weather

USD 2.1205

EURO 2.3518

RUR(100) 3.4489

search

Нявыдуманыя гісторыі: "Забіў з-за грошай"

З самай раніцы Пракоп з цудоўным настроем завіхаўся па гаспадарцы. Яшчэ тыдзень таму, калі ён наведаўся ў вёску, каб купіць у сельмагу солі, соды, мыла, цвікоў і напільнік, ён зайшоў на пошту, дзе атрымаў два лісты.

Адзін ліст быў ад сына Мішы, які жыве ў Мінску. Ён пісаў:

“Тата, мы з жонкай і Алёшкам хутка прыедзем да цябе ў госці”.

Другі ліст прыйшоў ад дачкі Іры з Віцебска. Там яна вучылася і выйшла замуж. Іра паведаміла, што дадому не паедзе, пакуль малая не падрасце і пойдзе ножкамі.

СМЯРОТНЫ ЎКУС ГАДЗЮКІ

Пракоп жыў адзін на хутары, жонка ягоная тры гады таму памерла. Яна пайшла тады ва ўрочышча Балашова ў ягады і трапіла ў лесе на паляну, усыпаную чарніцамі. Да абеду жанчына напоўніла свой кораб, засталося сабраць яшчэ збірыч – двухлітровы гладыш.

Але толькі нагнулася да густа ўсеянай ягадамі галінкі, як за руку яе ўкусіла гадзюка, якая ляжала незаўважна сярод чарнічніку. Жанчына закрычала ад болю, здаровай рукой накінула кораб на плячо і паспяшыла дамоў...

Пракоп жахнуўся, глянуўшы на руку жонкі, імгненна запрог каня і памчаў яе на чыгуначную станцыю, да якой было добрых пяць кіламетраў, каб на цягніку заехаць у райцэнтр і трапіць у бальніцу. Дарога была ўся ў калдобінах, і каня нельга было гнаць хутка.

Недалёка ад станцыі жанчына так і памерла на возе. Пракоп жыў у вялікай згодзе з жонкай, шанаваў яе, таму адчайна перажываў яе смерць. Але ў той цяжкі час побач з ім былі яго дзеці. Калі яны паехалі з дому, душэўная рана яшчэ доўга не загойвалася.

СУСТРЭЧА НА ЛЯСНОЙ ДАРОЗЕ

Управіўшыся з гаспадаркай, Пракоп паснедаў і выкаціў з гумна веласіпед, каб ехаць у вёску. Сабаку з сабой не ўзяў, хоць той скакаў вакол яго і скуголіў. Колы веласіпеда мякка каціліся па лясной сцяжынцы ўзбоч калдобістай шырокай дарогі. Калі сцяжынка закончылася, Пракоп перайшоў на дарогу і хутка ўжо вёў веласіпед па грэблі, якая цягнулася метраў пяцьдзясят сярод лесу.

Калі зноў выбраўся на добрую дарогу, з лесу выйшаў мужчына з кашом у руках. Пракоп пазнаў яго: гэта быў Памідор, якому ў вёсцы далі такую мянушку за ягоны твар, які быў чырвоным і ў марозную зіму, і ўлетку. Мужчыны прывіталіся і разгаварыліся.

«Іду праверыць свае вуллі ва ўрочышчы Таварышы, – гаварыў Памідор, – а потым грыбоў пашукаю».

«Ну а я, – расказваў яму Пракоп, – паеду на пошту, здыму грошай з кніжкі, бо ў суботу прыедуць сын з нявесткаю і ўнукам».

«О, то нямала грошай табе спатрэбіцца, – зазначыў Памідор».

«Ды ўжо ж здыму рублёў пяцьсот, – даверліва прызнаўся Пракоп. – Для мяне такая вялікая радасць – пабачыць дзяцей і ўнука!»

Хутаранін сеў на веласіпед і паехаў па дарозе. А Памідор некалькі хвілін глядзеў яму ўслед. У вёсцы яго не любілі за прагнасць. Для сваёй сям`і ён, напрыклад, ніколі не купляў белага хлеба. Ды і прадукты дома ў яго былі пад замком, нават бульбу ён выдаваў толькі на суп.

Нявыдуманыя гісторыі: лепшы кавалак - начальству

Адзенне жонцы і тром дочкам таксама не купляў, тыя самі зараблялі на чарніцах і журавінах. Амаль увесь свой аклад вартаўніка, выручку ад продажу мёду, бычка ці цяляці Памідор складваў на зберкніжку.

«АДКУЛЬ ЁН БУДЗЕ ВЕДАЦЬ, ХТО АБАКРАЎ?»

Па дарозе да сваіх вулляў Пракоп неадступна думаў пра грошы Пракопа:

«Пяцьсот рублёў – вялізная сума, я столькі і за паўгода не зараблю. А мо каб гэтаму Пракопу стукнуць ззаду палкай па галаве і забраць грошы? Калі ачнецца, адкуль ён будзе ведаць, хто яго абакраў?»

У той жа час у галаву лезлі і другія пытанні:

«А што, калі дазнаюцца? У турму ж пасадзіць могуць».

Агледзеў вуллі – усё было ў парадку, але збіраць грыбы ўжо не хацелася. Думка пра грошы свідравала яго галаву, і, калі перайшоў грэблю, нібы штосьці заставіла яго залезці ў бярэзнік і чакаць хутараніна. Пракоп вяртаўся з вёскі ў прыўзнятым настроі. Каля грэблі злез з веласіпеда, паправіў торбы з гасцінцамі на багажніку і рулі і рашыў закурыць.

Калі пайшоў па грэблі, яму падалося, што хтосьці знаходзіцца ў яго за спінаю. Але павярнуць галаву ён не паспеў... Памідор забраў грошы з кішэні Пракопа, падабраў палку і пабег у вялікі стары бор. Не бачыў ён, што за ім, схаваўшыся, сочыць невысокі чарнявы мужчына, які да гэтага збіраў у лесе грыбы.

БЕЗ ВІНЫ ВІНАВАТЫ

Назаўтра міліцыя раніцаю была на месцы забойства, а вярнуўшыся ў вёску, арыштавала маладога хлопца Мікіту, які некалькі месяцаў таму прыйшоў з турмы. Ён цэлы год правёў у няволі за бойку, у час якой выбіў два пярэднія зубы сыну старшыні калгаса.

Нядаўна Мікіта ажаніўся з каханай дзяўчынай, якая дачакалася яго з турмы. Тры дні хлопца дапытвалі і прымушалі, каб прызнаўся ў забойстве чалавека. Пазней ён расказаў жонцы, што ўжо не мог больш вытрымліваць ціску, які аказвалі на яго, і гатовы быў узяць на сябе віну.

СПРАВЯДЛІВАЕ ПАКАРАННЕ

Выратаванне прыйшло неспадзявана. На чацвёрты дзень перад самым абедам Мікіту выпусцілі на волю. У міліцыю прыйшоў той самы невысокі чарнявы мужчына, які сказаў, што ведае, хто забіў Пракопа.

Гэты мужчына быў сваяком Памідора, таму не адразу рашыўся расказаць праўду. Але чалавек ён быў сумленны і не мог пагадзіцца з тым, што невіноўны хлопец сядзе ў турму.

Сам жа Памідор, калі на другі дзень даведаўся, што забіў Пракопа, моцна перапалохаўся. Страх не пакідаў яго днём і ноччу. Дома дзівіліся, што з ім сталася, бо прагнасць яго нібы недзе дзелася.

Пасля абеду Памідор накіраваўся на пошту, каб зняць са зберкніжкі ўсе грошы і аддаць сваім дочкам. Але на вуліцы яго чакаў міліцэйскі газік.

Падчас следства Памідор расказаў, як усё адбылося. Суд прыгаварыў яго да вышэйшай меры – расстрэлу. Калі Памідора выводзілі з зала суда, ён азірнуўся, каб апошні раз убачыць жонку і дзяцей, але іх у зале не было...

О событиях и проблемах сообщайте в эту группу VIBER

comments powered by HyperComments
Из рубрики