weather

USD 2.5658

EURO 3.0414

RUR(100) 3.4205

search

“Мы пачуем сотні прамоў”: падзяка пенсіянеру з Ганцавічаў, які смела выступіў на мітынгу

У рэдакцыю "ГЧ" прыйшоў адкрыты ліст ад чытачкі Віталіі Глаз, якая просіць апублікаваць падзяку жыхару Ганцавічаў Васілю Бураку, які вельмі смела выступіў на мітынгу "За Беларусь" 21 жніўня. Публікуем ліст цалкам.

 Жыхар Ганцавіч Васіль Бурак, які вельмі смела выступіў на мітынгу "За Беларусь" 21 жніўня
Жыхар Ганцавіч Васіль Бурак, які вельмі смела выступіў на мітынгу "За Беларусь" 21 жніўня / Фото: 1reg.by

Добры дзень, паважаная рэдакцыя.

А дзень сапраўды добры, далібог, добры. Была ў мяне калісьці такая прыкмета: сустрэнеш за дзень хоць аднаго шчырага, адкрытага, прыемнага чалавека, і дзень ужо сам па сабе добры.

Зараз такі неверагодны час па колькасці шчырых і добрых людзей на квадратны метр, што кожны дзень мне добры. Як беларусы сплачаюцца, знаёмяцца, дапамагаюць і пасміхаюцца адзін аднаму! Са шчырым адкрытым позіркам, з смелымі слушнымі словамі, распраўленымі плячыма нараджаецца Нацыя. І проста не можна стаяць збоку, само сабой хочацца пасміхацца, вітаць, знаёміцца, дапамагаць, падтрымліваць.

Глядзела відэа на Ютубе, выступаў Васіль Пятровіч Бурак на арганізаваным дзяржавай мітынгу 21 жніўня ў Ганцавічах.

Ад відэа прамовы звычайна не такія ўражанні,  як у рэале. Але ад гэтай –  4 хвіліны 40 секунд – нельга было адарвацца, пераглядала некалькі разоў. Не можна маўчаць, не можна, хочацца звярнуцца, хочацца аддаць усе мае словы, усе думкі, усе эмоцыі і пачуцці ад пачутага і пабачанага Васілю Пятровічу:

Шаноўны Васіль Пятровіч, я бачыла момант Вашага выступу. Гэта неверагодна кранальная прамова. Літаральна, глядзела як нараджаецца кожнае слова, на рухі рук і плячэй, якія намагаліся перасіліць хваляванне і дапамагалі словам ляцець да сэрцаў.

Васіль Пятровіч, вялікі Вам дзякуй за такую інтэлігентную і шчырую прамову, вялікі дзякуй за слёзы-катарсіс, вялікі дзякуй за шчымленне недзе ў пераносіцы і скронях, вялікі дзякуй за надзею і веру, што будзе жыць вечна наша Беларусь, пакуль ёсць такія людзі як Вы, вялікі дзякуй за словы, якія даляцелі да многіх і многіх сэрцаў.

На вялікі жаль, прамову да канца мы так і не пачулі.

Але, ведаеце што, Васіль Пятровіч, гэта не кропка! Выключаны мікрафон, дэцыбелы музыкі, маханне флагам у вочы і дзікі рогат – гэта не кропка! Гэта так, маленькая непрыемная паўза. Яна скончыцца! Далібог, скончыцца.

Я ўпэўнена, мы пачуем ад Вас сотні прамоў, і Вы пачуеце ў адказ усе нашыя апладысменты, тыя апладысменты, якія накіраваў кожны сумленны чалавек па тую старану айфона/планшэта/манітора да Вас. Васіль Пятровіч, ведайце, што апладысменты былі! Вось некаторыя толькі з іх:

“Паважаны спадар Васіль, Ваш мужны ўчынак вельмі мяне закрануў! Вы сапраўдны герой, калі паспрабавалі данесьці праўду да людзей! Я слухала Вас і адчувала гонар! Дзякуй! Аляксандра Супрон”.

“Вітаю вас, спадар Васіль! Мяне глыбока ўразіла і натхніла Вашая прамова, і мне хочацца, каб Вы пра гэта ведалі. Казаць праўду перад такой аўдыторыяй, перад якой стаялі Вы, – гэта акт грамадзянскай мужнасці. Дзякуй Вам за яе! Кожны такі ўчынак – каменчык у моцны падмурак новай, прыгожай, здаровай краіны. Спадзяюся калі-небудзь асабіста паціснуць вам руку. З павагай, Кацярына Трубовіч (Мінск)”.

“Шаноўны спадар Васіль! Дазвольце выказаць Вам маю павагу і падзяку за Вашу актыўную пазіцыю. Вы сапраўдны шчыры беларус! Ваша смелая прамова будзе натхненнем усім беларусам, якія чакаюць перамен. Вольга Кавальчук.”

Фото: youtube

“Васіль Пятровіч, шчырая падзяка Вам ад усяго сэрца і нізкі паклон за мужнасць, вернасць сваім прынцыпам. Я таксама педагог, і мне балюча слухаць і бачыць, як паступова знікаюць такія важныя чалавечыя каштоўнасці, як гонар, павага, справядлівасць, смеласць.

Як далей выхоўваць дзяцей, калі яны з першых дзён знаходжання  ў сістэме адукацыі акунаюцца ў прастору падману, асуджэння, беззаконня,  падвойных стандартаў, прыстасоўваюцца да гэтага. Кім яны вырастуць у такім атачэнні? Будуць таксама гнеўна крычаць на сталага чалавека, настаўніка толькі за тое, што яго думкі не супадаюць з чыейсьці асабістай ідэалогіяй? Я абурана і не хачу такой будучыні дзецям і краіне. Эдзіта Бранцэвіч”.

“Васіль Пятровіч, добрага вам часу! Вашага тату звалі як і майго – Пётр, і, слухаючы Вас, я ўспамінала яго. Таты ўжо няма, але мне было так светла і цёпла ад Вашых словаў, ад таго, як шчыра і смела вы казалі, ад таго, што Вы казалі тое, што і адчувалі. Як і мой тата рабіў.

Я ганаруся тым, што жыву з Вамі на адной зямлі, ганаруся тым, што вы – мой зямляк! Шчыры Вам дзякуй за Ваш светлы і мужны ўчынак, за Вашыя словы! Пакуль ёсць такія людзі як Вы – будзе жыць наша любімая Беларусь! Нізкі Вам паклон і блаславенне нябёс няхай будзе з Вамі! Вераніка”.

Паважаная рэдакцыя, я/мы не ведаем што рабіць з нашымі словамі, думкамі, пачуццямі…. Вельмі хочацца, каб іх пачуў/пабачыў/адчуў шаноўны Васіль Пятровіч. Мы ўпэўнены, што яму незалішняй будзе маральная падтрымка, хаця б і ў такім выглядзе.

Мы адсылаем гэты ліст Вам і просім дапамогі ў тым, каб ён дайшоў да адрасата. У якім выглядзе: на старонках Вашай газеты, альбо як асабістае паведамленне  спадару В. П. Бураку – пакідаем на Вашае рашэнне і магчымасці.

Шчыры дзякуй за працу!

З вялікай павагай, Віталія Глаз.

Ад рэдакцыі

Выступ Васіля Пятровіча, сапраўды, выклікаў незвычайны рэзананс у інтэрнэце. Людзі перасылалі яго адзін адному, дзяліліся ў сацыяльных сетках. Толькі на адным ютуб-канале выступ паглядзелі больш за 450 тысяч разоў. На самім мітынгу ў Ганцавічах прысутнічала некалькі соцень чалавек.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Темы: Мнение
Из рубрики