weather

USD 2.0476

EURO 2.2667

RUR(100) 3.2008

search

Перапіс насельніцтва: пытаюць і па-беларуску, а рэгіструюць ўсе роўна па-русску

Права прайсці перапіс на беларускай мове гарантуецца жыхарам Беларусі Канстытуцыяй, якая рэгламентуе прынцып роўнасці двух моў. Але здараюцца выпадкі, калі перапісчыкі не могуць прытрымлівацца Канстытуцыі і не здольны правесці анкетаванне на беларускай мове. Такая сітуацыя адбылася з нашым земляком, літаратарам і даследчыкам Анатолем Трафімчыкам.

Фото: euroradio.fm

Ён каля 20 гадоў жыве і працуе ў Мінску і ў паўсядзённым жыцці як дома, так і на працы карыстаецца роднай беларускай мовай. Таму і прайсці перапіс пажадаў на беларускай мове. Але правесці гэтую працэдуру спецыялісты не змаглі.

«Прыйшлі перапісчыкі. Але на беларускай мове не здолелі зафіксаваць ні яны, ні тэхніка. Адмовіўся (імем Канстытуцыі і Закона аб мовах) і папрасіў выправіць. Абяцалі зайсці яшчэ раз», – пракаментаваў Анатоль 10 кастрычніка на сваёй інтэрнэт-старонцы ў фэйсбуку.

Гэты пост сабраў шмат праглядаў і каментарыяў. Знаёмыя Анатоля расказвалі пра свой вопыт і некаторыя адзначылі, што лёгка прайшлі перапіс на беларускай мове. Для гэтага знайшліся і беларускія анкеты, і людзі, якія не забылі сваю родную мову. Таму Анатоль не губляе надзеі прайсці перапіс па-беларуску і падзяліўся спасылкаю на заканадаўства.

Карэспандэнт газеты «Ганцавіцкі час» дзеля эксперыменту прайшла перапіс па-беларуску. Яна была першай на стацыянарным участку ў райвыканкаме, хто пажадаў прайсці перапіс на беларускай мове.

Але без казусаў усё роўна не абышлося. Ня гледзечы на тое, што дзяўчына задавала пытанні па-беларуску, у электронную базу асабістыя дадзеныя былі ўнесены па-русску. Гэта акалічнасць абурыла многіх беларусаў і яны выказвалі свае незадаволенне ў СМІ і сацыяльных сетках.

Тэст да Дня роднай мовы

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ МОВАХ

АРТЫКУЛ 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове. Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай або рускай мове.

АРТЫКУЛ 4. Абавязак кіраўнікоў, іншых работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў валодаць беларускай і рускай мовамі Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.

АРТЫКУЛ 5. Гарантыі правоў грамадзян пры разглядзе падаваемых імі дакументаў у дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах. Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай, рускай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

АРТЫКУЛ 6. Абарона моў Усялякія прывілеі альбо абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя. Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.

ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ «АБ ЗВАРОТАХ ГРАМАДЗЯН І ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ».

АРТЫКУЛ 18. Патрабаванні да пісьмовых адказаў на пісьмовыя звароты 1. Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту, павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці – са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), змяшчаць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць ці пацвярджаюць довады заяўнікаў.

КРЫМІНАЛЬНЫ КОДЭКС РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.

АРТЫКУЛ 204. Адмова ў прадастаўленні грамадзяніну інфармацыі Незаконная адмова службовай асобы ў прадастаўленні грамадзяніну сабраных ва ўстаноўленым парадку дакументаў і матэрыялаў, непасрэдна закранаюць яго правы, свабоды і законныя інтарэсы альбо прадастаўленне яму няпоўнай або наўмысна скажонай такой інфармацыі, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, – караюцца штрафам або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

КОДЭКС РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭННЯХ.

АРТЫКУЛ 9.22. Парушэнне заканадаўства аб мовах Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь.

АРТЫКУЛ 9.13. Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб – цягне накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дваццаці базавых велічынь.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики