weather

USD 2.0457

EURO 2.2646

RUR(100) 3.208

search

Палешукі здаўна зараблялі на журавінах

Для жыхароў Ганцавіцкага раёна восень – надзвычай гарачая пара. Апрача таго, што асенне-палявыя работы забіраюць шмат сіл, дык з самага першага дня, калі дазваляецца збіраць журавіны, яны гнуць спіны на балоце.

Раным-раненька людзі з навакольных вёсак кіруюцца да балота, якое раскінулася за тры кіламетры ад нашай вёскі. Большасць ідзе пешшу, а некаторыя едуць на веласіпедах, якія хаваюць на ўскрайку балота і, збіраючы журавіны, цэлы дзень праводзяць у трывозе, каб потым знайсці свой транспарт у хмызняку або каб хаця ж яго ніхто не ўкраў.

Вось, напрыклад, Лена Жмырка аднойчы так схавала свой веласіпед, што пад вечар не змагла яго знайсці. Толькі праз два тыдні на яго наткнуўся Міша Палянчык, які збіраў грыбы.

Пасля дазволу ягаднікі збіраюць журавіны на адкрытым бяскрайнім прасторы, дзе ягады буйныя і спелыя. Па краях балота – у хмызняку, асобных кустах і чароце – журавін мала, бо іх вынеслі яшчэ раней, да пятага верасня, нягледзячы на тое, што каля балота дзяжурыла міліцыя.

Расказвалі, што капітан Мелех бег па балоце за бабкай Аленай, у якой за спінаю вісеў мяшок з журавінамі. Ён не здолеў дагнаць бабку, бо трапіў у дрыгвяністую мясціну, якую тая абмінула, а ён потым ледзь адтуль выбраўся.

Жанчынам з другой вёскі, аднак, пашанцавала менш. Збіраючы ягады ў недазволены тэрмін, пад вечар яны вярталіся з цяжкімі мяшкамі дамоў. На выхадзе з балота іх угледзелі міліцыянеры і пачалі праследаваць.

Жанчыны кінуліся ў лес, але раптам нехта з работнікаў міліцыі выстраліў у паветра. Маладыя жанчыны паспелі схавацца ў лесе, а старэйшыя ўпалі на зямлю там, дзе стаялі: яны памяталі, як у вайну бацькі гаварылі ім падаць ніц, калі страляюць. Пазней на судзе, дзе ім далі штраф, яны гаварылі, што міліцыя страляла.

Але калі суддзя спытаў, хто менавіта страляў, яны маўчалі: адкуль жа яны, лежачы тварамі ўніз, маглі ведаць, хто выстраліў? Збіраць журавіны – праца цяжкая, бо цэлы дзень чалавек нагнёны, ад чаго зацякае і баліць спіна. І хоць над галавою свеціць сонца, саграваючы сваімі промнямі, пад нагамі чаўкае вада, якая часта трапляе ў боты, таму прыходзіцца хадзіць па балоце з мокрымі нагамі.

Зразу ўгледзеўшы на купінах і ўнізе на мху шмат ягад, людзі радуюцца і з вялікім імпэтам збіраюць балотны ўраджай, але праз колькі гадзін ногі стамляюцца ступаць па вязкай глебе і радасць знікае. Затое з якім задавальненнем ступаюць ягаднікі нагамі на цвёрдую зямлю, вылезшы з балота!

Людзі збіраюцца выходзіць з балота, калі сонца пачынае свяціць з захаду. Невялікімі групамі яны ідуць да берага. Заставацца да позняга часу ў балоце небяспечна.

Аднойчы Маня Войцік не пайшла з усімі разам і засталася адна. Нечакана вецер прыгнаў хмару і стала так цёмна, што ягад не было відаць. Маня хутка сабралася і пайшла да берага, але трапіла не на тую сцяжынку і заблудзілася. Яна няспынна ішла па балоце, але толькі раніцаю, нарэшце, апынулася на чыгуначнай станцыі ў суседняй вёсцы. Плачучы, яна расказала начальніку станцыі пра свае прыгоды, і той сам пасадзіў яе на прыгарадны цягнік, на якім яна даехала дадому. І ўсё ж, нягледзячы ні на якія цяжкасці, палешукі зноў і зноў будуць ісці на балота.

За кілаграм журавін савецкая ўлада плаціла людзям капейкі, але яны і гэтым былі задаволены: бо дзе яшчэ можна падзарабіць грошай для сям`і? Калі ягад на балоце амаль няма, людзі не спяшаюцца здаваць увесь свой запас нарыхтоўшчыкам – імкнуцца самастойна завезці куды далей і прадаць даражэй.

Год таму Пракоп і Зося Таўканавы, якія жывуць на краі вёскі, дачуліся, што вельмі выгадна журавіны можна прадаць у Кіеве. Нікому нічога не сказаўшы, аднойчы яны селі на начны цягнік. Некалькі дзён Пракоп з Зосяй сядзелі на рынку ў Кіеве, але ніхто іх журавіны не купляў.

Так і вярнуліся дадому са сваім таварам. Іхнія суседзі Сойчыны даведаліся, што яны ездзілі ў Кіеў, і пацікавіліся, ці выгадна прадалі ягады. Таўканавы, засмучаныя тым , што дарэмна з`ездзілі і патрацілі грошы на білеты, салгалі суседзям:

«Ягады ў нас забралі оптам і дорага».

Сойчыны ў тую ж ноч выехалі ў Кіеў, але нічога там не прадалі і вярнуліся ні з чым. Потым доўга яны не маглі памірыцца з Таўканавымі. Саракагадовы Іван Бярозка ў тыя далёкія часы быў, можна сказаць, прадпрымальнікам. У першыя журавіны ён звычайна не хадзіў, бо яны доўга не ляжаць. Затое пазней усёй сям`ёй яны збіралі ягады аж да самых маразоў.

Пасля заканчэння сезона гаспадар майстраваў з фанеры два чамаданы, напаўняў іх журавінамі і ехаў да Чорнага мора ў горад Сочы. Там ён здымаў кватэру разам з грузінамі.

На рынку ў Сочы Іван прадаваў журавіны дорага, канкурэнцыі там яму не было. Грузіны паважалі Бярозку за яго журавінны бізнес, самі яны ў гэтую пару прадавалі толькі сухафрукты. Жонка Бярозкі амаль кожны дзень з дому па пошце перасылала пасылку з журавінамі, і так прадаўжалася да самай вясны.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики