weather

USD 2.0388

EURO 2.268

RUR(100) 3.1884

search

Ваенныя падзеі, ахвяры і змена ўлады: якім быў верасень 1939 г. у Круговіцкай гміне

Другая сусветная вайна для Беларусі пачалася ў верасні 1939 года, а не ў чэрвені 1941. Якой жа яна была? Па адказ на гэтае пытанне звернемся да прыкладу нашага рэгіёна, у прыватнасці, Круговіцкай гміны, якая займала паўночную частку цяперашняга Ганцавіцкага раёна.

 Мабілізацыя і маршыраванне “Стралецкага саюза” ў Ганцавічах пасля весткі пра напад Германіі на Польшчу. Дзіця справа побач з калонай – Ян Станіслаў Туміловіч (фота з яго сямейнага архіва)
Мабілізацыя і маршыраванне “Стралецкага саюза” ў Ганцавічах пасля весткі пра напад Германіі на Польшчу. Дзіця справа побач з калонай – Ян Станіслаў Туміловіч (фота з яго сямейнага архіва)

ДА ВАЙНЫ

Круговіцкая гміна размяшчалася паблізу польска-савецкай мяжы. Непасрэдна на тэрыторыі гміны, ля хутара Людвікова, ад 1925 г. размяшчаўся аднайменны гарнізон пагранічных войск. У мірны час там праходзіла службу каля сямі соцень вайскоўцаў. Акрамя таго, непасрэдна ў мястэчку дыслакаваўся эскадрон кавалерыі. Налічваў ён не болей сотні ўланаў.

Але яго сілы былі аслаблены яшчэ за колькі месяцаў да пачатку вайны – адпраўлены на заходнія рубяжы, адкуль чакалі нападу. Палескі ўчастак лічыўся ці не самым лепшым для абароны з прычыны яго забалочанасці.

ПАСЛЯ НАПАДУ ГЕРМАНІІ

1 верасня 1939 г. вермахт рушыў на Польскую Рэспубліку. Круговіцкая гміна апынулася ў глыбокім тыле. Але дыханне вайны адчувалася паўсюдна. У пачатку верасня 1939 г. батальён пагранічнікаў быў істотна паслаблены. Асабліва арсенал моцна збяднеў. Яго значную частку накіравалі на польска-нямецкі фронт. Больш чым 100 пагранічнікаў не мелі зброі.

У Ганцавічах з пачаткам германа-польскай вайны на аснове цывільнай, але ваенізаванай арганізацыі “Związek Strzelecki” аператыўна стварылася “народнае апалчэнне”. Авіяцыя люфтвафэ адразу стала бамбардзіраваць найбольш стратэгічныя аб’екты, перадусім аэрадромы, чыгуначныя вузлы і нават звычайныя станцыі.

У выніку пацярпелі многія мястэчкі, у тым ліку Ганцавічы. У выніку бамбардзіровак былі забітыя і параненыя. Прычым бамбардзіроўкам заходнебеларускіх населеных пунктаў і мірных жыхароў спрыяў Савецкі Саюз: па просьбе германскага боку з Мінска падаваліся спецыяльныя радыёсігналы ў якасці дапамогі для арыентацыі налётаў нямецкай авіяцыі.

Гэта значыць, савецкае кіраўніцтва дапамагала гітлераўцам знішчаць мірнае насельніцтва Заходняй Беларусі, якую неўзабаве Чырвоная Армія мелася ісці нібыта вызваляць.

ПАХОД ЧЫРВОНАЙ АРМІІ

17 верасня, калі яшчэ нават не развіднела, Чырвоная Армія перайшла мяжу з Польшчай, тым самым парушаючы не менш пяці падпісаных савецкім кіраўніцтвам міжнародных дакументаў. Паказальна наступнае. Наступленне Чырвонай Арміі для шырокіх мас называлася вызваленчым паходам.

Аднак у вайсковым кантэксце фігуравала ваенная лексіка. Напрыклад, участак наступлення з боку БССР называўся «Беларускім фронтам». Гэта ўказвае на ўсведамленне стану вайны, а не ледзь ні мірнага дзейства. Польскія пагранічнікі на чале з капітанам Шумлінскім, нягледзячы на сваю малаколькаснасць і слабае ўзбраенне, не былі застаныя знянацку і змаглі даць колькігадзінны бой на ўсім участку абароны працягласцю ў 75 км.

Некаторыя заставы прымусілі ворага нават адступіць на зыходныя пазіцыі. Па непацверджанай інфармацыі , здараліся выпадкі контратак з пераходам польскіх жаўнераў на савецкі бок мяжы. Аднак сілы былі няроўныя.

Польскія пагранічнікі пратрымаліся да другой паловы дня, страціўшы забітымі і параненымі да двух дзясяткаў салдат. Былі, канечне, страты і з савецкага боку. Так на ўчастку заставы “Новы Рожан” загінулі два чырвоанармейцы і яшчэ тры былі паранены.

У першыя гадзіны баёў, паводле ўспамінаў, польскім пагранічнікам прыйшлі на дапамогу мясцовыя жыхары з ліку мірнага насельніцтва. Гэта магло быць з прычын як прыхільніцтва да польскай улады (такія выпадкі хутчэй выключэнне), так і непрымальнасці ўлады савецкай, якую ведалі і праз польскую прапаганду, і праз асабісты досвед, набыты дзякуючы жыццю пры мяжы.

Магла спрацаваць традыцыйная для беларускай ментальнасці законапаслухмянасць. Тым не менш тэндэнцыі, падобнай да масавасці, у той дапамозе ніводнай з крыніц (нават польскай ці антысавецкай) не назіралася: палітычныя прыхільнасці мясцовага сялянства знаходзіліся галоўным чынам у дыяпазоне паміж стрымана прасавецкімі настроямі і нейтральнасцю.

Ужо ўдзень астаткі польскага гарнізона вымушаны былі літаральна ўцякаць. 18 верасня батальён “Людвікова” а 7.00 ранку сабраўся ў Чучавічах і пасля кароткага адпачынку накіраваўся на Лунінец. Частка пагранічнікаў батальёна апынулася ў Ганцавічах. Там да іх далучылася разбітая група батальёна “Клецк”.

З Ганцавіч батальёны да Лунінца дабіраліся разам, сеўшы на апошні цягнік. Пасля шэрагу баёў пагранічнікам быў дадзены загад разысціся па дамах.

АХВЯРЫ З ПОЛЬСКАГА БОКУ

Першыя гадзіны вайны прынеслі шмат ахвяр. Шумлінскі ўспамінаў, што страты былі вялікімі. З аднаго батальёна была сфарміравана толькі адна рота. Параненых уладкоўвалі ў вёсках, часта па школах: збіралі групы ад 40 да 50 чалавек пад апекай аднаго санітара і пакідалі да прыходу савецкіх войск.

Канкрэтна ўстаноўленыя ахвяры з савецкага боку на тэрыторыі Круговіцкай гміны невядомы. А яны, несумненна, былі ў тых жорсткіх баях. Увогуле пра пахаванні савецкіх салдат у верасні 1939 г. інфармацыі вельмі мала. Трохі парадаксальна, што, стрымгалоў адступаючы, жаўнеры Польскага Войска маглі арганізоўваць пахаванні загінулым таварышам і захаваць памяць пра іх.

У той жа час шырока невядома пра аналагічныя дзеянні чырвонаармейцаў, якія знаходзіліся ў становішчы кардынальна больш выгадным, калі ў апошні шлях сваіх салдат можна было правесці больш спакойна і ўрачыста, а таксама захаваць памяць больш грунтоўна.

Сталінскі рэжым афіцыйна прадстаўляў баявыя дзеянні супраць Польшчы як мірны паход, але не як вайну. Можна гэта параўнаць з падыходам Гітлера: у першыя дні ён імкнуўся пазбягаць слова “вайна”, ужываючы ў выступленнях тэзіс пра абарону – на падставе ўчыненай правакацыі германскімі дыверсантамі.

Таму не дзіўна, што гарматнае мяса, якім былі салдаты таго паходу для савецкіх палітыкаў вышэйшага эшалону ўлады, не магло быць шырока мемарыялізавана хоць бы намінальна.

Як бы там ні было, па абодвух баках у баях удзельнічалі беларусы. Яны стралялі адзін у аднаго. Забівалі. Яны ваявалі не за свае дзяржавы…

“ПЕРШЫЯ САВЕТЫ” ПРЫЙШЛІ

Цяжка сказаць, ці то нечаканы для чырвонаармейцаў бой на мяжы сказаўся, ці перамяшчэнне па лясістай і забалочанай мясцовасці не было гладкім, але ў дзень нападу яны яшчэ не падышлі да цэнтра гміны. Наступленне Чырвонай Арміі на Круговіцкую гміну адбывалася не толькі з усходу.

Яшчэ адзін удар наносіўся з поўначы, з боку Сіняўкі. У ёй Чырвоная армія была ў канцы 18 верасня. Па ўсёй верагоднасці, два дні – 17 і 18 верасня – у Круговіцкай гміне не было аніякай улады. Паліцыя і пагранічні ўцяклі яшчэ 17 верасня. Аднак пра нейкія праявы бандытызму ці марадзёрства, якія здараліся ў іншых мясцовасцях, інфармацыі не знаходзілася.

19 верасня прыйшла Чырвоная Армія. Згодна з успамінамі колішняга дырэктара Круговіцкай школы У. І. Мухі (1934 – 2015), Чырвоная Армія ўваходзіла ў Вялікія Круговічы не з усходняга боку, адкуль ляжаў карацейшы шлях ад савецка-польскай мяжы, а з заходняга. Менавіта там, паміж Вялікімі Круговічамі і Шашкамі, была пабудавана над дарогай упрыгожаная арка.

Як і ў большасці заходнебеларускіх вёсак, у Круговічах чакалі з усходу лепшага жыцця. Салдат Чырвонай Арміі называлі не інакш, як нашымі. Вясковыя жыхары сустракалі новыя ўлады ўрачыста: у лепшым адзенні і з кветкамі. Не адмаўляючы такога палажэння (наконт прыязнай сустрэчы Чырвонай Арміі “заходнікамі”) ў яго аснове, мусім паведаміць, што знаходзіцца тут і контрверсійная інфармацыя.

У прыватнасці, колішні кругавец Мікалай Блінкоўскі сцвярджаў, што сярод землякоў не бачыў асаблівага выяўлення прыўзнятых пачуццяў. Ацэнка М.Блінкоўскага, тым не менш, будзе мець залежнасць ад яго антысавецкай пазіцыі (у лютым 1940 г. ён быў рэпрэсаваны – дэпартаваны на Поўнач) і, такім чынам, павялічваць ступень супрацьсавецкай антыпатыі.

У большасці сваёй жыхары Круговіцкай гміны сустракалі новую ўладу прыязна і з надзеяй на лепшую будучыню.

У кастрычніку-месяцы 1939 г. ад самага нараджэння я жыў у вёсцы Вялікія Круговічы Лунінецкага павета. Праз некалькі дзён пасля пераходу мяжы Польшчы савецкімі войскамі з’явіліся ў нас прадстаўнікі НКУС. Мясцовае насельніцтва не аказвала наогул ніякай радасці, але знайшлося некалькі такіх, якія мелі з часоў да верасня 1939 г. кепскую характарыстыку, яны і віталі тых саветаў нават збудаванай трыумфальнай брамай, у далейшым праявіўшы вялікую актыўнасць у знішчэнні усялякага польскага даробку”.

МІКАЛАЙ БЛІНКОЎСКІ кругавец

У многім «заходнікі» кіраваліся непрыняццем папярэдняй улады, што прызнаецца і самімі польскімі гісторыкамі. Адносна беларусаў у міжваеннай Польскай Рэспубліцы, сапраўды, не ўдалася ні нацыянальная, ні сацыяльная палітыка. Але ў крыніцах нідзе не паведамляецца пра масавыя народныя вітанні савецкіх салдат кругаўцамі.

Хутчэй за ўсё рэакцыя з боку большасці сялянскага насельніцтва азначанай тэрыторыі ў асноўным была стрыманай і памяркоўнай. Разам з тым знайшліся і актывісты – сімпатыкі саветаў, якія і шчыравалі ў справе арганізацыі гларыфікацыі бальшавікоў і спрыялі ў далейшым фарміраванню стэрэатыпа пра ўсенароднае актыўнае вітанне новай улады.

Аднак першыя ж сустрэчы сялян з чырвонаармейцамі прымушалі задумацца над будучыняй. Многія пасажы ў «заходнікаў» выклікалі як мінімум здзіўленне.

Так, паводле ўспамінаў Мікалая Чабатарэнкі, дзяцінства якога прыйшлося на той час, да іх зайшлі худыя, у зацёртых гімнасцёрках і амаль босыя чырвонаармейцы з камандзірам, каб, па іх словах, «перакусіць». Пад выстаўленую бацькам добрую самагонку, ласуючыся салам, шырэйшым за далонь, кумпяком з галавакружным водарам, «пальцам пханай» каўбаскай, што для іх было дзівам-дзіўным, камандзір з набітым ротам толькі прыгаворваў:

«Мы вас вызвалім з-пад панскага прыгнёту!»

У выніку ўсіх апісаных падзей не пазней 19-га верасня тэрыторыю гміны – ад Людвікова да Ганцавіч – занялі часткі Чырвонай Арміі. Настала пара ў няпоўныя два гады, названая “заходнікамі” (пасля заканчэння Другой сусветнай вайны) “першымі саветамі”.

Яны, на думку народных мас, былі лепшымі, чым “другія саветы”: першыя неўзабаве сышлі, а другія засталіся надоўга. Гэта была яшчэ не вайна, а толькі яе пачатак.

Некаторыя асобы, звязаныя з нашай зямлёю, што сталі ахвярамі падзей верасня 1939 года, устаноўлены:

  • Мар’ян Міхал Масцінскі – падпаручнік, нядаўні настаўнік, родам з Бродаў з-пад Львова, мабілізаваны ў батальён КАП “Людвікова” напярэдадні вайны. Ён быў палонены і расстраляны пад Харкавам;
  • Антаніна Янкоўская, звычайная рабочая гарнізона, была забіта пры ўцёках 18.09;
  • падафіцэр Дворняк загінуў у баі на Валыні 28.09;
  • капітан пяхоты Валянцін Новак прыкладна там жа быў расстраляны;
  • старшы сяржант Ян Філіповіч, ураджэнец мястэчка Ганцавічы, у лістападзе 1939 г. быў арыштаваны і неўзабаве загінуў у чэкісцкіх засценках;
  • намеснік камандзіра эскадрона кавалерыі паручнік кавалерыі Тадэвуш Ступніцкі і падпаручнік гэтай жа часткі Тадэвуш Чарноцкі, а таксама кадравы афіцэр Станіслаў Кучынскі, першы муж агароўкі Ірэны Свяжынскай, трапілі ў палон і былі пазбаўлены жыцця пад Харкавам;
  • паліцыянт Фелікс Врона, ураджэнец Ганцавіч, згінуў са свету ў сяле Меднае ля сумна вядомай Катыні;
  • ксёндз Станіслаў Курак пакараны смерцю, магчыма, у Курапатах;
  • маёр службы аховы здароўя Уладзіслаў Валіньскі, ураджэнец Львова, загінуў у лагеры «Асташкаў».

comments powered by HyperComments
Из рубрики