weather

USD 2.381

EURO 2.7028

RUR(100) 3.4695

search

Як малькавіцкі паэт Іван Лагвіновіч вярнуўся на Радзіму з Данбаса

Ёган Вольфганг фон Гётэ – таемны дарадца, паэт і мысліцель – даў нам нам параду: калі хочаце зразумець паэта, пабывайце на яго радзіме. Я ўжо пісаў пра Івана Лагвіновіча («Ганцавіцкі час». 15 студзеня 2015 года). Праўда, не столькі пра паэта, як пра яго род: пра бацьку Піліпа Мікалаевіча і маці Тэклю Міхайлаўну, сясцёр і братоў, пра тое, як Лагвіновічы перад вайною перабраліся з Малькавіч на хутар Запрапасць... 

 Іван Лагвіновіч. Здымкі з архіва Ганцавіцкай раённай бібліятэкі
Іван Лагвіновіч. Здымкі з архіва Ганцавіцкай раённай бібліятэкі

У мяне быў добры апавядальнік – адзін са старэйшых Іванавых братоў Аляксей Піліпавіч, якога, на жаль, ужо няма сярод нас. Каб пісаць пра Івана Лагвіновіча далей, трэба было сустракацца ўжо з іншымі людзьмі – з тымі, хто яшчэ можа расказаць і пра Запрапасць, і пра тое, як сям`і Лагвіновічаў жылося-вялося ў вайну і па вайне.

Не думаў-не гадаў, што такой апавядальніцай можа быць Валянціна Канстанцінаўна Валасюк, свацця маёй цёткі Мані. Не ведаў, што яе дзявочае прозвішча – Клішэўская, што яе бацька і паэтава маці Тэкля Міхайлаўна – родныя брат і сястра. Задубенскія сваякі падказалі.

У малькавіцкай пратэстанцкай царкве выпадкова пазнаёміўся з яшчэ адной Іванавай стрыечнай сястрой – Ганнай Канстанцінаўнай Клішэўскай. Чытаючы вершы Івана Лагвіновіча, я зрабіў выснову, што асабліва шчырыя адносіны былі ў яго з сястрой Паўлінай.

Сустрэўся ў Малькавічах з Паўлініным сынам Фёдарам Шапялевічам. Добра-такі пагаманіў па тэлефоне з Паўлінінай дачкой Марыяй, якая жыве ў Баранавічах і выдатна ведала свайго дзядзьку. Марыіна дачка Наталля пасля смерці дзеда Івана завезла ягоныя дакументы, рукапісы і машынапісы ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Гэтыя дакументы мне таксама прыдаліся. Пачаў разбіраць рукапісы і машынапісы. Не думаў, што знайду матэрыялы пра Івана Лагвіновіча ў Малькавіцкай бібліятэцы-музеі і Ганцавіцкай раённай бібліятэцы, а там мне паказалі рукапіс паэта «Запрапасць», які я апублікую ў «Літаратурнай Беларусі» – дадатку да тыднёвіка «Новы Час». У абедзвюх бібліятэках маецца неблагая іканаграфія Івана Лагвіновіча.

ХУТАР ЗАПРАПАСЦЬ

Многія (асабліва сучасная моладзь) думаюць, што на лясных хутарах жылі самотнікі. Але гэта не так. Іншы раз хутары нагадвалі невялікія пасёлкі. Такім пасёлкам была і Запрапасць, якая раскінуліся паміж Вялікай грэбляй і Белай горкай. Ад вёскі Запрапасць адрознівалася тым, што хаты стаялі ўзбоч дарогі на адным яе баку і на даволі прыстойнай адлегласці адна ад адной.

І ў гэтым была двайная перавага хутара: сялянская зямля была зведзена ў адно месца, а не разбітая на палоскі, а страха аднае хаты не ўпіралася ў страху другое.

Я памятаю старую вёску Малькавічы, у якой хаты стаялі небяспечна шчыльненька, страха да страхі. І калі не дай бог пачне гарэць адна хата, то немінуча загарыцца і суседняя.

Так у 1959-м ці то ў 1960-м згарэла Люсіна. Мы, малькавіцкія дзетдомаўцы, прыйшлі паглядзець на школу ў вёску, дзе працаваў Якуб Колас, а сустрэлі нас галавешкі ды абгарэлыя коміны.

Паслухаўшы сваякоў Івана Лагвіновіча і прачытаўшы яго рукапіс «Запрапасць», я магу пералічыць, бадай, усіх гаспадароў, якія жылі на тым хутары паміж Вялікаю грэбляю і Белаю горкаю. І гаспадароў, якія жылі за горкаю – ва ўрочышчах Дворышча, Грушэцкае, Скапінне, Крушнік, Яловая Шышка, Ліпінне. Гэта Рыгор Васілевіч, Іван Шапялевіч, Піліп Масалевіч, Адам Дзічка, Ігнат Шэмет, Язэп Сенюковіч, Патап Навумік, Барыс і Васіль Хілюцічы, Сцяпан Шапялевіч, Андрэй Занька, Даніла Дзмітровіч...

А яшчэ Паўлюк і Сяргей Каняцпольскія, і Піліп Лагвіновіч, і Канстанцін Клішэўскі, і Язэп Лагвіновіч, і Валодзя Клішэўскі.

Аднаго з тых гаспадароў, Сцяпана Шапялевіча (Сцепанца), я ведаў асабіста, бо з яго сынам Мішам хадзіў у адзін клас Малькавіцкай сярэдняй школы.

Калі ў 1939 г. прыйшлі бальшавікі, яны з трох вёсак, якія належалі да трох розных воласцей (гмінаў), а таксама з прыстанцыйнага пасёлка Малькавічы, які тады быў далекавата ад вёскі, зляпілі Малькавіцкі сельсавет, але пачаць калектывізацыю не паспелі.

На ўвесь Ганцавіцкі раён ў даваенны час было тры калгасы: імя Сталіна, Леніна ды Молатава. Гэта Дзяніскавічы, Вялікія Круговічы і Чудзін.

ВАЙНА

Ваенная бяда не абмінула Запрапасць. У партызанах быў і загінуў у баявой сутычцы з праціўнікам Аляксандр Дзмітровіч. Сядзібу ягонага бацькі Данілы немцы знішчылі дашчэнту. На фронце склаў галаву Андрэй Занька. Перад адступленнем немцы спалілі сядзібы Васілевічаў і Івана Шапялевіча.

Агонь перакінуўся на гаспадарчыя пабудовы Адама Дзічкі і Піліпа Лагвіновіча. Хаты, на шчасце, засталіся цэлыя. Яшчэ раней Ганну, большую дачку Піліпа і Тэклі, немцы забралі на работы ў Германію.

У войска мабілізавалі Аляксея. Будучы баптыстам, ён быў добрым воінам, і яго ўзнагародзілі медалём «За адвагу». Шкада, што я не ведаў пра гэта, калі Аляксей Піліпавіч быў жывы...

ПАСЛЯ ВАЙНЫ

Сёстры Клішэўскія казалі мне, што Піліп стараўся вучыць сваіх дзяцей. Усе сыны і большая дачка Ганна хадзілі ў школу, а вось меншая, Паўліна, школьніцай не была: ваенныя абставіны і пасляваенная нястача таму прычыны.

Не было чаго апрануць і абуць. Абуткам былі пасталы, якія плёў брат Карп (Карпей, як кажуць у Малькавічах і ў Ліпску). Плесці пасталы (па-літаратурнаму – лапці), як расказала мне Паўлініна дачка Марыя, навучыўся і Іван.

Аднаго разу, прыехаўшы на радзіму, сплёў пару пасталоў і завёз на Данбас, каб паказаць, што гэта такое. Дый сёстры Клішэўскія казалі мне, што таксама навучыліся рабіць гэты абутак (абуўе па-задубенску).

Ёсць у Івана Лагвіновіча верш «На Дзяды», а ў ім страфа:

Сёння ўвечары я

спажываць буду толькі ваду,

сорак сёмага года

згадаю ратуй-лебяду,

і гарбатага старца, і ў пальцах ягоных дуду –

сёння ўвечары.

Ратуй-лебяда таму і «ратуй», што яна, як і крапіва, ратавала ад голаду. Крапіву варылі ранняй вясной, а лебяду – пазней. А яшчэ дзяцей, асабліва дзяўчатак, пасылалі шукаць і рваць шчаўе (тады яго яшчэ не сеялі на градах).

І сорак сёмы (год, калі Іван пайшоў у школу) названы тут невыпадкова: у гэтым годзе памёр Іванаў бацька. Лагвіновічы старцамі не сталі, але...

Я бачу сябе малога...

Завея ўсю ноч мяла.

Схавана ў снягах дарога

ад хутара да сяла.

Куслівы сабачы холад

і вусцішны ў лесе змрок.

За пяць кіламетраў школа,

а гэтакі дробны крок!..

Пад грозным свінцовым небам

у дрэваў застыла кроў.

У торбачцы луста хлеба

са сшыткамі й букваром.

Па нерушы гурбаў топкіх,

дзе вецер – скавыш-вар`ят,

у зрэб`і, чужых атопках

грабуся да ведаў я...

Калектывізацыя не палепшыла жыццё. Сам памятаю, як задубенскія жанкі, махаючы матыкамі на калгасным полі, параўноўвалі працу ў калгасе «Бальшавік» з паншчынай і казалі, што ў пана Завадскага ў Малой Плотніцы парабкі жылі лепш за калгаснікаў.

Ганна Клішэўская ўспамінае, як малолі ў жорнах жалуды і з жалудовай мукой пяклі хлеб. Ратаваліся хто як мог: адны ішлі ў леспрамгас, які высякаў нашы лясы, другія – у хімлясгас (у Малькавічах дыміла смалакурня), трэція – у лясніцтва, чацвёртыя – на чыгунку, пятыя – тэхнічнымі работнікамі ў бальніцу, школу, дзіцячы дом...

Ратавалі і ніўкі – невялікія палянкі ў лесе, куды не магло зазірнуць начальніцкае вока: там сеялі грэчку, проса, іншыя культуры, садзілі бульбу. Абдзіралі лазу і здавалі яе нарыхтоўшчыкам. Яшчэ людзі хадзілі ў ягады (чарніцы і журавіны) і здавалі іх. Гэтакі спосаб папаўнення сямейных бюджэтаў у маёй роднай старане квітнее і цяпер.

А яшчэ мужчыны і дзецюкі падаваліся на заробкі. Ездзілі, як помніцца, у Карэла-Фінскую ССР і ў Казахстан, на цаліну, а таксама ва Украіну. З часам нічога не памянялася. Наадварот, цяпер працоўная міграцыя з Ганцавіцкага раёна дасягнула не бачаных раней маштабаў.

НА ДАНБАСЕ

Сярод працоўных мігрантаў апынуўся і Іван Лагвіновіч. Скончыўшы сем класаў, ён далей вучыцца не мог, бо за вучобу ў VIII–X класах трэба было плаціць 150 рублёў. Дзеля гэтага трэба было набраць у лесе і прадаць 75 вёдзер чорных ягад (пры ўмове, што ў вядры 10 кілаграмаў; кілаграм чарніц каштаваў тады, як помніцца, 20 капеек).

Магчыма, не пайшоў Іван у VIII клас і таму, што вучобу ў сярэдняй школе і нават у сямігодцы тагачасныя сяляне лічылі непатрэбшчынай: пісаць, чытаць, лічыць умееш – і годзе.

Помню народную мудрасць таго часу: колькі ні вучыся, а дурнем памрэш. Непаўналетні Іван Лагвіновіч тры гады перабіваўся заробкамі ў лясгасе (увесну і ўвосень), у леспрамгасе (узімку) і ў калгасе (улетку).

А 1 верасня 1957 г. ён стаў вучнем горнапрамысловага вучылішчы № 10 у горадзе Новы Данбас Снежненскага раёна Сталінскай вобласці Украінскай ССР.

Іван Лагвіновіч. Здымкі з архіва Ганцавіцкай раённай бібліятэкі
Іван Лагвіновіч. Здымкі з архіва Ганцавіцкай раённай бібліятэкі

30 снежня 1962 г. Новы Данбас быў уключаны ў рысу горада Снежнае, а яшчэ раней, 9 лістапада 1961 г., Сталінская вобласць была перайменавана ў Данецкую. Вучылішча Іван скончыў 22 ліпеня 1959 г. У гэты дзень яму выпісалі атэстат № 18 і прысвоілі кваліфікацыю «рабочы ачыстнога забою».

У атэстаце пяць «пяцёрак», чатыры «чацвёркі» і адна «тройка» – па фізвыхаванні. Дзяржаўны кваліфікацыйны іспыт ён вытрымаў на «пяцёрку». Калі і ўдалося Івану папрацаваць на шахце, дык нядоўга.

У той час у войска бралі 19-гадовых, а прызыў, як помніцца, праводзілі ў верасні. Служы ў Лагвіновічу Прыбалтыйскай ваеннай акрузе. Служыў няблага. З матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Малькавіцкай бібліятэцы-музеі, можна даведацца, што ён быў малодшым сяржантам і, як казалі, ваенкорам (друкаваўся ў акруговайгазеце «За Родину»).

Маецца фотаздымак, з якога можна зрабіць выснову, што ў лютым 1962 г. ён пабываў на малой радзіме ў водпуску. Значыць, заслужыў. Служба ў сухапутных войсках працягвалася ў той час тры гады.

У 1962-м Іван вярнуўся ў цывільны стан. Зноў жа, з матэрыялаў Малькавіцкай бібліятэкі-музея можна даведацца, што ён працаваў рабочым ачыстнога забою на шахце «Данецкая». Гэта ў горадзе Чысцякова (украінская назва – Чистякове), з 1964 г. горад Тарэз, з 2016 г. зноў Чысцякова, але так званае ДНР – перайменаванне, учыненае Вярхоўнай Радай Украіны, – не прызнае).

Працаваў Іван добра, бо ў красавіку 1970 г. яго ўзнагародзілі медалём «За доблесную працу» ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Леніна. У 1977-м, калі Іван наглытаўся вугальнага пылу і стаў інвалідам 3-й групы, яго перавялі на працу на цэнтральную абагачальную фабрыку «Данецкая». Там ён быў слесарам.

Працуючы на шахце, Іван прадаўжаў адукацыю. Вучыўся ў сярэдняй агульнааадукацыйнай школе рабочай моладзі №1 г. Тарэза. 25 чэрвеня 1966 г. ён атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Выявіў выдатныя веды па ўкраінскай літаратуры і нямецкай мове, добрыя веды – па іншых гуманітарных дысцыплінах (рускай мове і літаратуры, усеагульнай гісторыіі гісторыі СССР, грамадазнаўстве), а таксама па астраноміі, біялогііі, геаграфіі.

У тым жа 1966 годзе Іван ажаніўся з бібліятэкаркай Зінаідай Іўлевай. У іх нарадзіліся дачка і сын. Сямейнае жыццё, якое доўжылася 22 гады, склалася не вельмі ўдала. Можна нават зрабіць выснову, што развод даў магчымасць Івану вярнуцца ў Беларусь. Балазе ў 1990-м ён стаў пенсіянерам.

РАЗВІТАННЕ З ЗАПРАПАСЦЮ

На ўвазе маецца не тое, што Іван Лагвіновіч ў 1957-м развітаўся з родным хутарам і падаўся ва Украіну, а тое, што ўлада знішчыла хутар. Ссяленне з хутароў улада пачала ў 1959–1960 гадах. Але яшчэ да таго асобныя хутаранцы перасяліліся ў прыстанцыйны пасёлак і сяло Малькавічы. Першыя былі Васілевічы.

Калі немцы спалілі іх дворышча, яны перабраліся ў пасёлак. У сяло пераехала пацярпелая ад немцаў сям`я Дзмітровічаў. У сярэдзіне пяцідзясятых на сядзібу сваяка паміж Запрапасцю і Малькавічамі перабраліся Барыс Хілюціч і яго Настуся. Недзе ў той час у самым канцы пасёлка паставіў свой дом Сцяпан Шапялевіч.

А потым пачалося масавае прымусовае ссяленне. Лагвіновічы мусілі пакінуць хутар у 1960-м. Доўга трымаліся за сваё Патап Навумік і Васіль Хілюціч. Клішэўскія зрушылі з абжытага месца ў 1970-м. Валянціна і Ганна ўспамінаюць, што ім не падвялі электрычнасць і не давалі лесу, каб паправіць хату ці хлеў.

Найдаўжэй на сваім котлішчы трымаўся Іван Кошман. Гэта ж колькі людской працы змарнавана! Мужчыны і жанчыны, хлопцы і дзяўчаты акультурвалі зямлю, палівалі яе сваім потам, садзілі сады, сеялі ў гародчыках кветкі... І ўсё гэта не спатрэбілася ўладзе.

Там, дзе людзі аралі зямлю і сеялі жыта, цяпер зноў шуміць лес. Матыў роднага хутара, смутку па ім стаў нязводным у творчасці Івана Лагвіновіча. Страта роднага котлішча, магчыма, прадвызначыла пераважна элегічны характар яго паэзіі.

ВЯРТАННЕ

Вярнуўся Іван Лагвіновіч у Беларусь 2 лістапада 1991 г. Спачатку паўгода пажыў у Паставах, а 11 мая 1992-га пераехаў у Баранавічы. Вяртанне на радзіму стала і вяртаннем да паэзіі.

Зраблю ўдакладненне. Іван дэбютаваў як паэт у «Чырвонай Змене» 10 верасня 1960 г. Яго верш «Аб тым не ведалі...» быў надрукаваны, калі 20-гадовы аўтар служыў у войску. У аглядзе паэтычнай пошты газеты Сцяпан Гаўрусёў пра яго вершы напісаў коратка і агульнымі словамі: «Жывое адчуванне сучаснасці ўласціва вершам... Івана Лагвіновіча, які славіць зямлю-карміцельку...» (1960, 27 снежня).

Больш прозвішча Лагвіновіча мы ў беларускім друку не сустракаем. Гэта не азначае, што Лагвіновіч перастаў пісаць і друкавацца. Пра яго допісы ў газеце «За Родину» я ўжо згадваў.

У Малькавіцкай бібліятэцы-музеі ляжаць выразкі з вершаў на рускай мове, як можна меркаваць, з газеты «Горняк», што выходзіла ў г. Тарэз. Друкаваўся ён і ў расійскамоўных калектыўных зборніках паэзіі, што выходзілі ва Украіне.

Ці пісаў Іван Лагвіновіч па-беларуску? Пісаў. Вось жа цытуе Леанід Галубовіч у сваім нарысе пра паэта яго чатырохрадкоўе 1961 г. Але ў зборніку Лагвіновіча «Ляда юдолі» (2003) самыя раннія вершы датаваны 1986-м годам.

Гэта дае нам права думаць, што да вершаў, напісаных па-беларуску раней, ён ужыў формулу Алеся Разанава:

«Я маю права ўсё закрэсліць і потым нанава пачаць».

Тыя матэрыялы, якія я прагледзеў, даюць падставу асцярожна канстатаваць, што зноў друкаваць свае беларускамоўныя творы Іван Лагвіновіч пачаў ў 1989-м. Яго публікацыі з`явіліся ў ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе». А потым быў прабел.

Гэта, пэўна, тлумачыцца новымі абставінамі ў асабістым жыцці («Няма ні жонкі, ні сяброў... Я нелюбімы, нелюдзімы...») і пераездам на Бацькаўшчыну, неабходнасцю прыстасоўвацца да новых умоў, ужывацца ў новае асяроддзе, аднаўляць старыя і наладжваць новыя сувязі.

Цяжка сказаць, чаму Іван Лагвіновіч выбраў сталым месцам жыхарства Баранавічы, але ён не прагадаў. З канца 1980-х у гэтым горадзе склалася даволі прыкметная патрыятычная і культурніцкая супольнасць, літаратурна-мастацкі асяродак. Было наладжана выданне кніжак.

Да таго ж Баранавічы выгадна рамясціліся паміж Брэстам і Мінскам, дзе знайшліся людзі, якія ўважліва паставіліся да творчасці вяртанца і ўзяліся яму дапамагчы як зацікаўленыя чытачы і як рэдактары.

Найперш гэта Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Леанід Галубовіч. З Белаазёрска паэта падтрымала Ніна Мацяш. Усё гэта не магло не натхняць. І ў 2000 г. выйшаў першы Іванаў зборнік вершаў «Разлукі выраёвыя», а ў наступным – «Піліпаўка». Гэтых дзвюх кніжак было дастаткова, каб Міхась Скобла не меў сумненняў, уключаць ці не ўключаць Іванавы вершы ў анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Іван Лагвіновіч сцвердзіўся як паэт. Наступныя зборнікі («Ляда юдолі», «Далёкае і блізкае», «Палыновыя кветкі») толькі ўмацоўвалі чытачоў у гэтым перакананні.

16 студзеня Івану Лагвіновічу споўнілася б 80 год.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики