weather

USD 2.0476

EURO 2.2667

RUR(100) 3.2008

search

Аб сваім няпростым лёсе распавяла 95-гадовая жанчына з мужным характарам з вескі Ганцавічы

Пра такіх, як гэтая жанчына, гавораць: «Валявая». Лёс не даў ёй простага жаночага шчасця – яна двойчы пахавала мужоў і з трыма малымі дзецьмі на руках засталася адна, усё жыццё адпрацавала ў калгасе цялятніцай і за плённую працу мае некалькі медалёў і ордэн, пабудавала хату.

Фото: Святлана Малышка

Нават і цяпер, у свае 95 гадоў, яна яшчэ сама па вясне ўскапала градку і пасадзіла гародніну, а восенню сама сабрала ўраджай. Нядаўна нават дровы з двара перанесла ў сенцы... Вось такая яна, Домна Тарасаўна Клявец, якая жыве ў вёсцы Ганцавічы.

Калі я прыйшла да яе, бабуля была на вуліцы, шчыравала на агародзе. Цяжка рухаючыся і абапіраючыся на палку, яна падышла да мяне і спытала, з якой нагоды я да яе завітала. Адразу ж папярэдзіла, што крыху недачувае, і папрасіла, каб я задавала свае пытанні гучней. З задавальненнем яна згадзілася расказаць пра сваё жыццё.

Фото: Святлана Малышка

АД САПРАЎНАГА КАХАННЯ НЕ ЎЦЯЧЭШ

Замуж Домна пайшла вельмі рана, ёй было на той час толькі пятнаццаць з паловай годоў. Яна змалку дапамагала бацькам па гаспадарцы, а калі споўнілася чатырнаццаць гадоў, упершыню стала за плуг – арала зямлю. Яна і коней пасвіла.

Васіль, будучы муж, убачыў неяк, як яна вярхом на кані гоніць жывёлу на пашу, і гэта яго прыемна ўразіла. Вобраз дзяўчыны так моцна запаў яму ў сэрца, што, па словах Домны Тарасаўны, яму «нібы галаву знесла»: хлопец не даваў дзяўчыне праходу.

Домна Тарасаўна з усмешкай расказала, як ёй прыходзілася хітраваць, каб не ісці на спатканне з Васілём. Яна абувала лёгкія туфлі і казала, што не можа доўга на холадзе стаяць, а ён адказваў, што не дасць ёй змерзнуць і ставіў дзяўчыну нагамі на свае боты.

Калі Домна прала разам з жанчынамі кудзелю, ён чакаў яе на дварэ, зазіраў у вокны, каб не прапусціць той момант, калі яна збярэцца ісці дамоў.

На какие льготы могут претендовать пенсионеры

На вясковых танцах не дазваляў нікому танцаваць з дзяўчынай. Калі хто збіраўся яе праводзіць дадому, дык Васіль станавіўся побач з Домнай і казаў: «Толькі паспрабуй», – і сціскаў кулакі.

«Мо б і ў бойку з-за мяне палез, так рашуча ён быў настроены», – успамінала жанчына.

Дзяўчыне ж такая яго ўвага было недаспадобы. Яна заглядвалася на іншага хлопца, шмат старэйшага за яе, і ведала, што і ён да яе нераўнадушны. Але Васіль разагнаў усіх яе паклоннікаў. Калі ж даведаўся, што яго аднавясковец хоча ўзяць Домну замуж, узяў буханку хлеба, літр гарэлкі і разам са сваім братам пайшоў у сваты.

Бацька дзяўчыны не быў рады сватам і сказаў хлопцу ў вочы, што такіх жаніхоў, як Васіль, у Домны будзе шмат, і дадаў, што ёй яшчэ рана замуж. Але тут умяшалася сама дзяўчына, бо зразумела, што, калі не пойдзе за Васіля, ён не пакіне яе ў спакоі. Маладыя пажаніліся і пачалі жыць разам у доме мужа.

Фото: Святлана Малышка

Домна Тарасаўна расказала, што муж яе вельмі любіў, ледзь не на руках насіў. Ад яго дзяўчына нарадзіла дачушку Ганьку. Але ў той час у вёску прыйшла хвароба, вядомая ў народзе як крываўка (дызентэрыя). Домна першай падхапіла хваробу і злягла, слабела на вачах.

Маці, свякроў і Васіль павезлі яе у бальніцу да доктара-паляка. Ён зірнуў на маладую жанчыну і стаў сварыцца на яе родных:

«Каго вы да мяне прывезлі? У яе ж ужо пульса амаль няма!»

Васіль упаў на калені і стаў маліць доктара ўратаваць яго жонку.

«Ён роў, як той мядзведзь. Казаў, калі я памру, то і яму жыць няма для чаго. А я ляжала і думала, каб хутчэй памерці, бо яны цягалі мяне туды-сюды на возе, раней жа машын не было. Я нават слова прамовіць не магла, бо жывот так скруціла, што не дыхнуць было», – успамінала той час Домна Тарасаўна.

Ёй пашанцавала: у бальніцы яна пайшла на папраўку. А вось маленькая дачушка, пакуль Домна ляжала ў бальніцы, памерла. Хутка не стала і Васіля. У той час ішла вайна, і немцы ганялі мясцовае насельніцтва на працу: у лесе яны валялі дрэвы, якія потым адвозілі ў Германію.

Дваццаць працаўнікоў з вёскі ехалі на працу па вузкакалейцы пад пільным наглядам дваццаці карнікаў. Аднойчы па калоне пачалі страляць партызаны. Усе саскочылі з вагонаў і кінуліся наўцёкі, а Васіля раніла ў нагу, і бегчы ён не мог. Яго дабілі, выстраліўшы ў галаву.

«З леварвера (рэвальвера) забілі. От нашто яны так з ім? Браты яго забралі б, і мы бы вылечылі б яго», – выціраючы слёзы, казала бабуля.

І дадала, што калі пачула пра забітага мужа, то не помнячы сябе бегла да яго ў лес, дзе ўсю ноч з роднымі правяла ля яго мёртвага, а раніцай мужа прывезлі ў вёску і пахавалі. Маладыя пражылі разам толькі два гады. Пасля вайны Домна зноў выйшла замуж. Мікалай вярнуўся з фронта, дзе служыў ў санбатальёне. На фронце ён самастойна выцягнуў з-пад абстрэлу 31-го параненага воіна і атрымаў за гэта ўзнагароду.

Першая жонка Мікалая памерла, і на руках у франтавіка застаўся малы сын Косцік. Калі Мікалай пасватаўся да яе, Домна згадзілася. Хутка ў іх нарадзіліся дзве дачушкі – Наталля і Ліда. Вяскоўцы пражылі разам у поўнай згодзе толькі пяць гадоў, бо Мікалай хварэў і памёр.

Фото: Святлана Малышка

Домна засталася адна з дзеткамі: малодшай дачушцы споўніўся годзік, а старэйшай – тры. Не пакінула яна і хлопчыка Косціка, які стаў для яе родным сыночкам. А для сябе вырашыла, што замуж ужо не пойдзе, бо, мабыць, лёсам так наканавана, каб яна без мужчынскай падтрымкі жыла.

ПАСПЯВАЛА І ЦЯЛЯТ ПАКАРМІЦЬ, І ДРОЎ НАСЕКЧЫ, І БЯРВЕННЯ НА ХАТУ НАЗАПАСІЦЬ

Каб пракарміць сям`ю, Домна пайшла працаваць у калгас цялятніцай. Гэта работа была ёй даспадобы. Яна з усмешкай расказвала, як жывёлы радаваліся, пачуўшы яе голас, як глядзелі круглымі вочкамі на яе, чакаючы ежы, як лашчыліся, тыкаючыся сваімі пысамі ў яе руку.

«Бывае, гляджу на сваіх цялятак, ад замілавання нават слёзы выступаюць на вачах», – сказала яна.

Але праца-працай, а дроў нарыхтаваць трэба. Ідучы на ферму, яна за пояс засоўвала сякеру і, пакарміўшы цялят, крочыла ў лес, каб ссекчы дрэва, потым яго рассекчы на бярвенні і прывезці дадому. А там яна калола іх на паленцы і складвала пад навесам, каб падсыхалі. Домна Тарасаўна расказвала, што пасля цяжкай працы яна не клалася спаць, а шыла.

Купіла швейную машынку і брала заказы на адзенне і пасцельную бялізну. Яна патлумачыла, што гэта цяпер у крамах шырокі выбар, а раней праца швачкі цанілася, таму яна спала толькі па некалькі гадзін, каб назбіраць грошай на хату. Калі крыху назапасіла, наняла работнікаў і разам з імі ездзіла ў лес, каб нарыхтаваць бярвення на хату.

Праз некаторы час у Домны Тарасаўны з`явілася свая хата. Яна казала, што радавалася, як дзіця, калі справіла наваселле, бо да гэтага часу жыла ў доме свекрыві, дзе не адчувала сябе гаспадыняй.

ІНШАЯ МАЧАХА НЕ ГОРШАЯ ЗА РОДНУЮ МАТУЛЮ

Старэйшы сынок Косцік, калі прайшла пара ісці ў войска, падзяліўся сваімі планамі пра будучае з прыёмнай маці: ён хацеў застацца на службе. Домна сказала, што хоць яна не родная маці і не можа забараніць яму стаць ваенным, але сэрца яе абліваецца кроўю, калі яна думае, што сын будзе далёка ад яе.

Фото: Святлана Малышка

Яна сказала хлопцу, каб не вырашаў згарача, а добра падумаў. І дадала, што заўсёды будзе яго чакаць з арміі. Праз некаторы час прыйшоў ліст ад Косці, што ён лічыць дні, калі вернецца дадому.

«Я, калі прачытала ліст, плакала ад радасці», – сказала жанчына.

Домна Тарасаўна адзначыла, што калі яе дзеці выраслі, то неўзабаве ўсе пабудавалі свае хаты. У іх з`явіліся свае дзеці, унукі, а ў тых – свае дзеці. Цяпер у яе вялікая сям`я: пяць унукаў, адзінаццаць праўнукаў і тры прапраўнукі. Усе гэтыя дзеці ад яе дзвюх дачок. У прыёмнага сына Косці дзяцей не было. Ён памёр зусім маладым.

«Нейкі рак з`еў яго. Быў у мяне адзіны сынок, ды Бог забраў яго», – сказала бабуля і дадала, што няма большага гора для любой маці, якая хавае сваіх дзяцей, а сама жыве потым з гэтым болем.

САМА САБЕ ГАСПАДЫНЯ

Цяпер Домна Клявец жыве адна. Яна сказала, што не хоча нікому з дзяцей ці ўнукаў надакучаць, бо яна старая і, бывае, прыдзіраецца да моладзі.

«У іх свае справы, я не хачу ні ў што ўмешвацца. Калі захочуць, каб я дала сваю параду – спытаюць», – сказала яна.

І дадала, што ёй скардзіцца няма на што, бо дзеці ёй дапамагаюць: у хаце прыбяруць, ежы навараць. Пенсію яна аддае ім, каб куплялі ўсё, што ёй трэба, бо сама да крамы не дойдзе – далёка. Бабуля адзначыла, што толькі ў апошнія два-тры гады яна «здала», а ў дзевяноста гадоў была яшчэ дужая. Але дадала, што акрамя дрэннага слыху і зроку, а таксама часовых галавакружэнняў, здароўем яе Бог не абдзяліў.

Фото: Святлана Малышка

«Маіх сябровак даўно ўжо пахавалі, а я яшчэ тут тамлюся», – сказала Домна Тарасаўна. У чым жа разгадка яе даўгалецця, яна не ведае. Кажа, у кожнага свой лёс: колькі гадоў яму наканавана, столькі і пражыве. І дадала, што старасць і нямогласць прыходзяць да таго, хто іх баіцца.

«Я вось не баюся і жыву»,– сказала доўгажыхарка.

І дадала, што пакуль хапае яшчэ моцы самой спраўляцца з градкамі і назапасіць гародніны сабе на зіму. А вось кароўку трымаць сіл не хапае.

«Не магу падаіць кароўку, бо пальцы не слухаюцца», – паказала яна свае натруджаныя рукі.

Ад сустрэчы з гэтай жанчынай з мужным характарам засталіся толькі прыемныя ўражанні. Хочацца пажадаць ёй добрага здароўя і справіць векавы юбілей.

comments powered by HyperComments
Из рубрики