weather

USD 2.5754

EURO 2.8371

RUR(100) 3.3121

search

А я хачу, каб мы, беларусы, былі незалежнымі...

Нягледзячы на беднасць і разруху, якія ў час нямецкай акупацыі панавалі паўсюль, жыхары Ганцаўшчыны марылі аб лепшай будучыні для сваіх дзяцей. Сваімі думкамі яны часта дзяліліся, адпачываючы пасля цяжкай працы. Адну з такіх гутарак давялося чуць у касавіцу ад жыхароў Люсіна.

 А я хачу, каб мы, беларусы, былі незалежнымі...
А я хачу, каб мы, беларусы, былі незалежнымі...

Каля трыццаці мужчын на світанні пачалі касіць ва ўрочышчы Баравое. Тут доўга стаяла вада, і трава вырасла высокая і вельмі густая. Каваль са свістам кладзе духмяную траву ў пакосы, якіх становіцца ўсё больш. Непадалёк косяць Круглы, Пташачка і Гундар. Яны разам робяць перакуры: садзяцца на скошаную траву, дастаюць махорку і майструюць самакруткі.

У час перакуру яны гамоняць пра косы, брускі, траву і надвор`е. На першы погляд можа падацца, што касіць для мужчын – адно задавальненне. Але якраз наадварот: праца гэтая цяжкая, і кашулі ў мужчын увесь час мокрыя ад поту. Недарэмна ж апошні кавалак сала на дне кубельца заўсёды зберагаўся для касца.

Каваль убіў касу ў зямлю, узяў жмак травы і выцер яе. Але толькі вынуў брусок, каб навастрыць касу, як раздаўся страшэнны лямант з боку, дзе касіў Лясун. Усе, хто знаходзіўся недалёка, пабеглі да яго. Аказалася, што на свіст касы з травы ўзнялася ледзь не на самы хвост гадзюка.

Хто яго ведае: можа, яна гэты свіст прыняла за мелодыю, і ў выніку была перарэзана папалам. Усе ведалі, што Лясун страшна баіцца гадзюк і часам уцякаў нават ад вужоў, не зважаючы на тое, што ў іх жоўтыя вушы.

А вось Палянчык, якога ў вёсцы празвалі ведзьмаком, у спякоту спецыяльна клаў вужа сабе за пазуху, каб той даваў яму прахалоду. Аднойчы ён стаяў на вуліцы насупраць свайго двара і размаўляў з жанчынай, што спынілася каля яго. І раптам з-за пазухі, нібы хацеў падслухаць іх гамонку, высунуў галаву вуж.

Жанчына, угледзеўшы яго, страціла прытомнасць. Мужчыны на гэты раз пасмяяліся з Лесуна, а Пташачка выразаў з альховай галінкі дзве палачкі і занёс перарэзаную гадзюку ў бліжэйшыя кусты. Пасля мужчыны зноў прадоўжылі касавіцу. Калі моцна прыпякло сонца, касцы паклалі косы на плечы і пайшлі на востраў, які знаходзіўся метраў за трыста адсюль.

Там пад дубамі яшчэ прадзедамі былі змайстраваны буданы, якія штогод падпраўлялі, наладжваючы абавязковы іх рамонт. Падсілкаваўшыся, мужчыны прылеглі адпачыць на сухім сене, разасланым на яловых лапках. Перачакаўшы такім чынам спёку і адпачыўшы, касцы накляпалі свае косы і вярнуліся на сенажаць, каб прадоўжыць касьбу.

Вечарам, хоць і былі моцна стомленыя, яны ішлі купацца на брод Татарку, а потым лавілі на беразе ракаў. Каваль захапіў з сабой ва ўрочышча рыбацкую сетку, і таму за нейкую гадзіну часу яны з Каленікам, выплыўшы на лодцы, налавілі торбу рыбы. Пра Каваля ў вёсцы гаварылі, што ён за вярсту адчувае, дзе ў рацэ рыба.

Маладыя мужчыны выкупаліся і заспяшаліся дадому: што ім тыя чатыры кіламетры, калі дома чакаюць маладыя жонкі? Усе астатнія мужчыны на змярканні за вялікім сталом пад дубамі елі запраўленую свежай цыбуляй наварыстую юшку з ладнымі кавалкамі рыбы. За вячэраю гаварылі пра касавіцу, а потым і пра вайну.

Разважалі, у каго (у нас ці ў немцаў) большыя шанцы атрымаць перамогу, перажывалі, каб хаця ж савецкая армія прагнала ворага. Круглы, які вельмі ж не любіў немцаў яшчэ з таго часу, калі ваяваў з імі ў першую сусветную вайну ў радах рускай арміі, расказаў, як падчас аднаго такога бою немцы пусцілі на іх газ.

Дарэчы, па міжнароднай канвенцыі гэта было забаронена. Дык вось як на бяду ў Круглага лопнуў процівагаз, і ён пачаў задыхацца. Побач аказаўся камандзір роты капітан Іваноў, які збіў салдата з ног, сарваў з яго процівагаз і імгненна нацягнуў яму на галаву свой запасны. Тады многія салдаты загінулі, а Круглы выжыў.

Праўда, не пашанцавала тады і немцам: хвілін праз дзесяць вецер памяняўся і падуў у варожы бок, так што немцаў загінула не менш, чым рускіх салдат. Не шанаваў Круглы і бальшавікоў, бо разважаў так:

«Якія яны гаспадары, гэтыя бальшавікі? Вечна галодныя. Усе памятаюць, як у 1939 годзе яны прыйшлі нас «вызваляць». Ногі іх былі ў нейкіх абмотках, шынялі старыя... А калі нашы людзі частавалі іх мёдам, дык у вачах салдат было здзіўленне, бо некаторыя з іх таго мёду ніколі не каштавалі...»

Круглы дастаў махорку і закурыў. Вогнішча ад кастра асвятляла кусты, і яны здаваліся таямнічымі і загадкавымі.

«Не хапала яшчэ, каб немцы на нашай зямлі панавалі і нашых людзей па-свойму гергетаць застаўлялі. Але ж дабра і ад бальшавікоў чакаць не выпадае. Прыйдуць сюды са сваімі калгасамі, дык днём будзем працаваць за так, а вечарамі – круціцца на сваёй гаспадарцы, каб выжыць», – сказаў Гуцук.

«Палякі таксама тут камандавалі, не пускалі нас у наш жа лес у ягады, у грыбы без квітка, нібы гэта яны садзілі яго і палівалі», – дапоўніў Гундар.

«Скажыце, хлопцы, чаго яны ўсе лезуць к нам на Палессе, як мухі на мёд? – улез у гутарку Астапчук. – Тут жа няма ні золата, ні іншых багаццяў, акрамя балот і лясоў. Самім бы нам хоць як пракарміцца...»

Апошнім завяршыў гутарку Каваль: «А я хачу, каб мы, беларусы, былі незалежнымі, а дзеці нашы ў школе вучыліся на сваёй роднай мове». І ўсе астатнія пагадзіліся з ім.

Касцёр дагараў, і самы старэйшы касец Пташачка заснуў, звесіўшы галаву на грудзі. Мужчыны разбудзілі таварыша і разышліся па буданах. Неўзабаве ўсе моцна спалі, і толькі дзесьці за ракою выў воўк і раз-пораз крычала паблізу сава...

О событиях и проблемах сообщайте в эту группу VIBER
comments powered by HyperComments
Из рубрики