі, што ўсё гэта для іх сабралі сваякі з суседняй вёскі, бо ў іх сем`ях шмат дзяцей. Паліцаі, канечне ж, ім не паверылі: загадалі развярнуцца і і ехаць з імі ў райцэнтр да камендатуры. Аднак калі яны ад`ехалі метраў дзвесце ад месца спаткання, на іх нечакана напалі партызаны, якія прыкрывалі падводу. Двух паліцаяў застрэлілі, а астатнія ўцяклі.

Палкоўнік гаварыў:

«Партызаны не толькі забралі зброю ў забітых, але і знялі з іх форму. І цяпер яны змогуць пераапранацца і з`яўляцца са зброяй там, дзе захочуць, нават каля нашай камендатуры. Гэта небяспеспечна для нас, таму тэрмінова неабходна заняцца гэтым пытаннем».

Палкоўнік загадаў лейтэнанту Хамеру заняцца гэтай справай і дакладваць асабіста яму. За напад на паліцаяў вырашана было адрэагаваць вельмі жорстка. Палкоўнік прадаўжаў:

«Заўтра ў Ніўкі яшчэ зацемна адправім тры машыны: дзве з салдатамі, адну з паліцэйскімі пад камандаваннем обер-лейтэнанта Вільке. Мне далажылі, што партызаны разбурылі мост цераз рэчку каля Нівак, але гэта іх не ўратуе ад кары салдат вермахта. Усіх іх належыць знішчыць, а вёску спаліць. І ўвогуле трэба ўжо разабрацца з гэтымі вёскамі, размешчанымі ўскрай балота. Няхай партызаны здохнуць ад голаду ў тых балотах...»

НЕМЦЫ З ПАЛІЦАЯМІ ЛАДЗЯЦЬ ПЕРАПРАВУ

На світанні вяскоўцы пачалі выганяць з хлявоў на пашу жывёлу. Адну чараду пагнаў пасвіць дзед Піліп з унукам Алёшкам, другую – дзед Сямён з унучкай Насцечкай. Жанчыны адразу пачалі паліць у печах, бо пасля снедання ўсе пойдуць на працу: хто касіць або грэбці, хто палоць бульбу і іншую гародніну. У хатах застануцца толькі старыя нямоглыя людзі і малыя дзеці.

У гэты ж час да рэчкі пад`ехалі тры крытыя грузавыя машыны. З дзвюх выскачылі немцы, з трэцяй – паліцаі. Немцы, узброеныя аўтаматамі, спыніліся на беразе рэчкі, а паліцаі схапілі пілы, сякеры і рвануліся ў сасновы бор непадалёк.

Не ведалі ворагі, што з другога берага за імі сочаць двое дазорных мужчын з мясцовай самаабароны. Іван, старэйшы з іх, сказаў маладому:

«Васіль, ты лягчэйшы, бяжы хутчэй у вёску і крычы людзям, каб уцякалі на балота, бо немцы робяць пераправу. А я застануся тут, можа, хоць на трохі часу затрымаю іх».

Паліцаі тым часам падрыхтавалі дзесяціметровыя бярвенні і перанеслі іх да рэчкі. Але як толькі першае бервяно пачалі класці цераз рэчку, з другога берага раздаўся выстрал. Немцы ў адказ адкрылі шквальны агонь з аўтаматаў. Другі раз выстраліць Іван не паспеў: варожая куля апякла яму руку.

Мужчына, прытрымліваючы раненую руку здаровай, пачаў адступаць далей ад дарогі. Васіль бег па вёсцы і крычаў:

«Немцы ідуць! Уцякайце ў балота!»

Людзі ведалі, што ад ворага літасці не будзе. Хапалі на хаду прадукты, бурносы, хоць на дварэ было яшчэ цёпла. Хутка вёска апусцела, сабакі і тыя не засталіся ў дварах. Толькі адзін дзед Рыгор, якому больш за 90 гадоў, застаўся ў сховішчы за хлявом.

Жудасная цішыня апанавала вёску.

ВАРОЖАЯ АБЛАВА

Калі паліцаі наладзілі пераправу, немцы кінуліся ў вёску. Не застаўшы нікога ў хатах, яны рушылі па дарозе да балота. У вёсцы засталася гаспадарчая каманда, якая адчыняла хлявы, свежавала свіней і адносіла сала з мясам у машыну.

Выйшаўшы да балота, немцы заўважылі двух мужчын, якія шпарка ішлі па чароце і вось-вось павінны былі схавацца ў хмызняку. Ворагі адкрылі стральбу, і адзін з мужчын упаў.

Обер-лейтэнант аддаў паліцаям загад прынесці яго. Тыя рушылі ў балота, знайшлі там раненага, падабралі яго зброю і вынеслі на бераг. Немцы рагаталі з паліцаяў, якія вымаклі ў балоце да пояса і ў іх ботах у такт хады чвякала балотная жыжа. Але обер-лейтэнанту Вільке было не да смеху: ён не выканаў загад палкоўніка Шнітке – не знішчыў партызан.

«Затое датла спалю гэтую вёску», – вырашыў ён.

Аднак пакуль немцы вярталіся ад балота ў вёску, моцны вецер прыгнаў з поўначы чорную хмару, якая закрыла ўсё неба. Стала цёмна, як уночы, і пачаўся лівень са страшнымі бліскавіцамі. Адна з маланак ударыла ў зямлю непадалёк ад обер-лейтэнанта, і страх скаваў яго. Немцы не сталі хавацца па хатах. Вільке разумеў, што калі да рэчкі падыдзе партызанскі атрад, то яны акажуцца ў мяшку.

Мокрыя немцы пад дажджом і маланкамі пабеглі да машын, вада чвякала цяпер і ў іх ботах. Машыны былі ўжо на паўдарозе да райцэнтра, калі хмара раптам знікла і выглянула сонца. Але гэта не радавала обер-лейтэнанта. Ён уяўляў, як будзе стаяць перад шэфам і адказваць на яго пытанні. Уся надзея была толькі на тое, што палкоўнік адносіўся да яго чула, як бацька да сына.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики