weather

USD 2.4214

EURO 2.7311

RUR(100) 3.4359

search

Аповед паштальёнкі з Задуб’я Ганцавіцкага раёна пра жыццё і працу

Ганна Фёдараўна Шпандарук у дзявоцтве мела прозвішча Маляўка, хаця ў вёсцы яе род больш вядомы пад мянушкай Жураўлі. Нарадзілася яна ў 1948 годзе ў Задуб`і, дзе скончыла васьмігадовую школу. Бацька яе быў дэпутатам і брыгадзірам. Пасля гэтага ў маладой дзяўчыны быў пінскі перыяд жыцця. Ганна два гады адпрацавала ў Пінскай цэнтральнай гарадской бальніцы раздатчыцай ежы ў хірургічным аддзяленні, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Пасля шлюбу ў Пінску ў іх нарадзілася дачка Валянціна, пасля вяртання жанчыны ў Задуб`е – яшчэ два сыны. Прыехаўшы на малую радзіму, Ганна пачала працаваць на Малькавіцкай пошце паштальёнам, а хутка стала начальнікам паштовага аддзялення ў Задуб`і і па сумяшчальніцтву кантралёрам-касірам у ашчаднай касе. Жанчына мае сямнаццаць унукаў і чатырох праўнукаў.

 Ганна Шпандарук ля месца былой працы
Ганна Шпандарук ля месца былой працы

– Працавала раздатчыцай ежы ў бальніцы ў Пінску. Раніцай разносіла гарбату па палатах. Зайшла ў адну з іх, а там ляжыць прыгожы хлопец. Але я была маленькая ростам. Падумала пра сябе: прыгожы, але не для мяне. Калі ён выпісаўся, то патэлефанаваў, каб мяне з працы сустрэць, а я зноў думаю: хоць бы адзін раз прайсціся з такім хлопцам. А ён застаўся са мной на ўсё жыццё. Стаў мужам. Дзявяты год ідзе, як яго не стала. Быў час, калі збегла ад яго, дык ён прыехаў сюды, бо не мог без мяне жыць. Уладкаваўся электразваршчыкам на работу ў калгас. Нарадзілі разам дачку і двух сыноў. Дачка нарадзілася ў Пінску, а сыны ўжо ў Задуб`і, – расказвае пра сямейнае жыццё Ганна. 

Цётка Ганна і пляменніца Марыя трымаюць вышытыя рушнікі
Цётка Ганна і пляменніца Марыя трымаюць вышытыя рушнікі

Пасля непрацяглай працы паштальёнам у Задуб`і жанчыну ад Малькавіцкай пошты накіравалі на курсы ў Брэст. Калі вярнулася з іх, пошту ў Задуб`і яшчэ не адчынілі, у памяшканні рабілі рамонт. Таму прыйшлося папрацаваць у бібліятэцы, якая знаходзілася ў тым жа будынку і дзе пад пошту адгарадзілі кавалачак памяшкання, а толькі потым у будынку паштовага аддзялення, дзе яна адпрацавала 30 год. 

Гаспадыня паказвае сваю працу
Гаспадыня паказвае сваю працу

– У штаце ў мяне была прыбіральшчыца і паштальён. Зараз пошта ў Задуб`і робіць бадай што апошні год... А раней гэта быў цэнтр жыцця. Пасля школы ўсе старшакласнікі цэлым класам прыходзілі за паштоўкамі. А якое бездарожжа было! Пошту прывязуць да паловы дарогі, і мы самі хадзілі забіраць газеты, бандэролі. А пасылкі пакідалі ў Малькавічах. Пошты было столькі шмат, што ледзь спраўляліся, – працягвае жачына. – Раней многія людзі былі непісьменныя. Яны ж ведалі, што я начальнік пошты. А гэта для іх шышка вялікая! Паказваю аднаго разу пальцам: тут прозвішча, тут імя, дата, і распісацца тут. Гляджу потым гэты расходны ордэр, а там на месцы для подпісу напісаны словы «і распісацца». Было тады ў нас дзве здаравенныя скрынкі ўкладчыкаў. Не паспее дзіця нарадзіцца, а на яго ўжо грошы кладуць.

Ганна была старастай сяла з 1991 года да звальнення з працы ў 2002 годзе. Не аднойчы яна займала першыя месцы па планавых заданнях. Да працы ставілася вельмі адказна.

– Налоўчылася і цвічкі на пасылках забіваць. Ды так спрытна забівала, што мужчыны здзіўляліся, як я гэта рабіла, – дадала Ганна.

Размова пра жыццё
Размова пра жыццё

Першы тэлефон у вёсцы з`явіўся ў брыгадзіра. Ганна кажа, што ён двух сабак прывязаў да брамкі, каб толькі да яго не хадзілі людзі званіць.

«Як тэлефон з`явіўся ў мяне, бывала, станавіліся па 10–12 чалавек у чаргу. Напачатку тэлефон быў у мяне ў пакоі, але потым я вынесла яго на кухню, бліжэй да ўваходных дзвярэй. Колькі пар сышлося праз гэты тэлефон... А я вазьму і выйду, каб яны нагаварыліся. Адна пара ўвесь час сварылася, калі тэлефанавалі адзін аднаму. Здзіўляюся, як яны сышліся? А колькі разоў я недасыпала! Людзям сярод ночы трэба выклікаць хуткую дапамогу – ідуць да мяне. Калі ў мяне не было тэлефона, прыходзілася ўставаць сярод ночы, ісці на пошту і тэлефанаваць, каб прыехала хуткая. Як адмовіць аднавяскоўцам? А колькі тэлеграм насіла ўпоцемках. Бывала, дарогу пяць сабак заступяць. Трэба было прарывацца праз сабачы кардон...»

Распавяла Ганна і пра ранейшае жыццё на вёсцы. Па яе словах, у сям`і бацькоў спалі на вялікіх нарах, бо сем`і былі вялікія. Авечымі скурамі поўсцю ўверх засцілалі нары і спалі на іх.

«Аднойчы мне сніўся сон, што я бягу-бягу... Аказваецца, я звалілася на кут печы і ў трох месцах парушыла пазваночнік. Таму я такая маленькая і засталася».

Цётка Ганна і пляменніца Марыя трымаюць вышытыя рушнікі
Цётка Ганна і пляменніца Марыя трымаюць вышытыя рушнікі

Ганна Фёдараўна ўзімку жыве ў сына ў Пінску. Вясной прыязджае ў сваю хату ў Задуб’е, дзе саджае агарод, прымае ўнукаў, займаецца сваім зацікаўленнем: вышыўкай і вязаннем. На падлозе ў яе ляжыць дыванчык, звязаны з парэзаных на стужкі пакецікаў з-пад малака. Нават у клубе была выстава яе прац. Акрамя таго, піша жанчына і вершы для сваіх унукаў. “Колькі вершаў нараджаецца ў галаве! Асабліва ноччу. А як устану ні адной рыфмы не памятаю”.

—Маці мной цяжарная была. У балота хадзіла, сена складвала, прыйшла дадому, а там мужыкі сядзяць з бацькам, п’юць. Карову падаіла, а потым узяла пакрывала і за сарай. Прыходзіць у дом і кжа: “А мы ўжо ўдвух”. Дык мужыкоў, якія гэта пачулі, як памялом змяло… Вось як ражалі ў той час жанчыны. Сям’я вялікая. Але на старасці гадоў ўсё роўна адчуваецца адзінота. Дзеці, праўда, і ўнукі адносяцца да мяне вельмі добра. Яны ў мяне ўсе выхаваныя. Кожны з унукаў, як прыязджае, хоча з бабуляй спаць. Я ім ставарю чаргу. А яшчэ любяць мае тоненькія блінчыкі, – распавяла Ганна Шпандарук.

Аповед пра былое
Аповед пра былое

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики